Вы тут

Псіхолаг аб тым, як засцерагчы дзяцей ад дамаганняў дарослых


Сёння нярэдка даводзіцца чытаць, як дзіця стала ахвярай сексуальнага гвалту з боку дарослага мужчыны — на вуліцы ці ў інтэрнэце. Даверлівых малых падманам могуць завесці ў зацішнае месца проста з дзіцячай пляцоўкі ў двары ці папрасіць выслаць свае фотаздымкі ў сацыяльных сетках, а потым імі і шантажыраваць. Чаму павінны навучыць дзяцей бацькі, каб такіх сітуацый не адбылося? У якім узросце варта гэта рабіць? Калі маладыя людзі гатовы да «дарослых» адносін і чаму падлеткавы ўзрост — не лепшы для гэтага час? Чаму дзіцяці аднаму лепш не ездзіць у перапоўненым транспарце? Як яго навучыць адстойваць перад незнаёмцамі асабістыя граніцы? Пра гэта размаўляем з псіхолагам Цэнтра «Давер», сяброўскага да падлеткаў, Святланай Паляшчук.


— Святлана Міхайлаўна, у якім узросце з дзіцем трэба паразмаўляць пра тое, як паводзіць сябе з незнаёмымі дарослымі?

— Усе мы ў жыцці перш за ўсё карыстаемся вопытам, і мадэль паводзінаў у любой сітуацыі бяром са скарбонкі вопыту. Пачынаць варта не з размовы «што можна, а што нельга», а з таго, што ў дзіцяці трэба фарміраваць паняцце нормы. І закладка паняццяў нормы, якая звязана з палавой недатыкальнасцю, ідзе з самага ранняга ўзросту.

Важным перыядам з’яўляецца ўзрост да 6 гадоў. Гэта перыяд закладкі палавой самасвядомасці, ці палавой ідэнтычнасці. У гэтым узросце для бацькоў вельмі важна прагаварыць з дзіцем правіла інтымных частак цела. Малое прыкладна да трох-чатырох гадоў ужо ідэнтыфікуе сябе з прыналежнасцю да пэўнага полу — «я хлопчык» ці «я дзяўчынка». І ўжо ў гэты перыяд мы можам размаўляць пра асноўныя правілы інтымных частак цела.

Галоўнае правіла — інтымныя часткі цела (тыя, якія хаваем пад адзеннем) мы можам паказваць толькі доктару ці бацькам падчас купання, а староннім людзям нельга іх дэманстраваць. Напрыклад, калі мы ў басейне, то надзяваем купальнік ці плаўкі. Прыкладам служаць, канешне ж, бацькі.

У дзіцячым садку гэта павінны закладваць выхавацелі. Вядома, дзецям у гэтым узросце цікава разглядаць свае інтымныя часткі цела, напрыклад, калі ўсіх высаджваюць на гаршчок. Але выхавацелька павінна патлумачыць, што, напрыклад, свае інтымныя часткі цела мы рукамі не чапаем.

Такім чынам мы фарміруем у дзіцяці ўсведамленне, што правільна, а што не. У гэтым узросце, дзесьці да 12 гадоў, дзеці вельмі ўспрымальныя да ўсяго, што кажуць і чаму вучаць бацькі. А ўжо пасля 12 пачынаецца перыяд разгортвання самастойных сэнсаў, калі дзіця вучыцца атрымліваць уласны вопыт. Але яно будзе абапірацца на тую базісную закладку, якая сфарміравана раней.

З 6 да 10 гадоў, да перыяду палавога саспявання, наступае час латэнтнай, або схаванай сексуальнасці, калі сексуальная энергія перанакіроўваецца ў іншае рэчышча. У хлопчыкаў гэта энергія носіць разбуральны характар, а ў дзяўчынак — стваральны. Таму хлопчыкам мы прапануем субліміраваць яе ў актыўныя гульні накшталт «вайнушкі», у спорт — у такія віды дзейнасці, якія фарміруюць мужнасць. Для дзяўчынак гэта заняткі, якія носяць стваральны характар — танцы, творчасць.

Калі дзіця не занята ў гэты перыяд, схаваная энергія можа служыць нагодай для непакою і трывожнасці, напрыклад, дзіця можа мастурбіраваць. Часам самі бацькі могуць стымуляваць сексуальную энергію праз візуальную цікавасць, напрыклад, прагляд бацькамі фільмаў 16+ ці 18+. 

Часам, калі няма адпаведнай культуры, бацькі могуць выходзіць аголенымі з душа ці браць дзіця з сабой у лазню. Гэта можа паслужыць ранняму прабуджэнню сексуальнасці, калі дзіця кагнітыўна яшчэ не гатова.

І часта менавіта такія дзеці становяцца аб’ектам ці мішэнню людзей, якія маюць адпаведныя намеры. Можа і нармальнае дзіця стаць ахвярай, але гвалтаўнік не так часта дзейнічае праз ломку, ён падыходзіць акуратна, угаворамі, «зандзіруе» патрэбу дзіцяці.

Калі гэта патрэба ў непаўналетняга падагрэта візуальнымі вобразамі, ёсць цікавасць да гэтай тэмы, то дзіця можа наведваць адпаведныя сайты і ісці на падобныя размовы. І гэта выклікае ў яго пачуцці страху і цікавасці. І яно не раскажа пра гэта бацькам, бо падсвядома разумее: у гэтым ёсць штосьці няправільнае ці нядобрае. Таму яшчэ раз заклікаю звярнуць увагу менавіта на закладку нормы.

У перыяд палавога саспявання, прыблізна ў 10-12 гадоў, прабуджаецца сексуальная цяга, і тады падлеткі самі праяўляюць цікавасць да візуальных вобразаў. А сёння інтэрнэт прадстаўляе ўсе магчымасці для гэтага. Таму, улічваючы, што ўзрост 10-12+ — гэта час цікавасці да візуальных вобразаў, бацькі павінны праяўляць асаблівую пільнасць.

Я заўсёды раю дарослым звяртаць увагу на тое, хто ў сябрах у вашага дзіцяці ў сацыяльных сетках. Калі вы бачыце 16-18-гадовага сябра ў 12-гадовага дзіцяці, звярніце на яго ўвагу. Пажадана, каб з гэтай нагоды бацькі да 14-15 гадоў захоўвалі кантроль. На кансультацыях я сутыкаюся з тым, што ў 12-гадовых дзяцей ёсць пароль на тэлефоне, і бацькі распісваюцца ва ўласнай бездапаможнасці. Гэта сведчыць пра страту бацькоўскіх функцый, бо ўсё ж у такім узросце адказнасць за паводзіны дзяцей ускладаецца на бацькоў.

— Калі на вуліцы да дзіцяці падыходзіць незнаёмы чалавек і пачынае размову з нейтральнай просьбы ці прапановы, як яно павінна паводзіць сябе? Што павінны растлумачыць бацькі?

— Мы кажам пра тое, што бацькі — абсалютны аўтарытэт для дзіцяці дзесьці да 7 гадоў, узросту сацыялізацыі. А калі яно ідзе ў школу, мы ўключаем іншых дарослых ва ўзаемадзеянне з ім. І да гэтага часу павінны быць агавораны асноўныя правілы ўзаемаадносін з незнаёмымі і староннімі людзьмі.

Пра што павінны пагаварыць бацькі? Тут правілы такія. Калі на вуліцы да цябе падышоў незнаёмец і пытаецца, колькі часу, можаш яму адказаць. Можаш растлумачыць, як прайсці на нейкую вуліцу. Але калі ён просіць некуды правесці, дзіця павінна дакладна ўсведамляць: мы нікога нікуды не праводзім, не заходзім з ім у пад’езд ці ліфт і не ідзём разам у магазін. Кажам, што мне так рабіць не дазваляюць бацькі.

Калі дзіцяці здаецца, што за ім ідзе нехта падазроны, яно не павінна заходзіць у пад’езд ці ліфт, а толькі ў люднае месца, напрыклад у магазін. Або павінна вярнуцца ў школу ці спыніцца і зрабіць званок бацькам.

Многія бацькі маюць функцыю адсочвання месцазнаходжання дзіцяці па мабільным тэлефоне. Мы гэта рэкамендуем, і ў нашай практыцы было некалькі выпадкаў, калі дзякуючы геалакацыі бацькі папярэдзілі магчымыя супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да дзіцяці.

— Як правільна растлумачыць дзецям і падлеткам правілы камунікацыі ў інтэрнэце?

— Уласна кажучы, гэта адбываецца, калі мы вучым дзіця правілам інтымных частак цела, пра якія я казала. Сёння ў інтэрнэце часта можна сустрэць просьбы сфатаграфаваць сябе, у тым ліку ў аголеным выглядзе, і даслаць. Калі ва ўзросце да 5 гадоў бацькі асноўныя правілы не заклалі і дзесьці граніцы размытыя (напрыклад, дзіця спіць у ложку з маці пасля 5 ці нават 10 гадоў), то, як правіла, гэтыя дзеці і становяцца аб’ектамі нездаровай цікавасці з боку дарослых маніпулятараў. У летніх лагерах часта такое здараецца, калі няма побач бацькоў.

Ва «ўзросце спатканняў» — 13-14 гадоў — вельмі важны эмацыянальны кантакт і даверлівыя адносіны бацькоў з дзіцем. Важна навучыць падлетка правілам заляцанняў. У хлопчыкаў і дзяўчынак розныя ролі і розныя паводзіны. І адносінам у пары вучаць бацькі «свайго» полу: бацька расказвае хлопчыку, маці — дзяўчынцы. Гэта правіла ўласных граніц, і абавязкова дзеці павінны быць яму навучаны.

Сёння, калі падлеткі ўтвараюць пары і гэта іх першы вопыт, яны некампетэнтныя, бо бацькі з імі не размаўляюць. Добра, што ў нас расказваюць пра прэзерватывы, кантрацэптывы, бяспеку, пра тое, як папярэдзіць цяжарнасць. Але элементарныя правілы асабістых граніц, правілы заляцанняў дзеці не ведаюць. Яны не разумеюць, што рабіць на першым спатканні, хлопчыкі не ведаюць, як праяўляць увагу, дзяўчынкі не ўмеюць яе прымаць.

Такія дзеці прыходзяць з траўмамі пасля разрыву. Нядаўна на кансультацыі 13-гадовая дзяўчынка расказала: прапанавала аднакласніку сустракацца, напісала і запрасіла яго некуды. А ён яе заблакіраваў. Вось такі першы траўмавальны вопыт. Дзяўчынка павінна ведаць, што яе роля — выклікаць цікавасць хлопчыка, звярнуць на сябе яго ўвагу, а дзеянні — гэта крок, які належыць хлопцу. Бо яны часам палохаюцца актыўнасці з боку дзяўчыны. Такі траўмавальны вопыт потым адаб’ецца на самаацэнцы дзяўчыны і на выбудоўванні далейшых адносін.

— Нярэдка крыніцай гвалту становяцца равеснікі або не нашмат старэйшыя школьнікі, бо дзяўчынка не можа адмовіць хлопцу, які падабаецца…

— Важна сказаць, што ва ўзросце палавога саспявання, у 11-13 гадоў, дзяўчаты вельмі падатлівыя сексуальна актыўнаму, напорыстаму партнёру. Варта пра гэта памятаць. Часцей за ўсё ахвярамі сексуальнага гвалту становяцца дзяўчаты гэтай узроставай групы. Такім партнёрам можа быць як 15-16-гадовы падлетак, так і дарослы хлопец, які ўмее маніпуляваць.

Падлеткі не гатовы да паўнацэнных адносін у пары. Калі мы кажам пра ўзрост згоды — 16 гадоў, — мы абапіраемся на фізіялогію. А калі ўлічваць псіхалагічны кампанент, калі сфарміраваны лобныя долі, якія адказваюць за кантроль, калі чалавек цалкам можа кіраваць сваімі паводзінамі, гэта 18–21 год. Узрост палавога саспявання знізіўся, а кагнітыўнага, наадварот, вырас.

Таму важна фарміраваць платанічную фазу — фазу адухоўленасці пачуццяў, фарміравання ідэалу. Раней гэта рабілася на ўроках літаратуры: у нас былі літаратурныя героі, на прыкладах якіх мы маглі бачыць прыгажосць адносін. Сёння недастаткова фарміруецца платанічная фаза, ідэальны вобраз адносін, таму ёсць мноства праблем у далейшых адносінах.

Гэта найперш частая змена палавых партнёраў. Ва ўзросце 13 гадоў падлеткі сфакусіраваны на адчуваннях. Ім падабаюцца новыя, раней незнаёмыя адчуванні, звязаныя з сексуальнай цягай. Гэта ўзрост эксперыментаў, але яны не гатовы браць адказнасць за партнёра. Яны любяць найперш уласныя адчуванні, пачуццё закаханасці, таму тут вельмі шмат розных наступстваў.

Таксама бацькі павінны растлумачыць, што адносіны паміж 12-13-гадовым дзіцем і 21-гадовым дарослым — гэта не норма. Дзіця будзе ахвярай у гэтых адносінах. Таму бацька павінен сустрэцца з маладым чалавекам і паразмаўляць, высветліць, што яму патрэбна ад дзіцяці.

Што датычыцца вопыту першых спатканняў, калі знаёмства адбылося ў інтэрнэце, то першы раз маці павінна знаходзіцца дзесьці на адлегласці ад дзяўчынкі, але недалёка, каб пераканацца, што прыйшоў на спатканне падлетак, а не дарослы чалавек. Канешне, не варта падбягаць, вітацца, але дзяўчынка павінна разумець, што мама побач.

— Калі дзіця стала ахвярай шантажу ў інтэрнэце, як псіхалагічна дапамагчы яму ў такой сітуацыі?

— Тут можна парэкамендаваць толькі зварот да спецыяліста, бо такую сітуацыю абавязкова трэба прапрацаваць. І тут важны момант, наколькі карэктнымі былі адносіны з боку праваахоўных органаў. Гэта часта траўмуе нават больш, чым сама падзея. Дзіця часам вымушана некалькі разоў глядзець запіс, яго водзяць у тое месца, дзе ўсё адбылося, гэта становіцца вядома класу, школе. Мы сутыкаемся з рэтраўматызацыяй, і прапрацаваць гэта ўжо нашмат складаней.

— Часам бываюць сітуацыі, калі дзіця становіцца ахвярай гвалту ў перапоўненым транспарце, калі дарослы чалавек дазваляе сабе распускаць рукі. Як папярэдзіць такія сітуацыі і чаму трэба навучыць дзіця?

— Сарамлівасць дзіцяці — часам праблема, з-за якой яно не хоча абазначаць парушэнне яго граніц. Але мы павінны навучыць гэтаму. Напрыклад, мы абазначаем, што гэта мая рэч, мой пакой, маё адзенне і робім гэта вербальна — словам. Калі нехта возьме нашу рэч, мы кажам: «Не бяры, гэта мой тэлефон, мая куртка». Гэтак жа мы кажам: «Не чапайце мяне, мне непрыемна», і робім гэта гучна. Так мы акрэслілі сваю граніцу. Калі і далей яе парушаюць, дзіця павінна сказаць: «Я раскажу бацькам (дарослым, настаўніку)», бо часам гэта бывае і на тэрыторыі школы, калі іншыя дзеці недзе ў кут заціснулі.

Калі гэта сітуацыя адбываецца ў аўтобусе пры старонніх людзях, дастаткова абазначыць яе вербальна, гучна, і чалавек хутчэй за ўсё адразу адыдзе. Ён і дзейнічае толькі таму, што граніцы не абазначаюцца. Таму наперад з дзіцем трэба абгаварыць такія сітуацыі, якія могуць здарыцца, асабліва калі транспарт перапоўнены. Гэта можна нават дома прарэпеціраваць, каб дзіця гэта агучыла.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.