Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праводзяць маніторынгавыя акцыі ў аб’ектах гандлю


У перадсвяточныя дні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праводзяць маніторынгавыя акцыі ў аб’ектах гандлю, у тым ліку і ў гандлёвых пунктах Белкаапсаюза. Падчас маніторынгу дэпутаты звяртаюць увагу на асартымент, у першую чаргу тавараў штодзённага попыту (гэта пытанне нядаўна на нарадзе закранаў Прэзідэнт), цэны і якасць абслугоўвання пакупнікоў. А напярэдадні навагодніх і калядных свят — абавязкова на наяўнасць святочнай прадукцыі. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі і разам з дэпутатамі Ігарам Камароўскім, Васілём Панасюком і Дзянісам Карасём наведалі крамы Мінска і прысталічча.


Ёсць над чым працаваць

Першы пункт маніторынгу — гандлёвы аб’ект, які ўваходзіць у сістэму спажыўкааперацыі: крама «Pro запас» у пасёлку Ждановічы. Што ўбачылі дэпутаты? На першы погляд усё добра. Прыгожыя, запоўненыя паліцы, святочнае ўбранне гандлёвай залы, але ж пры больш пільным аналізе знайшліся і пэўныя хібы ў асартыменце. Некаторых даволі папулярных тавараў у наяўнасці не было ўвогуле, як пітной вады, напрыклад. Даволі бедна прадстаўлены малочная і мясная прадукцыя, як і падарункавыя наборы да свят. А, між тым, Прэзідэнт паставіў канкрэтную задачу — забяспечыць поўны асартымент у крамах малых населеных пунктаў: «Святы павінны быць не толькі для начальнікаў, жыхароў Мінска і буйных гарадоў. Святы павінны быць для ўсіх».

Звярнулі дэпутаты ўвагу і на тэрміны прыдатнасці некаторых каўбасных вырабаў. У некаторых да іх сканчэння засталося літаральна менш за суткі. «Што будзеце рабіць, калі не купяць? Можа, варта прадаць па акцыі, са скідкай?» — прагучала рэзоннае пытанне, якое ў аднолькавай меры адносілася і да гатовых страў у кулінарым аддзеле: розных салатаў і прадукцыі хуткага прыгатавання. Дарэчы, калі размова зайшла пра гатовую прадукцыю, Васіль Панасюк агучыў цікавую прапанову: «А чаму б не наладзіць дастаўку вашых страў? Менавіта нацыянальных — разносяць жа розную піцу ды сушы. А чаму б дранікі тыя ж не дастаўляць? Тым больш што ў вас, акрамя крамы, кафетэрый побач». Так, ідэя прывабная, толькі трэба добра яе прапрацаваць.

У цэлым дэпутаты адзначылі, што, нягледзячы на некаторыя пытанні да асартыменту і выкладкі тавараў, работа па ўдасканаленні абслугоўвання ідзе. Можа, не так хутка, на што ёсць аб’ектыўныя прычыны, але калектыў імкнецца быць дастойным канкурэнтам размешчаным побач крамам іншых гандлёвых сетак. А цэнам на некаторыя катэгорыі тавараў ужо сёння «Pro запас» можа даць ім значную фору.

Падводзячы вынікі праверкі, Васілій Панасюк зазначыў: «Нельга сказаць, што крама не гатова па элементарных, штодзённых прадуктах, прадуктах да святочнага стала. Але ж хацелася б, каб з’явіліся і фінансавыя магчымасці, і арганізацыйныя захады ў павелічэнні пераднавагодняга, святочнага асартыменту. Таксама варта звярнуць увагу на форму падачы тавараў, іх выкладку і, канешне, трэба арганізоўваць рознага роду акцыі, каб на паліцах не заставаліся пратэрмінаваныя тавары».

Дзяніс Карась у сваю чаргу дадаў, што наша краіна цалкам забяспечвае сваю харчовую бяспеку і тым больш прыкра глядзець на бедны асартымент у крамах. Такога быць не павінна.

Прыклад гаспадарскага падыходу

Другі пункт — крама КУП «ГЦ Радзівілаўскі» ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Яна цікавая тым, што ў сеткі змяніўся ўладальнік, цяпер гэта УП «Мінскі холадакамбінат № 2», а непасрэдна сам гандлёвы пункт перажыў істотную рэканструкцыю і аптымізацыю гандлёвых плошчаў.

І, як адзначылі парламентарыі, змены — толькі ў станоўчы бок. Пасля рэканструкцыі гандлёвая зала крамы стала кампактнай, набыла прывабнасць і эстэтычнасць. Разам з тым значна пашырыўся асартымент, а выкладка тавараў стала больш зразумелай і лагічнай для пакупнікоў: знайсці патрэбны стала зручней. А з улікам месцазнаходжання крамы гэта немалаважны момант, бо побач два вакзалы, буйныя навучальныя ўстановы, а таму хуткасць абслугоўвання пакупнікоў тут далёка не апошні фактар паспяховай работы. Аб гэтым жа сказаў і Васілій Панасюк, які так і пазначыў гандлёвы пункт — крама «хуткіх ног», якой зусім не падыходзіць «статычны» фармат гандлю. Аб правільнасці абранай стратэгіі развіцця гавораць і лічбы — штодзённая выручка крамы павялічылася амаль удвая.

Аднак былі ў дэпутатаў і заўвагі — гэта ўсё тыя ж зніжкі на прадукцыю хуткага прыгатавання і прадукты з тэрмінам прыдатнасці, якім заканчваецца (тут, дарэчы, не ўсё залежыць толькі ад калектыву крамы). У якасці пажадання Дзяніс Карась выказаў думку наконт увядзення фірменнай дысконтнай праграмы, бо, як бы гэта ні банальна, менавіта такія захады прывабліваюць пакупнікоў.

На заканчэнне маніторынгу старшыня Пастаяннай камісіі Ігар Камароўскі падкрэсліў: «Гэтая крама — сведчанне прафесійнага падыходу да работы кіраўніцтва холадакамбіната, кіраўніцтва самога гандлёвага аб’екта і калектыву ўвогуле. Цяперашні калектыў не толькі прафесійны, але і высокаматываваны. А гэта і ёсць залог поспеху і далейшага развіцця».


Даведка «Звязды»

За першыя тры кварталы гэтага года дэпутаты правялі 901 маніторынгавае мерапрыемства ў 1705 гандлёвых аб’ектах. Па выніках праверак у Савет Міністраў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю накіроўваліся канкрэтныя прапановы і рэкамендацыі.


Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.