Вы тут

Пра што Качанава распавяла маладым парламентарыям


Напрыканцы мінулага тыдня Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сустрэчу з кіраўніцтвам Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі. Адбыўся шчыры дыялог, падчас якога Наталля Качанава расказала пра беларускі парламент і заканатворчасць, згадала сумесную гісторыю і юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які наша краіна адзначыць у наступным годзе, закранула грамадска-палітычную сітуацыю, а маладыя парламентарыі задавалі свае пытанні і дзяліліся думкамі па актуальных пытаннях.


Спікер Савета Рэспублікі заўважыла, што такія сустрэчы з моладдзю ў верхняй палаце парламента праходзяць традыцыйна, а гэта мерапрыемства стала магчымым і дзякуючы таму, што паміж Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі і яго спікерам Валянцінай Матвіенка склаліся цёплыя сяброўскія адносіны. Далей яна звярнулася да агульнай гісторыі Беларусі і Расіі.

— У наступным годзе ў нас знакавая дата — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы адной ментальнасці, і тое, што нас злучала стагоддзямі, гэта агульная гісторыя. Мы не павінны яе забываць. І вельмі важна, калі сябруе моладзь. Тады відавочна, што ёсць перспектывы ў нашых краін, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна расказала гасцям пра беларускі парламент, адзіны дзень галасавання, устаноўлены ў нашай краіне ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй.

— Спадзяёмся, што Адзіны дзень галасавання пройдзе зладжана і спакойна. Сітуацыя складваецца вакол Беларусі і Расіі няпростая, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Вы бачыце, якія падзеі цяпер разгортваюцца на міжнароднай арэне, і мы разумеем, як сёння нялёгка адстойваць праўду. Нашу праўду, якая ёсць у Беларусі і Расіі. Шмат каго не задавальняе, што мы праводзім незалежную палітыку, але мы жывём у сваёй краіне і маем права развівацца так, як хочам таго мы. Палітыка павінна быць сумленнай і справядлівай. А справядлівасць — гэта тое, што сёння шануецца. Наш Прэзідэнт заўсёды гаворыць, што галоўнае — гэта чалавек і справядлівае стаўленне да ўсяго, — дадала яна.

Спікер адзначыла, што сёння ў свеце фашызм зноў паднімае галаву.

— Пасля столькіх гадоў пасля заканчэння вайны мы вымушаны былі прымаць законы аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, аб генацыдзе беларускага народа. Калі б мне некалькі гадоў таму сказалі, што такое будзе, я б не паверыла: гэта за межамі дазволенага, — падзялілася яна, дадаўшы, што аднапалярнага свету ўжо няма і не будзе.

Падрабязна спікер Савета Рэспублікі спынілася на маладзёжнай палітыцы ў нашай краіне.

— У нас вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнай сферы, сям’і, моладзі — гэта прыярытэтныя кірункі нашай дзяржаўнай палітыкі, роўна гэтак жа, як і ў Расійскай Федэрацыі. Члены Савета рэспублікі ўнеслі каля 100 прапаноў падчас падрыхтоўкі зменаў у Канстытуцыю, шэраг з якіх увайшоў у абноўлены варыянт. Адна з іх — тое, што ў Канстытуцыі павінен быць асобны артыкул, прысвечаны моладзі. Мы разумеем, што за моладдзю будучыня, і ад таго, наколькі правільна вы сёння ўспрымаеце рэальнасць, як ставіцеся да працэсаў, што адбываюцца, залежыць, як будуць заўтра развівацца Расія і Беларусь, як будзе жыць народ.

Наталля Качанава расказала пра дзейнасць Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе. Калі падчас першага склікання яго членамі былі 70 хлопцаў і дзяўчат, то ў другім скліканні кожны раён нашай краіны мае там сваіх прадстаўнікоў, а сталіца і абласныя цэнтры — па некалькі. Сёння ў маладзёжным парламенце працуе 138 маладых парламентарыяў.

— Мы запрашаем моладзь на ўсе нашы мерапрыемствы: пасяджэнні сесій, прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, пасяджэнні Саветаў па ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі самакіравання. Я заўсёды іх заахвочваю: мы прымаем законы, і вы павінны бачыць, як яны рэалізоўваюцца і што зрабіць у краіне для развіцця маладзёжнай палітыкі, — удакладніла Наталля Качанава.

Яна запрасіла членаў Палаты маладых заканадаўцаў Расіі паўдзельнічаць у Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў наступным годзе ў Віцебску. Тыя прынялі запрашэнне і пацікавіліся яшчэ адным сумесным праектам — «Цягніком Памяці». Наталля Качанава паабяцала, што гэты знакавы праект будзе працягнуты.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.