Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. На ціхім паляванні


На ціхім паляванні

Лета стаяла гарачае і сухое. Знаёмыя грыбнікі ўжо страцілі апошнюю надзею на тое, што лес хоць нечым ды парадуе, як неба ўзяло і... пачула — пралілося спорнымі дажджамі. А пасля іх — як паперлі падасінавікі, падбярозавікі, баравікі... За імі — махавікі, казлякі, грузды ды зялёнкі!.. Людзей у прыгарадных лясах — не раўнуючы — як на фэстах! І ўсе яны, што цікава, напаўнялі свае кашы ды вёдры, бо нездарма ж, мусіць, кажуць, што кожнаму свой грыб.

Фота: pixabay.com

Сужэнцы Ірына і Анатоль нанасілі іх столькі, што за год не з’есці! Намарынавалі, насушылі, намарозілі, але ж пачулі, што пайшлі апенькі. І як тут было ўтрымацца — зноў не падацца ў лес.

...На гэты раз падфарціла ім не адразу: даўгавата блукалі знаёмымі сцежкамі, пакуль каля адной з іх на вочы Ірыне не трапіў... Не, зусім не пень, а таўшчэзны ствол старадрэвіны, густа аблеплены маладзенькімі апенькамі, прычым на некалькі метраў уверх.

— Толя! Сюды! — пагукала жанчына мужа. І спачатку адна, а потым удваіх яны сталі зразаць грыбы: абчысцілі ствол знізу, потым — на ўзроўні вачэй... Узнятых рук... Некалькі разоў падскочылі, каб дацягнуцца вышэй, але ўсіх грыбоў не дасталі.

І пакінуць шкада.

— Я прыдумала, як сабраць! — усклікнула прадпрымальная жонка. — Ты ж у мяне худзенькі, лёгкі, а я дзеўка моцная — паслужу падстаўкай... Толькі ты ўжо хуценька, бо доўга я не пратрымаюся.

Пасля гэтых слоў жонка, як акрабатка, рашуча апусцілася на чатыры кропкі. Муж пеўнікам ускочыў на яе спіну, спехам стаў зразаць грыбы. І дастаў іх шмат, але ж... не ўсе.

— Толічак, а калі ты мне станеш на плечы, да астатніх дацягнешся? — не сунімалася Іра.

Муж паспрабаваў. Праўда, няўдала: зваліўся пад дрэва... Добра, што мох мяккі — не пабіўся.

Паспрабаваў яшчэ раз.

...Праўду кажуць, што поле бачыць, а лес чуе. У той самы час, у тым самым месцы на апенькі «паляваў» кум сужэнцаў-грыбнікоў. Пачуўшы знаёмыя галасы (а Іра — кабета гучная), ціха падышоў бліжэй.

Карціна, якую ўбачыў, насмяшыла да слёз! Натуральна: не вытрымаў — зняў на відэа.

...Калі ў панядзелак Ірына прыйшла на работу, на ранішнюю планёрку, прысутныя сустрэлі яе дружным рогатам, бо кум (ён працуе ў тым жа калектыве) з’явіўся раней і ўсім паказаў тое відэа.

Ірына не пакрыўдзілася. З чаго б? 

Што было — было: такой бяды, што з цябе смяюцца... Абы не плакалі.

Фаіна КАСАТКІНА

г. Паставы


Доктара трэба слухаць

Да пары, кажуць, сіцечка сее…

І здароўе таксама да пары нам служыць.

Мне вось некалі давялося ў бальніцу трапіць на суседні ложак з Карпаўнай — вясковай жанчынай гадоў 80. 

Любіла яна паскардзіцца на здароўе, на дактароў, казала, што не хочуць лячыць старых…

Аж тут вяртаецца неяк з працэдур і... рагоча:

— Ой, бабачкі, — кажа скрозь смех, — не паразумеліся мы з доктарам.

— ?!

— Зайшла я, значыць, да яго ў кабінет. Ён да стала запрасіў, пасадзіў. Кажа: «Пей, бабуля!»... Сам да медсястрычкі адвярнуўся, нешта гаворыць ёй і не бачыць, што я разгубілася: ну ніводнай песні ўспомніць не магу!.. А трэба ж, калі доктар сказаў!.. Ага, нейкую прыгадала і адразу як загалёкаю: «Ой вы, коні, вы коні стальныя!..» Доктар, бачу, здрыгануўся, павярнуўся, вочы вытарашчыў — глядзіць на мяне (я — з перапуду — аж змоўкла), потым пытаецца: «Што ў вас за песні такія?» — «Доктар, міленькі! Іншых, — кажу, — не ўспомню! Усе да адной з галавы павыскаквалі... А якую трэба было заспяваць?» — «Ды ніякай: я сказаў, каб вы раствор вось гэты выпілі» (на шклянку з нечым белым паказвае). — «А дзіцятка маё! Дык ты ж бы так і сказаў: „Карпаўна, выпі!..“, а то — „Бабуля, пей!“ Я падумала яшчэ, навошта? Што ж гэта за лячэнне такое? Мусіць, нейкае новае? Трэба паспытаць, калі доктар кажа...»

Ну і смеху ж тады было! Прычым не толькі ў нашай палаце — ва ўсёй бальніцы.

Марыя ЦІМІНСКАЯ

в. Дзераўцы, Асіповіцкі раён


Шлях да сэрца жанчыны,

альбо Як Васян гаспадаром зрабіўся

Нехта са мной, можа, не пагодзіцца, але мужчына — гэта найперш чалавек з галавой, з рукамі, гэта гаспадар.

Па-рознаму імі становяцца. Адны з маленства нешта кумекаюць, майструюць, спрабуюць, другія быццам непуцёвыя, а як ажэняцца, адкуль што возьмецца?! Трэція хіба ў гадах за розум бяруцца.

Наш Васян з такіх. «Пашчасціла» чалавеку: да 40 гадоў пры бацьках дзіцяткам пражыў. Не, ён працаваў, зарабляў — на сябе ў асноўным, гарэлачку яшчэ папіваў, пакурваў. А каб у хаце ды па гаспадарцы нешта зрабіць — дык яно ж у парадку ўсё, бо той работы, што нехта зробіць, як быццам бы няма і нават не было ніколі... На валаску сядзіба трымалася — клопатам нядужых бацькоў.

Але ж вось іх не стала — аднаго за другім, Васян адзін застаўся і, можна сказаць, галодны (да кухарства зусім не прывучаны), халодны (бо дроў накалоць лянота), а ўжо ж бесталковы... Неяк у мароз куратнік не зачыніў — куры памерзлі, так, радком, пад седала і пападалі.

А потым, па вясне, яшчэ і «пастамент» захістаўся ў так званай «шпакоўні».

З ёй наогул дурныя жарты. Вунь колькі гісторый у «Провадзе» было. То хтосьці крадзеныя дрожджы «ўтапіў» і ўсё «дабро» з «берагоў», то ў прысыпаную «ямку» ступіў і ледзьве адмыўся, то дзеці бензіну плюхнулі, а бацька, прысеўшы, закурыў і запалку назад сабе кінуў, ад чаго і выбух, і пажар, і бальніца... Пацярпелы там на жываце ляжаў, пятую кропку лячыў. Казаў, што яму пашчасціла: калі б зашчапіўся, — то яшчэ і галаву разбіў бы…

Васяну б таксама падумаць, чым гэта можа скончыцца. Але ж ён не прывучаны. І не гаспадар.

Прымасціўся неяк, каб «справу зрабіць», а «пастамент» вазьмі і... рухні. Васян — у дзверы... Ілбом... І такое сальта-мартале крутнуў — акрабатам не снілася!

Доўга пасля ўставаў, мацюкаўся, але ж потым (нідзе не дзенешся) выцягнуў з кладоўкі бацькаў рыштунак, дастаў назапашаных дошак — замацаваў тое «седала», прычым, як выглядала, намертва! Сам ад сябе такога не чакаў!

Здавалася б, на гэтым і ўсё? Будзе жыць як жыў? Аж не: штосьці перамкнула ў чалавеку не тое ад «палёту» і страху, не тое ад поспеху. Ледзь не назаўтра новую «шпакоўню» задумаў зрабіць. Чарцёж намаляваў, усё разлічыў — прыбіральня ў Васяна — як лялечка. Ён сябе сапраўдным цесляром адчуў! Нават падумаў, што цяпер і жанчыну можна ў дом прывесці, каб пагутарыць пад настрой, каб яна зварыла чаго ды на стол прынесла, каб адзежу памыла, курэй завяла…

А прывёў, — і ўсе думкі далей пайшлі. Ну сапраўды: новая ў яго «шпакоўня», прасторная але ж на дварэ. І далекавата да яе, і зімою холадна... «Я што падумаў, — кажа Васян сваёй сужыцельцы, — хата вялікая, месца хапае. У прыбудову можна ваду падвесці, ванну паставіць, прыбіральню там зрабіць».

Жанчына, вядома ж, згадзілася.

Васян, як ні дзіўна, усё зрабіў.

А далей — болей, як той казаў: электрычнае ацяпленне ў хату правёў (дроў не трэба)... І наогул то з малатком цяпер, то з пілой, то ўсё лета з рыдлёўкай і трымерам, то…

Даўно не выпівае. І не курыць.

І тым часам не Васян ужо, а Васіль. І Галя яго — Васілёва жонка.

...Тут цікавая выснова просіцца. Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. А шлях мужчыны — таго ж Васіля — да самога сябе, да чалавека, да гаспадара — праз што?

Пытанні.

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж.

Сярод згаданых (у апошняй...) вясёлых і праўдзівых гісторый пра «шпакоўні» была яшчэ адна: здаецца з Мядзельшчыны? Мінчанін расказваў, як купіў там пад лецішча старэнькую хатку, як узяўся да ладу даводзіць ды першы «аб’ект» будаваць. Людзей наняў. А каб лішняга ім не плаціць, — яму сам падрадзіўся выкапаць.

Надвор’е тым ранкам добрае было, сілы — не пазычаць! Размахаўся, разагнаўся — у яме ледзь не па плечы ўжо... Але ж бачыць адтуль, што суседка прыйшла: павіталася, пастаяла крыху на «беразе», абапёршыся на кіёк, сказала: «Гэта ж колькі дабра трэба перавесці, каб гэту яму напоўніць?!»

...Агу, спадарства? Дзе той мінчанін? Ці жывая тая жанчынка?

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.