Вы тут

Выбіраем фіталямпу для хатняга агарода


Усім раслінам патрэбна святло. У лісці пад яго ўздзеяннем адбываецца адзін з самых значных біялагічных працэсаў — фотасінтэз. Ён можа адбывацца паўнавартасна толькі пры наяўнасці дастатковай колькасці святла. І важная не проста магутнасць светлавога патоку, а пэўны правільны спектр.

Асноўныя параметры светлавога выпраменьвання

1. Інтэнсіўнасць самога святла (магутнасць светлавога патоку). Для розных відаў раслін гэты паказчык адрозніваецца. Для прыкладу: тамат — святлалюбівая гародніна, яму неабходна шмат святла. А перцу для нармальнага цвіцення і плоданашэння хапае інтэнсіўнасці святла на 40% менш. Інтэнсіўнасць святла можна рэгуляваць вышынёй устаноўкі фітасвяцільніка: пры памяншэнні адлегласці ад расліны да яго павялічваецца інтэнсіўнасць святла, але памяншаецца плошча асвятлення, і наадварот, пры павелічэнні вышыні памяншаецца інтэнсіўнасць, але павялічваецца плошча.

2. Светлавы перыяд — час на працягу сутак, за які расліна асвятляецца. Існуюць расліны кароткага дня, якія прыстасаваліся існаваць ва ўмовах доўгай ночы, і расліны доўгага дня — для іх пераважны працяглы светлавы дзень.

Што такое правільны спектр?

Звычайныя лямпы напальвання не падыходзяць для асвятлення раслін, іх спектр зрушаны ў чырвоную частку — большую долю складае інфрачырвонае (цеплавое) выпраменьванне. Пад яго ўздзеяннем расада папросту выцягнецца. Для правядзення фотасінтэзу спектр святла павінен быць вузканакіраваным: ён на 90% складаецца з сіняга і чырвонага і толькі вельмі нязначна — з зялёнага і жоўтага. Пры гэтым кожны «колер» нясе пэўную энергію.

Чырвоны спектр (660 нанаметраў) спрыяе выпрацоўцы хларафілу а. Ён у большай меры ўплывае на развіццё каранёвай сістэмы, выцягванне раслін, паспяванне пладоў і цвіценне.

Сіні спектр (451 нанаметр) спрыяе выпрацоўцы хларафілу b, актывуе бялковы сінтэз у расліне і ўплывае на павелічэнне зялёнай масы, патаўшчэнне сцёблаў, закладку новых парасткаў.

Адмысловыя фітасвяцільнікі працуюць менавіта ў гэтых дыяпазонах: астатнія часткі спектра для раслін практычна бескарысныя.

Якія фітасвяцільнікі найбольш эфектыўныя?

У апошнія гады набіраюць папулярнасць святлодыёдныя (LED) крыніцы святла. Яны спажываюць у 2-3 разы менш электраэнергіі ў параўнанні з іншымі крыніцамі святла. Самі святлодыёды маюць тэрмін службы больш за 100 000 гадзін. Яны не выклікаюць у раслін цеплавых апёкаў і могуць размяшчацца вельмі блізка да лісця.

Сучасны святлодыёдны фітасвяцільнік — гэта гатовы прыбор, які трэба толькі замацаваць і ўключыць у разетку.

Бікалорны ці поўнаспектральны?

Святлодыёдныя фітасвяцільнікі бываюць бікалорныя і поўнаспектральныя. Першыя ў асноўным выкарыстоўваюць для вырошчвання расады, укаранення, а таксама там, дзе натуральнае асвятленне ёсць (цяпліцы, аранжарэі), але адчуваецца недахоп двух важных спектраў — сіняга і чырвонага. Для расады дастаткова бікалорнага свяцільніка.

А поўнаспектральныя фітасвяцільнікі патрэбны там, дзе натуральнага асвятлення няма зусім або яго вельмі мала. Гэта лямпы, у складзе якіх ёсць усе спектры, яны будуць у справе з пачатку росту раслін да цвіцення і плоданашэння.

Як выбраць святлодыёдную фіталямпу?

1. Корпус свяцільніка павінен быць выраблены толькі з алюмінію. Чым магутней свяцільнік, тым масіўней павінен выглядаць корпус. Пластыкавы корпус не дае выходзіць цяплу. Тэрмін службы такіх свяцільнікаў зусім невялікі, эфектыўнасць таксама невялікая. Вядомыя нават выпадкі ўзгарання пластыкавага корпуса з-за перагрэву.

2. Магутнасць фіталямпы для хатняга агарода ці расады павінна быць не меней 25–30 Ват, а лепш — 40–50 Вт.

3. Суадносіны магутнасці фітасвяцільніка і плошчы, якую ён асвятляе. Святлодыёдную свяцільню даўжынёй 50 см і магутнасцю 25 Вт можна размяшчаць на вышыні 15–30 см, такой жа даўжыні прыбор магутнасцю 40–50 Вт — на вышыні 20–50 см. Інакш кажучы, чым магутней свяцільнік, тым вышэй яго можна ўстанавіць і адпаведна эфектыўна асвятляць большую плошчу.

Паказчыкі асветленасці (адзінкі, паказаныя ў люксах і люменах) не важныя для фіталямпаў, на іх не варта зважаць. Самае важнае для фітасвяцільніка — гэта магутнасць светлавога патоку ў пэўным спектры. Нам трэба проста ведаць, што галоўным паказчыкам эфектыўнасці святла для раслін з’яўляецца параметр PAR, перакладаецца як «фотасінтэтычнае актыўнае выпраменьванне» (ФАР).

У фітасвяцільніках таксама трэба зважаць на такую характарыстыку, як фотасінтэтычны паток фатонаў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.