Вы тут

Пра важнае — на шырокую аўдыторыю


Выданне кніг, прысвечаных гісторыі, культуры, узнікненню нашай дзяржавы — сёння справа важная і чытачамі запатрабаваная. Літаратура такога кшталту карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва, пра што сведчаць дадатковыя тыражы і шматлікія прэзентацыі выданняў адпаведнай тэматыкі. А вось пра тое, якіх навінак чакаць ад выдавецтваў у найбліжэйшы час, распавялі прадстаўнікі кнігавыдавецкай галіны, навукоўцы на сустрэчы з журналістамі.


Фота: pixabay.com

— Без праектаў, літаратуры, кніг і комплекснай сумеснай работы вучоных, выдаўцоў, людзей, якія займаюцца папулярызацыяй нашай гісторыі, накіраванай на захаванне гістарычнай памяці, фарміраванне гістарычнага светапогляду, сёння немагчыма выхаваць сапраўднага патрыёта, які любіць сваю краіну. Тыя кнігі, якія мы згадаем, толькі невялікая частка вялікай, фундаментальнай працы Інстытута гісторыі, нашага выдавецкага цэнтра «Беларуская навука», якія знаходзяць выхад у выданнях, — распавядае дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. — Калі мы кажам пра кірунак нашых выданняў, то я падкрэслю толькі некаторыя, самыя важныя, галоўныя і маштабныя. Сярод іх «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». У пяці тамах гэтага выдання паказана гісторыя палітычных і нацыянальных форм беларускай дзяржаўнасці. Найбуйнейшая комплексная работа, дзе былі задзейнічаны вучоныя з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вучоныя з вядучых ВНУ нашай краіны. Яшчэ адным важным праектам НАН стала выданне «25 гадоў стварэння і здзяйснення», яно выйшла ў сямі тамах і першы якраз быў прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці. 

У год у Інстытуце гісторыі выходзіць больш за 30 выданняў рознай тэматыкі. Ці то пра выбітных дзеячаў, ці пра асобныя ведамствы. За апошнія гады вучонымі зроблена каласальная праца па вывучэнні перыяду, калі Беларусь была падзелена на дзве часткі ў 1921 годзе. Так, выйшлі кнігі «Рыжскі мір 1921 года і Беларусь» па выніках канферэнцыі 100-годдзя заключэння Рыжскага міру, «Назаўжды разам да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР», дзе адлюстраваны ўсе моманты палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага, культурнага развіцця таго перыяду і яго значэнне для лёсу беларусаў. Важным у рабоце нашых вучоных з’яўляецца і перыяд ХХ стагоддзя. Савецкаму перыяду ўдзяляецца асаблівая ўвага. Калектыўная праца «Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці» — прамы доказ той дзейнасці, якая намі праводзіцца. Да выданняў з падобнай праблематыкай можна аднесці і кнігу «Савецкі вопыт. Погляд з ХХІ стагоддзя». Яе рыхтавалі вучоныя Беларусі і Расіі сумесна. Яшчэ з 2014 года заснаваная і накіраваная на вывучэнне малой радзімы серыя «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі», якая адносна нядаўна папоўнілася кнігай «Дзятлава і Дзятлаўскі край». А ўвогуле за гэты час у серыі выйшла больш за 20 кніг. І ў рабоце знаходзяцца ўжо новыя выданні. Кожнае з іх для чытача — гэта гісторыя іх малой Радзімы вачамі вучоных. У дадзенай серыі маюць магчымасць першых публікацый школьнікі і студэнты, што дае ў пэўным сэнсе штуршок далейшай навуковай дзейнасці маладых людзей. У найбліжэйшай перспектыве супрацоўнікамі Інстытута гісторыі будуць падрыхтаваны кнігі пра гарады, узнагароджаныя вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады ВАВ», выданні пра Беларусь у міфах і легендах, даследаванне гісторыі Беларусі праз асоб, каб паказаць ролю і ўклад кожнага героя ў гісторыю краіны.

У сваю чаргу галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Ларыса Языковіч распавяла як пра найбольш папулярныя выданні, прысвечаныя вышэй адзначаным тэмам, так і пра тыя кнігі, якімі папоўніцца гэтая калекцыя. Летась была перавыдадзена кніга пра Хатынь (вытрымала два тыражы), дзе змешчана абноўленая інфармацыя пра спаленыя вёскі нашай краіны ў Вялікую Айчынную вайну. Цікавым атрымалася выданне «Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі», якое будзе карысна шырокаму колу чытачоў. Кнігу «Беларусь у гады ВАВ: пытанні і адказы» выдалі ўжо трэці раз.

Пра адметнасці выдання кніг, дзе даследуюцца важныя тэмы па фарміраванні светапогляду і адукаванасці грамадзяніна, распавяла першы намеснік дырэктара выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Міраслава Шавыркіна:

— Адзначу, што ў нас выходзяць перыядычныя выданні — «Беларускі гістарычны часопіс» і «Гісторыя грамадазнаўства», — на старонках якіх узнікаюць сувязі паміж навукай і практыкай. Апрача гэтага, наша шырокая выдавецкая дзейнасць скіравана на выпуск кніг для студэнтаў і школьнікаў. З апошняга, што выйшла ў нас, — вучэбны дапаможнік для школьнікаў «Генацыд беларускага народа». У яго аснову пакладзены даследаванні генеральнай пракуратуры. Выданне можна выкарыстоўваць шырока на ўроках літаратуры, гісторыі. Існуе ў нас серыя «Я ганаруся», у якой выходзяць невялікія кнігі (на рускай і беларускай мовах) з аўдыяверсіямі. Таксама яркім і даступным выданнем стала кніга «Дзецям пра Канстытуцыю». Працягам яе стануць выданні пра выбары, пра правы дзіцяці, якія знаходзяцца ў рабоце на перспектыву.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.