Вы тут

XXХІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш урачыста адкрылася ў Мінску


Ужо з раніцы ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» было даволі шматлюдна. Госці з цікавасцю разглядалі ўнікальныя выданні, даведваліся пра новых аўтараў і набывалі нешта для сваёй асабістай бібліятэкі. Дарэчы, штогод мерапрыемства наведваюць дзясяткі тысяч аматараў кнігі. І гэты год відавочна не стане выключэннем. Насычаная праграма, удзельнікі з 20 краін свету і шмат цікавых выданняў — усё гэта стварае ўнікальную атмасферу кніжнага свята.


На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў заявіў, што кніжная выстаўка-кірмаш кожны год пашырае гарызонты кнігавыдавецтва і дае магчымасць акунуцца ў новыя разважанні, сэнсы, новыя падыходы па-сапраўднаму адказных за справу аўтараў з Беларусі і сяброў з-за мяжы.

Таксама ён адзначыў высокі ўзровень кніжнай выстаўкі-кірмашу.

— Калі б знак якасці можна было прысуджаць падзеям і мерапрыемствам, каля лагатыпа нашай выстаўкі-кірмашу трэба было б размясціць гэты знак, — дадаў ён.

Максім Рыжанкоў зачытаў прывітанне Прэзідэнта ўдзельнікам Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і сімпозіума літаратараў, у якім адзначана, што сёння немалаважна, каб удумлівае слова пісьменніка вызначала духоўна-маральныя асновы жыцця чалавека, выхоўвала пачуццё адказнасці за лёс сваёй краіны, садзейнічала кансалідацыі грамадства перад сучаснымі пагрозамі і выклікамі.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў:

— У нашай багатай на кніжныя традыцыі краіне кожнаму знойдзецца тая кніга, якая прыйдзецца яму па гусце, — сказаў ён. — Уражвае вялікая прысутнасць расійскіх кніжных выдавецтваў. Усяго каля паўтысячы экспанентаў прывезлі сюды самыя розныя навінкі. Навінкі, якія пашыраюць нашы ўяўленні пра гісторыю, асветніцтва, культуру.

Таксама ён дадаў, што на выстаўцы шмат кніг на гісторыка-патрыятычную тэматыку, звязаную з тэмай Вялікай Айчыннай вайны.

— Знайдзіце свае творы, знайдзіце тых аўтараў, якіх вы яшчэ не адкрылі, і вы станеце намнога багацейшымі, — падсумаваў Алесь Карлюкевіч.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў таксама засяродзіў увагу на знакавай для краіны даце — 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў:

— Вы ведаеце, колькі ўвагі гэтай даце ўдзяляецца ў нашай краіне. На галоўным стэндзе прадстаўлены кнігі, якія былі выдадзены ў 2023 годзе і на пачатку 2024 года на гэтую тэматыку. У дзень, калі мы ўшаноўваем кнігу, хочацца адзначыць, што ў той перыяд, калі на Захадзе хтосьці ўкладвае грошы ў фарміраванне ўзброеных аб’яднанняў каля нашых межаў, на поўдні ідуць ваенныя дзеянні, мы ў Мінску адзначаем свята кнігі. Мы ўшаноўваем культуру кнігадрукавання, кнігавыдання і высокага літаратурнага слова. Напэўна, гэта і ёсць пацвярджэнне ўдалай міралюбівай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне пад кіраўніцтвам Прэзідэнта.

Таксама ён адзначыў розных удзельнікаў кніжнай выстаўкі-кірмашу, у тым ліку і «Адукацыйны квартал», прадстаўлены Міністэрствам адукацыі і Акадэміяй навук.

— Палова ўсіх кніг, якія выдаюцца ў краіне, прыпадае на навуковую і адукацыйную літаратуру. Усяго ж выдаецца каля 20 млн кніг за год. У гэтым плане Беларусь — лідар на еўрапейскім кантыненце і займае другое месца сярод краін СНД, — дадаў Уладзімір Пярцоў.

Цэнтральным экспанентам сёлетняй выстаўкі-кірмашу стала Ісламская Рэспубліка Іран, якая ўпершыню прадставіла такі вялікі стэнд.

— Несумненна, воля дзяржаў, у тым ліку Рэспублікі Беларусь, па правядзенні падобных выставак, захаванне кніг і папулярызацыя чытання, а таксама ўшаноўванне і заахвочванне пісьменнікаў, дзеячаў навукі і культуры сведчаць аб правільным і глыбокім разуменні дзяржавай значнай ролі кнігі і чытання, пісьменнікаў, вучоных і выдаўцоў і іх уплыву на развіццё і росквіт грамадства, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санеі.

Падышлі мы, вядома, і да стэнда Выдавецкага дома «Звязда». У гэтым годзе на кніжнай выстаўцы-кірмашы прадстаўлены такія навінкі, як «Ведаем, ганарымся!» Ірыны Аўсеп’ян, «Буйніцкае поле: «застацца і памерці...» Мікалая Барысенкі, «Генералы сорак першага года» Мікалая Чаркашына і «Цяжкія дарогі жыцця» Мікалая Чаргінца.

Наведвальнікаў стэнда чакаюць віктарыны, падарункі і акцыі. А яшчэ штодзённая яскравая прэзентацыяй кніг ад пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Таксама сёлета на выстаўцы-кірмашы новы аўтар «Звязды» Валянціна Драбышэўская прэзентавала дзіцячы квэст «У пошуках суперсябра К». Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у гэтых актыўнасцях і ў гульнявой форме далучаліся да культуры чытання.

Варта асобна адзначыць і стэнд Кітайскай Народнай Рэспублікі, на якім прадстаўлена каля дзвюх тысяч кніг. Цікавасць да гэтай літаратуры велізарная, асабліва з захапленнем кнігі разглядаюць маладыя людзі. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі становіцца больш шчыльным. Так, на кніжнай выстаўцы-кірмашы плануецца падпісанне пагаднення паміж выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і Упраўленнем Кітайскай Народнай Рэспублікі па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах.

Прыцягвае ўвагу і мабільны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які размясціўся каля выставачнага цэнтра.

— Праект называецца «Наш абавязак — памятаць!» — падзялілася навуковы супрацоўнік музея Ксенія Мажуль. — Гэта шанц для людзей, якія не могуць трапіць у наш музей у Мінску, паглядзець перасоўную версію экспазіцыі. Так за 2023 г. мы наведалі 27 населеных пунктаў.

Апроч гістарычнай экспазіцыі, у мабільным музеі прадстаўлены таксама і розныя выданні на ваенную тэматыку.

— Вельмі цікавыя нашы «Партызанскія рукапісныя часопісы», у якіх адлюстраваны побыт падпольшчыкаў, — адзначыла бібліятэкар Алена Ставіцкая. — Усяго калекцыя музея налічвае 248 адзінак рукапісных часопісаў. Увесь матэрыял, прадстаўлены ў выданнях, размеркаваны па абласцях і маляўніча ілюстраваны. Таксама гэтая калекцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь (катэгорыя «1»).

Расказваць аб экспанентах і мерапрыемствах кніжнай выстаўкі-кірмашу можна бясконца. Але лепш наведаць яе і самастойна акунуцца ў гэты разнастайны кніжны свет, дзе кожны сапраўды знойдзе тое, што яму па душы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.