Вы тут

Душэўныя станы і перажыванні на выстаўцы Таццяны Грыневіч


Спрэчная і няўдзячная гэта справа — прыхарошваць. Арт-крытыкі асабліва упікаюць гэтым жывапісцаў, маўляў, мала таго, што не ўздымаюць ніякіх праблем, дык быццам не ставяць перад сабой сур’ёзных мастацкіх задач. Тым часам многія аўтары не адмаўляюцца ад задумы «падфарбоўваць», дэкарыраваць, паляпшаць навакольны свет. А можа, такім яны бачаць кожны дзень — ясным, светлым, гатовым напаўняць жыватворнай сілай — і не знаходзяць ніякіх прычын, каб не напоўніць іншых станоўчай энергіяй. 


«Возера ўспамінаў», 2022 г.

Такая мастачка Таццяна Грыневіч. Яна бачыць сэнс у тым, каб надаваць больш увагі ў мастацтве такім катэгорыям, як святло і прыгажосць: гэта становіцца відавочным не столькі пры знаёмстве з асобнымі работамі на конкурсах і фестывалях, колькі ў персанальных экспазіцыях аўтара. Нядаўна была магчымасць наведаць выстаўку Таццяны Грыневіч пад назвай «Transition». Спачатку работы серыі дэманстраваліся на выстаўцы сучаснага мастацтва ArtContact у Стамбуле, а пасля іх размясцілі ў сталічнай галерэі «Арт-Фабрыка»

«Рэха», 2022 г.

«Transition» — гэта серыя абстрактных работ, створаных на працягу апошніх трох гадоў. У іх выяўлены перш-наперш розныя станы, душэўныя перажыванні. У рэшце рэшт, яны паўстаюць адлюстраваннем унутранага свету мастачкі. «На мой погляд, абстрактны жывапіс здымае многія ўмоўнасці ва ўспрыманні і адкрывае дзверы ў свет непасрэднага ўражання, — заўважае Таццяна Грыневіч. — Асноўным прынцыпам стварэння гэтых работ была спантаннасць. Я падпарадкавалася ўнутранаму імпульсу, які скіроўваў мяне ад стадыі неабходнасці самавыяўлення да рэалізацыі. Далей ішоў працэс усведамлення. Не меней важным быў і выбар назвы, бо назва — гэта ключ да разумення, і кожны трактуе яе з уласнага вопыту. Так, суналадзіўшыся з выявай, глядач па прынцыпе эмпатыі будзе счытваць яе як адлюстраванне свайго ўнутранага свету і атрымліваць уражанне ці інсайты». 

«Transition» значыць «пераход». Тлумачыць слова можна самым розным чынам — і як момант, які вызначае завяршэнне аднаго перыяду і пачатак іншага, як месца, дзе што-небудзь адно пераходзіць у іншае, як звяно, што аб’ядноўвае розныя з’явы... А з творамі мастацтва ніколі нельга быць упэўненым, што знайдзенае выпадкова або пасля доўгіх роздумаў тлумачэнне акажацца дакладным. Хоць мастакі любяць даваць падказкі — у тых жа назвах. Напрыклад, «Світанне» (2023) пераносіць гледача ў пэўны момант, карціна «Пад сонцам» (2023) так ці іначай знаёміць са своеасаблівай прасторай, а героі ў творах «Новая вясна» (2023) і «Тая, што спіць» (2023) здаюцца сувязным звяном паміж рэальнасцю і выдумкай. 

Так, у серыю ўвайшлі не толькі абстракцыі. «Нацюрморт са сланечнікам», «Белы гарлачык», «Півоні» (усе 2023 года) і некаторыя іншыя карціны — набліжаныя да рэчаіснасці выявы (хоць, вядома, аддзяленне абстрактнага ад неабстрактнага болей праблематычнае, чым здаецца на першы погляд). Гэта надзвычай тонкія работы, у якіх выяўляецца хараство свету. Але ж стыхія мастачкі — амаль неўтаймаванае нефігуратыўнае мастацтва, у цэнтры якога — цалкам абстрактныя паняцці: рэха, энергія, раскрыццё... У многіх творах гучаць настальгічныя ноткі, хоць туга па мінулым тут — сведчанне ціхага роздуму і веры ў лепшае. А памяць, пачуццёвы вопыт толькі натхняюць Таццяну Грыневіч. 

«Фрэя», 2022 г.

Як правіла, абстракцыя вельмі цяжка асэнсоўваецца многімі гледачамі — яна няўтульная, часам непрывабная, незразумелая... Унутраны свет, наваколле падаюцца як загадка сусвету, таямніца, пра якую немагчыма даведацца. Таццяна Грыневіч робіць абстракцыі не толькі маляўнічымі, прамяністымі і цёплымі, але і непрыхавана гарманічнымі, яснымі. «Ва ўсе часы нястрымнага нелагічнага зла вакол так шмат, што трэба вучыцца шукаць і захоўваць у сабе святло — каб не застыць, не ачарсцвець. Я дапамагу», — сцвярджае мастачка сваім жывапісам. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.