Вы тут

Дарагі падарунак, альбо Як я пагарэў у сталіцы...


Дарагі падарунак,

альбо Як я пагарэў у сталіцы...

Кажуць, модна цяпер дарыць не рэчы, а ўражанні.

Фота: БелТА

Мусіць, гэтым кіраваўся мой сын, калі вырашыў звазіць мяне ў Мінск на ІІ Гульні краін СНД, а калі канкрэтна, — то на рашаючую гульню па валейболе паміж жаночымі камандамі Беларусі і Расіі.

Спорт я вельмі люблю! І ў сталіцы не быў гадоў мо 13... А тут... Ну ці ж не нагода?!

Тым не менш — пакуль адважыўся, трохі павагаўся.

І вось мы на «Чыжоўка-Арэне», у валейбольнай зале. Я, мой сын і ўнук-пяцікласнік заўзеем за нашых.

Гульня расцягнулася на дзве гадзіны, але гэтага ніхто не заўважаў, бо першую партыю беларускі безнадзейна прайгралі, затое ў трох наступных…

Агульны лік — 3:1! На карысць нашых!

Радасныя, мы пакіравалі да машыны і ўжо на ёй пад’ехалі да супермаркета.

— Купіш тут, што мама сказала, — вырашыў сын. — За паўгадзіны, думаю, справішся?

Я з гарачкі згадзіўся, бо такога вялікага магазіна — плошчай у некалькі гектараў — аніколі раней не бачыў!

І там павароніў, бо да ўсяго прыглядаўся — выбіраў неабходнае…

— Ты колькі там будзеш хадзіць? — папытаўся ўрэшце сын па мабільным. — Амаль гадзіна прайшла!

Разумеючы, што хлопцам надакучыла мяне чакаць, я кінуўся ў бок да выхаду ў пошуках касы.

Побач, як на ліха, яе не было. Спыніўся, каб агледзецца, і тут жа ўбачыў, што да мяне падбягае чалавек у форме.

— Вы, — заяўляе, — затрыманы (?!) за крадзеж (?!) тавараў. Прайдзіце за мной…

Кажу службоўцу, што нічога не краў і нават не думаў красці — проста заблытаўся ў гэтай краме, але ж хто мяне слухае?

Ахоўнік і яго начальнік папрасілі пашпарт, запісалі ўсе даныя, доўга распытвалі пра маё жыццё. Затым адзін з іх павёў мяне да кас — разлічвацца за пакупкі.

Аказваецца, у тым месцы быў не прывычны апарат, а нейкі аўтамат: пастаянныя пакупнікі ўмеюць ім карыстацца. А такім, як я, мог і (павінен быў!) дапамагчы касір. Але ў той момант, калі я спехам азіраўся і касу шукаў, яго на месцы проста не было.

Але ж заплаціў я ўрэшце за тавар, працягнуў ахоўніку абедзве рукі: маўляў, злавілі ж злодзея — надзявайце кайданкі…

Той хіба глянуў неяк паблажліва:

— Ідзіце... Мы вас адпускаем.

Думаеце, на гэтым мае прыгоды скончыліся? Не. Бо з таго маркета я неяк выйшаў, а вось машыну, дзе чакалі сын і ўнук, знайсці не змог.

І пазваніць ім таксама не мог, бо з жахам убачыў, што мой старэнькі тэлефон проста адключыўся (з ім такое бывае). Добра, PІN-код яшчэ ўспомніў…

Пасля званка знерваваны сын знайшоў мяне, давёў да машыны.

Там, крыху паспакайнеўшы пасля перажытага, я зразумеў, што купіў не ўсё, а таму па дарозе папрасіў заехаць яшчэ ў які магазін.

...Гэты ўжо быў невялікі, але народу ў яго набілася шмат: мне прыйшлося пастаяць у чарзе.

А толькі выйшаў на вуліцу — насустрач унук:

— Мяне, — кажа, — татка паслаў... Мы думалі, што цябе зноў затрымалі.

...Клапатлівыя хлопцы: па дарозе дамоў яны мне дзве мянушкі прыдумалі — «аптавік» і «гангстар».

Жонка таксама доўга смяялася з маіх прыгод і на ўсялякі выпадак заявіла, што гэта была мая апошняя паездка ў сталіцу.

Я не пярэчыў. Але ж, дзякуючы ёй, гэтай паездцы, даведаўся, што эмоцыі і сапраўды добры падарунак. Ну мяркуйце самі: кашуля б знасілася, парасон згубіўся, тэхніка зламалася б, а вось прыгоды... Гэта на ўсё жыццё.

Ці не так?

Міхаіл ВАЙЦЯШОНАК

в. Валкі, Пастаўскі раён


Згубіцца — можна,

Разгубіцца — не…

Расоны — хто не ведае — гэта райцэнтр, гарадскі пасёлак.

Што ў ім ад горада? Некалькі «мікрараёнаў» («СХТ», «МСО»...), шматкватэрныя дамы ў цэнтры.

Што ад пасёлка? Агромністы прыватны сектар, вялікія адлегласці: ад тога самага цэнтра да інтэрната, дзе нядаўна сталі жыць мая знаёмая з дачушкай, каля двух кіламетраў. Для дарослага чалавека ды па добрым надвор’і — добрая прагулянка, а вось для малога…

Ну хіба разам з матуляй: калі на сваёй машыне, калі на чымсьці спадарожным, калі пехатой... Раніцай шасцігадовая Леначка ў школу, маці яе — на работу (балазе гэта побач), вечарам — назад у інтэрнат.

Але ж неяк маме не выпала: ёй вельмі трэба было затрымацца!

Па тэлефоне дамовіліся, што на гэты раз дачушка пасля школы зойдзе да матулі на працу.

Лена як быццам усё зразумела: і куды, і ў якія канкрэтна дзверы.

Пасля заняткаў прыйшла, патузала іх (потым аказалася, што не тыя...), а яны замкнутыя.

Мабільнік, як на ліха, у дзіцяці «сеў». Мама нервуецца, чакае... Дачушкі няма — тэлефон маўчыць…

А малая тым часам зусім не разгубілася: выйшла на бальшак (на скрыжаванне ў цэнтры пасёлка), пастаяла там — пачакала міліцэйскую машыну, прагаласавала. Патруль спыніўся.

— Што здарылася? — пацікавіліся службоўцы ў дзяўчынкі.

— Я згубілася, — адказала дзіця. — Мамы не знайду.

— А хто твая мама? Дзе працуе?

Лена ўсё расказала.

Ну а далей ужо — «справа тэхнікі»: на той самай міліцэйскай машыне «згубу» падвезлі да патрэбных дзвярэй — перадалі спалоханай маці.

— А як ты здагадалася спыніць машыну? І чаму міліцэйскую? — спыталі ў дзіцяці.

— Нас у школе вучылі... Прадмет такі ёсць — АБЖ.

...І між іншым добры, бо ўрокі па асновах бяспекі жыццядзейнасці патрэбны чалавеку не меншы, чым многія іншыя.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён


Калі ўзяўся за гуж,

Не кажы, што нядуж...

Навучала маці Леру,

Як прывабіць кавалераў:

Усміхайся, падміргні,

Дома чарачку налі,

Прапануй баршчу з катлетай...

Мела плён навука гэта:

Лера — Воўкава нявеста,

А ўжо ж мяккая — што цеста,

Хоць да раны прыкладай...

Хлопца клікала ў рай.

Ды спачатку — распісацца,

Каб сужэнцамі назвацца.

Вова ў ЗАГС

ляцеў на крылах,

Бо каханы!

Самай мілай!

Толькі...

што з ёй адбылося?

З першых дзён

і пачалося:

То капрызы, то папрокі,

То загады, то ўрокі...

Не там стаў і не так сеў,

Не культурна піў і еў.

Ён нязграбны, ён нямодны,

Час ад часу быў галодны...

З-за чаго ж уся навала?

З-за таго, што грошай мала,

Што ёй трэба пакруціцца,

Каб пражыць і... палячыцца

(«А пакуль не зацугляла,

Пра хваробы не казала»).

...Нейк адправіла ў аптэку,

З даўгаватым спісам лекаў.

Вова глянуў у запіску:

Штось ад нерваў,

штось — ад ціску,

«Блендамедаў» ажно два.

(«А баліць жа галава...»)

Доўгі спіс.

Не ён складаў.

Ён аптэкарцы падаў.

Тая спрытна склала лекі

І...

неслабенькія чэкі!

Праўда:

грошай — да халеры!

Але

ўсё купіў ён Леры.

...Тая ў ванну — чысціць зубы,

І ў крык:

давёў да згубы!

Нешта во скруціў жывот!

Абцугамі сцяла рот!

Трэ яго

знутры і звонку,

Здзерла, бедная, каронку,

Дзёсны, вусны — ледзь ў кроў...

Тут ужо

не да размоў:

Правяраць ёй трэба зноўку

Ўкладыш, цюбік, упакоўку

І ўбачыць,

на няшчасце —

Рот у...

клеі, а не ў пасце.

Агрызнуўся Вова ціха:

— Ну не я ж тут нешта зблытаў?

Але ж дзякуй «Блендамеду»

За ўрок яго вось гэты:

Мо запомніць Лера клей —

Стане крыху лагадней?

...Ну а ўсім не лішне знаць:

Мякка сцелюць — мулка спаць.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж.

Існуе, кажуць, цэлая навука — гелаталогія, лячэнне смехам. Заснаваў яе Норман Казінс, прычым, што называецца, не ад добрага жыцця: пачуў ад сваіх дактароў смяротны дыягназ (вылечваецца — хіба адзін з пяцісот!)... І з той пары стаў рэгулярна запірацца ў сваім пакоі — глядзець кінакамедыі.

Дзякуючы ім, як быццам, адбыўся цуд: чалавек паправіўся! Што ў чарговы раз даказвае, што смех — найлепшыя лекі, прычым не толькі ад праблем і дрэннага настрою, але і ад саміх хвароб.

Пішыце.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.