Вы тут

Што такое мікразяленіва і з чым яго ядуць


Слова «мікразяленіва» ў лексіконе прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і аматараў дачных эксперыментаў з’явілася параўнальна нядаўна, таму пакуль не ўсім зразумела, пра што ідзе гаворка. Рэгулярнае ўжыванне ў ежу розных відаў мікразяленіва дабратворна ўплывае на ўсе органы і сістэмы арганізма, паляпшае самаадчуванне і ўмацоўвае імунітэт. Есці яго можна не толькі дарослым, але і дзецям.


Мікразяленівам называюць парасткі агароднінных і зяленівых культур, якія выкарыстоўваюцца ў ежу ў фазе 1–2 сапраўднага ліста (звычайна ва ўзросце не больш за 10–14 дзён, для хуткаспелых культур — напрыклад, крэс-салата — дастаткова 4–6 дзён). Максімальная вышыня такіх раслін — 4 см, вышэй могуць быць хіба што гарох і сланечнік.

Самы просты спосаб ужывання — выкарыстоўваць мікразяленіва для ўпрыгожвання звыклых страў: салатаў, бутэрбродаў, амлетаў і гэтак далей. Можна прыгатаваць соус, змяшаўшы здробненае мікразяленіва са смятанай ці алеем, а можна проста дадаваць яго ў салаты як звычайныя зялёныя культуры.

Наладзіць уласны «зяленевы канвеер» па сілах кожнаму. Усё, што для гэтага спатрэбіцца, — трохі месца на падаконніку, насенне і ёмістасці з прыдатным субстратам.

Якія расліны можна вырошчваць у выглядзе мікразяленіва?

Падыдуць самыя розныя культуры: крэс-салат, каляндра, базілік, радыска, дайкон, разнастайная капуста (брокалі, кальрабі, чырвонакачанная і іншыя), рукала, буракі, амарант, сланечнік, гарох... Паколькі ў кожнай з іх ёсць свае асаблівасці і нюансы смаку, варта паэксперыментаваць і выбраць тое, што будзе лепшым менавіта для вас. Пазбягаць рэкамендуецца хіба што фасолі — у яе парастках змяшчаюцца таксічныя для чалавечага арганізма рэчывы.

У чым менавіта карысць?

У маладых раслінах канцэнтрацыя біялагічна актыўных рэчываў значна вышэй, чым у спелай агародніне, садавіне або зяленіве, больш, чым у праростках. Да таго ж, пры захоўванні любой расліннай ежы губляецца частка яе карысных уласцівасцяў, а мікразяленіва заўсёды ўжываецца свежым, што захоўвае максімум каштоўных элементаў.

Большасць відаў мікразяленіва валодае выяўленым антыаксідантным дзеяннем і дабратворна ўплывае на страваванне. Тых жа, хто прытрымліваецца дыеты, парадуе нізкая каларыйнасць гэтага прадукту.

Умовы для вырошчвання?

Цяпло, вільготнасць і святло — вось, мабыць, і ўсё, што спатрэбіцца для «мікраагарода». Прычым, у адрозненне ад звычайных агароднінных культур, якім неабходна дасвечванне, мікразяленіва можа расці пры звычайным асвятленні.

Пры недастатковым асвятленні расліны будуць больш бледнымі; для атрымання парасткаў насычанай афарбоўкі неабходна забяспечыць ім дасвечванне (10–12 гадзін у суткі) з моманту ўтварэння сапраўднага лісця да ўжывання.

Вільготнае асяроддзе неабходна для прарастання насення і наступнага развіцця зяленіва. Але пры гэтым вельмі важна, каб не з’явілася цвіль, развіццю якой спрыяе павышаная вільготнасць. Пры першых прыкметах з’яўлення плесневых грыбоў прадукт знішчаюць — да ўжывання ў ежу ён непрыдатны.

Можна паспяхова вырошчваць мікразяленіва ў любой прыдатнай ёмістасці, выкарыстоўваючы самыя розныя віды субстрату: гатовыя глебавыя сумесі для расады, какосавае валакно, пілавінне, вермікуліт, перліт, гідрагель і гэтак далей — падыдуць нават звычайная марля, баваўняная тканіна або ватныя дыскі.

Паколькі тэрмін жыцця мікразяленіва нават не тыдні, а дні, раслінам хапае запасаў пажыўных рэчываў, якія змяшчаюцца ў насенні. Сеяць трэба вельмі густа і да з’яўлення ўсходаў трымаць ёмістасці з пасевамі ў цяпле пад плёнкай (вечкам, шклом). Сачыце, каб не з’явілася цвіль! Калі з’явяцца ўсходы, плёнку здымаюць, кантэйнеры выстаўляюць на акно ці ў іншае светлае месца. Аптымальны тэмпературны рэжым залежыць ад патрабаванняў культуры, але любое мікразяленіва паспяхова вырошчваецца пры пакаёвай тэмпературы.

Спецыяльнае насенне

Звычайнае насенне агароднінных і зяленевых культур, якія прадаюцца ў крамах, як правіла, праходзяць перадпасяўную падрыхтоўку, падчас якой іх апрацоўваюць рознымі хімічнымі прэпаратамі для абароны ад узбуджальнікаў хвароб, паляпшэння ўсходжасці і г. д. Такое насенне не падыходзіць для атрымання мікразяленіва, таму што выкарыстаныя для іх апрацоўкі рэчывы могуць патрапіць у арганізм разам з маладымі парасткамі. Для вырошчвання мікразяленіва лепш купляць спецыяльнае насенне — яно не апрацавана хімічнымі прэпаратамі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.