Вы тут

Беларускаму саюзу мастакоў — 85


На мінулым тыдні камерная зала Вялікага тэатра Беларусі поўнілася шматлікімі гасцямі. Нагода не была звязана са светам музыкі. Пляцоўка выбрана для ўрачыстага мерапрыемства — святкавання 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў. Гучалі словы падзякі, уручылі ўзнагароды творцам, якія плённа працавалі на карысць развіцця айчыннага мастацтва. Хоць без музыкі і спеваў не абышлося — віншавалі мастакоў артысты Вялікага тэатра: народная артыстка Анастасія Масквіна, брас-квінтэт A.M.A.D.I.S.Brass, спевакі Аляксандр Гелах, Аляксандр Міхнюк, Дар’я Гаражанка і Андрэй Мацюшонак. 


Іван Міско і Глеб Отчык

Спачатку мастакоўскую супольнасць павіншаваў са святам першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Ён нагадаў пра значную ролю арганізацыі ў культурным жыцці краіны і пажадаў членам Беларускага саюза мастакоў бясконцага творчага натхнення. «Саюз аб’ядноўвае больш за тысячу чалавек. Сярод іх — народныя мастакі Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі, прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І, безумоўна, саюз — адна з самых буйных, самых уплывовых творчых арганізацый нашай краіны. А вынік яго працы — гэта маштабныя міжнародныя і рэспубліканскія конкурсы, пленэры, гэта творы, якія сёння ўпрыгожваюць нашы гарады, інтэр’еры грамадскіх будынкаў, выставачныя залы нашых музеяў», — адзначыў Валерый Іванавіч. Асаблівая ўдзячнасць ад Міністэрства культуры — найлепшым аўтарам. Валерый Грамада ўручыў узнагароды Івану Міско, Уладзіміру Уроднічу, Мікалаю Апіёку, Віктару Барабанцаву, Ларысе Журавовіч і Аляксандру Дранцу. 

Першы намеснік міністра таксама зачытаў віншавальны ліст ад старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. «Увесь гэты час саюз выконвае важную місію па стварэнні і захаванні нацыянальных мастацкіх каштоўнасцей, пошуку і падтрымцы маладых талентаў, садзейнічае развіццю, прапагандзе і рэалізацыі ўсіх відаў і жанраў беларускага выяўленчага мастацтва. Дзякуючы намаганням многіх пакаленняў удзельнікаў аб’яднання на свет з’явілася шмат цудоўных твораў, якія перадаюць непаўторную прыгажосць Беларусі, яе гістарычную і духоўную спадчыну. Саюз аб’ядноўвае пад сваім крылом таленавітых і неабыякавых людзей, усім сэрцам адданых роднай зямлі», — адзначыла ў віншаванні Наталля Качанава.

Прагучала таксама віншаванне ад Веніяміна, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Цёплыя словы ў адрас кіраўніцтва і творцаў Беларускага саюза мастакоў прагучалі ад прадстаўнікоў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму і ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Саветнік па культуры Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Ся Гуань Юань адзначыў уклад творчай суполкі ў развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі: «За 85 гадоў Саюз мастакоў ніколі не перарываў сувязь з кітайскай культурай. Асабліва апошнія гады кантакты становяцца больш цеснымі». 

Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі слова ўзяў старшыня БСМ Глеб Отчык: 

— Сёння мы падводзім вынікі нашай дзейнасці, якая абапіраецца на магутны падмурак — нашых народных мастакоў. І мы працягваем рабіць сур’ёзныя крокі наперад. За чатыры гады Беларускі саюз мастакоў павялічыў выставачную дзейнасць у тры разы, нягледзячы на пандэмію. У нас падпісана 12 пагадненняў аб супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай, плануюцца выезды ў Башкартастан і Татарстан, шырока ахопліваем тэрыторыю ад Ніжняга Ноўгарада да глыбінак. Праектаў вельмі шмат! 

Дарэчы, у фае Вялікага тэатра прадстаўлена святочная выстаўка «85 гадоў разам». Дэманструецца жывапіс мастакоў — сяброў творчага саюза розных гадоў стварэння з фондаў БСМ. Пейзажы, нацюрморты належаць пэндзлям Мацвея Беляніцкага, Вячаслава Кубарава, Юрыя Зайцава, Аляксандра Кішчанкі, Івана Пушкова, Святланы Катковай ды іншых творцаў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта sb.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.