Вы тут

Дзеці Данбаса падзяліліся ўражаннямі ад адпачынку ў Беларусі


Група дзяцей з Данбаса правяла ў Беларусі два тыдні. Брэсцкі аблвыканкам падтрымаў ініцыятыву дабрачыннага фонду Аляксея Талая і арганізаваў адпачынак дзяцей з Марыупаля і Дакучаеўска ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчай цэнтры «Колас» у Кобрынскім раёне. Кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак быў напоўнены падзеямі, таму час праляцеў незаўважна. У апошні дзень заезду для дзяцей арганізавалі свята. Рабяты і суправаджаючыя іх дарослыя падзяліліся з БелТА ўражаннямі пра адпачынак у нашай краіне.


Прыехаўшы ў Беларусь, 11-гадовы Арцём з Марыупаля хацеў убачыць як мага больш славутасцяў. Жаданне хлопчыка за два тыдні ажыццявілася па максімуму. «Было шмат экскурсій. Тут вельмі прыгожа, асабліва спадабалася Брэсцкая крэпасць. Запомніўся самы вялікі манумент „Мужнасць“. Яшчэ было выдатна ў аквапарку. З’язджаць зусім не хочацца. Пабыў бы яшчэ тут, але ўжо засумаваў па бацьках», — прызнаўся школьнік.

Арцём, як і іншыя дзеці, з цікаўнасцю разглядаў і прымяраў абсталяванне, якое выкарыстоўваюць валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У аздараўленчым цэнтры арганізавалі некалькі тэматычных пляцовак, дзе дзеці даведаліся аб дзейнасці гуманітарнай арганізацыі. Спецыялісты расказалі цікавыя факты аб аказанні першай медыцынскай дапамогі, затым атрыманыя веды хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі замацаваць, патрэніраваўшыся на манекенах. Прыйшоўся па душы і майстар-клас па мадэляванні з паветраных шароў. Такое свята — адзін са шматлікіх падарункаў, падрыхтаваных беларускім бокам для дзяцей Данбаса.

«Мы заўсёды адкрытыя і дапамагаем усім, нам не важна, якая ў чалавека нацыянальнасць. Ладзім святы, расказваем, чым жыве рух Чырвонага Крыжа. Каб дзеці разумелі, што калісьці дапамаглі ім, а калі яны вырастуць — сталі дапамагаць іншым, — сказаў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. — Дапамагаем дзецям псіхалагічна адаптавацца, каб яны адчулі бяспеку. Дзеці з’язджаюць і потым яшчэ доўга ўспамінаюць, як ім было выдатна на беларускай зямлі».

На двухтыднёвы адпачынак у Брэсцкую вобласць з Данбаса прыехалі 37 дзяцей і 8 суправаджаючых дарослых, з іх 27 дзяцей і пяцёра дарослых — з Марыупаля. Юная Яўгенія паспрабавала правесці гэты час актыўна. «Спадабалася ў аквапарку. Класна правялі час у Белавежскай пушчы: паелі бліноў, былі ў Дзеда Мароза, паглядзелі на жывёл у вальерах. Удзельнічала ў конкурсах, хадзіла на гурткі, рабілі кошыкі з газет, ляпілі фігуркі з гліны. На працэдуры аздараўленчыя хадзіла з задавальненнем», — пералічыла Жэня.

Па словах суправаджаючай дзяцей з Марыупаля Надзеі Лупінавай, адпачынак у іх атрымаўся насычаным. «Дзеткі аздаравіліся. Маленькіх мы вадзілі, а рабяты старэйшыя самі бегалі, хутка тут асвоіліся. На экскурсіі ездзілі. Вельмі запомнілася Брэсцкая крэпасць. Белавежская пушча — проста няма слоў. Больш за ўсё ўразілі людзі: такія добрыя, уважлівыя. З’язджаем з вельмі добрымі адчуваннямі, хочацца яшчэ вярнуцца сюды», — сказала жанчына.

Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Колас» размешчаны ў ціхім і экалагічна чыстым месцы. Ад яго літаральна рукой падаць да Кобрына і Брэста, таму ў асноўным культурная праграма была пабудавана на наведванні гэтых гарадоў. У прыватнасці, гасцям з Данбаса далі ўнікальную магчымасць пабываць на фабрыцы «Палессе» і на свае вочы ўбачыць працэс вытворчасці дзіцячых цацак. Яшчэ яны з задавальненнем паласаваліся знакамітым кобрынскім марозівам.

«Кожны дзень праводзілі цікавыя культурна-масавыя мерапрыемствы. Гэта былі забаўляльныя, гульнявыя праграмы, канцэрты. Хлопцы займаліся спортам, наведвалі гурткі. Іх дні былі напоўнены пазнавальнымі і яркімі падзеямі», — падкрэсліў намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Яўген Гулюта.

Таксама ў складзе групы была патранатная сям’я з Дакучаеўска. Эла Хамінец і яе муж прывезлі на аздараўленне дзесяцёх прыёмных дачок. «Дзяўчынкам і нам былі прызначаныя разнастайныя лячэбныя і аздараўленчыя працэдуры. Тут вельмі добрасардэчны персанал, людзі кампетэнтныя. У сталовай вельмі смачна кармілі, па-хатняму. Усё выдатна, мы вельмі задаволеныя», — прызналася прыёмная мама. Гаворачы аб падтрымцы беларусаў, яна не змагла стрымаць слёз. «Так добрасардэчна людзі ставяцца. Гэта настолькі кранальна, што мы нават не чакалі. Дома неспакойна, а тут усё мірна. Дзеці не хочуць з’язджаць, бо ім тут добра. Дзякуй вам усім вялікі за гэта. Хочацца сюды зноў прыехаць». Дарэчы, патранатная сям’я з Дакучаеўска пазнаёмілася з бацькамі-выхавацелямі з Кобрынскай дзіцячай вёскі.

Завяршальным акордам знаходжання ў Брэсцкай вобласці стаў канцэрт. Дзецям нагадалі аб самых яркіх момантах іх адпачынку. Вядома, не абышлося без падарункаў. Брэсцкі аблвыканкам паклапаціўся аб запасе прысмакаў для кожнага дзіцяці. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа набыло для хлопчыкаў і дзяўчынак спартыўнае адзенне. Свае прэзенты падрыхтаваў і Беларускі фонд міру. У сваю чаргу навучэнцы Камянецкай гімназіі сваімі рукамі для аднагодкаў з Данбаса змайстравалі белых папяровых галубоў-сімвал міру, дабра і надзеі.

«Мы выканалі ўсе абяцанні, якія давалі дзецям пры першай сустрэчы. Самае галоўнае — яны прайшлі курс аздараўлення. Дамаўляліся з дарослымі папрацаваць з дзецьмі ў плане псіхалагічнай дапамогі. З кожным дзіцем спецыялісты займаліся індывідуальна. Важна, што хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі станоўчыя эмоцыі, змаглі перазагрузіцца і акунуцца ў звычайную, мірную атмасферу. Мне здаецца, у нас гэта атрымалася», — рэзюмаваў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.