Вы тут

Ірына Даўгала: Задача партый — не змагацца з дзяржавай, а канкурыраваць паміж сабой


Меркаванне дэпутата па выніках нарады ў Прэзідэнта і выязнога пасяджэння Цэнтрвыбаркама ў Магілёве 

Зусім няшмат часу застаецца да старту адной з галоўных палітычных кампаній — адзінага дня галасавання, які адбудзецца 25 лютага 2024 года. У апошнюю нядзелю зімы будуць абраны дэпутаты ўсіх узроўняў: Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29 склікання. 

Як заўважае член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Ірына Даўгала, Цэнтральнай выбарчай камісіяй нашай краіны прыняты ключавыя рашэнні па пытаннях арганізацыйнага характару. «Не магу не звярнуць увагу на тэму, якая разглядалася на выязным пасяджэнні ЦВК у Магілёве — павышэнне прававой культуры грамадзян, — дадае дэпутат. — Гэта важнае пытанне, але не менш важна і разумець, што кожны грамадзянін не можа ведаць усе законы. Ды і не трэба гэта. Аднак веданне і разуменне ключавых законаў, а найперш Канстытуцыі, проста неабходна».

Пры гэтым парламентарый падкрэслівае, што абавязак кожнага грамадзяніна — удзельнічаць у выбарах. «Хто, калі не мы, будзе вырашаць, як жыць і развівацца нашай краіне, — нашай, а не іншай, — тлумачыць сваю пазіцыю Ірына Даўгала. — Мне пашчасціла ўдзельнічаць у гэтым пасяджэнні, выступіць і падзяліцца сваім меркаваннем аб важнасці актывізацыі электаральнай актыўнасці нашай моладзі. Любая дзяржава, якая шануе сваіх грамадзян, клапоціцца аб сваім развіцці, будзе зацікаўлена ва ўдзеле моладзі ў выбарах. Існуе крылаты выраз «Моладзь — наша будучыня». І з гэтым не паспрачаешся. Але не трэба забываць, што моладзь — гэта і наша сучаснасць. У зале было шмат маладых людзей, якія імкнуцца быць у рэчышчы канструктыўных і стваральных навацый нашай краіны».

Па меркаванні члена Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, пасяджэнне ЦВК у Магілёве стала літаральна гістарычным, паколькі быў створаны першы ў гісторыі нашай краіны Маладзёжны савет пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. «Тут важна разумець, што не толькі мы, дарослыя, а і самі маладыя людзі тлумачаць сваім жа аднагодкам, наколькі важны кожны голас, як важна ўдзельнічаць у выбарах. Працуе прынцып «роўны навучае роўнага», — удакладняе Ірына Даўгала. — Яшчэ трэба разумець, што ніхто не прыйдзе да нас і не зробіць нашу Беларусь лепшай і не будзе берагчы тое, што ў нас ёсць. Ніхто, апроч нас. Нездарма ёсць сцвярджэнне: каб дайсці да мэты, трэба найперш ісці».

Дэпутат звяртае ўвагу на тое, што напярэдадні любой электаральнай кампаніі заўсёды актывізуюцца палітычныя сілы любой дзяржавы. «Асаблівае месца ў электаральнай кампаніі, якая мае адбыцца, будуць займаць палітычныя партыі. Завершана работа па іх перарэгістрацыі. І сёння дакладна, зразумела, што ў палітычную барацьбу на маючых адбыцца выбарах уступіць чатыры партыі: Камуністычная партыя, ЛДПБ, Партыя працы і справядлівасці і самая маладая партыя — «Белая Русь, — адзначае яна. – Выдатна, калі партыі разумеюць і падтрымліваюць дзяржаўны курс, імкнуцца захаваць канстытуцыйны парадак і садзейнічаць развіццю».

Як падкрэслівае парламентарый Ірына Даўгала, задача партый — не змагацца з дзяржавай, а канкурыраваць паміж сабой на ўзроўні праектаў. «Важна, каб праекты былі канструктыўнымі і дзейснымі, — лічыць Ірына Даўгала. — Акрамя таго, гэта і вылучэнне сваіх кандыдатаў, і такім чынам, прасоўванне ідэй канкрэтнай партыі. Галоўнае — ісці разам у адным напрамку: развіваць сваю краіну, працаваць з людзьмі і для людзей».

 Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.