Вы тут

У «Звяздзе» прайшоў круглы стол, прысвечаны юбілею «Песні пра зубра»


«Гэтую ж песню, — далёкае водгулле пушчаў —

Слухай душой, мой чытач, і, як плод недаспелы

З дзічкі, сарві і смакуй, калі маеш цікавасць

Штосьці даведацца з нашых лясоў, і з прыроды

Нашага краю, і з нораваў рэдкага звера...»

Пяцьсот гадоў таму быў надрукаваны знакавы літаратурны і гістарычны помнік — «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, твор, які і сёння актуальны. Але і цяпер паэма ўтрымлівае шмат загадак. Таму, калі ў рэдакцыю звярнуўся малады гісторык, кіраўнік Цэнтра даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны з прапановай правесці сумесны круглы стол, прысвечаны юбілею твора, мы пагадзіліся — ва ўпэўненасці, што нашым чытачам гэта будзе цікава. Тым болей форум сабраўся аўтарытэтны. У размове ў канферэнц-зале «Звязды» прынялі ўдзел дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Кароткі, загадчык аддзела гісторыі Беларусі ІX—XVІІІ стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Доўнар, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кіраўнік Цэнтра даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Горны, дырэктар ЦНБ НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Станіслаў Юрэцкі, і ў якасці мадэратара ад «Звязды» рэдактар аддзела культуры пісьменніца Людміла Рублеўская.


Пра Вітаўта, зуброў і дзяржаўнасць

Л. Рублеўская: Сёння ў канферэнц-зале «Звязды» вельмі аўтарытэтнае кола даследчыкаў, і я разумею, што кожны з вас можа гадзінамі разважаць нават над тым, дзе нарадзіўся Мікола Гусоўскі, як ён выглядаў, бо на гэты конт існуе шмат тэорый... Напрыклад, што ён нарадзіўся не ля Камянца, а на Гомельшчыне ці Валожыншчыне, дзе ёсць рэчка Уса. Ці ёсць тут праўда? І ці ягоны партрэт знайшла даследчыца Жана Некрашэвіч-Кароткая? Але давайце пачнем з таго, чаму мы сёння, у дваццаць першым стагоддзі, у незалежнай Беларусі, гаворым пра паэму, напісаную на лацінскай мове пяцьсот гадоў таму. Чым яна важная для нас сённяшніх?

І. Саверчанка: Творчая спадчына Міколы Гусоўскага фенаменальная і неверагодна актуальна і сёння. У сваёй геніяльнай паэме Гусоўскі выказаў вялікія ідэі, якія не страцілі, і, верагодна, ніколі не страцяць значэння. Найперш гэта ідэя гуманізму. У звароце да Дзевы Марыі, якімі заканчваецца паэма, гэтыя ўніверсальныя гуманістычныя матывы набываюць касмічнае гучанне. Аўтар просіць Маці Божую абараніць род чалавечы ад варожасці, ад войнаў, не дапусціць, каб прыпынілася стваральная праца чалавека. Каштоўнасць асобы — вялікая ідэя, якая і ў наш час неверагодна актуалізавана. Яшчэ адно: у гэтым творы дакладна абазначылася ідэя патрыятызму, шанавання радзімы, тое, што заўсёды існавала інстынктыўна. Любоў да роднага краю, адданасць радзіме праходзіць праз увесь твор Гусоўскага. Галоўны герой, князь Вітаўт, ахвяруе ўсім, ахвяруе сабой, баронячы радзіму. Другі аспект гэтай ідэі ўвасобіўся ў апісанні роднага краю: яго велічы, яго прыгажосці, непаўторнай чысціні. Асабліва люблю гэтыя радкі: «Край наш багаты. Але з усіх наяўных багаццяў Люд перавагу аддаў скарбам, прынамсі, лясным. Шаты зялёных дуброў так і вабяць утульным спакоем... Ды не за гэта адно любіць свой лес гаспадар». Гуманізм, заклік да міру, да стваральнай працы... І што нас яшчэ прываблівае — выключнае літаратурнае майстэрства. А яшчэ для мяне і для ўсіх нас, творчасць Міколы Гусоўскага — сімвал прыналежнасці Беларусі, беларусаў да еўрапейскай культуры. Ёсць і тэма шанавання іншых культур: Беларусь фармавалася ж як сінтэз заходняй і ўсходняй традыцый. Таму нас цікавіць і гісторыя стварэння паэмы «Песня пра зубра», і яе вобразы, і асоба аўтара.

А. Горны: Звярнем увагу на некалькі вобразаў гэтай паэмы. Безумоўна, найперш гэта вобраз моцнага палітычнага лідара, Вітаўта, як сімвал дзяржаўнай моцы. Вобраз моцнага ўладара ў гэтай паэме прадстаўлены вельмі выразна. І другі вобраз — гэта вобраз аб’яднання. Аб’яднання супраць іншаземнай пагрозы перад нейкімі выпрабаваннямі, выклікамі. Заклік да кансалідацыі грамадства.

У. Кароткі: Загадак шмат. Напрыклад, гэты твор прысвечаны каралеве Боне. І якраз у 1522-м годзе, напярэдадні выдання паэмы, князь рагачоўскі Фёдар Іаанавіч падарыў свае землі, у тым ліку тыя, дзе рэкі Уса, Уза, з якімі звязваецца паходжанне прозвішча «Гусоўскі», Жыгімонту Старому, а ён — сваёй жонцы каралеве Боне. Вось у празаічным прысвячэнні каралеве Боне, а таксама ў звароце да яе сакратара Гусоўскі і гаворыць пра тое, што ён таксама робіць падарунак каралеве. Па-другое, загадка — прысутнасць у паэме Вітаўта. Здавалася б, паэма павінна ўслаўляць іншы род, той, які пры ўладзе... Але не забываем важны момант: у Вялікім княстве Літоўскім было два вялікія князі, Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавічы, якія стрымлівалі паўнаўладдзе магнатаў. А вось Жыгімонт І падтрымліваў магнацкую свабоду, у той час як Вітаўт — прыклад стварэння моцнай монадзяржавы. Яшчэ загадка — прозвішча. Гусоўскі падпісваўся «Нікалай Усовій», але ў мяне ёсць узоры самых розных ягоных подпісаў. Вось партрэт з першага выдання «Песні», які Жана Некрашэвіч-Кароткая палічыла гіпатэтычным партрэтам Гусоўскага. Можам спрачацца, ён ці не ён, але, на маю думку, беларусы часам павінны прымаць свае міфы, і хай іншыя дакажуць, што гэта не так. Слова «termіnus», якое прысутнічае на пастаменце з выявай Гусоўскага, ёсць на аналагічных кніжных выявах, дзе адлюстраваны, напрыклад, Эразм Ратэрдамскі. Цікавасць да паэмы актуалізавалася ў розныя эпохі, асабліва ў 1970-х гадах. Тады ўзнялося фінансаванне нацыянальных праектаў, у тым ліку даследвання «Песні пра зубра». Паэма была выдадзеная, перакладчыка Язэпа Семяжона ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй... Большасць вучоных, якія займаліся творчасцю лацінамоўных паэтаў — гэта выхадцы з таго часу. Важна пачуць яшчэ адзін пасыл Гусоўскага: дзяржава будзе квітнець тады, калі ў ёй будуць падтрымлівацца гуманітарныя навукі. У гэтым таксама актуальнасць твора.

Уладзімір Кароткі

Пра пераспевы і пераклады

У. Кароткі: Я б хацеў сёння бачыць поўны збор твораў Мікалая Гусоўскага. Працэнтаў на дзевяноста ўсе творы перакладзеныя, зараз перакладаецца толькі «Песня пра Святога Гіяцынта».

І. Саверчанка: Калі ласка, мы выдадзім у Акадэміі навук. Мы заснавалі новую серыю «Спадчына Беларусі», магчыма, Міколу Гусоўскага і выдадзім у ёй першым.

С. Юрэцкі: Актуальнасць творчасці Гусоўскага пацвярджаецца і запытамі чытачоў нашай бібліятэкі. Самае папулярнае выданне — выдавецтва «Мастацкая літаратура», пераклад Язэпа Семяжона. У нас захоўваецца асобнік з дароўным надпісам перакладчыка. Паэма выходзіла даволі значнымі накладамі: пяць, дзесяць, пятнаццаць тысяч. Выданне выдатнага ўзроўню — той жа пераклад Семяжона ў 1974 годзе з адметнымі ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча.

У. Кароткі: Дарэчы, гэтым выданнем апекаваліся Віктар Дарашкевіч і Кандрат Крапіва. Крапіва ўсё тармасіў Язэпа Семяжона наконт перакладу.

С. Юрэцкі: Мы з Аляксандрам Горным — прадстаўнікі маладых вучоных, таму і ведаем, што цікавасць да нацыянальнай культуры сярод моладзі дастаткова ўстойлівая. І яна пачынаецца са школы, з урокаў па гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. Асабліва ўплываюць на выхаванне патрыятызму тыя асобы са школьнай праграмы, якія даюць прыклад любові да радзімы. І Гусоўскі — якраз такая постаць. Дзякуючы ўвазе навукоўцаў, выкладчыкаў ён трывала ўвайшоў у навучальную праграму па літаратуры і вядомы большасці беларусаў. Тое, што мы зараз абмяркоўваем яго, вельмі важна. У асяродку маладых вучоных, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў нарадзілася ідэя супольнага даследвання Міколы Гусоўскага ў кантэксце гістарычных падзей яго часу.

Станіслаў Юрэцкі

І. Саверчанка: Вельмі слушная ідэя.

С. Юрэцкі: Бо хоць літаратурныя выданні Міколы Гусоўскага, іх змест, значэнне для культуры Беларусі вельмі каштоўныя, але таксама важна ведаць гістарычныя ўмовы, у якіх ён гэтую паэму напісаў. Гэта пачатак XVІ стагоддзя, станаўленне беларускай культуры. Хацелася б выдаць такое даследванне разам з тэкстам «Песні пра зубра». У моладзі сапраўды ёсць попыт на такія творы, якія паказваюць і нацыянальную культуру, і тое, што мы, беларусы, ад старажытнасці — народ высокай культуры, што ў нашай гісторыі ёсць шмат інтэлектуалаў, якімі мы павінны ганарыцца.

А. Горны: Спадчына Гусоўскага — пацверджанне, што мы з’яўляемся часткай сусветнага культурнага дыскурса.

У. Кароткі: Трэба толькі, каб працавалі спецыялісты. Бо сярод перакладаў паэмы шмат адаптацый, пераспеваў і мала непасрэдна перакладаў. У нас ёсць выбар: ці мы хочам, каб гэта было для масавага чытача, але гэта будзе пераспеў (як прыклад — «Песня пра зубра» у перакладзе Семяжона), ці зрабіць дакладны навуковы пераклад, але ён можа менш зацікавіць чытача.

Беларускае паляванне і рымская карыда

А. Доўнар: Хачу сказаць пра кантэкст стварэння паэмы, а менавіта пра зуброў на тагачаснай Беларусі. Чаму такая назва твора? Таму што гэта быў своеасаблівы рэкламны ход. Бо ўжо для XVІ стагоддзя зубр — жывёла, якая амаль знікла. І яна сімвал прэзентацыі Вялікага Княства Літоўскага. Вядомы факт: калі зубранят з Белавежскай пушчы ў XVІ стагоддзі вазілі дэманстраваць у Варшаву, а пасля ў Вену. Зубр жыў тады ў Белавежскай пушчы, яшчэ ў Гарадзенскай, больш нідзе. І ў той час яго расцэньвалі як сімвал моцы і незалежнасці, бо зубры не паддаюцца ні дрэсіроўцы, ні нейкаму кіраванню.

Аляксандр Доўнар

Л. Рублеўская: Заснавальнік Гарадзенскай медыцынскай акадэміі Жан Жылібер жа дрэсіраваў — за ім па вуліцах Гародні хадзіла зубрыха, якую ён прыручыў, і ела сена з ягонага капелюша.

У. Кароткі: Дык гэта ж зубрыха, а не зубр!

А. Доўнар: Гусоўскі асэнсоўвае зубра і пушчу як тое, чым можна ганарыцца. Я хацеў бы прывесці цытату з дакумента 1616 года, дзе пушча называецца гонарам і аздобай усёй краіны перад другімі народамі. Гэтая ж думка гучыць і ў «Песні пра зубра». І сама тая «Песня» як літаратурны твор з’яўляецца нашым гонарам і аздобай перад іншымі народамі. Дарэчы, Вітаўт далучыўся да захавання запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Яшчэ ў 1409 годзе была створана сістэма аховы зубра. У часы Міколы Гусоўскага існавала Камянецкае стараства. Калі ў 1518 годзе Богуша Багавіцінавіча прызначылі на пасаду камянецкага старасты, яму была пастаўленая ўмова, што ён павінен ахоўваць звера, то-бок зубра, старасту дазвалялася паляваць у тых месцах, дзе водзяцца зверы, але толькі не на зуброў. Традыцыя аховы зуброў у нас шматвекавая. І я думаю, назва паэмы Міколы Гусоўскага прыцягвае і цяпер, як прыцягвала ў XVІ стагоддзі.

У. Кароткі: Зубр для нас — маркіраваная тэма. Гусоўскі прысутнічаў у Рыме на карыдзе. Але гэта абсалютна іншы занятак, чым паляванне, якое ён апісвае ў паэме. І яны супрацьпастаўляюцца. На карыдзе забіваюць быка, але гэта хатняя жывёла. Гэта проста забойства. Зубр — зусім іншая істота. Гусоўскі невыпадкова прыводзіць у паэме сцэну, падобную да карыды, як адмоўную. Паляванне, так званае, караля Аляксандра: тытулаваныя паляўнічыя ўзняліся на памост і хацелі паназіраць за паляваннем. Што зрабіў зубр? Ледзь не збіў памост з усімі прысутнымі, у тым ліку каралеўскімі асобамі. Дзеянне паэмы адбываецца ў часы праўлення Сулеймана Вялікага, калі ім захопленыя і Буда, і Пешт, і Вена, і ўжо да Рыму падбіраецца Хайрэдзін-паша Барбароса. Гусоўскаму трэба было паказаць, хто сапраўды можа абараніць Еўропу: ці тыя, што змагаюцца з быком на карыдзе, ці тыя, якія вядуць рыцарскія баі з такой магутнай, разумнай, незалежнай жывёлаю, як зубр.

Пра рамантычны міф і права на памяць

Л. Рублеўская: Як літаратар і прыхільнік рамантычнага беларускага міфа, не магу не адзначыць, наколькі важны для патрыятычнага выхавання вобраз, створаны Гусоўскім, і сам вобраз Гусоўскага такі ўражальны для моладзі, для дзяцей. Няхай далёка не кожны прачытае паэму цалкам — запомніцца вобраз, брэнд, тое, чым можна ганарыцца. Паглядзіце, у кожнай мастацкай вучэльні, у Акадэміі мастацтваў з году ў год маладыя мастакі ахвотна бяруць тэмай сваіх прац «Песню пра зубра»! Мы гаварылі пра поўны збор твораў Гусоўскага, навуковы пераклад — і гэта выдатна. Але варта падумаць і пра адаптацыю для дзяцей, для школьнікаў. Такое самае багата ілюстраванае выданне, але адаптаванае, дзе будзе шмат запамінальных цытатаў.

І. Саверчанка: Пераклад Семяжона запамінаецца добра.

Іван Саверчанка

А. Горны: Калі ў 1980-м быў юбілей — 500-годдзе Гусоўскага, у БССР адзначылі гэта вельмі годна. Быў створаны кананічны на сённяшні дзень партрэт Гусоўскага. Ніхто не ведае, як паэт выглядаў, але ён быў намаляваны ў прафесарскай шапачцы, падобны да Эразма Ратэрдамскага, хударлявы... Маляваў Гусоўскага не толькі Яўген Кулік, але і Уладзімір Басалыга, і Уладзімір Васюк, які рабіў постэры, і Мікола Купава. І ў прынцыпе вобраз Гусоўскага, які сфармаваўся ў БССР, дасюль і застаўся. У 1980-м была названая ў Мінску вуліца ў Мінску ў гонар Міколы Гусоўскага. Эдуардам Перагудам зняты фільм «Песня пра зубра», а ў 1982-м годзе Алегам Белавусавым створаны мультфільм. Аляксей Дудараў зрабіў адаптацыю паэмы для сцэны. У Купалаўскім тэатры, у Тэатры юнага гледача прайшлі спектаклі, у Брэсцкім лялечным тэатры, Гродзенскім... А вось з 1990-х, пачатку нулявых тэма Гусоўскага неяк, як мне падаецца, заглухла, не ведаю, чаму. Толькі помнік Гусоўскаму з’явіўся ў дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Л. Рублеўская: Можа, таму, што ў дзевяностых з’явілася шмат іншых уражлівых постацяў з гісторыі Беларусі мінулых стагоддзяў, пра якія раней не згадвалі, а тады пачалі папулярызаваць?

А. Горны: Галоўнае, паспелі давесці, што Мікола Гусоўскі — вельмі важная частка менавіта беларускага дыскурсу. У 1985-м годзе на гэта была рэакцыя знакамітага польскага гісторыка Ежы Ахманскага, які напісаў артыкул, што Гусоўскі — гэта ўсё-ткі частка польскай культуры. Такі вось адказ на шырокае святкаванне юбілея Гусоўскага ў Беларусі.

У. Кароткі: Гэта вечны працэс. Спрабуюць давесці, што Гусоўскі нарадзіўся дзесь у Польшчы. Ніяк не хочуць прызнаць, што на нашай тэрыторыі. Зрэшты, а за Гамера ў свеце колькі змагаюцца, за Авідыя... Дык і беларусы гіпатэтычна могуць паставіць Авідыю помнік на гары Авід непадалёк ад Пінска, там, дзе было Мора Герадота, заявіць, што Авідый там пахаваны. І хай дакажуць, што гэта не так! Вось вам беларускі рамантычны міф…

Пра Рэнесанс, гекзаметры і талерантнасць

Л. Рублеўская: Постаць Міколы Гусоўскага важная яшчэ і як доказ, што быў Рэнесанс і на Беларусі. Што прынесла нашай культуры гэта эпоха?

І. Саверчанка: Беларускі этнас пачаў фармавацца ў ІX—XІV стагоддзі, і ў гэты час наша мова (мы называем яе старабеларускай) набыла функцыі агульнадзяржаўнай. Расійскі акадэмік Валянцін Сядоў наогул лічыць, што працэс фармавання народнасцяў, у прыватнасці беларусаў, пачаўся ў VІ стагоддзі. У XV стагоддзі мы бачым на Беларусі такія выдатныя творы, як «Пахвала Вітаўту», «Хроніка грамадзянскай вайны», «Аповесць пра Падольскую зямлю». Многія дзяржаўныя дакументы напісаныя на старабеларускай мове. А ў эпоху Рэнесансу ідэя неабходнасці развіцця літаратурнай мовы на грунце народнай была артыкулявана. Менавіта Скарына першым сказаў: «Я перакладаю святое пісьмо на тую мову, з якой мяне літасцівы Бог на свет пусціў». Гэта стала эстэтычнай філасофіяй. Канешне, лацінская культура таксама была ў той час, класічная лаціна не выключала, а дапаўняла нацыянальную літаратурную мову. Заходні навуковы свет увесь працаваў на лацінскай мове. Пасля Скарыны шмат твораў пішуцца на старабеларускай. Напрыклад, у XVІ стагоддзі — пасольскія дзённікі. Стафан Збаражскі напісаў унікальны дзённік паслоў ВКЛ у Маскоўскае княства. Такія дакументы неабвержна даказваюць, што ў нас была дзяржава. Яшчэ адно набыццё для нашай культуры ў эпоху Рэнесансу — з’яўленне кніжнай паэзіі. Гэта ўжо сімвал пачатку фарміравання нацыі, высокай эстэтыкі. Панегірыкі на княскія гербы — Андрэй Рымша тут пачынальнік. Скарына некалькі паэтычных твораў напісаў менавіта на старабеларускай мове. Мамоніч, Мялецій Сматрыцкі... Нарадзіўся цікавы жанр літаратурных паэтычных ляментаў... Я налічыў дванаццаць розных паэтычных форм таго часу на старабеларускай мове. Нарадзілася наша інтэлектуальная публіцыстыка, я напісаў пра гэта доктарскую дысертацыю. Выключная з’ява! Адзнака, што ў Беларусі ўжо тады сфармавалася высокая талерантнасць, павага да іншых поглядаў, іншых культур: інтэлектуалы не заклікалі знішчаць апанентаў, а дыскутавалі на старонках сваіх друкаваных твораў.

У. Кароткі: Толькі не слухалі адзін аднаго!

І. Саверчанка: Ну, хіба што часам ужывалі рэзкую лексіку…

У. Кароткі: «Прасмярдзеўшэму аслу нашаму Мягменцію Смярдзіцкаму».…

І. Саверчанка: Але ж не даходзілі да рэлігійных войнаў! І пакінулі нам сотні выдатных палемічных моваў на старой беларускай мове. З’ява павучальная і для сённяшняга грамадства. Традыцыя беларускай талерантнасці закладзеная нашым Рэнесансам.

У. Кароткі: У адрозненне ад польскай і рускай літаратур у нас суіснуюць паралельна і культурная эпоха, і рэлігійная. У эпоху Рэнесансу на змену царкоўна-арыентальнаму стылю прыходзіць лаціна-каталіцкае асветніцтва. Частка інтэлектуалаў піша на старабеларускай мове, а частка — на лацінскай. Але адразу высокая ступень версіфікацыі і кірылічнай, і лацінамоўнай традыцыі. Гекзаметр, элегічны верш, алкеева страфа, сафічны верш... Гэта ўсё — у нашай культуры. Я супраць тэрміну скрыжаванне культур, гэта паралельнае развіццё. І я супраць вызначэння, што Скарына пачынальнік беларускай паэзіі. Для мяне ягоныя творы — гэта найперш антыфоны. У нас працягвалася антычная традыцыя ў паэтыцы, таму што магнатэрыя, якая заказвала такія творы, лічыла сябе нашчадкамі рымлян.

А. Горны: Дазволю сабе не пагадзіцца. Нельга казаць, што такія з’явы ішлі паралельна. Элементы сінтэзу не маглі не быць. У тых жа беларускіх касцёлах мы бачым усходнія элементы іканапісу, у праваслаўных цэрквах — элементы заходняй архітэктуры. Мы можам казаць пра сімбіёз.

У. Кароткі: Мы можам весці навуковыя спрэчкі, але ёсць і побытавае ўспрыняцце праблемы. Лацініца, кірыліца... І ў ХІХ стагоддзі беларуская шляхта лічыла ганаровым ведаць і нават размаўляць на лацінскай мове.

А. Доўнар: Думаю, феномен Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага зрабіўся магчымым не толькі дзякуючы іх прыроднаму таленту, але і дзякуючы таму, што ў часы Рэнесансу на нашых землях развівалася адукацыя. А яшчэ таму, што ў нашым грамадстве заўсёды існавала ідэя роўнасці. Шляхта патрабавала роўнасці сярод шляхецкага саслоўя, мяшчане — роўнасці сярод мяшчан, для сялян было важным быць роўнымі сярод сялян. У мяшчан гэта вылілася ў імкненне да самакіравання, якое стала развівацца ў XV—XVІ стагоддзі ў нашых гарадах. Калі ў 1506 годзе Камянец, гіпатэтычная радзіма Гусоўскага, атрымаў Магдэбургскае права, то меў магчымасць нават выбіраць сабе войта. Зразумела, гэта ўплывала і на адукацыю, і на культуру.

У. Кароткі: Каб штосьці адраджаць, трэба, каб штосьці перад гэтым было... Перад самакіраваннем, пра якое вы кажаце, існавала веча. Вяртанне гэтага працэсу было заканамерна, бо ён быў характэрны для нашых гарадоў.

І. Саверчанка: Адметная рыса беларускай эпохі Рэнесансу, у якой маглі нарадзіцца Мікола Гусоўскі і Францыск Скарына, — развіццё прававой культуры, законнасці. Скарына шмат разважае пра права і яго вытокі, Гусоўскі таксама. Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 года — наша высокая прававая культура, нідзе ў свеце такога ўзроўню не было. Гэта таксама наш Рэнесанс, народжаны імкненнем нашага народа да законнасці. Вялікі ўклад беларусаў у сусветную гісторыю права.

Пра муралы, шыльды і помнікі

Л. Рублеўская: Якое ж месца займае сёння «Песня пра зубра» і постаць Міколы Гусоўскага ў нашай гістарычнай памяці, у свядомасці беларусаў?

І. Саверчанка: Гусоўскі ў нас ушанаваны, але ёсць магчымасць далей пашыраць і прапагандаваць яго спадчыну. Варта падтрымаць і прапанову маладых вучоных падрыхтаваць кнігу, дзе будуць змешчаны навуковыя даследванні і сам твор. Калі робіць моладзь — гэта будзе цікава для моладзі. Цікавая і ідэя адаптаванага выдання для дзетак, але гэта павінны здзейсніць літаратары. Ну і акадэмічны поўны збор твораў трэба рыхтаваць.

А. Горны: Вельмі важна, каб Мікола Гусоўскі заставаўся ў школьнай праграме. І ў праграме па гісторыі, і ў праграме па літаратуры. Я вывучаю механізмы палітыкі памяці, і хачу сказаць, што абавязкова патрэбна месца памяці. Яно ўтвараецца, калі чалавека ўшаноўваюць у самых розных праявах — у назвах вуліц, у назвах устаноў... Трэба пашыраць імя Гусоўскага ў нашай тапаніміцы, бо пакуль ёсць адзіная вуліца Гусоўскага, у Мінску.

Аляксандр Горны

Л. Рублеўская: Калі надаецца вуліцы ці ўстанове нейкае імя, неабходна інфармацыйнае суправаджэнне. Я памятаю, як называлі вуліцу імем Гусоўскага (мы жылі побач), і раптам у аўтобусе замест прыпынку «Маладзёжная», да якога звыклі, кіроўца кажа — «Наступны прыпынак Гусоўскага». Людзі вельмі доўга абураліся, таму што не ведалі, хто такі Гусоўскі, назва ім падавалася немілагучнай. І ўпарта працягвалі называць вуліцу Маладзёжнай. Толькі праз колькі год там з’явіўся адпаведны барэльеф з выявай Гусоўскага і тлумачэннем, хто ён такі, праўда, барэльеф не самы заўважны.

А. Горны: Сёння інфармацыйную падтрымку забяспечыць лёгка, і «Песню пра зубра» ведаюць. У гарадах будуецца столькі новых кварталаў, можна знайсці месца для назвы. Мурал зрабіць…

А. Доўгі: Арганізаваць мерапрыемствы ў Белавежскай пушчы: фестывалі, спаборніцтвы, тэатралізаваныя дзеі, думаю, кіраўніцтва там падтрымае.

У. Кароткі: Камень паставіць з радкамі Гусоўскага: «Рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму пераплываў я з канём у пагоні за зверам», — з указаннем на месца, дзе гэта было. Толькі, на маю думку, не ў Валожынскім раёне, паколькі адтуль да Дняпра, Усы і Сожа амаль чатырыста кіламетраў.

А. Горны: Мы павінны постаць Гусоўскага мемарыялізоўваць, ушаноўваць. Без гэтага любая постаць забываецца.

І. Саверчанка: А яшчэ рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць працаваць з лацінскамоўнай спадчынай беларускай літаратуры. Так што чакаем новых аспірантаў.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: «Пачатак пачаткаў сэнсу жыцця і пачуцця святога — радзіма»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.