Вы тут

6 лютага споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова


«Каб нават я забіты лёг

На дно сырой магілы,

Скарыцца б і тады не змог,

Свае не склаў бы крылы...»

Так сцвярджаў Аркадзь Куляшоў у вершы, напісаным у пераможным 1945 годзе. Паэту давялося, як і ўсяму яго пакаленню, прайсці праз цяжкія выпрабаванні — пакідаць пад бомбамі родны край, змагацца за яго вызваленне... Гэта сімвалічна, што ў адзін год мы адзначаем два знакавыя святы: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і 110-годдзе паэта-франтавіка Аркадзя Куляшова. Таму гаворка падчас арганізаванага «Звяздой» круглага стала-апытанкі ішла пра дзве гэтыя падзеі. У дыскусіі прымалі ўдзел доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Яўген Гарадніцкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ Міхась Кенька, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца Тэрэза Голуб, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі, загадчык Літаратурнага музея імя Аркадзя Куляшова Саматэвіцкай СШ Наталля Лабынцава.


Якое месца ў творчасці Аркадзя Куляшова займае тэма Вялікай Айчыннай вайны?

Я. Гарадніцкі: Для Куляшова ваенны перыяд творчасці быў, несумненна, адным з найважнейшых. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ім напісаны творы, якія сталі хрэстаматыйнымі. Уласна кажучы, менавіта з гэтага часу, ад гэтых твораў пачынаецца Куляшоў — класік беларускай паэзіі. Усё, што было ім тады асабіста перажыта і асэнсавана, шмат у чым прадвызначыла танальнасць яго твораў не толькі ваеннага, але і пазнейшага часу, маштабнасць і сімволіку вобразаў, глыбіню паэтычнага мыслення.

М. Кенька: Аркадзь Куляшоў адгукнуўся яшчэ і на падзеі Першай сусветнай вайны — у паэме «Крыўда», напісанай у 1930 годзе. Паэт адчуваў небяспеку парушэння мірнага жыцця, прадчуванне новай вайны адбілася ў вершах 30-х гадоў, паэме «Хлопцы апошняй вайны» (1940), дзе былі і такія радкі: «... вайна ў дзверы грукоча / з Захаду сцягамі чужымі калыша»... А ў вершы «Бацька» ён нават, можна сказаць, прадказаў час пачатку вайны:

«Калі вайна 

мой мірны край агорне,

Ці ў месяц май, 

ці ў месяц лістапад»...

Яна ж і пачалася паміж

гэтымі двума месяцамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Куляшоў у франтавой газеце «Знамя Советов» пісаў на рускай мове, многія з вершаў таго часу былі аператыўным водгукам на франтавыя падзеі, але сярод іх былі і выдатныя ўзоры паэзіі, такія як «Віцебская махорка», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет». Тэма вайны неаднаразова гучала ў творах Куляшова і надалей. Паэт быў заклапочаны тым, што над светам навісла пагроза новай страшнай вайны — ядзернай, якая можа прывесці да гібелі цывілізацыі.

Т. Голуб: Страшную вестку пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Аляксандравіч пачуў у Хоцімску, калі знаходзіўся ў бацькоў. У гэты ж дзень, 22 чэрвеня 1941 года, ён як сапраўдны грамадзянін і патрыёт сваёй Радзімы адправіўся на пошукі ваенкамата. Аднак ваенкамата на месцы ранейшага знаходжання ў Мінску не застаў, паколькі той быў спешна эвакуіраваны. Не сустрэўся ён з жонкай і дзецьмі, пра месца знаходжання якіх доўгі час не ведаў. «Нямецкай бамбёжкаю гнанаму» Аркадзю Аляксандравічу прыйшлося пакінуць палаючы Мінск. Ён пешшу прайшоў шлях ад Мінска да Оршы і толькі ў Калініне на пачатку ліпеня здолеў стаць на вайсковы ўлік. Тут атрымаў накіраванне ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, а затым — у армейскую газету «Знамя Советов» 11-й дзеючай арміі Паўночна-Заходняга фронту, дзе быў залічаны пісьменнікам газеты ў званні капітана.

Тэрэза Голуб

Напісаныя Куляшовым вершы для газеты былі аператыўным водгукам на франтавыя падзеі. Куляшоў казаў, што тыя вершы дарагія яму «не столькі тым, што з’яўлялася першай старонкай армейскай біяграфіі, колькі тым, што ў ёй называюцца салдаты векапомнай вайны, чые справы да гэтага часу трывожаць памяць».

Г. Кісліцына: Вялікая Айчынная вайна займае месца ў сэрцы кожнага беларуса, і паэты тут не выключэнне. Іншая справа, што Куляшоў, як чалавек філасофскага і аналітычнага складу розуму, стаў пісаць пра вайну яшчэ да вайны! Гэта неверагодна, але яго перадваенныя творы «У зялёнай дубраве», «Хлопцы апошняй вайны», верш «Ранак» напісаныя так, што хочацца спраўдзіць дату іх стварэння. Напрыклад, у «Ранку» чытаем: «Выходжу я ў разведку — // Рашучы заўтра бой. // Ты, ранак, // Будзь за сведку, // Услед ідзі за мной». Гэта тым больш неверагодна, бо сам ён пра сябе напісаў так: «Я з маленства іду шляхам // Жыцця, а не вайны».

А. Лапата-Загорскі: Кожны, хто вайну прайшоў, асуджаныя на тое, каб вяртацца да яе ў думках зноў і зноў. Паэт відавочна выказаў усё, што палічыў магчымым і неабходным. Сваё бачанне падзей вачыма выгнанніка з роднай зямлі, карэспандэнта ён перадаў, узнаўленне «акопнай праўды» палічыў сумленным даверыць тым, хто нагамі ў абмотках змераў дарогі крывавых атак і адступленняў.

Н. Лабынцава: Куляшоў сам быў удзельнікам ваенных падзей, працаваў ваенным карэспандэнтам, а праца армейскага карэспандэнта патрабавала аператыўнасці. Для атрымання такой інфармацыі патрэбна было быць у самай гушчыні франтавых падзей; ведаць, чым жывуць воіны, які дух пануе сярод іх. Аркадзь Куляшоў добрасумленна выконваў свой абавязак, а па начах пісаў, працаваў над паэмай і вершамі. Многія з тых яго твораў сталі класікай.

Які твор вы назвалі б вяршынным творам ваеннай лірыкі Аркадзя Куляшова? Чаму?

Я. Гарадніцкі: Гэта, безумоўна, паэма «Сцяг брыгады». Твор эпічны ў сваёй сюжэтнай аснове, але ў ім вялікую сілу эмацыйнага ўздзеяння маюць лірычныя фрагменты, непасрэдныя выяўленні пачуццяў аднаго з герояў, ад імя якога вядзецца аповед. Пранікнёныя маналогі героя пры вымушаным развітанні з родным Мінскам, на які абрынваюцца бомбы з нямецкіх самалётаў, належаць не толькі герою паэмы. Аўтар разам з героем яшчэ раз перажывае ўласныя пачуцці горычы і гневу, узнаўляе свае адчуванні ў той час, калі пакідаў родны горад, Нова-Маскоўскую вуліцу, на якой жыў шчаслівым мірным жыццём.

Яўген Гарадніцкі

М. Кенька: Я б назваў паэму «Сцяг брыгады». Яна атрымала шырокую вядомасць, друкавалася на рускай і беларускай мовах, вылучалася сярод многіх твораў пра вайну сваёй асаблівай інтанацыяй, непадробнай шчырасцю, знітаванасцю з лёсамі людзей таго часу. Вось як адгукнуўся на паэму народны пісьменнік Міхась Лынькоў неўзабаве пасля яе першай публікацыі: «...паэтычныя вобразы паэмы, яе выключная эмацыянальнасць, шчырасць, праўдзівасць, эмацыянальная перадача ўсёй трагічнай і высакароднай атмасферы тых дзён — усё гэта выводзіць паэму за рамкі ўзятай тэмы, робіць яе найпрыгажэйшым помнікам эпохі, які не страціць ні сваёй актуальнасці, ні сваёй велізарнай паэтычнай абаяльнасці».

Т. Голуб: Вяршынным творам ваеннай лірыкі, як справядліва лічаць даследчыкі (і я згодна з іх меркаваннем), з’яўляецца паэма «Сцяг брыгады», напісаная напрыканцы 1942 года. «Упэўнены, калі б не знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, — сказаў у інтэрв’ю на Усесаюзнай нарадзе пісьменнікаў і крытыкаў у 1975 годзе Аркадзь Аляксандравіч, — не бачыў франтавога жыцця [...], то „Сцяг брыгады“ не быў бы напісаны. Памыляецца той, хто лічыць, што паэмы піша паэт. Іх піша жыццё. Мастак — толькі чулая скрыпка, якая адгукаецца на падзеі, а смычком па струнах водзіць усе ж такі бачанае, перажытае, выпакутаванае». Што датычыцца прататыпаў вобразаў, то ў інтэрв’ю 1977 года Куляшоў сказаў наступнае: «Усе вобразы ў асноўным абагульненыя, але павінен сказаць, што, напрыклад, да вобраза камісара Заруднага мяне ўнутрана падрыхтавала знаёмства з рэальным чалавекам, членам Ваеннага Савета арміі Іванам Васільевічам Зуевым, які потым загінуў...»

А. Лапата-Загорскі: «Балада пра чатырох заложнікаў», у многім гэта суб’ектыўная ацэнка, прадвызначаная дзяцінствам. Справа ў тым, што яшчэ да школы пачаў ці не на ўсё лета заязджаць у вёску, пад бабулін нагляд — а там выбар літаратуры быў вельмі абмежаваны. Сярод нешматлікіх томікаў — і кніга пра Міная Шмырова, прачытана яна была, натуральна, не раз і не два. І ў хлапчуковай інтэрпрэтацыі кожны раз заставалася нявысветленым стрыжнявое пытанне: «А подзвіг, подзвіг дзе?» Каардынатная шкала стала на месца толькі пасля прачытання балады Аркадзя Куляшова.

Г. Кісліцына: Мне здаецца, што гэта «Сцяг брыгады». Тут супала шмат рэчаў. Па-першае, біяграфізм. Ніякая фантазія, ніякае мастацкае ўяўленне не заменіць рэальны чалавечы вопыт. Па-другое, гэта дасканаласць паэтычнага радка. Ранні Куляшоў даволі шмат эксперыментаваў, але «Сцяг брыгады» — твор класічны ва ўсіх адносінах, у тым ліку і па гучанні. Вайна — тэма для філасофскага асэнсавання, а па глыбіні мала хто з беларускіх літаратараў пераўзышоў Куляшова. Дарэчы, на мой погляд, яго роля ў беларускай літаратуры недаацэненая. Магчыма, гэта звязана з тым, што шчымлівыя інтанацыі з яго твораў ваеннай пары з часам зніклі, а з’явілася шмат прахадных, «газетных».

Ганна Кісліцына

Н. Лабынцава: Вяршынным творам ваеннай лірыкі Аркадзя Куляшова з’яўляецца паэма «Сцяг брыгады», якая была напісаная ўсяго за сорак дзён (памерам за 2000 радкоў). Роспачныя адчуванні першых дзён вайны з вялікай сілай і майстэрствам увасоблены ў пачатковых частках паэмы. Развітанне галоўнага героя твора з хатнімі рэчамі, з цацкамі дзяцей — усё гэта было перажыта і ўбачана самім аўтарам. Пісьменнік падкрэсліваў надзвычайную складанасць пачатковага перыяду вайны. У эмацыянальным і мастацкім ладзе паэмы актыўна дзейнічаюць разнастайныя элементы ад народнай гутаркі і выслоўяў да ўзнёслай публіцыстыкі, ад традыцыйных фальклорных прапаноў да прамых апісанняў падзей.

Тэму Вялікай Айчыннай вайны Куляшоў раскрываў і ў баладным жанры. Чым адметныя яго балады?

Я. Гарадніцкі: Найглыбей выявіць трагедыйную сутнасць часу ва ўмовах ваеннага ліхалецця, зацятага і смяротнага змагання з ворагам Куляшову ўдалося якраз у баладным жанры. Гэты жанр у найбольшай ступені адпавядаў памкненням паэта знайсці такую мову мастацкага выказвання, якая змагла б перадаць увесь боль чалавека, які страчвае самае для яго дарагое, і, разам з тым, узвысіць да трагедыйных вышынь ягоную мужнасць і трываласць. Паэтыка народнай балады з яе сімволікай і алегарызмам як найлепей паслужыла гэтым мэтам. Не можа не ўражваць, напрыклад, незвычайнай сілай суперажывання балада «Маці», у падзагалоўку якой Куляшоў якраз адзначае яе генетычную сувязь з народнай паэзіяй.

А. Лапата-Загорскі: Балады Куляшова адметныя строгім захаваннем дыстанцыі карэктнай праўдзівасці. Не здолеў пераўвасобіцца, прапусціць праз уласны боль — лепш не пішы. Куляшоў здолеў.

Аляксандр Лапата-Загорскі

М. Кенька: Цыкл балад, напісаных у часы работы ў газеце «Знамя Советов», узняўся над канкрэтнай адрасаванасцю яе чытачам, не застаўся данінай часу. Балады «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Балада аб чатырох заложніках», «Маці», «Млынар», «Балада аб знойдзенай падкове» — гэта высокія ўзоры грамадзянскай лірыкі, яны кранаюць і сёння. У іх не было казённай рыторыкі, штучнага пафасу, а была душэўная праўда, сардэчны боль за пакуты народа.

Н. Лабынцава: Балада «Маці» мае тую асаблівасць, што яна створана пры дапамозе казачнага сюжэта. Як немагчыма прарасці зярнятам на камені, так і маці немагчыма дачакацца свайго сына, які загінуў. Мацярынскае гора настолькі вялікае, што ёй лягчэй ператварыцца ў камень. У аснову балады «Аб чатырох заложніках» пакладзена рэальная падзея: дзеці сталі заложнікамі фашыстаў, якім падабаліся такія эксперыменты дзеля расчалавечвання людзей. Так, у баладах рознымі шляхамі Куляшоў высвятляе трагедыю вайны, яе антычалавечую сутнасць, несумяшчальнасць з жыццём.

Т. Голуб: Вогненныя маланкі вайны, што ўспыхвалі ў незабыўнай памяці пісьменніка-франтавіка, выклікалі востры душэўны боль, трывогу за чалавецтва, сусвет — і ён зноў і зноў браўся за пяро, пашыраючы абсягі свайго эпічнага светабачання, напоўненага глыбокімі сацыяльна-філасофскімі развагамі.

Г. Кісліцына: Балады — наогул вельмі беларускі жанр, таму пра яго шмат пішуць айчынныя літаратуразнаўцы. Не буду тут арыгінальнай, калі нагадаю, што баладам Куляшова прыналежныя пэўны суровы стыль, трагічная афарбоўка, паўторы, характэрныя для фальклору, і лірычныя адступленні, якія часта ўжываюцца і ў паэмах.

Як акалічнасці біяграфіі Аркадзя Куляшова адлюстраваныя ў яго творах?

Я. Гарадніцкі: Найбольш відавочны прыклад — верш «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая...», шырока вядомы дзякуючы «Песнярам». Унікальным выпадкам спалучэння аўтарам свайго асабістага жыцця, дарагіх сэрцу ўспамінаў з маштабным аповедам пра час з’яўляецца паэма «Далёка да акіяна». У гэтым сэнсе яе варта паставіць у адзін шэраг з Коласавай «Новай зямлёй».

М. Кенька: Можна сказаць, што ўся біяграфія Аркадзя Куляшова адбілася ў яго вершах. Асабліва ў першых зборніках. Але і пазней Аркадзь Куляшоў пісаў пра сябе, выказваў свае адносіны да падзей у свеце, разважаў пра тое, што яго хвалявала. Паэма «Далёка да акіяна» ўвогуле аўтабіяграфічная. У яго вершах неаднаразова праяўлялася чалавечае «я» лірычнага героя, яно знітоўвалася з агульначалавечым, узнімалася да абагульненняў.

Міхась Кенька

Т. Голуб: Адным з вершаў Куляшова, які напоўнены аўтабіяграфічным лірызмам высокага пачуцця першага юначага кахання паэта, з’яўляецца верш «Бывай...» (1928). Рэальная асоба, якой быў адрасаваны лірычны аповед, пазней стане прататыпам гераіні Алесі ў аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна» (1972).

Гэта жыццёвая і творчая гісторыя бярэ свой пачатак у далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя, калі Аркадзь Куляшоў адзін жыў у бацькоўскім доме. На кватэру да сябе хлопчык напусціў дзяцей, што жылі далёка ад школы, стварыўшы тым самым "Камуну«— «восем і адна» (восем хлопчыкаў і адна дзяўчынка). Гэтай дзяўчынкай — Князёўнай (нарадзілася ў вёсцы Князі) — што так глыбока закранула тонкія струны чуйнай душы мастака, — якраз і была Карыткіна (Белазорава) Аляксандра Васільеўна.

Прычынай для напісання верша стала тое, што Алеся Карыткіна пасля заканчэння Саматэвіцкай школы паехала вучыцца ў Ленінград. Растанне з любай дзяўчынай, як піша ў сваёй кнізе дачка паэта Валянціна Куляшова, узрушыла яго «так глыбока, што ён прысвяціў гэтай падзеі цэлую паэму, якую прачытаў толькі сястры і на яе ж вачах спаліў». У лісце да Л. Хрышчановіч, напісаным у маі 1985 года, Аляксандра Васільеўна (Алеся Карыткіна) з вышыні пражытых гадоў выказала свой погляд на праблему «Алесі»: «Я Вам обещала написать о своём впечатлении от статьи В. Кулешовой „Алеся“. Я удивилась, что написано „так много“ и не очень дружелюбно по отношению к Алесе. Видимо, она была яблоком раздора в семье, хотя сама этого и не желала, и не подозревала... А на вопрос „Зачем Алеся? Почему Алеся?“ — я ответила бы стихами поэта:

„Спакойнага шчасця

Не зычу нікому:

Навошта грымотам

Маланка без грому...

Зязюля без лесу

І лес без зязюлі?“

Скучно и пресно было бы в стихах поэта без Алеси как в весеннем лесу без зязюли. Не случайно в письме от 11-VІІ-71 г. он писал: „Ты как бы незримо всегда была рядом, а я писал не только для всех, но и для тебя лично“».

Г. Кісліцына: Калі гаварыць пра біяграфічныя моманты ў творчасці Куляшова ваеннай пары, то варта зазначыць, што нават у такім спецыфічным жанры, як ваенны фельетон, ён умудрагельваўся пісаць пра сваё і пра сваіх! Узяць тыя ж вершаваныя аповеды на рускай мове — «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров»... Па прызнанні самога Куляшова, герой іх быў выдуманы, але шмат хто з персанажаў быў пазнавальны для тых, хто іх ведаў, бо напісаныя яны былі з натуры, з нагоды падзей, якія аўтар мог назіраць сам.

А. Лапата-Загорскі: Акцэнтуюся на тым, што лічу важным і не надта прагавораным літаратуразнаўцамі: захапленне шахматамі. Эмацыянальная і адначасова пралічаная на хады наперад выбудова куляшоўскіх твораў шмат у чым сугучная стыхіі шахматных партый, каб упэўніцца ў гэтым — перачытайце набокаўскую «Абарону Лужына», а потым паэмы Куляшова.

Н. Лабынцава: У паэме «Далёка да акіяна» паэт успамінае сваё дзяцінства, бацькоў. Услед за бацькам і маці ў творы з’яўляюцца школьныя сябры — восем хлопцаў і адна дзяўчына, Алеся, светлы і ўзвышаны вобраз якой паэт панясе па жыцці і ўвасобіць у многіх творах. На новым вітку жыцця паказаны старажытны Мсціслаў, педтэхнікум, у якім вучацца апантаныя шукальнікі мастацкага слова. 

Наталля Лабынцава

У час летніх вакацый на цэлых два тыдні сябры-«амсціслаўцы» сталі гасцямі радзіннага дома Аркадзя Куляшова. Гісторыя ўзаемаадносін Аркадзя і Алесі прасочана ад дзяцінства да сталасці. Як і ўсё ў жыцці, каханне не вечнае — такую горкую ісціну нечакана для сябе адкрыў лірычны герой. Вайна змяніла аблічча Алесі, якая натхняла паэта,"вартаю стаяла каля яго ў самыя цяжкія хвіліны«. Акрамя жывых істот і людзей героем паэмы з’яўляецца «край Магілёўскі» — малая радзіма паэта.

Наколькі ўдалося Аркадзю Куляшову выказаць праўду пра сваё пакаленне, наколькі ён быў тыповым яго прадстаўніком?

Я. Гарадніцкі: Духоўную знітаванасць са сваім пакаленнем, якое ўступала ў жыццё ў адметны гістарычны час, адзначаны пафасам пабудовы новага грамадства, Куляшоў адчуваў з першых крокаў у паэзіі. Прасякнуты гэтым энтузіязмам і рамантычнай памкнёнасцю да дабра і справядлівасці, ён выказваў надзеі і спадзяванні сваіх равеснікаў, «хлопцаў апошняй вайны». З цягам часу калектывісцкае светаўспрыманне ў пэўнай меры саступала месца індывідуальнай рэфлексіі, адчуванню адказнасці за ўсё, што чыніцца ў свеце, за чалавека наогул як прадстаўніка цывілізацыі. Аднак і ў пазнейшы перыяд творчасці паэт не забываўся пра сяброў, з якімі падзяляў памкненні і летуценні юнацтва. У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў ім створаны пранізлівы ў сваёй журботнасці і ўдзячнай памяці пра сяброў-паэтаў рэквіем — цыкл вершаў «Маналог», прысвечаны без пары загінулым Змітраку Астапенку і Юлію Таўбіну.

М. Кенька: Думаю, што праўду пра сваё пакаленне Аркадзь Куляшоў сказаў. Не ўсю адразу, не заўсёды непасрэдна ў сувязі з часам. І яму даводзілася ісці на кампрамісы, аддаваць даніну таму рытуальнаму, што ішло ад афіцыйнага, прадыктаванага знешнімі ўмовамі. Паэт не ёсць тыповы прадстаўнік, яго вылучае талент. У гэтым сэнсе Куляшоў вылучаўся з тыповых прадстаўнікоў свайго пакалення, але ён быў выразнікам яго думак.

Т. Голуб: Уся паэма «Далёка да акіяна» пабудавана на аўтабіяграфічным матэрыяле. Тут і апісанне хаты, дзе праходзіла дзяцінства паэта (раздзел «Хата»), і сяброўства з паэтамі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам (раздзелы «Гарадок», «Парыж і Версаль», «Бяда»; верш «Маналог»), і пабудова школы ў Саматэвічах і г. д.

Г. Кісліцына: Тое, што паэт імкнуўся быць менавіта тыповым прадстаўніком свайго пакалення, асабіста ў мяне не выклікае сумневу. Іначай нашто яму было пісаць у «Размове з патомкам» наступныя радкі: «Час наш імклівы, // а песня таксама не зломак, // Каб, мазалі панацёршы, // плясціся ў хвасце. // Даў я ёй боты// і лыжку запхнуў за халяву, // Каб ні на крок не пасмела // ад часу адстаць».

А. Лапата-Загорскі: Безумоўна ўдалося. А вось пра тыповасць... Хутчэй, гэта ўжо адказ на наступнае пытанне.

Н. Лабынцава: Аркадзю Куляшову, аўтару «Юнацкага свету», удалося стварыць завершаны вобраз маладога чалавека эпохі сацыялізму. Чалавек, які рэагуе на ўсе праявы жыцця ўсёй паўнатой свайго існавання, чаканнем дабра і гатоўнасці яго рабіць, памяццю і надзеяй, радасцю і смуткам кахання, нялёгкім роздумам пра незваротлівасць часоў перажытых і шчырай прыхільнасцю да наступных часоў.

Ці можна казаць пра творчасць Аркадзя Куляшова як пра ўніверсальную, каштоўную па-за часам і прасторай частку агульначалавечай спадчыны? Што робіць яе такой ці, наадварот, прывязвае да кантэксту пэўнай эпохі?

М. Кенька: Універсальнай, па-за часам і прасторай, творчасці не бывае. Чытач павінен ведаць біяграфію аўтара, усведамляць, калі, у сувязі з чым напісаны той ці іншы твор, разумець, чым ён выкліканы. Трэба ведаць і пра ўмовы, у якіх даводзілася працаваць пісьменніку. Творцы савецкага часу не маглі не аддаваць даніну афіцыёзу, ішлі на пэўныя ўступкі. Але і ў складаных умовах яны ўзнімаліся да высокіх творчых вяршынь. Паэзія Аркадзя Куляшова таму сведчанне.

Я. Гарадніцкі: Паэтычны талент у Куляшове абудзіўся вельмі рана, яшчэ ў падлеткавым узросце. Аднак мастацкі дар, якім ён быў надзелены ад прыроды, не быў чымсьці аднойчы і назаўсёды зададзеным і нязменным. Было б недарэчы ўяўляць паэтычны шлях Куляшова толькі прамым і магістральным, але пэўная заканамернасць і паступальнасць у яго станаўленні як паэта выяўляюцца выразна. У апошнія дзесяцігоддзі жыцця паэта ў ягоных творах узрастае цяга да філасофскага асэнсавання быцця, з’яўляюцца маштабныя сімвалічныя вобразы, праз якія перадаецца адчуванне еднасці ўніверсуму, узаемаспалучанасці ўсіх ягоных праяў. Адзін з такіх глабальных вобразаў-сімвалаў — гэта акіян як змясцілішча ўсяго існага, які, аднак, можа атаясамлівацца і з нябытам. Гэты вобраз часта сустракаецца ў шаснаццацірадкоўях паэта, становіцца месцам дзеяння ў паэме «Цунамі», вызначае канцэптуальную скіраванасць паэмы «Далёка да акіяна». З «крыніц маленства», вытокаў юнацтва жыццё чалавека імкнецца да акіяна, каб зліцца разам з іншымі. І ў агульначалавечае тым самым прыўносіцца тое, што паўстае як адметнае, індывідуальна-непаўторнае, прыналежнае свайму часу.

Т. Голуб: Аркадзь Куляшоў — пісьменнік-гуманіст планетарнага мыслення. Пачынаючы свой творчы шлях з асэнсавання часам самых імгненных жыццёвых момантаў, Куляшоў дасягнуў якасна новага ўзроўню мастацкага ўвасаблення глабальных агульначалавечых праблем. Тэмы захавання міру, акружаючага асяроддзя і ўсёй планеты, узнятыя Куляшовым, не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі. Яны, можна сказаць, апярэдзілі час. Сёння, калі ў розных месцах зямнога шара бушуюць знішчальныя пажары жудаснай вайны, творы Куляшова гучаць з новай сілай уздзеяння. Жыць і працаваць «дзеля шчасця і міру на Зямлі» нязменнае крэда Кляшова-творцы і грамадзяніна, сапраўднага патрыёта сваёй радзімы. Паэт-франтавік быў цвёрда перакананы, што выратаваць планету і «самае каштоўнае для чалавецтва — жыццё, можна толькі сумеснымі намаганнямі», і гэтую думку ён на поўны голас выказаў у паэме «Цунамі» (1968).

Г. Кісліцына: Для мяне любімай — яшчэ са студэнцкай пары — стала «Новая кніга» (1964), дзе аўтарская думка падымаецца над Зямлёй, і выяўляе аўтара найперш думаннікам, чалавекам высокага палёту ў станоўчым сэнсе гэтага слова. Напісаная яна быццам бы з канкрэтнай нагоды — пакарэння чалавекам космасу, але відавочна, што касмізм — гэта яшчэ і ад характару, ад светаадчування, ад разумення таго, што варта імкнуцца ўвысь, пераадольваць сябе, свой лёс, свае пакуты, узрост і, недзе, свой уласны паэтычны стыль: «Палае горан мой у соснах, // Куецца ў ім дарожны дух // Для горных круч, для хваль высозных, // Для самых грозных завірух».

А. Лапата-Загорскі: У літаратуры рэдка, але сустракаюцца творцы, у якіх геніяльная адоранасць арганічна паяднаная з тым нежаданнем, нават няўменнем працаваць па-рамесніцку, калі пад асваенне матэрыялу кожны раз выдаткоўваецца практычна адзін і той набор абкатаных прыёмаў і навыкаў. Рабіць так, як яны ўжо навучыліся і ўмеюць, падобныя пісьменнікі не захочуць, не стануць. Фактычна тут перадумова няспыннага пошуку, якая, нагадаем, спалучана з геніяльнай здольнасцю не памыляцца, знаходзіць менавіта перспектыўныя вырашэнні.

Калі азіраешся на творчасць тых паэтаў з вялікай часавай адлегласці, лёгка заўважаеш: у сваіх апошніх творах яны акрэслілі штрыхпункцір, да вузлавых пікаў якога літаратары пазнейшых пакаленняў франтальна пачнуць выходзіць праз 30, 40, 80, 100 гадоў... 

У беларускай літаратуры пад аналагічны псіхатып без агаворак падыходзяць хіба што Купала і Куляшоў. Так, у многім падобныя постаці сустрэнуцца з немінучасцю досыць прахалоднага стаўлення да іх пошукаў сучаснікамі (усе разам чытачы, крытыкі, калегі проста не змогуць паспяваць за шырокай хадою генія) — але праз гэта, праз адрыў ад свайго пакалення, выпрацоўваеццца каардынатная шкала, на якую варта аглядацца нам, наступнікам. У многіх позніх творах Куляшова прыхаваны прароцтвы, да расчытання якіх мы яшчэ толькі падступаемся. Больш таго, маем абавязак іх разгадваць і дэшыфроўваць. Куляшоў, незадаволены ацэнкай крытыкай яго паэмы «Цунамі», нястомна перарабляў тэкст, узмацняў і ўзмацняў акцэнты, якія выводзяць на менавіта правідчыя аспекты твора — і падобныя падказкі ёсць у многіх і многіх вершах. Упэўнены: Аркадзь Куляшоў можа загучаць звышактуальна і нават злабадзённа, трэба толькі ўважліва пераасэнсаваць яго тэксты.

Н. Лабынцава: Творы Куляшова прайшлі выпрабаванне не толькі сваім часам, але і тымі дзесяцігоддзямі, што мінулі пасля смерці паэта. Яны не страцілі актуальнасці для новых пакаленняў чытачоў, людзей XXІ стагоддзя, пра якіх думаў, якіх прадбачыў. Паэт змог нават прадбачыць у сваіх вершах чарнобыльскую трагедыю — яго родная вёска апынулася ў зоне адчужэння. Будучыня паэту бачылася ўвасабленнем чалавечнасці і справядлівасці, бо ў ёй заявяць пра сябе толькі добрыя справы.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.