Вы тут

Выстаўка «Postscriptum XXXIII» працавала ў Мінску


Да 5 лістапада ў выставачнай прасторы ZAL #2 Палаца мастацтва працавала выстаўка пераможцаў сёлетняга «Асенняга салона з Белгазпрамбанкам» пад назвай «Postscriptum XXXIII». Сам маштабны праект радаваў мінчан цэлы месяц, а напрыканцы кастрычніка арганізатары ўрачыста адкрылі экспазі­цыю найлепшых маладых мастакоў і павіншавалі іх з перамогай. Так, сёння прадстаўлены творы 35 мастакоў, за якіх наведвальнікі «Асенняга салона» галасавалі найбольш актыўна. Куратарам завяршальнай выстаўкі выступае Кацярына Янкоўская.


Bikimaksi «Minsk view #62», 2022 г.

Традыцыйна сярод намінацый, у якіх спаборнічалі аўтары, — жывапіс, графіка, скульптура, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, інсталяцыя і фатаграфія. Між тым ёсць некалькі спецыяльных намінацый, дзе найлепшых выбіраюць журы і партнёры «Асенняга салона». Так, спецыяльны прыз журы атрымала мастачка Наталля Галавашчанка — работы яна прадстаўляе пад псеўданімам Inshiya. На выстаўцы «Postscriptum XXXIII» дэманструецца палатно «Уцёкі са сну» (2023) — постмадэрнісцкае выказванне на тэму сноў ды іх магчымасцей перадаваць паведамленні несвядомага. Здавалася б, ідэі, закладзеныя ў падобныя творы, не патрабуюць асаблівых намаганняў з боку аўтара, маўляў, многім сняцца дзівосныя сны, якім па сілах уразіць, напалохаць ці парадаваць; варта толькі здолець перадаць сюжэты ці намёк на іх на палатне. Але ж, мабыць, не столькі задумы, колькі іх ажыццяўленне, мастацкія вартасці твораў Inshiya прымусілі журы вылучыць мастачку сярод мноства вядомых аўтараў і пачаткоўцаў. «Уцёкі са сну» нават вынеслі на афішу «Postscriptum XXXIII».

Спецыяльную ўзнагароду ад анлайнгіпермаркета 21vek.by атрымала мастачка Kate Shi (Кацярына Кірыловіч), вядомая па творах, у якіх уздымаюцца праблемы экалогіі. На выстаўцы пераможцаў прадстаўлена канцэптуальная работа «90-10» (2023): лініі па перыметры палатна займаюць 10 %, і такім чынам аўтар падкрэслівае, што менавіта такі працэнт ад папуляцыі акул з 1950 года сёння. Kate Shi прапануе гледачу перагледзець меркаванне аб іх, паглыбіцца ў тэму. Між тым галоўнае, што хвалюе мастачку, — узаемадзеянне чалавека і прыроды, таму такім чынам яна быццам падказвае, што кожны можа зрабіць для таго, каб, напрыклад, папуляцыя акул не скарачалася. QR-код — для больш глыбокага вывучэння тэмы. Ініцыятыва, натуральна, пахвальная, але сумненні, што атрымае належную ўвагу грамадскасці, даволі шмат… Галоўная прычына — аддаленасць праблемы, незацікаўленасць большасці беларусаў у яе вырашэнні.

Вольга Шкаруба «Захад сонца», 2022 г.

Спецыяльны праз «Офистона» дастаўся Вользе Шкарубе, дачцэ жывапісца Валерыя Шкарубы. Прыхільніца рэалізму, яна працягвае некалі выбраны бацькам напрамак творчасці. Той жа «Захад сонца» 2022 года — сведчанне адметнага погляду на пейзаж. Апроч агульнага ў адлюстраванні сюжэтаў і кампазіцыйнай пабудове, у гэтых мастакоў асаблівыя адносіны да колеру: адсутнічае цуранне яркасці, але адначасова відавочная схільнасць да прыглушаных фарбаў. І ніякай гульні з гледачом — толькі ціхая шчырая размова.

Алеся Скарабагатая «Сунічнае лета», 2022 г.

У гэтую, заўважым, жаночую кампанію ўваходзіць уладальніца Гран-пры. Як заўсёды, без сюрпрызаў — ёю стала Алеся Скарабагатая. «Postscriptum XXXIII» прадстаўляе палатно «Сунічнае лета» (2022), якое неаднаразова экспанавалася падчас розных выставак і фестываляў. Насамрэч, з’ява ў айчынным мастацтве — колькі год «Асенні салон» заяўляе пра творчасць соцень маладых мастакоў, колькі часу, напрыклад, «Арт-Мінск» дэманструе найлепшае са зробленага творцамі розных пакаленняў… І якую колькасць напрамкаў выяўленчага мастацтва дэманструюць хаця б два гэтыя праекты! Хтосьці з аўтараў дзівіць адлюстраваннем прыгажосці навакольнага свету, нехта забаўляе, іншыя мэтанакіравана шакіруюць. Тым часам гледачы ўсё адно цягнуцца да амаль фатаграфічных карцін Алесі Скарабагатай, вылучаюць яе нацюрморты і партрэты, натхнёныя творчасцю еўрапейскіх жывапісцаў эпохі Адраджэння, сярод разнастайных работ. Здавалася б, звыклая да ўсялякіх эксперыментаў публіка выбірае класічнае мастацтва. Відавочна, «Сунічнае лета» адрозніваецца ад большасці работ на выстаўцы «Postscriptum XXXIII» найперш вытанчанасцю, асаблівым адчуваннем мастачкай свету і, адметна, адсутнасцю (ці патаемнасцю?) зместу. Глядач, напэўна, гатовы сузіраць і шукаць істотнае для сябе.

Між тым месцы ў асноўных намінацыях размеркаваліся наступным чынам. У катэгорыі «Жывапіс» найлепшымі, на думку наведвальнікаў «Асенняга салона», сталі Фёдар Бажын, Марыя Богдан, Вольга Шкаруба, Марта Шчэрбіч і Наталля Ліпская. Побач з намінацыяй «Графіка» сёлета ідуць імёны Ганны Кохан, Аляксея Жукава, Лізаветы Пастушэнкі, Алены Ляшко, Анастасіі Шведавай. Што тычыцца «Скульптуры», то гледачы палічылі найлепшымі творы Ільі Гічана, Яна Басалыгі, Аляксея Прановіча, Ірыны Рамбальскай і Кірыла Сікорскага. У катэгорыі «Інсталяцыя» перамаглі Анастасія Акулава, Эміль Равяк, Ірына Котава, Валерыя Раманава і Юлія Качур. Тым часам Вольга Анашкіна, Анастасія Чадзій, Мар’яна Карповіч, Юлія Цярэшка і Марыя Кручкова сталі найлепшымі аўтарамі ў намінацыі «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, арт-аб’ект». Найбольш цікавымі фатографамі публіка палічыла Анастасію Сегранёву і Анастасію Шакунову, Таццяну Яраш, Ксенію Лакотку, Вераніку Архіпаву і Bikimaksi (псеўданім Ільі Шагава).

Inshiya «Уцёкі са сну», 2023 г.

Натуральна, як бы ні хацелася пагадзіцца з публікай ці падыскутаваць з ёю, справа марная. Яна зрабіла свой выбар, аддала перавагу. Застаецца толькі мучыцца ў адказах на некаторыя пытанні. Напрыклад, чым апошнія гады аматара мастацтва так прывабліваюць няхітрыя творы Фёдара Бажына? На сёлетнім «Асеннім салоне» ён прадставіў работы ў плыні канцэптуалізму, якія мала чым адрозніваюцца ад зробленага ім раней, не здзіўляюць і не даюць падстаў для глыбокіх роздумаў. Хіба што здольны звярнуць на сябе ўвагу яго сюррэалістычныя сюжэты, адзін з якіх — «Філасофія зайца» (2018) — дэманструецца на выстаўцы «Postscriptum XXXIII». Зварот да не зусім тыповага для айчыннага мастацтва кірунку рызыкоўны, але шматабяцальны. Лічыцца, што сваё слова ў гэтай «размове» ўдалося сказаць Георгію Скрыпнічэнку, астатняе ж другараднае і іншым быць наўрад ці можа. Ад­нак, бачым, маладыя не баяцца непазбежнасці і імкнуцца выказацца.

Юлія Цярэшка «Дзве фігуры, якія сядзяць», 2023 г.

Многія аўтары, якія паўдзельнічалі ў «Асеннім салоне», пажадалі парадаваць, рассмяшыць. Некаторым гэта не проста ўдалося — за іх галасавала безліч гледачоў. Напрыклад, яны не абышлі ўвагай даволі сціплыя па памерах творы Веранікі Архіпавай. У экспазіцыю пераможцаў увайшлі дзве яе работы ў стылі поп-арт — «Пазітыўны няроўны шлюб» і «Пазітыўная амерыканская готыка», абедзве датуюцца 2023 годам. Мастачка, якая, так бы мовіць, упрыгожыла карціны майстроў жывапісу, пакінула для гледача наступны каментарый: «Гэта серыя навеяна навіной пачатку 2023 года. Тады наведвальнік Траццякоўкі паскардзіўся, што размешчаныя ў галерэі карціны, асабліва ХХ стагоддзя, наводзяць на яго “глыбокі песімізм, адчуванне пустаты і беспрасветнасці”. Я вырашыла выправіць сітуацыю і зрабіць вядомыя карціны больш вясёлымі, тым самым узняўшы пытанне для кожнага: “А ці павінна мастацтва несці толькі радасць, святло і пазітыў?”» Дзякуем за пытанне. І наконт весялосці, і смутку, і пошуку залатой сярэдзіны паміж імі паразважаем паасобку.

Kate Shi «90-10», 2023 г.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.