Вы тут

Адрасатамі дабрачыннай акцыі ў Гомелі сталі амаль 250 пенсіянераў


У Гомелі правялі акцыю «Час клопату». Упершыню маштабнае мерапрыемства для пажылых людзей і інвалідаў сумесна правялі Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа і цэнтральная гарадская паліклініка.


У фае Гомельскага гарадскога цэнтра культуры перакладчык мовы жэстаў дапамагае ўрачу-тэрапеўту весці незвычайны прыём. Прамы і зваротны жэставы пераклад для зносін доктара і чалавека, які звярнуўся, патрабуе часу. Побач з імправізаванай лакацыяй для прыёму чарга з пацыентаў з такой жа асаблівасцю. 

— Мы ўпершыню арганізавалі такую паслугу па бясплатнай кансультацыі ўрача для пенсіянераў з праблемамі слыху і гаворкі. Не чакалі, што столькі пажылых гамяльчан адгукнецца на нашу прапанову, — тлумачыць галоўная медыцынская сястра Гомельскай абласной арганізацыі БЧК Марына Кундас.

Тым часам у фае кансультатыўныя лакацыі Чырвоны Крыж уладкаваў для цэлага шэрагу профільных спецыялістаў. Арганізатары пастараліся размясціць урачоў такім чынам, каб пры размове ніхто адно аднаму не перашкаджаў. Уладкавалі тут і месца для правядзення ўльтрагукавой дыягностыкі шчытападобнай залозы. На пераносным абсталяванні праводзіць даследаванне і дае заключэнне ўрач, загадчык аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі Гомельскай гарадской клінічнай паліклінікі № 3 Людміла Коцур. Медпаслуга спецыяліста падчас акцыі стала адной з самых папулярных.

— Таксама правялі кансультацыі хірург, дэрматолаг, неўролаг, эндакрынолаг, анколаг. Пасля агляду ўрача агульнай практыкі ахвочыя змаглі прышчапіцца ад грыпу, — дадала Марына Кундас.

Нягледзячы на тое, што такі прыём урачы пачалі з 10 гадзін раніцы і вялі да трох гадзін дня, паток пенсіянераў, якія жадалі прайсці абследаванне, атрымаць кансультацыю, не спыняўся да самага канца.

— Вельмі хацела прайсці дэрматолага. Атрымала кансультацыю і накіраванне на далейшыя абследаванне. Я ўпершыню прыняла ўдзел у такой акцыі, і акрамя кансультацыі спецыялістаў пазнаёмілася больш і з працай самага Чырвонага Крыжа, — падзялілася ўражаннямі гамяльчанка Ганна Чапчур.

Гамяльчанка Антаніна Пугачова пасля выхаду на пенсію некалькі год таму стала валанцёрам Навабеліцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Жанчына заахвоціла прыняць удзел у акцыі сваіх сяброў і знаёмых. Валанцёры залатога ўзросту, дарэчы, падчас акцыі прадставілі сваю асобную лакацыю. На ёй можна было ацаніць вынікі работы творчай майстэрні, дзе пенсінеры шыюць, вяжуць, рамантуюць адзенне, робяць сувеніры.

— Такі кірунак дзейнасці як валанцёрства людзей залатога ўзросту ўвогуле ў апошнія гады карыстаецца вялікай папулярнасцю на Гомельшчыне. Напрыклад, толькі творчыя майстэрні нашых валанцёраў працуюць акрамя Гомеля ў Светлагорску і Жлобіне. Для ўдзелу ў акцыі «Час клопату» нашы актывісты прынеслі свае вырабы і арганізавалі дабрачынную латарэю. Сваім прыкладам валанцёры паказваюць прыклад актыўнага сталення, — зазначыла спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі БЧК Вольга Новікава. 

Увогуле арганізатары прадставілі для ўдзельнікаў акцыі самыя розныя сэрвісы. Акрамя кансультацый арганізавалі прафілактычную і дыягнастычную лакацыі. Госці атрымалі памяткі аб харчаванні, фізічнай актыўнасці, прафілактыцы хвароб, пазнаёміліся з паслугамі пункта здароўя.

— Усе жадаючыя змаглі паважыцца і па табліцы вызначыць свой індэкс масы цела, памераць ціск, сатурацыю. Вельмі папулярнай паслугай стаў апаратны масаж ног і спіны. Такім чынам мы яшчэ і прадставілі новае абсталяванне нашага пункта здароўя, які не так даўно адкрыўся ў Гомелі. Паслуга па апаратным масажы ў ім даступна для гамяльчан ва ўзросце ад 50 гадоў, людзям з інваліднасцю, але якія не маюць патрэбу ў надомным абслугоўванні, — патлумачыла супрацоўнік Навабеліцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Валянціна Леная. 

Спецыялісты Чырвонага Крыжа акрамя таго правялі майстар-класы па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

— У рамках рэспубліканскай дабрачыннай кампаніі «Ваша дапамога», якую праводзіць Чырвоны Крыж на працягу некалькіх месяцаў, мы ў Гомелі вырашылі арганізаваць акцыю «Час клопату», — распавяла спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі БЧК Вольга Новікава. — Ідэя ўпершыню далучыцца да акцыі спецыялістаў медыцынскіх устаноў стала вельмі актуальнай, улічваючы попыт на медпаслугі асабліва людзей пажылога ўзросту. У пенсіянераў, людзей з інваліднасцю з’явілася магчымасць пракансультавацца з урачамі і не чакаць талонаў і чэргаў у паліклініках.

Дарэчы, спецыялісты раённых арганізацый Беларускага Чырвонага Крыжа загадзя раздалі 200 флаераў з запрашэннямі на акцыю. Акрамя таго да пачатку акцыі людзі звязваліся па тэлефоне і цікавіліся, якім чынам можна трапіць на мерапрыемства. Многія адзначылі, што хацелі б бліжэй пазнаёміцца ў тым ліку з дзейнасцю грамадскай арганізацыі. У цэлым жа ўдзельнікамі акцыі «Час клопату» ў Гомелі сталі амаль 250 гамяльчан.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.