Вы тут

BTI-2023: куды накіроўваецца беларуская мода і пра што думаюць дызайнеры


З дызайнерамі зручней за ўсё размаўляць на тэматычных выставах і паказах, дзе яны прадстаўляюць свае ідэі ўжо ўвасобленымі ў жыццё, і дзе гэтыя ідэі кожны глядач можа ацаніць, ва ўяўленні прымерыць на сябе і скласці ўласнае меркаванне: «падабаецца — не падабаецца» і «набыў бы» — «не набыў бы». Ну, а штогадовая найбуйнейшая галіновая выстава BelTexIndustry — безумоўна, галоўная падзея восені як для спецыялістаў лёгкай прамысловасці Беларусі, так і для дызайнераў прадпрыемстваў легпрама (і ўвогуле ўсіх дызайнераў, што ствараюць адзенне, абутак, аксесуары). Арганізатары кожны год імкнуцца здзівіць навізной канцэпцый і шырынёй ідэй.


Чырвоную стужку на адкрыцці ВТІ-2023 пераразалі Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, першы намеснік Старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, першы намесник Старшыні Арэнбургскай вобласці Сяргей Балыкін, дырэктар «Нацыянальны выставачны цэнтр БелЭКСПА» Сяргей Баран

Гэтымі днямі, з 25 па 27 кастрычніка, Міжнародная выстава-кірмаш па аптовым продажы тавараў лёгкай прамысловасці BTI-2023 працуе ў Мінску ў 47 раз. Праграма, як звычайна, насычаная (модныя паказы, шоу, выступленні топ-спікераў і бізнес сустрэчы), геаграфія — шырокая (51 экспанент з нашай краіны, Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Узбекістана), а тэматыка ахоплівае абсалютна ўсе галіны лёгкай прамысловасці (ад жаночага, мужчынскага і дзіцячага адзення і абутку да тканін і нятканых матэрыялаў, бялізны і трыкатажу, гарсэтных вырабаў і купальнікаў, скуры і футра, фурнітуры, аксесуараў і г. д.). Словам, выстава цікавая як прафесіяналам у вобласці дызайну і прадстаўнікам гандлю, так і звычайным спажыўцам, якія сочаць за модай (і такіх наведвальнікаў у Футбольным манежы, дзе працуе BelTexIndustry, сёлета шмат, як, зрэшты, і штогод).

Пра тое, што могуць беларускія жанчыны

Адкрываючы BTI-2023, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна падкрэсліла: выстава дэманструе найноўшыя дасягненні лёгкай прамысловасці і крэатыўныя ідэі дызайнераў.

— Лёгкая прамысловасць у Беларусі развіваецца і з’яўляецца сферай творчых думак, — адзначыла кіраўнік канцэрна.

Таццяна Лугіна дадала, што перспектывы ў легпрама — велізарныя. Уласна кажучы, за беларускае адзенне, абутак, аксесуары ад вядучых брэндаў не сорамна ўжо сёння: дастаткова паглядзець паказы. А калі казаць мовай лічбаў, то прадукцыя «Беллегпрама» пастаўляецца амаль у 40 краін свету, і толькі за студзень-жнівень прадпрыемствы канцэрна нарасцілі экспарт на 7%.

— Тэмп росту экспарту тавараў лёгкай прамысловасці канцэрна склаў 107 працэнтаў па выніках студзеня-жніўня гэтага года. У тым ліку ў Расію — 124%, — распавяла намеснік старшыні «Беллегпрама» Наталля Мурашка.

У бліжэйшых планах «Беллегпрама» — адкрыць яшчэ сёлета два канцэпт-сторы «Да дому» ў Расіі, адзін з якіх — у Грозным.

Адкрыўся модны форум паказам «Беларускі — мы!»

Ну, а выстава адкрылася вельмі прыгожым, цёплым і мілым паказам «Беларускі — мы», арганізаваным канцэрнам «Беллегпрам» сумесна з Беларускім саюзам жанчын. У рамках паказу супрацоўніцы прадпрыемстваў канцэрна, звычайныя жанчыны самых розных узростаў, выйшлі на подыум, каб прадэманстраваць мадэлі з калекцый родных прадпрыемстваў («Світанак», «Купалінка», «Палессе», «Алеся, «Бабруйсктрыкатаж», «Камволь», «Белкрэда», «Цэнтр моды», «Славянка»). Ідэя «шыем для вас як для сябе» знайшла падтрымку і адабрэнне гледачоў. Паказ атрымаўся відовішчным і прафесійным, нягледзячы на тое, што на подыум выйшлі не прафесійныя мадэлі.

— Чаго яшчэ не можа беларуская жанчына? — заўважыла пасля яго завяршэння дырэктар тэлерадыёкампаніі «Мір» Вольга Шпілеўская. — Мы даказалі, што можам абсалютна ўсё!

«Беларускі не хочуць вылучацца»?

«Звязда» пагутарыла за кулісамі подыума з адным з самых вядомых і знакамітых беларускіх дызайнераў, кіраўніком дызайн-цэнтра ААТ «Камволь» Эльвірай Жвікавай аб тым, на што варта звярнуць увагу жанчынам, каб актуалізаваць свой гардэроб, а таксама аб тэндэнцыях у мужчынскай модзе(бо брэнд Lemongrass, які належыць ААТ «Камволь», стварае стыльныя і запатрабаваныя калекцыі для мужчын).

— На BTI-2023 мы прадстаўляем блок адзення street wear, на мой погляд, дастаткова дынамічны, і пры гэтым з дастаткова аскетычных тканін. Гэта штаны, стыльныя спадніцы, бомберы, камбінезоны. У гэтым паказе мужчынскае адзенне мы не дэманструем, але ў нашай калекцыі ёсць новыя прапановы і для мужчын. Гэта, напрыклад, кэжуальныя паліто ў колеры горкага шакаладу. Таксама для мужчын у нашай калекцыі — выдатная куртка-кашуля, якая вельмі добра працуе разам з вадалазкамі. Такія мадэлі да гэтага часу ў трэндзе. А ў цэлым, у нас у гэтым сезоне шмат радкоў, якія імітуюць ручны шывок; як і звычайна, ў нас ёсць патайныя «складанасці» ўнутранага дызайну, якія пры раскрыцці пінжака або кашулі выяўляюцца, дастаўляюць задавальненне ўладальніку гэтых рэчаў і забяспечваюць камфорт. Высокая якасць і ўвага не толькі знешняму, але і ўнутранаму дызайну (калі, напрыклад, прадугледжана дадатковая кішэня, куды можна пакласці мабільны тэлефон, калі прыгожа апрацаваны ўнутраныя швы) — у прынцыпе фішка гандлёвай маркі Lemongrass.

— А калі казаць аб модзе жаночай?..

— Мы прапануем калекцыю smart casual ў мяккай каляровай гаме — гэта, напрыклад, вельмі камфортныя запашныя жакеты без гузікаў пад пояс, якія дазваляюць адчуваць сябе ўтульна і ў офісе, і па-за ім. Гэтай восенню да нас вярнуліся модныя адценні шэрага — з базавых колераў шэрая гама стала адной з трэндавых. У падтрымку шэраму ідуць мяккія зялёныя адценні, аліўкавыя, іншыя спакойныя экалагічныя тоны. Але актуальныя ў халодным сезоне і «выбуховыя» колеры — каралеўскі сіні, вінныя тоны (у прыватнасці, колер вытрыманага чырвонага віна). У такой каляровай палітры мы прапануем нашым пакупніцам касцюмы бліжэй да навагодніх карпаратыўных вечарынак.

— Вернемся да мужчынскай моды: як сёння дызайнеры трансфармуюць ідэю класічнага касцюма?

— Мы перажылі пандэмію, усе вярнуліся на працоўныя месцы: значыць, вярнулася і запатрабаванасць дзелавога касцюма. Іншая справа, што мужчынскі касцюм у апошнія гады зведаў некаторыя змены ў кірунку кэжуальнасці, мяккасці, расслабленасці. Беларускія мужчыны крыху больш кансерватыўныя, па традыцыі аддаюць перавагу больш фармальным касцюмам з выразнай лініяй пляча. Тым не менш, мы працуем і над тым, каб стварыць новы канструктыў, прапанаваць нашым мужчынам сучасныя мадэлі з мякчэйшым плячом і меней фармалізаваным сілуэтам. Так, неўзабаве ў нашых калекцыях з’явяцца штаны на кулісцы з мяккімі складкамі па поясе. А ў цэлым, заўжды ёсць фармальная частка калекцыі і яе больш кэжуальная частка. Наша грамадства вельмі рознае па сваіх густах і модных перавагах, але працэнт мужчын, якія цікавяцца модай і не прапускаюць модныя навінкі, у нашай краіне значна вырас.

Адным з самых яркіх уражанняў першага дня выставы стала калекцыя, якую прапанаваў гледачам брэнд «Элема»

Паўнату карціны развіцця айчыннай моднай думкі дапоўнілі на выставе лакальныя, невялікія брэнды.

— Прыняла ўдзел у выставе BTI-2023, таму што мне вельмі спадабалася яе арганізацыя, — дзеліцца ўражаннямі дызайнер Алена Леванюк, аўтар брэнда біжутэрыі і аксесуараў Levona. — Захацелася акунуцца ў атмасферу гэтага маштабнага моднага мерапрыемства. Я працую ў стылі fashion, ствараю ўпрыгожванні з ланцужкоў (мабыць, я першай у Беларусі, яшчэ ў 2011 годзе, пачала працаваць з ланцугамі) і аўтарскія клатчы з пластыка.

— Наколькі дызайнерскія рэчы запатрабаваныя сёння ў нашай краіне?

— Дызайнерскія рэчы ў Беларусі запатрабаваныя, і з кожным днём усё больш. Вядома, такія рэчы каштуюць не танна — ды яны і не могуць быць таннымі. Але стэрэатып пра нейкія «спрошчаныя» вобразы нашых жанчын — маўляў, «беларускі не хочуць вылучацца, прыцягваць увагу» — даўно прыйшоў час пакінуць у мінулым: ён не адпавядае рэчаіснасці. Сучасныя беларускія жанчыны жадаюць і ўмеюць несці сябе па-іншаму.

Праграма ВТІ-23 насычаная бізнэс-мерапрыемствамі з абмеркаваннем актуальных тэм развіцця галіны лёгкай прамысловасці, у тым ліку на міжнародным узроўні

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.