Вы тут

97-гадовая працаўніца тылу з Казахстана Еўдакія Папова пра свой лёс і новую радзіму


«Калі б сабраць у адну ўсе плантацыі бульбы, якую Еўдакія Іванаўна вырасціла на казахскіх палях, мусіць, па плошчы гэта наблізілася б да ўсяго Камянецкага раёна, — разважае яе зяць. — А вырошчваць любую культуру тады было не тое, што цяпер. Толькі паліць за сезон бульбу належала восем разоў. І ўсё рабілі ўручную. Колькі работы перарабіла гэтая жанчына на палях і фермах, уявіць цяжка. Вунь цэлы вузельчык узнагарод у шуфлядзе»...


Сям’я франтавікоў

Нарадзілася наша гераіня ў 1926 годзе ў Джамбульскай вобласці. Яе бацькі — выхадцы з Украіны, бацька родам з Запарожскай вобласці, маці — з Чарнігаўскай. Ратаваліся ў Казахстане ад голаду. Сустрэліся і пажаніліся ўжо на казахскай зямлі. Нарадзілася ў іх пяцёра сыноў і дзве дачкі. Калі пачалася вайна, усе пяць братоў Еўдакіі і бацька пайшлі на фронт. Сястра была мабілізаваная ў Чымкент на свінцовы завод. Там рабілі снарады для арміі, працавалі па 12 гадзін у дзень. Тады над усім панаваў лозунг: «Усё для фронту, усё для Перамогі!». Дуся засталася дома пры маці, бо тая хварэла. Але ў 15 гадоў дзяўчынка ўжо стала працаўніцай калгаса.

Разам з аднагодкамі рабілі ўсё, што скажуць, даілі кароў і збівалі масла, працавалі на палях. Ніхто не даваў паблажкі на ўзрост. «У нас як было, — згадвае бабуля, — калі прамарудзіш альбо залянуешся, брыгадзір мог і дубцом перацягнуць. Таму ўсе працавалі, нібы тыя пчолкі». А па начах шылі, вязалі рукавіцы для франтавікоў.

З калгаса — у ваенны саўгас

Да канца вайны ў свае 19 гадоў яна ўжо была сталай, вопытнай калгасніцай. Яе зрабілі звеннявой паляводчага звяна, у склад якога ўваходзіла да трыццаці чалавек. На палях шчыравалі ад цямна да цямна. Бульба, буракі, морква патрабавалі шмат працы. Асабліва ёй запомніліся аграмадныя бульбяныя палеткі, якія трэба было праполваць і бясконца паліваць, бо сонца там паліла бязлітасна. Але ж маладыя стомы не адчувалі, бо прывычныя былі да работы з дзяцінства.

Пасля Перамогі сталі вяртацца франтавікі. Дзяўчаты пачалі выходзіць замуж. Вось і яе суджаны Мікалай, што дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу, павёў яе да шлюбу.

Разам працавалі ў калгасе, расцілі дзяцей. Калі ў 1959 годзе іх калгас пераўтварылі ў ваенны саўгас, работы стала не менш, але жыць пачалі прыкметна лепей, бо людзям плацілі зарплату. Раней, як і паўсюль, працавалі за палачкі-працадні ў журнале брыгадзіра, а цяпер атрымалі рэальныя грошы, сталі наладжваць дабрабыт.

Яна нават памятае прозвішча начальніка саўгаса — падпалкоўнік Хаменка. Не дзіва, што работа была выбудавана па-вайсковаму дакладна і арганізавана. Саўгас абслугоўваў харчовыя патрэбы Туркестанскай ваеннай акругі. Вырошчвалі, бульбу, усе асноўныя віды агародніны. У галіне жывёлагадоўлі функцыянавалі фермы свіней, авечак, буйной рагатай жывёлы — усе віды мяса пастаўлялі для арміі.

З саўгасам звязаная гісторыя яе працоўных узнагарод, ці, лепш сказаць, працяг гісторыі. Адразу пасля Перамогі Еўдакія была ўдастоена медаля за працу ў час вайны 1941–1945 гадоў, потым у калгасе яе адзначылі медалём «За асваенне цалінных земляў». У ваенным саўгасе яна атрымала медаль «За працоўную адзнаку», шэраг узнагарод ВДНГ, у тым ліку залаты медаль ВДНГ. Адным словам, заўсёды была працаўніцай пад нумарам адзін.

Жыццё ў Казахстане

Дачка Людміла Мікалаеўна, якая цяпер даглядае і клапоціцца пра матулю, расказвае, што ўсе яны ў савецкі час даволі добра былі ўладкаваныя ў Казахстане. Муж Людмілы працаваў на ўранавым рудніку. Там нарадзіліся і выраслі іх дзеці. Але ў канцы 80-х гадоў на іх радзіме станавілася неспакойна. Пасля сумна вядомых падзей у Фергане міжэтнічная напружанасць прыкметна ўзрасла. Канфлікты паміж каўказцамі, якіх многа працавала на рудніках, і казахстанцамі сталі даходзіць да кровапралітных сутычак. Адным словам, жыць стала некамфортна, неспакойна. Многія рускамоўныя людзі задумваліся аб перамене месца жыхарства.

— Нам ДАпамог выпадак, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Да нас прыехаў намеснік старшыні калгаса з Камянецкага раёна невядомай далёкай Беларусі Па трубЫ для правядзення газіфікацыі. Разгаварыліся, ён расказаў пра свае мясціны, прапанаваў мужу прыехаць паглядзець. Муж і паехаў з адным сваяком. А калі вярнуўся, то аб’явіў па праве галавы сям’і: будзем пераязджаць. Вядома, цяжка зрывацца з наседжанага месца, дзе ўсё ёсць: работа, дом, сябры, сваякі. Але наш сын тады толькі прыйшоў з войска, дочкі скончылі школу. Асабліва трывожна станавілася за дзяцей. Ну і рашыліся на пераезд.

І стала родным Мікалаева

— Так мы аказаліся вось у гэтай вёсцы Мікалаева, — працягвае суразмоўніца. — З часам нам далі калгасны дом, тут знайшлася работа, і ніколі мы не пашкадавалі, што прыехалі на Камянеччыну. Першае, што мяне ўразіла — добразычлівыя людзі. Ніхто ніколі не паглядзеў нават крыва ў наш бок: чаго, маўляў, прыехалі. Толькі аднойчы, у самы першы год, быў выпадак, які выклікаў здзіўленнне. На 9 мая я пайшла на мітынг да помніка. Там у мяне цікаўныя жанчыны спыталі: «А чаго вы прыйшлі? у вас жа пад гэтым абеліскам ніхто не ляжыць?» Тады я расказала, што пяцёра маіх дзядзькоў і мой бацька ваявалі. Тата дайшоў да Берліна, меў шмат узнагарод, сказала, што, колькі жыву, буду хадзіць да гэтага помніка ў спадзяванні, што нехта пакладзе кветку на магілы маіх родных франтавікоў. І, здаецца, мяне пасля таго запаважалі аднавяскоўцы.

Вайна прайшлася па нашай сям’і, — працягвае Людміла Мікалаеўна. — Як ужо гаварылася, мама са сваёй сястрой працавалі на патрэбы фронту. З пяці маіх дзядзькоў чацвёра вярнуліся жывымі. Дзядзька Максім, мамін брат, паваяваў нават з японцамі. А дзядзька Васіль зведаў усе жахі палону. Ён трапіў у палон на тэрыторыі Польшчы. Яго і аднаго паляка, байца Войска Польскага, як камуністаў, кінулі ў калодзеж, ахвяроўвалі такім чынам на пакутніцкую смерць. Але калодзеж аказаўся неглыбокім, і ноччу мясцовыя жыхары выцягнулі абодвух. Так яны і хаваліся ў добрых людзей, пакуль не прыйшлі нашы. А дзядзька Міканор прапаў без вестак. Атрымалі ад яго адзінае пісьмо, што едзе пад Сталінград. Потым дваюрадны брат бачыў яго ў шпіталі пад Сталінградам. Пасля таго сляды губляюцца. Усё жыццё родныя пісалі, спрабавалі высветліць лёс Міканора. Пісалі ў час Хрушчова, Брэжнева, пры Гарбачове, адказы былі стандартныЯ: «У спісах не значыцца, прапаў без вестак». Гэта быў боль бабулі і дзядулі на працягу іх жыцця. Потым мама з братамі, сястрой спрабавала высветліць, затым дзеці-Ўнукі, але так нічога мы і не дабіліся. Таму і лічым сваім абавязкам пакланіцца кожнаму помніку салдатам-абаронцам. Недзе ж і наш родны чалавек ляжыць.

Багатая бабуля

Еўдакія Іванаўна пераехала да дзяцей у Беларусь 17 гадоў таму, даўно стала грамадзянкай нашай краіны. І, паводле яе слоў, вельмі рада, што жыве ў прыгожай мясцовасці, у краіне, дзе пануе мір і спакой.

Пра яе ёсць каму клапаціцца. Самая вялікая радасць для бабулі, калі збіраюцца ўнукі-праўнукі. А ў гэтым багацці мала хто можа параўнацца з Еўдакіяй, яна мае 12 унукаў, 14 праўнукаў, чатыры прапраўнукі. «Мы ўжо ў сшытак запісваем, каб не памыліцца», — смяюцца дачка з зяцем, — бо калі хто пытае пра бабуліных нашчадкаў, бывае, сходу і не адкажаш.

Калі ёй было 85, сабраліся многія прадстаўнікі роду Паповых, якія жывуць па ўсёй былой вялікай краіне. Здымак з той сустрэчы вісіць на сцяне ў пакоі Еўдакіі Іванаўны. А цяпер яны з дачкой строяць планы на 100-гадовы юбілей. З такой прыгожай нагоды абяцаюць сабрацца ўсе, ну альбо амаль усе. Да той пары, можа, і больш прапраўнукаў будзе.

Людміла з Андрэем рады будуць прыняць радню ў сваім доме, які яны ўладкавалі з любоўю і густам. А на падворку ёсць альтанка на казахскі манер, дзе чай п’юць седзячы не на лаўцы, як у нас, а на вялікім насціле накшталт тоўстага дывана. На памяць пра малую радзіму.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.