Вы тут

Урывак з «Новай зямлі» выйшаў асобнай кнігай


«Куцця. Марозна. Хмурнавата. // Сняжок падкідвае заўзята; // Снег на Куццю — грыбы на лета, // Такая матчына прымета, // А сцежкі чорны — ягад многа, // Ну і за гэта хвала Богу»... Хто ўжо не ведае: Куцця — апошні дзень перад Калядамі. Гэтак жа называецца і страва з ячных круп, якая падаецца на святочны стол у гэты дзень.


У Выдавецкім доме «Звязда» толькі што асобным выданнем пабачыў свет урывак з паэмы народнага песняра Беларусі Якуба Коласа «Новая зямля» — «Каляды». Асобны раздзел пра добра вядомае ўсім свята — асобнай кнігай. Ці памятаеце пачатак: «Прыйшлі піліпаўкі, Мікола, // Бо хоць зіма і крэпіць дужа // І хоць бушуе сцюжа, // Бы тое дзікае ігрышча, // І вецер жудасна засвішча, // Як на дудзе ці на кларнеце // На нейкім злыдневым банкеце, — // Ды ўсё ж святлеюць даляў вочкі // І іх бялюткія сарочкі...» Адрасаванае дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, выданне вельмі багата ілюстравана. Красамоўныя малюнкі Ліяны Жванія істотна дапаўняюць тэкст. Мяркуючы па ўсім, аўтар паэмы, упершыню выдадзенай у 1923 годзе выдавецтвам «Савецкая Беларусь» (і завершана паэма, пачатая ў 1911 годзе, была ў 1923 года — 5 студзеня), быў бы задаволены... Цёплая зімовая вокладка, пяць палосных ілюстрацый, пяць малюнкаў на палову кніжнай старонкі, застаўка на тытуле... Сапраўдны мастацка-графічны арсенал!.. А колеры, фарбы, здаецца, на кожным малюнку з самой зімовай прасторы выходзяць. Іскрысты снег з праменьчыкамі ад месячнага святла і сціплых агеньчыкаў з вокнаў хацін дадаюць малюнкам снежнага, зоркавага настрою.

Набегаўшыся ўволю на рэчцы і ў двары, героі збіраюцца ў хаце, радуюцца кожнаму вялікаму і малому клопату... З радасцю ўпрыгожваюць ялінку. 

А наперадзе — святочная вячэра. «І вось вячэра зачалася! // Спыніцца мушу я на квасе: // Ён колер меў чырванаваты; // Тут быў таран, мянёк пузаты, // Шчупак, лінок, акунь, карась. // Кялбок і ялец, плотка, язь, // Яшчэ засушаныя з лета. // Але не ўсё яшчэ і гэта: // Аздоблен квас быў і грыбамі, // Выключна ўсё баравічкамі; // Цыбуля, перчык, ліст бабковы — // Ну не ўясісь, каб я здаровы!..» У выданні (паэма ж была напісана сто гадоў назад!) пададзены тлумачэнні многіх слоў, якія, відавочна, сучасным юным чытачам наўрад ці зразумелыя: напрыклад, ламанцы (кавалачкі адмыслова выпечаных прэсных ляпёшак), сыта (напой на аснове мёду), «Правады» — апошні дзень свята…

Дарэчы, розныя выданні «Новай зямлі» афармлялі фінскі мастак Алексантэры Ахола-Вало, які ў 1919–1930 гадах жыў у Беларусі, Георгій Паплаўскі (выданне з яго ілюстрацыямі атрымала дыплом «Найпрыгажэйшая кніга свету» на конкурсе ў Лейпцыгу ў 1968 годзе), Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч. Да выдання 2002 года Юрый Герасіменка-Жызнеўскі стварыў серыю станковых работ. Цяпер і Ліяна Жванія — у гэтым зорным шэрагу ілюстратараў «Новая зямлі».

«Каляды» Якуба Коласа накладам 1500 асобнікаў выдадзены якраз у пару — у пярэдадзень Новага года. Кніжачка можа стаць добрым падарункам да святочных дзён. Надрукаваны «Каляды» на Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа.

Выданне ўрыўка з «Новай зямлі» — яшчэ і падказка ў стварэнні такой вось серыі маляўніча аформленых кніг, якія маглі б прыцягнуць да шырэйшага знаёмства юных чытачоў з неўміручым творам беларускай класікі.

Набыць кнігу можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне альбо ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.