Вы тут

Башкірскіх пісьменнікаў сустракае Дом літаратара


Дэлегацыя башкірскіх і беларускіх пісьменнікаў у знак Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі ўсклала кветкі да Абеліска Перамогі ў Мінску. 


— Вялікая Айчынная вайна сёння як ніколі ўспрымаецца як сімвал сяброўства, еднасці нашых народаў, народаў Расіі і Беларусі, народа Башкартастана і народа Беларусі, — сказаў у час цырымоніі на Плошчы Перамогі старшыня Саюза пісьменнікаў Башкартастана Айгіз Баймухаметаў. — Здаецца, увесь свет звар’яцеў, народы бяздумна ўступаюць у сваркі і бойкі. Як быццам не разумеюць знішчальную сілу ваеннай калатнечы?! А мы, нашы прашчуры, ў Вялікую Айчынную вайну былі разам!.. Таму і слова, якое мы перадаём нашчадкам, павінна вучыць гэтай еднасці, павінна вучыць міру і стваральнасці. Мне вельмі прыемна, што беларусы прымаюць нас у Дзень Рэспублікі Башкартастан — у дзень нашага важнага свята. 

Пасля ўскладання кветак у памяць і пра башкартастанцаў, якія загінулі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, госці наведалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе іх ужо чакалі многія паэты, празаікі, публіцысты нашай краіны. Дзе была разгорнута выстаўка кніг і часопісаў з творамі башкірскіх пісьменнікаў. А следам на сцэне актавай залы Дома літаратара адбылася ўрачыстая вечарына Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі. З прывітальнымі словамі да гасцей і ўдзельнікаў святочнай імпрэзы звярнуліся кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый Беларусі і Башкартастана — Алесь Карлюкевіч і Айгіз Баймухаметаў. А далей рэй павялі вядучыя — першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт і перакладчык Міхась Пазнякоў. 

Сапраўдным падарункам для гасцей і гаспадароў стала песня «Мой Башкартастан», якую выканала народная артыстка Башкартастана Альфія Юлчурына. Дырэктар Нацыянальнага літаратурнага музея Рэспублікі Башкартастан Міляўша Кагарманава расказала прысутным пра повязь башкірскай і беларускай літаратур. Дарэчы, у 1936 годзе ў Мінску таксама працавала вялікая дэлегацыя пісьменнікаў з Уфы. Яны ўдзельнічалі ў трэцім пленуме Саюза савецкіх пісьменнікаў, дзе разглядалася і пытанне развіцця башкірскай савецкай паэзіі. Сённяшнія госці з Уфы нагадалі, што сярод ўдзельнікаў пленума была і класік башкірскай літаратуры Хадзіш Даўлетшына (1905 — 1954). Яе першае апавяданне было надрукавана ў газеце "Моладзь Башкартастана«у 1926 годзе. У 1931 была надрукавана аповесць Х. Даўлетшынай — «Айбіке». У 1932-м — аповесць «Хвалі калосся», у наступныя гады — новыя творы... У 1937 годзе пісьменніца была рэпрэсіравана, як жонка «ворага народа» (яе муж — наркам асветы Башкірскай АССР, пісьменнік Губай Даўлетшын). У 1942 годзе, пасля вызвалення, да самай смерці жыла ў Бірску, адміністрацыйным цэнтры Бірскага раёна Башкартастана. У 1942 — 1952 гг. працавала над раманам «Іргіз», які быў надрукаваны ўжо пасля яе смерці, у 1957 годзе. Пасмяротна Х. Даўлетшына уганаравана першай Рэспубліканскай прэміяй імя Салавата Юлаева (у 1967-м годзе) з фармулёўкай «За раман „Іргіз“ (пасмяротна)». 

Уласныя вершы на роднай мове на вечарыне чыталі башкірскія паэтэсы Зульфія Хананава, Ларыса Абдуліна, Гульназ Кутуева, Святлана Чураева, Міляўш Кагарманава. Гарманічным дапаўненнем да іх выступлення стала чытанне вершаў башкірскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову. Гэта выдатна зрабілі Вольга Багушынская, Інна Фралова, Валянціна Драбышэўская. 

У межах праграмы вечарыны сваімі талентамі падзяліліся і студэнты 4-га курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Уразіў усіх і ансамбль «Эльсэн», выступленне Гульсіны Аброськінай і Заліі Азаравай з чытаннем верша народнага паэта Башкартастана Мустая Карыма "Не рускі я, але расіянін«А завершылася сапраўднае свята літаратуры і дружбы выступленнем ансамбля народнай музыкі і песні «Мінскі гармонік» пад кіраўніцтвам Івана Катовіча. 

... На завяршэнне Дзён башкірскай літаратуры дэлегацыя гасцей з Уфы наведалася ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Башкірскія літаратары падарылі ў фонды галоўнай кніжніцы Рэспублікі Беларусь вялікую калекцыю кніг паэтаў і празаікаў Башкартастана на башкірскай і рускай мовах.

З просьбай пракаменціраваць завяршэнне Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі мы звярнуліся да першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах. Вось што яна адзначыла: «Увесну, у сакавіку, сёлетняга года Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіў разам з калегамі з Ташкента Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі. Цяпер вось — Дні башкірскай літаратуры. Гэта становіцца добрай традыцыяй пашырэння ўяўленняў чытачоў нашай краіны пра нацыянальныя літаратуры іншых народаў. Мы ўзнаўляем традыцыі ранейшых дзесяцігоддзяў, нагадваем пра стасункі, якія былі ў нашых класікаў. Жывыя сустрэчы літаратараў у сённяшнія дні — гэта і мост да большай актыўнасці літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў у справе знаёмства з башкірскай літаратурай у Беларусі, беларускай — у Башкартастане. Не выпадкова ж і склад дэлегацыі з Уфы гэтым разам быў у большай ступені з галоўных рэдактараў часопісаў. Мы абмеркавалі з калегамі мноства розных тэм, спланавалі шэраг сумесных кніжных праектаў, якія будуць рэалізаваны ў самы бліжэйшы час». 

Застаецца чакаць іншых літаратурных святаў — Дзён літаратуры Казахстана, Таджыкістана, народаў Расіі... Беларусь гатова сябраваць з усімі адкрыта, шчыра, з павагай да чужых традыцый, чужых мастацкіх і літаратурных скарбаў. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА і Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.