Вы тут

Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў кастрычніку?


Сэрца, аддадзенае дзецям

Гаспадыня мегавялікай сям’і, любячая мама ўсім выхаванцам, дырэктар ДУА «Мазырскі дзіцячы дом» Ірына Вішнеўская распавядае пра прынцыпы і ўмовы выхавання дзяцей, што засталіся без догляду бацькоў. 

— Мы не цураемся ніякіх дзяцей. Многія з іх у мінулым былі закладнікамі няпростых жыццёвых сітуацый і маюць адмоўны сацыяльны вопыт. Мы імкнемся іх, у першую чаргу, маральна аздаравіць. Вучым з разуменнем ставіцца да памылак бацькоў, дараваць ім і давяраць людзям, — адзначае Ірына Вішнеўская.

За 20 гадоў Ірына Іванаўна шмат чаго зрабіла для дзіцячай установы, якую ўзначальвае. Цяпер у хлопчыкаў і дзяўчатак ёсць усё для цікавага, насычанага жыцця, вучобы і адпачынку. А дырэктар ставіць перад сабой новыя мэты. Самая лепшая падзяка для яе — шчаслівая ўсмешка кожнага выхаванца. Ірына Вішнеўская перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям».


Расшыфраваць таямнічыя «пейзажы душы» 

Як сумяшчаюцца ў адным творчым «я» кранальнасць жаночай інтымнай лірыкі і строгасць навукоўца? Чаму важна разглядаць здабыткі нашага мастацкага слова ў сусветным кантэксце? У чым місія выкладчыка сёння? Чаго жадае жанчына ў сваю восеньскую пару? Пра гэта і многае іншае журналіст «Алесі» гутарыць з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, даследчыцай, паэтэсай, літаратурным крытыкам Алінай Сабуць. 

— Жывеш неадольным жаданнем расшыфраваць таямнічыя «пейзажы душы» герояў твораў, іх аўтараў — і разам з тым падзяліцца тым невымоўным, што носіш ва ўласнай душы. Паэзія адорвае небаўзлётнай марай дакрануцца да Хараства, адчуць магію слова, музыку радка, — дзеліцца Аліна Сабуць, якая сёлета на Дні беларускага пісьменства ў Гарадку была ўганаравана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». 


«Марыць — карысна» 

У традыцыйнай рубрыцы «Мужчынскі погляд» сваімі думкамі аб прафесіі, сямейных каштоўнасцях, выхаванні дзяцей дзеліцца Алег Навінскі — цырульнік і шматдзетны бацька. 

— Па-ранейшаму лічу: марыць — карысна. Гэта вельмі матывуе. Іншая справа, што трэба не проста будаваць паветраныя замкі, а яшчэ і прыкладаць намаганні, працалюбства, каб увасобіць задуманае ў жыццё, — лічыць прафесіянал, які, па яго прызнанні, зрабіў сябе сам. 
Ад прызнанага майстра чытачкі часопіса змогуць даведацца, як правільна даглядаць валасы, каб заўсёды выглядаць прывабна. 


Псіхолагі — пра адносіны на працы і ў сям’і 

Спадарожнікаў жыцця мы выбіраем, а вось калег, як правіла, не. Між тым на працы мы праводзім не менш часу, чым дома. Як выбудоўваць адносіны з калегамі, каб эфектыўна працаваць і не губляць сілы на канфлікты? Каму гэта звычайна ўдаецца з найбольшым поспехам? Хто часцей за іншых заводзіць службовыя раманы? Што можа зрабіць кіраўнік, зацікаўлены, каб у калектыве панавала здаровая атмасфера? Пра ўсё гэта «Алесі» распавёў псіхолаг Яўген Уласаў. 

А ў гутарцы з псіхолагам Наталляй Плаўнік журналіст часопіса высвятляла, пра што варта помніць да заключэння шлюбу і як правільна сябе паводзіць са спадарожнікам жыцця ў далейшым, каб знізіць верагоднасць разводу і ўмацаваць сямейныя адносіны. 


Здароўе, хатняя ўтульнасць і мода

З кастрычніцкага нумара «Алесі» вы даведаецеся, што павінны ўлічваць жанчыны ўзросту за 50, выбіраючы сабе фізічную актыўнасць, і як без лішніх фінансавых выдаткаў вярнуць страчаныя функцыі бытавой тэхніцы. Часопіс раскажа, якімі восеньскімі водарамі варта напоўніць свой дом, каб стварыць у ім утульнасць. Вы прачытаеце пра трэнды манікюру восені — 2023 і даведаецеся, якія мадэлі верхняй дэмісезоннай вопраткі зараз актуальныя. 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.