Вы тут

З увагай да гістарычнай спадчыны


Месца памяці адной з самых трагічных старонак Гомельшчыны падчас Вялікай Айчыннай вайны і сімвал адлюстравання маштабу трагедыі генацыду беларускага народа — усё гэта аб мемарыяльным комплексе на месцы фашысцкага лагера смерці на тэрыторыі гарадскога пасёлка Азарычы, што ў Калінкавіцкім раёне. Гэты рэгіён у цэнтры Гомельшчыны — надзвычай цікавы шэрагам знакавых для краіны аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Для раёна гэта гонар і вялікая адказнасць. Пра тое, як удаецца выкарыстоўваць багатую гістарычную спадчыну для развіцця турыстычнага патэнцыялу тэрыторыі і не толькі, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў старшыні Калінкавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Гваздзя.


— Азарычам пашчасціла быць уключаным у план комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў Гомельшчыны. На працягу некалькіх месяцаў не спыняецца маштабная работа па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу ў памяць вязняў Азарыцкага лагера смерці. Аднак максімальная ўвага не толькі да зоны мемарыяла, але і тэрыторыі ўсяго гарпасёлка. Раскажыце, калі ласка, якія сацыяльна значныя пераўтварэнні перажываюць Азарычы?

— Як вядома, падчас комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў у цэнтры ўвагі заўжды развіццё сацыяльна значнай інфраструктуры. Гэта і мадэрнізацыі сацыяльных аб'ектаў, вырашэнне пытанняў водазабеспячэння, асвятлення і ацяплення, дарожнай сеткі, капітальнага рамонту. У Азарычах сёння пражывае звыш 1200 чалавек. Працуюць дзіцячы садок і сярэдняя школа, якія наведваюць звыш 230 дзяцей. Ёсць і свая бібліятэка, аддзяленне сувязі, цэнтр вольнага часу, бальніца, дом-інтэрнат для састарэлых і людзей з інваліднасцю. Кардынальныя змены і абнаўленні закранулі ўсе аб'екты інфраструктуры і жыллёвы фонд гарпасёлка. Комплекснае добраўпарадкаванне Азарычаў пачалося ў жніўні мінулага года з рэканструкцыі дома-інтэрната для састарэлых і людзей з інваліднасцю. Была праведзена маштабная работа. У бягучым годзе сярод абноўленых сацыяльна значных аб'ектаў — будынак цэнтра вольнага часу, які доўгі час знаходзіўся ў аварыйным стане. Акрамя таго, праведзены рамонт мясцовых дзіцячага садка і школы, паліклінікі Азарыцкай бальніцы. Вялікая работа праведзена і па добраўпарадкаванні тэрыторыі медустановы. Яшчэ адзін сацыяльны аб'ект, якому ўдзелена ўвага, — пасялковая бібліятэка 1953 года пабудовы. Але ўсё ж самая важная падзея, якую цяпер перажываюць Азарычы, — маштабнае добраўпарадкаванне і рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці. Гэта адно з самых знакавых месцаў патрыятычнага турызму на Гомельшчыне. У абноўленым мемарыяльным комплексе будзе адкрыты першы ў краіне помнік ваенным медыкам. Нагадаю, што на ўвасабленне ў жыццё гэтага сапраўды народнага патрыятычнага праекта накіраваны сродкі, сабраныя ў рамках абласнога і рэспубліканскага суботнікаў. Галоўным архітэктарам праекта выступае адзін з лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» за стварэнне мемарыяльнага комплексу «Ала» ў Светлагорскім раёне Сяргей Пярвіцкі. На аб'екце скончаны асноўныя бетонныя работы, а да канца кастрычніка будзе цалкам завершана добраўпарадкаванне і аддзелачныя работы. Маштабную рэканструкцыю знакавага месца памяці плануем завяршыць у лістападзе бягучага года.

— Сяргей Аляксандравіч, Калінкавіцкі раён сапраўды ўнікальны сваімі аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Як удаецца выкарыстоўваць іх у развіцці турыстычнага патэнцыялу раёна? Ці ёсць цікавасць прыватнай ініцыятывы ў гэтай сферы?

— У турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны» ўключаны брэнд нашага раёна — аграгарадок Юравічы. Юравіцкі кірмаш маляўніча апісаў у сваім рамане «Людзі на балоце» Іван Мележ. Цікавы факт: дзед класіка беларускай літаратуры Фёдар Мележ у 1890—1898 гадах быў валасным старшынёй у Юравічах. Жыхары нашага раёна ганарацца гэтай тэрыторыяй, дзе, дарэчы, знаходзяцца 18 унікальных помнікаў археалогіі. Сярод іх — знаёмая кожнаму са школьнага падручніка гісторыі, найстаражытнейшая ў Беларусі стаянка першабытнага чалавека. Помнік археалогіі «Археалагічны комплекс «Юравічы»: познепалеалітычная стаянка і старажытны горад перыяду Сярэднявечча» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь з прысваеннем катэгорыі «1» гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2021 годзе тут адкрыты музей пад адкрытым небам. Завяршыць будаўніцтва музея, распачатае ў 2004 годзе, удалося дзякуючы сродкам, выдзеленым з рэспубліканскай і абласной інвестыцыйных праграм. Толькі ў бягучым годзе «Музей пад адкрытым небам — стаянка першабытнага чалавека» аг. Юравічы Калінкавіцкага раёна» наведала амаль дзве тысячы гасцей. Дарэчы, гісторыка-культурныя аб'екты раёна актыўна рэкламуем на турыстычных выставах краіны, вітаем прыватную ініцыятыву, у тым ліку па вырабе і продажы сувенірнай прадукцыі.

Знакамітасць Юравічаў — помнік архітэктуры позняга барока ў Беларусі, комплекс былога калегіума езуітаў і касцёл XVІІІ стагоддзя (цяпер гэта Свята-Раства-Багародзічны мужчынскі манастыр Беларускай праваслаўнай царквы). Тут захоўваецца хрысціянская святыня — цудатворны абраз Божай Маці-Міласэрная-Юравіцкая. Кожны год вернікі здзяйсняюць хрэсныя хады з цудатворным абразом. Доўгачаканая работа па аднаўленні гэтага знакавага месца нашага раёна пачалася ў 2007 годзе і фінансавалася ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і інвестыцыйнай праграмы Гомельскай вобласці.

Рэстаўрацыя храма, манастырскіх будынкаў, брамы і агароджы з вежамі была завершана ў мінулым годзе. Сёння гэты ўнікальны гістарычны аб'ект цяжка пераацаніць у плане развіцця беларускага рэлігійнага турызму.

— Сяргей Аляксандравіч, сёлета раён чарговы раз прымаў удзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю народнага гумару «Аўцюкі-2023». Ад кіраўніцтва рэгіёна ў ваш адрас прагучалі словы падзякі за захаванне і папулярызацыю свята як сапраўднага брэнда Гомельшчыны.

— Мы ўдзячныя Гомельскаму аблвыканкаму і Міністэрству культуры Беларусі за ўвагу і падтрымку гэтага свята на Калінкавіцкай зямлі. Перакананы, што Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі» — самы пазітыўны форум краіны. Ён дае магчымасць усім ацаніць народны гумар. Сёлета наш раён прымаў свята ўжо ў 11-ы раз. Як заўсёды, яно прайшло ярка і маляўніча. Удзел прынялі дэлегацый усіх абласцей краіны. Яны спаборнічалі ў жанры гумарыстычнага стэндапу, тэатры мініяцюр, інструментальным конкурсе, гумарыстычным касцюме. Прайшло ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Аўцюкоўская кветка», падрыхтавалі вуліцы тэматычных падворкаў, насычаную канцэртную праграму, а таксама правялі «Малыя аўцюкоўскія гульні». Лічу, што папулярнасць фестывалю — брэнда Калінкавіцкага раёна — у тым, што гэта свята вынаходлівасці, жыццялюбства беларускага народа.

— Сёння перад раёнамі ў рэгіёнах стаіць задача рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. Што ў гэтым плане можа прапанаваць Калінкавіцкі раён?

— Сапраўды, такая задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы перад рэгіёнамі і цяпер нашым раёнам выканана. Рэалізаваны інвестыцыйны праект па рэканструкцыі вытворчага цэха з пабудовай цэха вытворчасці харчовых прадуктаў на аснове другаснай малочнай сыравіны на Сумесным таварыстве з абмежаванай адказнасцю «БЕЛСЫР». Гэты інвестыцыйны праект стартаваў у 2020 годзе, а ў ліпені бягучага года ўжо ўведзены ў эксплуатацыю новы цэх вытворчай магутнасцю 22 тоны прадукцыі ў суткі. Агульны аб'ём інвестыцый у асноўны капітал па праекце склаў звыш 50 мільёнаў рублёў. На экспарт плануецца рэалізоўваць да 90 працэнтаў прадукцыі. Гэты праект значны не толькі для Калінкавіцкага раёна, але і ўключаны ў пералік значных інвестпраектаў Гомельскай вобласці.

Самы буйны інвестыцыйны аб'ект вытворчага будаўніцтва ў сельскай гаспадарцы на сёння ў нашым раёне — узвядзенне малочнатаварнай фермы больш чым на 800 галоў у ААТ «Прудокскае». На новай ферме ўмовы ўтрымання жывёлы, сістэма кармлення, паення і даення будуць поўнасцю адпавядаць сучасным патрабаванням. Будаўніцтва фінансуецца са сродкаў абласнога бюджэту. Кошт будаўніча-мантажных работ складае каля 10 мільёнаў рублёў. Будаўніцтва новай фермы, якое пачалося ў канцы мінулага года, цяпер у фінальнай стадыі. Завяршаюцца пусканаладачныя работы і ў будынку, дзе будзе размяшчацца даільна-малочны блок. Увогуле, новая вытворчасць дазволіць гаспадарцы выйсці на новы ўзровень, павялічыць рост прадукцыі жывёлагадоўлі і яе якасць.

Адзначу таксама інвестыцыйныя праекты ў сферы вытворчасці, якія рэалізаваны прадпрыемствамі прыватнай формы ўласнасці. Сярод іх — стварэнне вытворчасці па перапрацоўцы пластмас прадпрыемствам «Владиангец» і вытворчасць хлебабулачных вырабаў прадпрыемствам «ЛибераБейк». Гэтыя праекты таксама вельмі важныя для раёна, бо дазваляюць стварыць новыя рабочыя месцы. А за гэтым — і рост дабрабыту жыхароў нашага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.