Вы тут

Сёння Таццяне Шамякінай — 75


Жыццё імкліва бяжыць наперад. Здаецца, толькі ўчора былі студэнтамі, хадзілі на лекцыі, рыхтаваліся да практычных заняткаў, хваляваліся перад залікамі і экзаменамі. Прызнацца, я і сёння вельмі яскрава бачу перад сабою твары сваіх незабыўных настаўнікаў, педагогаў, выкладчыкаў, згадваю іх лектарскае майстэрства. Хоць і прайшоў-сплыў ужо не адзін дзясятак гадоў, з асаблівым піетэтам, пашанотнасцю, павагай згадваю, як дзяліліся з намі сакрэтамі сваёй прафесійнай справы, адкрывалі дасюль неспазнаную намі таямніцу філалагічнай навукі, прывівалі любоў і замілаванне да роднага слова, роднай літаратуры. Сярод тых, хто пакінуў глыбокі след у сэрцы і маёй удзячнай памяці, — Таццяна Іванаўна Шамякіна, мая любімая настаўніца, дарадца, педагог з вялікай літары.


Таццяна Шамякіна. Фота Кастуся Дробава

Яна чытала курс тэорыі літаратуры. Акрамя таго, я наведваў і яе спецкурс і спецсемінар, прысвечаныя міфалогіі і псіхалогіі літаратурнай творчасці. На лекцыі хадзілі без прымусу, бо іх слухаць было надзвычай цікава. Аўдыторыя не магла змясціць усіх ахвотных. Як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці — студэнты часта сядзелі на падаконніках. Экзамены, праўда, не здаваў, бо Таццяна Іванаўна прапаноўвала творчыя заданні, і калі атрымліваў «выдатна», экзамен залічваўся аўтаматам. Дзякуючы ёй, я змог выступіць на студэнцкай канферэнцыі з дакладам пра асаблівасці міфалагізму ў паэтычнай творчасці Рыгора Барадуліна, а на пятым курсе абараніў на выдатна і дыпломную работу. 

А яшчэ пазней у часопісе «Роднае слова» была змешчана навуковая публікацыя «„Каб не страціць святое штосьці...“: Нацыянальны космас у творчасці Рыгора Барадуліна». Я ўдзячны Таццяне Шамякінай, што рэкамендавала мяне ў аспірантуру. Кіраваць кандыдацкай дысертацыяй па яе просьбе ўзяўся Алег Антонавіч Лойка, ён жа быў і навуковым кансультантам маёй доктарскай.

Таццяна Іванаўна і ў мае студэнцкія часы, і ў часы аспіранцкія шчодра дзялілася сваімі ведамі, кансультавала, давала парады, забяспечвала адпаведнай літаратурай, якая магла тэарэтычна ўзбагаціць, прывіць навыкі літаратуразнаўчай працы. У кожным выпадку можна было звярнуцца да яе па параду. Бязмежна ўдзячны Таццяне Іванаўне за яе гатоўнасць заўсёды адгукацца на просьбы, за яе вялікі чалавечы талент ісці да людзей з адкрытым сэрцам, дабрынёю, шчырасцю, за ўменне паспагадаць, падтрымаць, сказаць прыязныя словы, абнадзеіць. І так было не толькі ў тыя далёкія студэнцкія і аспіранцкія часы. Так бывае і цяпер, калі дзелішся са сваім дарагім настаўнікам уласнымі жыццёвымі і прафесійнымі клопатамі, перажываннямі, турботамі, а зрэдку — і радасцямі. І неяк падсвядома разумееш: якое гэта вялікае шчасце, калі дзякуючы таму, што ёсць такія духоўна блізкія людзі, адбываецца дыялог пакаленняў, не знікаюць у нікуды нябачныя энергетычныя сувязі, якія падсілкоўваюць, духоўна мацуюць, узбагачаюць, надаюць пэўную жыццёвую стабільнасць, ураўнаважанасць не толькі ўласнаму, але і грамадскаму жыццю. Тады і адчуваеш асаблівую пашану да традыцыі, рэальна пачынаеш усведамляць ролю этычных, маральных каштоўнасцей, цаніць іх носьбітаў і захавальнікаў.

Гэта адносіцца і да Таццяны Іванаўны, якая ў навуковых і публіцыстычных выступленнях шчыра заклапочана станам грамадства, дзе паступова размываецца духоўны стрыжань, назіраецца занядбанне традыцыі, устояў, што суправаджаецца стратай культурнай самабытнасці, яе ўнікальнасці, непаўторнасці. Згодна з яе перакананнем, важна замацаваць у масавай свядомасці канстанты нацыянальнага быцця (фактычна — этнічныя коды), у якіх — ключ для рашэння шмат якіх праблем, паколькі размова ідзе пра тое, што робіць нацыю нацыяй. 

Мы ўсё часцей гаворым пра захаванне і паглыбленне гістарычнай памяці, пра зварот да народнага вопыту, да гісторыі. Менавіта погляд назад, засваенне і трансляцыя вопыту пакаленняў выступае надзейным сродкам вызначэння, вывучэння ўласных каранёў, вытокаў жыццядзейнасці, ладу жыцця. Нельга не пагадзіцца з Таццянай Іванаўнай, што толькі праз гісторыю — да ісціны, праз мінулае — да будучыні. Такім бачыцца сённяшні шлях, на якім магчыма ўсведамленне сваёй ідэнтычнасці, самастойнасці і ўнікальнасці гістарычнага шляху.

У свой час я запрасіў яе прыняць удзел у праекце Інстытута філасофіі НАН Беларусі «Нацыянальная культура ў кантэксце сацыякультурных трансфармацый». Праз два гады ён быў паспяхова завершаны. Выйшла аднайменная калектыўная манаграфія. У ёй Таццяны Шамякіна напісала раздзел «Асаблівасці фарміравання і трансфармацыі нацыянальных культурных форм», прысвечаны станаўленню і развіццю міфалагічнай свядомасці, яе ролі ў генезісе чалавечага мыслення. Разам з тым звярнула ўвагу і на змены, выкліканыя новымі тэхналогіямі, і на тое, што прымушае чалавека быць чалавекам, прадстаўніком пэўнай нацыянальнай супольнасці.

У сённяшніх няпростых перыпетыях жыцця важная роля адводзіцца духоўна-інтэлектуальнай эліце, якая заклікана пашыраць гістарычную самасвядомасць грамадства і актуалізаваць анталагічныя і аксіялагічныя знакі ідэнтычнасці, задавальняючы тым самым запатрабаванне грамадства ў саматоеснасці. Перадусім на эліце ляжыць адказнасць за забеспячэнне стабільнасці і наданне ўстойлівасці культурным працэсам шляхам стрымлівання дэструктыўных памкненняў і садзейнічання захаванню традыцыйнага ядра культурнай сістэмы. У сацыяльнай плоскасці яе прысутнасць з’яўляецца ўмовай не толькі развіцця культуры, але і кансалідацыі нацыі, рэсурсам забеспячэння духоўнай бяспекі грамадства. Перадусім творчая эліта адлюстроўвае, персаніфікуе і фарміруе каштоўнасна-нарматыўныя, сэнсаўтваральныя і ідэальна-арыентаваныя складнікі самасвядомасці калектыўных суб’ектаў культуры. Характар цыклаў і этапаў развіцця культуры вызначаецца інтэнсіўнасцю ўплыву духоўна-інтэлектуальнай эліты на культурныя працэсы ў пэўныя культурна-гістарычныя перыяды, у тым ліку і праз фарміраванне своеасаблівай канцэпцыі «памяці нацыі». Прыклад самаадданай і насамрэч дзяржаватворчай чыннасці паказвае сама Таццяна Іванаўна, якая накіроўвае свае высілкі на стабілізацыю і развіццё духоўна-культурных асноў грамадства і захаванне яго нацыякаштоўнаснага стрыжня.

На працягу 1990–2000-х гадоў Таццяна Шамякіна рыхтавала выданні, акрамя падручнікаў па беларускай літаратуры для школы і ВНУ, у асноўным прысвечаныя міфалогіі ў сувязі з фальклорам і літаратурай. Работы шмат у чым арыгінальныя, наватарскія.

Так, у 2010 годзе выйшла кніга «Традиционный китайский календарь и славянские мифологические параллели», за якую атрымала прэмію «Залаты Купідон». Уласна, першапачаткова яна напісала гэтую кнігу па-беларуску, але па заказе Інстытута Канфуцыя ў Беларусі пераклала на рускую мову. Інстытут прыгожа аформіў кнігу і адаслаў амаль увесь яе наклад у Кітай. Я, дарэчы, з’яўляўся навуковым рэцэнзентам гэтай кнігі. Яна складаецца з 12 раздзелаў, аб’яднаных тэмай усходняга народнага календара. Кожны раздзел прысвечаны адпаведнаму жывёльнаму сімвалу і ўяўляе сабой культуралагічнае даследаванне, насычанае багатай, можна сказаць, эксклюзіўнай інфармацыяй. Разглядаецца сувязь славянскай і кітайскай культур, выказваюцца шматлікія цікавыя гіпотэзы, што тычацца міфалагічнай спадчыны славянскіх і ўсходніх народаў, праводзіцца тыпалагічны аналіз, заснаваны на шырокім прыцягненні фактаў з гісторыі літаратуры і мастацтва.

Таццяна Іванаўна актыўна працуе ў напрамку тыпалагічнага вывучэння славянскай і кітайскай культур (міфалогіі, фальклору, літаратуры), рыхтуе шматлікія навуковыя артыкулы, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях, нават кіравала напісаннем дысертацый кітайскімі магістрантамі і аспірантамі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе яна працуе, у 2016 годзе выдаў зборнік яе артыкулаў пад назвай «Фальклор і беларуская літаратура ў люстэрку міфалогіі». У кнізе выказваецца шмат цікавых гіпотэз, у новых нечаканых ракурсах разглядаецца творчасць класікаў беларускай літаратуры. Напрыклад, высвятляецца, як міфалагічную свядомасць можна выкарыстоўваць у псіхалагічна-вербальным уздзеянні на чалавека, чым з’яўлялася ў беларускім фальклоры папараць-кветка, як Вацлаў Ластоўскі прадказаў сучасныя нанатэхналогіі і шмат іншае.

Апошнім часам Таццяна Іванаўна заўважна пашырыла дыяпазон даследаванняў. Яе цікавяць пытанні культуры, сацыялогіі, псіхалогіі. Акрамя таго, яна ўсё жыццё цікавілася таямніцамі космасу, Зямлі як планеты, загадкамі прыроды. У 2015 годзе выйшла яе кніга «Парадоксы времени, или Романтика советской науки». Яна звернута як быццам да мінулага — да тых праблем, якімі цікавілася савецкая навука. А на самай справе, адштурхоўваючыся ад дасягненняў савецкай навукі, аўтар гаворыць пра стан масавай свядомасці ў наш час — уздымае тыя пытанні, якімі цікавіцца масавы чытач. Скажам, яна апавядае, як савецкія навуковыя караблі шукалі Атлантыду. Або як Генеральны канструктар касмічнай тэхнікі Сяргей Каралёў пасылаў экспедыцыю шукаць сляды Тунгускага феномена — той незвычайнай падзеі, што здарылася ў Сібіры ў 1908 г. Аўтар гаворыць пра таямніцы мінулага, праецыруючы іх на дзень сённяшні, паглыбляецца ў міфалогію, арыгінальна інтэрпрэтуе літаратурныя творы. Талент Таццяны Іванаўны скіраваны на стварэнне твораў эсэістычнага плана, не без удзелу і публіцыстыкі, часам вельмі вострай. Пра гэта сведчыць нядаўняя кніга «Природа — Социум — Словесность» (2023), якая дэманструе ўвесь шырокі дыяпазон яе інтарэсаў, фенаменальную культуралагічную, літаратурную эрудыцыю.

Таццяна Шамякіна — адзін з найлепшых даследчыкаў творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Штогод публікуе шэраг артыкулаў, прысвечаных творчасці бацькі. У 2011 годзе выйшла кніга «Іван Шамякін. Вядомы і невядомы», другое перавыданне якой здзейснілася у 2021 г., да 100-годдзя пісьменніка. 

У некаторых сваіх працах успамінае пра шмат якіх пісьменнікаў — і беларускіх, і з іншых краін. Невыпадкова, што менавіта яна, якая цудоўна ведала розных творцаў, распрацавала арыгінальную дысцыпліну «Псіхалогія літаратурнай творчасці» і шмат гадоў чытае як студэнтам. У 2021 годзе да 100-годдзя БДУ ўніверсітэт выдаў яе вучэбны дапаможнік па гэтай дысцыпліне. 

Кніга — унікальная, па сутнасці, першая і адзіная ў краіне прысвечана маладаследаванай праблематыцы і ўяўляе сабой надзвычай глыбокае даследаванне. 

Таццяна Іванаўна і сёння застаецца нязменна на перадавой, у гушчы падзей, займаецца выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, актыўна друкуецца, прапануе свае аналітычныя артыкулы, шукае і знаходзіць розныя спосабы і шляхі, каб дастукацца да чалавечых сэрцаў і розуму. Навуковы і чалавечы досвед выдатнага вучонага, таленавітага педагога наўздзіў запатрабаваны: ён дапамагае маладому пакаленню сфарміраваць уяўленні пра маральна-этычны імператыў, змадуляваць жыццёвую стратэгію асобаснай і грамадскай самасвядомасці, развіць здольнасць да эстэтычнага ўспрымання жыцця. Няхай жа майго дарагога Настаўніка чакаюць наперадзе толькі шчаслівыя моманты адкрыцця новага, спасціжэння дасюль неспазнанага, загадкавага, таямнічага, каб і надалей на ўсю моц па-новаму адчуваць асалоду судакранання з прыгожым, культываваць культурна-гістарычную і літаратурную традыцыю, спрыяць спасціжэнню яе каштоўнасцей і сэнсаў.

Валерый МАКСІМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.