Вы тут

Алесь Бадак. «Партрэт»


Прадстаўляючы новае апавяданне лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся БАДАКА «Партрэт», мы хацелі б прыцягнуць увагу чытача «Звязды» да старонак літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя», у прыватнасці, да 11-га нумара часопіса за 2023 год. Акрамя «Партрэта», у раздзеле «Проза і паэзія» гэтага аўтарытэтнага выдання будуць надрукаваны і іншыя, даволі цікавыя творы: пачатак рамана-версіі «Непераможны злом» Віктара ПРАЎДЗІНА, апавяданні Алены БРАВА і Вольгі ЛЮБАШЫНАЙ, вершы Віктара КУНЦЭВІЧА, Таццяны ЯЦУК, Яўгена ГУЧКА і Генрыха ТАРАСЕВІЧА.

А што да «Партрэта», то адзнаку яму чытач «Звязды» дасць ужо сёння, не чакаючы лістападаўскага нумара «Полымя». Прыемнага чытання!


Яму здавалася, што ён перастаў хвалявацца ў той момант, калі дырэктар музея першым узяў слова, і ўжо зусім спакойна адчуваў сябе, нават крыху вальяжна пакалыхваўся ўзад-уперад на насках новых, купленых спецыяльна для гэтага мерапрыемства туфель, калі следам за дырэктарам выступаў намеснік старшыні саюза мастакоў. Перадапошняй, пятай па ліку, да мікрафона падышла немаладая ўжо мастацтвазнаўца і крыху мужчынскім, нейкім не вельмі свежым голасам пачала хваліць яго пейзажы, ледзь не слова ў слова пераказваючы свой нядаўні артыкул у часопісе «Мастацтва». Ён тут жа страціў да яе ўсялякую цікавасць і пры гэтым не пераставаў глядзець, як вяла і бязгучна, быццам у нямым кіно, варушацца яе вусны. Ён захацеў пракруціць у памяці тое, што казалі пра яго іншыя, але аказалася, што яму не так і шмат чаго запомнілася з іх выступленняў, і тады ён зразумеў: хваляванне нікуды не дзелася, яно якраз і стала прычынай яго няўважлівасці.

У маладосці ён лічыўся адным з самых перспектыўных беларускіх пейзажыстаў, але паступова яго засланілі сабой больш прабіўныя равеснікі. Спачатку ён перажываў і суцяшаўся тым, што час усё расставіць па сваіх месцах, аднак жа гэтага чамусьці не здарылася ні калі яму споўнілася сорак, ні калі стукнула пяцьдзясят, і цяпер, перад адкрыццём сваёй выставы, у музеі, дзе на выставах іншых мастакоў ім не раз былі ходжаны-пераходжаны ўсе залы, ён адчуваў сябе чужым, пазбягаў сустракацца позіркам з тымі, хто стаяў насупраць, — у большасці сваёй маладымі людзьмі, напэўна, першакурснікамі альбо старшакласнікамі, — быццам баяўся ўбачыць у іх вачах абыякавасць да ўсяго, што тут адбываецца, ці, яшчэ горш, юначы скепсіс, маўляў, мы добра ведаем цану ветліва-хвалебным тырадам, якія адрасуюцца юбілярам.

Але як толькі дырэктар музея даў слова яму і дакрануўся рукой да яго спіны, здавалася, ужо гатовы нават падштурхнуць яго да мікрафона, ён неяк адразу змяніўся — знешне і ўнутрана: выпрастаўся, у вачах з'явілася ўпэўненасць, а ногі — ён нарэшце перастаў пакалыхвацца — адчулі пад сабой зямную апору, якой ім, аказваецца, да гэтага так не хапала. Ён зрабіў некалькі ўпэўненых крокаў, левай рукой крыху рэзкавата да ўзроўню рота апусціў мікрафон, пасля чаго ўсім целам павярнуўся ў бок роўнай шарэнгі нядаўніх аратараў.

— Самую вялікую асалоду ад малявання я атрымліваў у дзяцінстве, калі яшчэ не ведаў, што такое кампазіцыя і кампазіцыйныя прыёмы. Я пасцігаў гэтую тайну самастойна, паступова, інтуітыўна, і кожнае новае адкрыццё, якое мне бачылася ў нейкай прыдуманай мной дэталі, даводзіла мяне да лёгкага галавакружэння, а гэта і ёсць вышэйшая праява натхнення. Не ведаю, можа, набытыя веды і не ператварылі мяне ў халоднага рамесніка, але сам працэс стварэння карціны, на жаль, даўно перастаў быць тайнай, — ён абхапіў сваю галаву аберуч і далей гаварыў ужо напаўжартам, — а галава перастала кружыцца. Яна нават не закружылася сёння — пасля вашых хвалебных слоў.

Пад яго экспазіцыю адвялі залу часовых выстаў на другім паверсе. Пахаджваючы туды-сюды, ён доўга выбіраў месца, дзе стаць, каб не быць у цэнтры ўвагі і спакойна назіраць за публікай, адзначаючы для сябе, каля якой карціны яна будзе затрымлівацца даўжэй. Аднак вырашыць да канца праблему з выбарам месца ён так і не паспеў: нечакана ўвесь агляд перад ім закрыла сабой сімпатычная журналістка, ад распушчаных па плячах густых валасоў якой даплываў да яго дзівосны водар дзявочай чысціні.

— Віктар Канстанцінавіч, я магу задаць вам некалькі пытанняў? — спытала яна, пасля чаго, на ўсялякі выпадак, абяззброіла яго сваёй мяккай усмешкай, а ўжо затым назвала сябе і сваё выданне.

Ён кіўнуў, не адрываючы позірку ад яе вачэй.

— Некалькі хвілін назад вы сказалі, што пачалі мяляваць яшчэ ў дзяцінстве. А хто аказаў на вас найбольшы ўплыў?

— Ну... у дзяцінстве — сама прырода. Я любіў хадзіць у парк альбо на бераг Свіслачы і доўга глядзець на дрэвы, на ваду. Калі доўга-доўга глядзець на што-небудзь жывое, яно застывае і ператвараецца ў геніяльную карціну.

— Ну а хто апроч прыроды?

— Мой сябар.

— Сябар-мастак?

— Не мастак. Аднакласнік. Проста аднакласнік. У дадзеным выпадку прафесія не мае значэння. Але ён мне аднойчы сказаў: «Калі я гляджу на твае пейзажы, мне хочацца быць дрэвам на іх, а не чалавекам». Збоку гэта падаецца крыху дзіўным кампліментам, праўда? А тады я раптам зразумеў: дрэвы ў нечым падобныя на людзей. Дрэвы, кусты, кветкі. У кожнага свой воблік, свой характар, свая душа. Так, душа. І пасля гэтага я стаў глядзець на прыроду па-іншаму, спрабуючы фарбамі перадаваць яе падабенства з чалавекам.

— Ваш любімы жанр — пейзаж, але вы пішаце і партрэты.

— У асноўным гэта праца на заказ, дзеля заробку. На жаль, пейзажы прадаюцца горш, чым партрэты, адзін з якіх, дарэчы, выстаўлены тут. І калі вы зможаце...

Ён не дагаварыў: нешта адцягнула ўвагу журналісткі, яна перастала яго слухаць і глядзела, як падалося яму, здзіўлена на тое, што было за яго спінай. Ён азірнуўся і разгублена выдыхнуў:

— Вы...

Тры месяцы назад, у сярэдзіне ліпеня, які ў горадзе задушліва пах гарачым ад спёкі асфальтам, Віктар сядзеў у сваёй майстэрні і чакаў, калі пазвоняць у дзверы. Пра мужчыну, які павінен быў пазваніць, ён ведаў толькі, што таму сёлета споўніцца семдзесят, у яго хрыплаваты голас, завуць Сяргей Сяргеевіч, і яму патрэбен уласны партрэт. «У вашым саюзе мне параілі менавіта вас, Віктар Канстанцінавіч», — неяк мнагазначна прагучала ў тэлефоннай трубцы, і ён падумаў, што давядзецца мець справу з кар'ерыстам, для якога ў жыцці вялікае значэнне маюць няпісаныя законы чыноўніцкай субардынацыі.

Віктар уявіў сабе гэтага Сяргея Сяргеевіча: невысокі, з залысінай, пакрытай лёгкім, амаль нябачным пушком, празмерна поўны, гладка, да бляску на шчоках паголены, абавязкова ў касцюме і пры гальштуку. Такому яшчэ паспрабуй дагадзі.

У іншай сітуацыі ён бы адмовіўся ад заказу, але набліжалася яго шасцідзесяцігоддзе, і вельмі патрэбны былі грошы.

У чаканні кліента ён крыху прыбраў у сваёй невялікай — дваццаць квадратных метраў — майстэрні, вызваліў ад кніг старое, на чатырох драўляных ножках і з высокай спінкай, крэсла з палінялай ад часу плюшавай абіўкай, на якое збіраўся пасадзіць госця. Кнігі, два першыя тамы «Гісторыі беларускага мастацтва», паклаў на стол каля шкляной вазы з жывой ружай. Ружу тыдзень назад ён купіў у кветкавым кіёску на ўваходзе ў супермаркет. Было ў ёй нешта незвычайнае, таямніча прыцягальнае. Там, у кіёску, яна яшчэ не да канца распусцілася, да таго самага канца, той самай рысы, пасля чаго пачынаецца паступовае, але незваротнае завяданне.

Ён прынёс ружу ў майстэрню, асцярожна, нібы баючыся параніць, адрэзаў наўскос кончык сцябла і паставіў яе ў вазу з халоднай вадой, затым растварыў у вадзе паўтаблеткі аспірыну, які трымаў тут з сырой і чамусьцмі вечна насупленай вясны, калі прастудзіў горла. Яму хацелася намаляваць гэтую ружу, але прайшоў дзень, другі, потым тыдзень, за гэты час ён зрабіў некалькі эскізаў з рознай кампазіцыяй і тут жа парваў іх: яны здаваліся невыносна банальнымі.

Нарэшце ў дзверы пазванілі. Сяргей Сяргеевіч аказаўся зусім не такім, якім ён сабе яго ўяўляў. Крыху вышэй сярэдняга росту, сівы, але з такой густой шавялюрай, што яе можна было прыняць за парык. Злёгку прыжмураныя вочы, якія, здавалася, вось-вось былі гатовыя яму падміргнуць, вусны з усмешкай, якой звычайна сустракаюць добра знаёмых: з такімі людзьмі адразу перастаеш адчуваць сябе чужым. Але самым нечаканым было тое, што Сяргей Сяргеевіч прыйшоў не адзін: з ім была жанчына на выгляд гадоў пяцідзесяці, з-за чаго цяжка было зразумець: дачка ці жонка.

— Сяргей Сяргеевіч Максімовіч, — нагадаў сваё імя госць і тут жа дадаў, пяшчотна дакрануўшыся далонню да пляча сваёй спадарожніцы: — А гэта Вольга Іванаўна. Мая Волечка. Я без яе цяпер нікуды ні нагой. Прабачце, што не папярэдзіў.

«Жонка, — падумаў Віктар з лёгкім шкадаваннем: так адзінокія мужчыны, калі бачаць перад сабой чужых прыгожых жанчын, шкадуюць, што тыя дасталіся некаму іншаму, а не ім. — Класічная сямейная сітуацыя: стары раўнівы муж хоча запоўніць сабой усю прастору сваёй нашмат маладзейшай жонкі, рэгулярна водзіць яе ў тэатр, на канцэрты, на выстаўкі. Напэўна, яны разам нядаўна, таму ў яго цяпер вельмі адказны перыяд: неабходна як мага часцей дэманстраваць сваёй абранніцы ўсе перавагі яго гадоў у параўнанні з узростам яе равеснікаў: мудрасць, разважлівасць, вялікае кола ўплывовых знаёмых».

— Не чакаў, што буду мець клопат з гэтым. — Сяргей Сяргеевіч паднёс указальны палец спачатку да правага, пасля да левага вока: рагавіца абодвух мела малочна-блакітнае адценне. — Глаўкома, — спакойна прамовіў ён. — Гляджу на свет як у падзорную трубу.

Віктар сумеўся, быццам усё, што ён толькі што думаў, на самай справе сказаў уголас.

— Старэць трэба прыгожа, так, як старэюць дрэвы, правільна?

Віктар ветліва і з разуменнем усміхнуўся ў адказ, паказаў яму, дзе сесці, затым вызваліў ад пустой рамы другое, з аднаго набору, крэсла і паспешліва правёў па ім далонню: гэта была крыху недарэчная рэакцыя на паўпразрыстае святло белага сарафана з рознакаляровымі матылькамі ніжэй калена той, каго не чакаў тут убачыць.

— Дзякуй, — сказала Вольга Іванаўна, і ён заварожана глядзеў, як пры хадзе ад яе рухаў ажывалі на сарафане матылькі. Крэсла, прапанаванае ёй, стаяла каля стала, і, калі яна апусцілася на яго, ён паглядзеў спачатку ёй у вочы, затым перавёў позірк на ружу ў вазе, пасля, ужо крыху збянтэжана, зноў паглядзеў ёй у вочы і накіраваўся да мальберта.

— Гэта Волеччына жаданне: заказаць партрэт да майго сямідзесяцігоддзя, — не без гонару прызнаўся Сяргей Сяргеевіч. — Я спачатку заўпарціўся, потым прапанаваў сямейны партрэт — удвух з Волечкай, але ўрэшце мы вырашылі, што сямейны закажам праз год — да юбілею нашай сям'і.

Віктар ускінуў бровы: «Юбілей? Гэта колькі — пяць, дзесяць?»

— Дзесяць гадоў разам, — задаволіў яго цікавасць Сяргей Сяргеевіч і некалькі імгненняў моўчкі сачыў за тым, як ён рэзка водзіць алоўкам па ватмане, прымацаваным кнопкамі да мальберта. — А вы ўжо што — пачалі пісаць партрэт? — і паправіў вузел цёмна-шэрага (у тон піджака), з аранжавымі палоскамі наўскос гальштука.

— Ну, як вам сказаць: пакуль я толькі раблю эскізы.

— Сяргей, — мякка сказала Вольга Іванаўна, — мне здаецца, сваімі размовамі ты перашкаджаеш чалавеку працаваць.

— Не хвалюйцеся, — супакоіў яе Віктар, — размова дапамагае лепш распазнаць твар, асаблівасці мімікі.

Сяргей Сяргеевіч крыху памаўчаў, быццам вырашаючы, да чыіх слоў яму варта прыслухацца — да жончыных ці да слоў чалавека, якога ён амаль не ведаў.

— Некаторая празмерная гаварлівасць — гэта, можна сказаць, прафесійная хвароба,— растлумачыў ён. — Лекцыі, лекцыі, лекцыі... Усё жыццё аддаў універсітэту — студэнт, выкладчык, загадчык кафедры, дэкан. Не Бог ведае якіх вяршынь дасягнуў, затое, здаецца, і чужых крэслаў ніколі не займаў.

Гадзіны праз дзве Віктар сказаў, што на сёння ўсё.

— А можна паглядзець, што ў вас атрымалася? — далікатна папрасіла Вольга Іванаўна?

— Прабачце, я стараюся нікому не паказваць свае работы, пакуль іх не закончу.

— Гэта звязана з нейкай
прыкметай?

— Калі мастацтва перастае быць таямніцай, яно перастае быць мастацтвам, — усміхнуўся Віктар, правёў гасцей да ліфта і з лёгкім шкадаваннем глядзеў, як разам з імі ў кабіну залятаюць рознакаляровыя матылькі.

У наступны раз яна была ў аднатонным, светла-блакітным касцюме, але нават не пераступіла парог, толькі спытала, колькі часу ў яе на пакупкі.

— Жанчына ёсць жанчына, — задаволена выдыхнуў Сяргей Сяргеевіч, калі яны засталіся ўдвух. — Кажа, тут побач харошы гандлёвы цэнтр. А ведаеце, — разгаварыўся ён, — Волечка была маёй студэнткай. Адной з найлепшых студэнтак. Разумніца і прыгажуня. Ёй сямнаццаць, мне трыццаць шэсць, уяўляеце — трыццаць шэсць! Мы вучыліся разам з яе бацькам. Ён, праўда, на тры курсы вышэй, але гэта не замінала нашаму сяброўству. Абодва закончылі аспірантуру пры ўніверсітэце, абодва засталіся ў ім працаваць. І тут з'явілася Волечка...

Сяргей Сяргеевіч на хвіліну задумаўся. У майстэрні пахла свежымі фарбамі. Праз расчыненую фортку шум машын на праспекце нагадваў шум марскога прыбою.

— У мяне тады яшчэ была сям'я. Ды і Волечка на чацвёртым курсе выскачыла замуж. Закончыла ўніверсітэт і надоўга прапала. А потым памерла яе маці. Для майго сябра гэта стала вельмі цяжкім ударам: што вы, у іх было такое каханне... У выніку — інсульт, Волечка закінула працу... Ну, яна неяк там дапамагала мужу займацца бізнесам, і амаль дзевяць гадоў фактычна пражыла ў бацькавай кватэры. Муж — што муж: угаворы наняць сядзелку, скандалы, развод. Можна сказаць, пакінуў яе ні з чым. Праўда, і ў самога на той час бізнес пачаў развальвацца. Ну, а калі бацька яе памёр, я прапанаваў ёй працу ў факультэцкай бібліятэцы. Яна шмат нацярпелася ў жыцці, Віктар Канстанцінавіч, паспрабуйце паглядзець на нашы з ёй адносіны з гэтага ракурсу.

«Глядзець на чужое жыццё — усё роўна што глядзець на месяц на небе: кожны раз убачыш толькі палову», — падумаў Віктар. Адкуль ён ведае, шчаслівая яна цяпер ці не? І пасля таго, як Сяргей Сяргеевіч раскрыўся яму, на гэтае пытанне стала яшчэ складаней знайсці адказ. Шчасце — калі ёсць грошы? Калі спакойнае жыццё і муж дзеля цябе гатовы на ўсё? Відаць, так. Але гэта і ёсць толькі тая самая бачная палова.

Мінулы раз, калі яна сядзела на крэсле каля стала, ён раптам заўважыў, як яны падобныя — ружа, якая перад сваім завяданнем, уражваючы апошняй, спелай прыгажосцю, здавалася, у нейкім гарачым напружанні ледзьве стрымлівала свае пялёсткі, што вось-вось гатовы былі выбухнуць і разляцецца, і жанчына, прыгажосць якой у гэтым узросце праз усю плоць, праз кожную клетачку дыхала жарам, што чакаў выпадковага ветру, каб ярка ўспыхнуць перад яе паступовым згасаннем. Ці была яна шчаслівая гэтай сваёй нябачнай яму паловай?

Сяргей Сяргеевіч і Вольга Іванаўна яшчэ тры ці чатыры разы наведалі яго майстэрню, пакуль ён нарэшце не сказаў:

— Ну, што ж, дні праз два можаце прыйсці, каб паглядзець на гатовы партрэт.

Яны ўжо былі на на лесвічнай пляцоўцы, як Вольга Іванаўна раптам спахапілася:

— Прабачце, я забыла ў вас сваю сумачку!

— О, у сумачцы сучаснай жанчыны больш каштоўнага, чым у Каралеўскай скарбніцы лонданскага Таўэра, — пажартаваў Сяргей Сяргеевіч.

Вольгі Іванаўны, здавалася, не было некалькі хвілін.

— Жанчыны не любяць спяшацца, у якой бы сітуацыі мужчыны іх не чакалі, — зноў пажартаваў Сяргей Сяргеевіч.

Віктар адчуў, як на твар яго гарачай хваляй набягае чырвань, і амаль подбегам паспяшаўся ў майстэрню.

Вольга Іванаўна спалохана і ў страшным недаўменні стаяла каля мальберта, на які быў устаноўлены падрамнік, абцягнуты халстом. З халста на Вольгу Іванаўну глядзела жанчына ў поўны рост, у якой няцяжка было пазнаць яе самую. На жанчыне быў неверагодна празрысты белы сарафан з рознакаляровымі матылькамі ніжэй калена — усё, што мастак палічыў мэтазгодным надзець на яе.

— Як вы маглі! — з адчаем у голасе ўсклікнула Вольга Іванаўна і, з сілай адштурхнуўшы Віктара, які стаяў у яе на дарозе, выскачыла з майстэрні.

Яна з мужам не прыйшлі сюды ні праз два дні, ні праз тыдзень.

Маладая журналістка назірала, як два чалавекі — незнаёмая жанчына гадоў пяцідзесяці і мастак, якому яна не паспела задаць яшчэ некалькі пытанняў, — доўга моўчкі глядзяць адно аднаму ў вочы, і не ведала, як сябе паводзіць.

— Я думала, што тут будзе вісець той варыянт майго партрэта, які бачыла ў вашай майстэрні, — першай парушыла маўчанне жанчына, у голасе якой адчувалася напружанасць.

— Цяпер вы ведаеце, чаму я стараюся нікому не паказваць свае работы, пакуль іх не закончу.

— Але, наколькі я памятаю, вы збіраліся пісаць партрэт майго мужа.

— Так і ёсць, Вольга Іванаўна. Партрэт даўно гатовы і чакае ў майстэрні.

— Як? — здзівілася жанчына.

— Ну, каб напісаць мужчынскі патрэт на заказ, часцей за ўсё дастаткова двух-трох сеансаў.

— Спадзяюся, вы не намалявалі майго мужа ў выглядзе якога-небудзь дрэва? — прыкметна павесялела яна.

— Не, але гэта цудоўная ідэя, тым больш што, як бачыце, я люблю рабіць варыянты.

Яны абое нечакана гучна засмяяліся, тым самым як бы прабачаючы адно аднаго за тое, што месяц назад здарылася паміж імі ў майстэрні.

Маладая журналістка ў задуменні накіравалася праз усю залу да карціны, якую бачыла хвілін дваццаць назад. Цяпер да яе было цяжка падступіцца. На карціне стаяла ў поўны рост жанчына, і на яе з усіх бакоў зляталіся рознакаляровыя матылькі, і ўся яна была ў матыльках, якія дакладна паўтаралі контуры яе стройнай фігуры. Ногі жанчыны ўнізе пераходзілі ў адну тонкую лінію, а валасы ўтваралі сабой пышную чырвоную ружу з раскрытымі, нібы вось-вось гатовымі вырвацца ў неба пялёсткамі.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.