Вы тут

Звыш 60 пажылых людзей паўдзельнічалі ў марафоне па скандынаўскай хадзьбе ў Гомелі


Жыхары горада над Сожам і Гомельскага раёна далучыліся да рэспубліканскага марафона па скандынаўскай хадзьбе «Крок да даўгалецця». Спаборніцтвы для людзей залатога ўзросту арганізавалі ў знакавым гістарычным месцы Гомеля — каля Гомельскага палацава-паркавага ансамбля на цэнтральнай набярэжнай Сожа. Усяго на старт выйшлі 62 ўдзельнікі. Ім неабходна было пераадолець дыстанцыю ў два кіламетры. 


Самым старэйшым гомельскім скандымарафонцам стаў дзевяностагадовы Мікалай Шапараў, былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. Мужчына наведвае два фізкультурных гуртка. За Мікалая Мітрафанавіча дома засталася балець жонка. Тут жа, на дыстанцыі імя паважанага марафонца скандзіравала ўся яго каманда падтрымкі. Мікалай Мітрафанавіч і яго сябры прадстаўляюць аддзяленне дзённага знаходжання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля. 

— Старасць мяне дома не застукае, — дзеліцца Мікалай Шапараў сваёй матывацыяй займацца спортам. 

Нягледзячы на шматлікія праблемы са здароўем гамяльчанін імкнецца шмат хадзіць. Нядаўні асабісты рэкорд мужчыны ў тэхніцы скандынаўскай хадзьбы — каля шасці кіламетраў. На спаборніцтвы Мікалай Мітрафанавіч прыйшоў са знакавай узнагародай — медалём малалетняга вязня фашысцкіх канцлагераў. Для яго гэта сімвал сілы духа яго пакалення. 

Ён, дарэчы, пераадолеў дыстанцыю скандымарафона за 22 хвіліны. Гамяльчаніна ўзнагародзілі медалём за волю да перамогі.

Упершыню вырашыла прыняць удзел у марафоне гомельскі ўрач Тамара Лысенка. Яна прайшла шлях ад вясковага фельчара да кіраўніка адзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД. У свае амаль 81 жанчына па-сапраўднаму захапілася скандынаўскай хадзьбой. Тамара Мікалаеўна прадставіла на марафоне каманду аддзялення дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Гомеля. 

— Пачала займацца скандынаўскай хадзьбой толькі гэтай вясной. Пасля захварэла і доўга ляжала ў бальніцы. Цяпер стараюся працягваць трэніроўкі, бо мяне ўжо не адпускае хадзьба. На жаль усе мае родныя далёка, таму самой прыходзіцца сябе матываваць, падштурхоўваць, каб не сядзець дома.

Яшчэ адна ўдзельніца марафона гамяльчанка Святлана Забалотная прадстаўляецца бабуляй гомельскага спорту. Дзеці і ўнукі Святланы Іванаўны прафесійныя спартсмены, майстры спорту, чэмпіёны спаборніцтваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сама яна раней ніколі прафесійна не займалася спортам, але вельмі актыўны чалавек. 

— Усе мае дзеці і ўнукі раз’ехаліся і жывуць у самых розных краінах свету. Я нікому не расказала, што прымаю ўдзел у марафоне. Хачу на фінішы сфатаграфавацца і даслаць родным фота. Вырашыла зрабіць такі сюрпрыз.

Між тым першай, хто пераадолеў дыстанцыю марафона стала 71-гадовая гамяльчанка — Ларыса Іванаўна Дубініна. Жанчына займаецца ў гуртках па інтарэсах Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля. Яе вынік на марафоне — два кіламетры за 15 хвілін 22 секунды. 

— З палкамі для скандынаўскай хадзьбы займаюся толькі год. Вывучыла правільную тэхніку самастойна дома па відэа-ўроках у інтэрнэце. Мне вельмі дапамагае тое, што я ўжо некалькі год займаюся бальнымі танцамі. Таму, вядома, у мяне добрая вытрымка, трэнірованае дыханне, — раскрыла сакрэты пераможца спаборніцтва.

 Усе ўдзельнікі марафона атрымалі падарункі – турыстычныя даведнікі аб Гомелі з картай маршрутаў, дзе можна займацца сваімі любімымі відамі спорта і глядзець на славутасці горада. Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў Гомеля, якія прадставілі каманды на спаборніцтвах, перадалі салодкія падарункі. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.