Студэнцкі рух на Беларускай чыгунцы з кожным годам актыўна развіваецца. Калі летась у арганізацыях магістралі працавалі каля 230 студэнтаў і навучэнцаў, то сёлета — у 2,5 раза болей.
У ліпені-верасні яны шчыравалі праваднікамі пасажырскіх вагонаў і манцёрамі пуці, цеслярамі і малярамі, выхавацелямі і інструктарамі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Пашырылася і геаграфія навучальных устаноў краіны. Калі ў 2022 годзе гэта былі байцы студатрадаў з дзесяці вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, то сёлета — ужо з больш чым 30, паведамляе прэс-цэнтр магістралі.
У маі мінулага года Беларускай чыгункай і ГА «БРСМ» было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, накіраванае на развіццё ўзаемадзеяння па пытаннях фарміравання і прыцягнення студэнцкіх атрадаў для работы ў арганізацыях магістралі.
У бягучым годзе пры падтрымцы Цэнтральнага камітэта БРСМ было арганізавана папярэдняе навучанне 200 студэнтаў і навучэнцаў — удзельнікаў чыгуначных сэрвісных і будаўнічых студэнцкіх атрадаў па прафесіях «Праваднік пасажырскага вагона» і «Манцёр пуці».
Падчас сустрэчы кіраўніцтва Беларускай чыгункі з актывам сэрвісных і будаўнічых студэнцкіх атрадаў яго байцы падзяліліся сваімі ўражаннямі аб рабоце на магістралі, а таксама адзначылі высокі ўзровень арганізацыі іх працоўнай дзейнасці, магчымасць атрымаць добры досвед работы, стасункаў і новыя веды.
Кіраўніцтва магістралі падзякавала прадстаўнікам студэнцкіх атрадаў за работу, а таксама выказала надзею, што пасля заканчэння навучальных устаноў многія з іх захочуць прадоўжыць свой працоўны шлях на прадпрыемствах і ў арганізацыях магістралі.
Прадстаўнікі БРСМ, у сваю чаргу, адзначылі важную ролю студатрадаўскага руху ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў краіне і вялікі ўклад Беларускай чыгункі ў яго развіццё.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.