Вы тут

Журналісты па форме. Карэспандэнт «Звязды» перадае з вучэнняў «Ваенкар-2023»


На палігоне «Лосвіда», што на Віцебшчыне, праходзіць тактыка-спецыяльнае вучэнне з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі «Ваенкар — 2023». Яно праводзіцца на працягу трох гадоў. За гэты перыяд падрыхтоўку прайшло каля 70 журналістаў і блогераў. Сёлета вырашыў паўдзельнічаць у вучэнні і карэспандэнт «Звязды».


Да месца правядзення вучэння ўдзельнікаў даставілі на верталётах ваенна-транспартнай авіяцыі. Гэта сапраўды незабыўнае адчуванне — ляцець высока ў небе, што аж займае дух і закладвае вушы. Цяпер мы, прадстаўнікі СМІ, жывём у палатачным лагеры ў адпаведнасці з вайсковым распарадкам дня. Нашым навучаннем займаюцца найлепшыя інструктары міратворчай роты 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. Па памеры, але пакуль яшчэ не зусім звыкла, прыйшлася ваенная форма і экіпіроўка.

Сёлета абароннае ведамства падрыхтавала інтэнсіўную праграму заняткаў. Упор — на навучанне навыкам работы ў зоне ўзброенага канфлікту. Заняткі праводзяцца як тэарэтычныя, так і практычныя. Сярод асноўных прадметаў — агнявая падрыхтоўка, сувязь і радыёперагаворы, рукапашны бой і самаабарона, асновы ваеннай тапаграфіі, інжынерная падрыхтоўка з упорам на парадак дзеянняў на замініраванай тэрыторыі.

У першы дзень вучэння журналістаў пазнаёмілі з узбраеннем і экіпіроўкай дэсантнікаў, умовамі ваеннай службы, вучэбна-матэрыяльнай базай. Раніца пачалася ў 6.00. Усім атрадам адправіліся на зарадку. Шчыра кажучы, было цяжкавата з нязвычкі. Пасля сняданку (а кормяць тут сапраўды смачна!) мы наведалі спецыяльную лекцыю, на якой распавялі пра падрыхтоўку журналістаў для работы ў зонах узброенага канфлікту.

Нас навучалі аказваць першую медыцынскую дапамогу і самадапамогу. І гэта, прызнацца, зусім не проста. Напрыклад, накласці самому сабе жгут, калі адна рука траўміраваная, — задача з «зорачкай». Яшчэ больш складана дацягнуць свайго параненага таварыша ў бяспечнае месца, каб аказаць яму першую медыцынскую дапамогу. У гэтым выпадку вага сапраўды мае значэнне. Адна справа цягнуць на сабе дзяўчыну, якая важыць 50 кілаграмаў, іншая — мужчыну з вагой пад сотню... Ускладняюць задачу бронекамізэлька і каска, з якімі мы не расстаёмся. Паспяхова, але не без складанасцяў, журналісты паспрабавалі свае сілы ў эвакуацыі параненага з бранятэхнікі.

Далей па праграме — інжынерная падрыхтоўка. Тут важна быць вельмі ўважлівымі, бо кожны неасцярожны крок можа стаць апошнім. Трэба звяртаць увагу на ненатуральнае размяшчэнне рэчаў. Спецыялісты настойваюць, што не трэба нічога чапаць, бо гэта можа аказацца пасткай.

Пасля інжынернай падрыхтоўкі прыйшоў час вадалазнай. Нацягнуўшы на сябе аквалангічныя касцюмы, апусціліся на дно вадаёма і нават знайшлі ракавінку. Сама вада была надзіва цёплай. У канцы другога дня адбыўся інструктаж па рукапашным баі — нас навучылі некаторым тэхнікам самаабароны.

Наперадзе яшчэ некалькі дзён. Будзем вывучаць асноўныя прыёмы і правілы выжывання, вучыцца здабываць і гатаваць ежу ў экстрэмальных умовах, даведаемся, як дзейнічаць пад артылерыйскім абстрэлам. Абавязкова пройдзем інтэнсіўную псіхалагічную падрыхтоўку. Таксама запланаваныя культурна-масавыя мерапрыемствы — ад выступленняў армейскіх творчых калектываў да песень каля вогнішча.

Вучэнне праводзіцца не першы раз. Папярэднія ўдзельнікі адзначаюць, што гэта адзін з самых эфектыўных курсаў па экстрэмальнай журналістыцы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Палігон «Лосвіда».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.