Вы тут

Якой павінна быць кніга для дзяцей?


Захапляльныя прыгоды фантастычных герояў і рэальныя праблемы сучасных падлеткаў — усё гэта ёсць у кнігах Выдавецкага дома «Звязда». 

Як адбываецца пошук таленавітых рукапісаў? Што актывізуе фантазію чытача? Ці запатрабаваны інтэрактыўныя кнігі? Якіх твораў для юнацтва сёння не хапае? На гэтыя і іншыя пытанні адказала загадчык аддзела кнігавыдання Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Шчарбакова.


— Наталля Генадзьеўна, на што арыентуецца выдавецтва, выбіраючы рукапісы твораў для дзяцей? На першым месцы выхаванне юнага чытача, яго маральных і патрыятычных якасцей ці камерцыйны падыход?

— Насамрэч сёння камерцыйны і духоўны складнікі гуляюць на адным полі, бо даўно прайшоў час, калі пад прыгожай, яркай абгорткай можна было прадаць разнастайную лухту. Да таго ж выпускаць з-пад увагі камерцыйны падыход не выпадае, бо задзейнічаныя ў кнігавытворчасці найноўшыя тэхналогіі, дарагія матэрыялы і высокакваліфікаваныя спецыялісты, што працуюць над падрыхтоўкай кнігі да друку, прымушаюць задумвацца над матэрыяльным бокам выдавецкай справы. 

— Якім крытэрыям павінна адпавядаць дзіцячая кніга?

— Найперш гэта неардынарная, крэатыўная задума аўтара тэксту. Таленавіты пісьменнік быў і застаецца першым складнікам добрай кнігі. Менавіта ў дзіцячай літаратуры, бадай, не меншую ролю адыгрывае мастак. Бо ілюстрацыя прыцягвае да чытання, актывізуе фантазію дзіцяці, якое яшчэ мае патрэбу ў матэрыялізацыі вобразаў для разумення тэксту. Таму пастаянны пошук талентаў, пашырэнне кола пісьменнікаў і мастакоў, што супрацоўнічаюць з нашым Выдавецкім домам, — сталая задача для нас. Распрацоўка арыгінальнага макета, давядзенне тэксту да дасканаласці, выбар аптымальнага кегля і абрысу шрыфту — пра ўсё гэта рупяцца супрацоўнікі аддзела кнігавыдання. З пералічанага і складаецца добрая дзіцячая кніга.

— Ці дастаткова прапаноўваецца рукапісаў — добрых і разнастайных?

— Сёння на дзіва шмат людзей захапляюцца пісьменніцкай дзейнасцю. Каля 700 рукапісаў зарэгістравана ў нашым Выдавецкім доме. Да ўсіх прапаноў мы ставімся максімальна ўважліва. Але, на жаль, далёка не кожны з рукапісаў варты друку. Маючы сталае кола аўтараў, поспех твораў якіх ужо не выклікае сумневаў, мы максімальна зацікаўлены ў пошуку новых імёнаў. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывае рэспубліканскі конкурс «LitUp», які ладзіцца з 2021 года. Дзякуючы яму ў нас з’явіліся такія новыя цікавыя аўтары, як Вікторыя Карась і Марына Петрашкевіч. Іх кнігі, што пабачылі свет у нашым Выдавецкім доме ў 2022 годзе, сталіся дэбютам для аўтараў, але, упэўнена, не апошняй спробаю пяра. У «Звяздзе» рыхтуюцца да друку вартыя творы і іншых пераможцаў конкурсу.

— Ці часта здараецца ў вашай практыцы, што кніга «выстрэльвае»? Прыкладам, гісторыя Ягора Конева пра дамавічкоў вытрымала некалькі перавыданняў. Затым аўтар напісаў працяг…

— Здараецца даволі часта. І не заўсёды гэта прадказальна. Сярод кніг, што разляцеліся ў нас цягам некалькіх тыдняў пасля выпуску, — зборнікі казак Сяргея Фёдаравіча Давідовіча з уласнымі ілюстрацыямі аўтара, «Таямніца закінутай хаты» Алены Масла, «Казкі горада Парыжа» Міхаіла Чудакова (дарэчы, дэбют у дзіцячай літаратуры прафесара, доктара юрыдычных навук), нізкі вершаў Ніны Галіноўскай.

— Як Вы ставіцеся да слоў Карнея Чукоўскага, што творца, які піша для дзяцей, павінен пісаць у хвіліны шчасця? Бо дзіця шчыра верыць у перамогу дабра над злом, і аўтару не варта гэтую веру адбіраць. Дзіцячыя кніжкі павінны быць аптымістычнымі?

— Павінны быць рознымі, не толькі забаўляльнымі. Праз кнігу юны чытач вучыцца адчуваць розныя эмоцыі, рыхтуецца да жыцця, напоўненага як радаснымі падзеямі, так і сумнымі момантамі. Праз аптымістычную гісторыю выхаваць у дзіцяці здольнасць да спачування і эмпатыю складана. Менавіта таму «Муму» Івана Тургенева, «Белы Бім Чорнае вуха» Гаўрыіла Траяпольскага, «Гутаперчывы хлопчык» Дзмітрыя Грыгаровіча назаўсёды ўвайшлі ў класіку дзіцячай літаратуры. Сярод аўтараў, што выдаваліся ў нас, можна згадаць Алега Ждана, Алену Масла, якія ўздымаюць у сваіх творах не заўсёды вясёлыя тэмы, стымулюючы юнага чытача да глыбокага разважання пра розныя бакі нашай паўсядзённасці.

— Сапраўды, кнігі Алега Ждана — пра рэальныя праблемы школьнікаў. Там ёсць і першае каханне, і сумнае, але жыццёвае: невылечная хвароба, інваліднасць... Ці карыстаецца такая літаратура попытам? 

— Так. Праблемы, з якімі сутыкаюцца падлеткі, як вядома, не заўсёды абмяркоўваюцца з бацькамі. І адказы на свае пытанні юнакі і дзяўчаты могуць знайсці ў кнізе. Дзеля іх у Выдавецкім доме заснаваная адмысловая серыя «Пераходны ўзрост». У ёй друкаваліся такія аўтары, як Алесь Бадак, Андрэй Федарэнка, Уладзімір Саламаха, Валянціна Быстрымовіч, Ганна Чыж-Літаш і многія іншыя.

— Што патрэбна, каб кніга не залежвалася на паліцах? Выступленні крытыкаў? Прэзентацыі, круглыя сталы, фестывалі?

— Маркетынг увогуле і кніжнай прадукцыі ў прыватнасці можна назваць свайго роду мастацтвам. Ён уключае мноства элементаў. Акрамя ўсяго пералічанага вамі, маркетынг прадугледжвае пастаяннае вывучэнне і аналіз рынку, абгрунтаванае вызначэнне адэкватнага тыражу для кожнага запланаванага выдання, актыўную працу з бібліятэкамі і ўстановамі адукацыі, канструктыўнае ўзаемадзеянне з аўтарам, пастаянную актыўнасць у сацсетках. Ад аўтара таксама ў вялікай ступені залежыць паспяховасць рэалізацыі кнігі. З нашай практыкі мы можам прывесці прыклад Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, якая ладзіць са сваіх шматлікіх прэзентацый сапраўдныя захапляльныя спектаклі, на якіх і рэалізуецца значная частка тыражу.

— Як выбіраеце ілюстратараў для дзіцячых кніг?

— З намі стала супрацоўнічае цэлая кагорта мастакоў, кожны з якіх мае адметны стыль, у кожнага свой «канёк». Хтосьці з іх — выдатны анімаліст, напрыклад, Валянцін Макаранка. Хтосьці — пейзажыст, як Алена Карповіч. Некаторыя цудоўна спраўляюцца з рэалістычнымі творамі літаратуры (Святлана Стахоўская), удала працуюць з чорна-белай графікай (Аксана Красніцкая), знаходзяць вельмі нестандартнае мастацкае рашэнне (Дар’я Чарняўская). Іншыя набліжаюцца да дыснееўскай стылістыкі. 

Наша задача — стварыць тандэм, падабраць для кнігі ідэальнага ілюстратара, які б глыбока адчуў задуму аўтара і нават узбагаціў тэкст дадатковымі сэнсамі. Мы шукаем таленты не толькі сярод літаратараў, але і сярод мастакоў. Сярод нашых апошніх здабыткаў — Ліяна Жванія: першая ж аформленая ёю для «Звязды» кніга Алены Стэльмах «Пашка і сонечны праменьчык» стала пераможцай у намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Назаву і Дзіяну Бецун.

— Як Вы ставіцеся да інтэрактыўных кніг, якія гучаць, маюць у сабе розныя гульні? Такімі з’яўляюцца, прыкладам, кніжкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Ці ёсць запыт на такую літаратуру?

— Гэта вельмі запатрабаваны кірунак у кнігавыдавецкай справе. І сапраўды, Кацярына Хадасевіч-Лісавая ідзе ў яго фарватары. Бо кожная яе кніга існуе ў дзвюх плоскасцях: папяровай версіі і лічбавай. QR-коды на вокладцы і ў самім макеце «перакідваюць» юнага чытача ў Сеціва, дзе ён знаёміцца з буктрэлерам, знаходзіць цікавыя творчыя заданні, а ўдзел у гульнях, прапанаваных у папяровай версіі, адзначаецца лічбавымі прызамі праз сувязь з аўтарам у Instagram.

— Якіх кніг, на Вашу думку, сёння не хапае?

— Сёння, на мой погляд, бракуе адукацыйнай, навукова-папулярнай літаратуры для юнацтва. Зусім нядаўна мы выдалі кнігу Міхаіла Чудакова «Тайны музычных інструментаў: ад барабана да аргана», выдатна аформленую мастаком Алегам Грубіным. І ў нашых планах — працягнуць лінейку падобных выданняў, якія б у даступнай форме асвятлялі розныя аспекты культуры і навукі.

— Літаратура для маладых жанчын, дзяўчын прадстаўлена ў ВД «Звязда» кнігамі Ганны Чыж-Літаш «Споведзь», «101 спатканне...». Гісторыі пра тое, як не трэба будаваць адносіны з мужчынам, пра важнасць самаацэнкі і каштоўнасць самадастатковасці. Попыт на такую літаратуру відавочна ёсць, а што ў выдавецкім партфелі?

— Сапраўды, попыт спараджае нашы прапановы. Мабыць, у нашы няпростыя часы літаратура для разгрузкі становіцца запатрабаванай. Дарэчы, толькі выйшаў з друку раман аднаго з папулярных аўтараў Літрэсу (буйнога прадстаўніка рынку электронных кніг у краінах СНД) Алесі Кузняцовай «Калі трашчыць лёд».

— Традыцыйнае пытанне ў эпоху лічбавай рэальнасці: што можна зрабіць, каб дзеці і моладзь больш чыталі, а кніга магла канкурыраваць з гаджэтамі?

— Не трэба канкурыраваць з гаджэтамі. З аднаго боку, друкаваная кніга трывала займае сваю нішу, маючы несумненныя перавагі перад лічбавымі аналагамі. З другога боку, трэба з гаджэтамі сябраваць, трымаць руку на пульсе часу, уводзячы ў выданні інтэрактыўныя элементы і, магчыма, звяртаючыся да электроннага фармату таксама. Мы да гэтага гатовы.

Падрыхтавала Алена БРАВА

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.