Вы тут

На БелАЭС адпрацавалі сцэнарый ратавання падчас вучэнняў АДКБ «Скала-2023»


Згодна з легендай вучэнняў, на БелАЭС здарылася запраектная аварыя, у выніку якой быў пашкоджаны шэраг тэхналагічных сістэм і камунікацый станцыі, а тэрыторыя Астравецкага раёна падверглася забруджванню. Стабілізавалі сітуацыю і выконвалі аварыйна-ратавальныя работы на дзесяці вучэбных пляцоўках, дзе адпаведныя службы адпрацавалі ўсе дзеянні па дапамозе жыхарам і персаналу станцыі, а таксама ліквідацыі радыяцыйнай небяспекі.



Вучэннні па ядзернай бяспецы прайшлі на БелАЭС. Фотарэпартаж


План па стабілізацыі і ўкрыццё персаналу

Практычная работа па ліквідацыі аварыі на рэактарным абсталяванні пачалася ў вучэбна-трэніровачным цэнтры атамнай станцыі, дзе супрацоўнікі паказалі, як трэба дзейнічаць пры ўводзе БелАЭС у рэжым «Аварыйная гатоўнасць» і «Аварыйная абстаноўка».

План ратавання адпрацоўваўся на спецыяльным трэнажоры, на якім звычайна адпрацоўваюць навыкі работнікі станцыі. Пры рэагаванні на надзвычайнае становішча — аварыю на рэактарным абсталяванні — спецыялісты кантралявалі параметры рэактара і намагаліся стабілізаваць яго стан. Заўважым, што і без легенды вучэнняў, згодна з якой быў пашкоджаны шэраг тэхналагічных сістэм і камунікацый станцыі, у супрацьаварыйнай дакументацыі БелАЭС прадугледжана некалькі дзесяткаў сцэнарыяў развіцця сітуацыі, якія прыводзяць да здарэння. Гэта, у прыватнасці, разрыў трубапроваду першага контуру, абясточванне станцыі, адмова асноўнага абсталявання і іншае.

Згодна з «Унутраным аварыйным планам», была арганізавана работа крызіснага цэнтра БелАЭС, дзе адпрацоўвалася кіраванне супрацьаварыйнымі дзеяннямі ў санітарна-ахоўнай зоне, прагназаваліся варыянты развіцця падзей і наладжвалася інфармацыйнае апавяшчэнне аб абстаноўцы зацікаўленых ведамстваў.

Яшчэ адзін этап вучэнняў — укрыццё персаналу АЭС, які не задзейнічаны ў ліквідацыі аварыі, у абаронным збудаванні грамадзянскай абароны. Ратавальнікі арганізавалі работу санітарных прапускнікоў і аказалі псіхалагічную дапамогу персаналу.

Пенная атака і радыяцыйная разведка

Супрацоўнікі МНС у гэты час тушылі рэзервуар з дызельным палівам аб’ёмам 300 м3, які, згодна з легендай, ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання запаліўся ад удару маланкі. Ачаг узгарання ліквідавалі пеннай атакай — паветрана-механічнай пенай з трох ствалоў ГПС-600. Усе ратавальнікі забяспечаны індывідуальнымі лічбавымі дазіметрамі і цеплаадбівальнымі касцюмамі, якія здольны абараніць пажарных цягам 20 хвілін ад уздзеяння адкрытага полымя пры тэмпературы 200 градусаў.

Работнікі службы радыяцыйнай і хімічнай абароны правялі радыяцыйную разведку мясцовасці і вызначылі фонавыя значэнні доз. Палявы спектрометр МКС-1601 дазваляе праводзіць разведку на мясцовасці з дапамогай аўтамабіля і нанясеннем значэнняў на электронную карту. Для маніторынгу змены абстаноўкі маецца метэакамплект, які дазваляе вызначыць тэмпературу паветра, атмасферны ціск, накірунак і хуткасць паветра, патлумачылі ратавальнікі.

Санапрацоўка і эвакуацыйнае пасведчанне

Было таксама арганізавана апавяшчэнне аб надзвычайнай сітуацыі насельніцтва вёскі Баброўнікі і яго эвакуацыя. Ратавальнікі правяралі дамы вёскі, каб ніхто не застаўся, пасля чаго людзей перавезлі да кантрольна-размеркавальнага пункту (КРП).

— У рабоце КРП задзейнічана 63 чалавекі, якія да пачатку работы атрымалі йодную прафілактыку, і 20 адзінак тэхнікі, — паведаміў начальнік КРП падпалкоўнік Ілья КАЗЛОЎ. — Транспарт заязджае ў пнеўмакаркасны паддон для апрацоўкі дэзактывуючым растворам з хуткасцю не больш за 5 км/г. Раствор змываецца вадой, пасля чаго транспарт правяраецца на ўзровень радыяцыйнага забруджвання. Калі яно перавышае нормы, то машына накіроўваецца на стаянку забруджанага транспарту. Калі адпавядае — транспарту ставіцца адметка «апрацаваны» і ён следуе па зялёным калідоры на прапускны пункт № 2, на выезд.

Эвакуіраваныя жыхары дзеляцца на групы па 5-7 чалавек, пры гэтым сем’і не падзяляюцца. Затым людзі рэгіструюцца на КРП па эвакуацыйным пасведчанням і следуюць на пост радыяцыйнага кантролю, дзе правяраюцца на забруджванне. Калі яно перавышае норму, то ў пасведчанні ставіцца адзнака «забруджаны» і чалавек следуе на спецыяльную санітарную апрацоўку ад радыяцыйнага забруджвання на санітарна-абмывачны пункт. Калі перавышэння няма, жыхару ставяць адметку «чысты».

Перад тым як трапіць па зялёным калідоры ў прапускны пункт № 2, поўную санітарную апрацоўку праходзяць абсалютны ўсе эвакуіраваныя, іх адзенне ўпакоўваецца ў шчыльны пакет. Пасля людзі па аднаму (дзеці — з бацькамі) следуюць на паўторны радыяцыйны кантроль. Калі ён пройдзены паспяхова, у пасведчанні чалавека ставіцца адзнака «апрацаваны» і людзям выдаецца новае чыстае адзенне. На апрацоўку сям’і з 3-5 чалавек спатрэбіцца да 10 хвілін. Людзі атрымалі аварыйныя камплекты, ёдную прафілактыку і псіхалагічную дапамогу. Цяпер яны гатовыя да транспарціроўкі ў пункт прыёму часова адсяляемага насельніцтва.

Меддапамога, харчаванне, інтэрнэт

Пункт прыёму часова адсяляемага насельніцтва, які здольны ўмясціць да 300 чалавек, быў створаны на базе Астравецкай гімназіі № 1. У выпадку надзвычайнай сітуацыі, каб прывесці яго ў гатоўнасць, спатрэбіцца чатыры гадзіны. У пункце ёсць спісы насельніцтва, якое адсяляецца з трохкіламетровай зоны ад АЭС з вёсак Баброўнікі, Авены, Шульнікі, расказала дырэктар гімназіі № 1 г. Астравец Алена СЕВАСЦЬЯН:

— З прыбыццём насельніцтва група ўліку звярае спісы са спісамі людзей са зборных эвакуацыйных пунктаў. Жанчыны з груднымі дзецьмі накіроўваюцца ў пакой маці і дзіцяці ці гульнявы пакой (для дзяцей да 14 гадоў). Спісы кожныя паўгадзіны дубліруюцца ў «Стол для даведак». На пункце арганізавана работа медпункта гімназіі, для дапамогі прыцягнуты ўрач і псіхатэрапеўт з Астравецкай бальніцы. Прадугледжана трохразовае харчаванне пацярпелых, а валанцёры Чырвонага Крыжа прапануюць дадатковыя наборы харчавання, адзежу, коўдры, меддапамогу. У спартыўнай залі змешчаны маты з пасцельнымі прыналежнасцямі для кожнага чалавека.

Для сувязі са сваякамі на пункце арганізавана інтэрнэт-кавярня, дзе размешчаны планшэты. Асабістыя рэчы прыбыўшых захоўваюцца ў індывідуальных ячэйках. З пацярпелымі працуюць псіхолагі МНС і Чырвонага Крыжа, ёсць кабінет для індывідуальнай псіхалагічнай работы з чалавекам.

Як адзначылі спецыялісты, усе зацікаўленыя службы і ведамствы, якія былі задзейнічаны на тактыка-спецыяльных вучэннях па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, якія прайшлі на БелАЭС, справіліся паспяхова. І гэта толькі частка мерапрыемстваў, якія адбываліся ў Беларусі ў межах сумеснага спецыяльнага вучэння ратавальных падраздзяленняў дзяржаў-членаў АДКБ «Скала-2023» з 1 да 6 верасня ўключна.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.