Вы тут

Прастора — гэта нешта іншае


У каго што баліць... Не ведаю, як вы, а я даўно ўжо стала заўважаць, што моладзь жыве неяк адасоблена. Пытаю ў пляменніцы (яна здымае адзін пакой у вялікай кватэры), хто жыве ў яе за сценкай, і чую хіба імёны ды назвы месцаў работы (суседкі мяняюцца): школа, садок, бальніца. Адказ на пытанне, якія канкрэтна, адкуль тая дзяўчына родам, хто яе бацькі — гэта ўжо з фантастыкі: не ведаю... А то яшчэ «лепш»: «Ну якая розніца?..» І ў дадатак: «Гэта — асабістая прастора чалавека. Нельга яе парушаць».


Фота: pixabay.com

Думаю: а добра тое ці дрэнна?

У часы маёй маладосці мы ўсё пра ўсіх ведалі, і гэта, згадзіцеся, часта засцерагала нас ад памылак, дазваляла, што называецца, «паплакаць у камізэльку», у моманты адчаю пачуць словы парады і падтрымкі. Мы заўважалі, хто чым дыхае, які ў каго настрой, што робіцца ў жыцці аднакурснікаў і калег.

Сёння ўсё інакш: нічога не кажы, не ўмешвайся, не парушай той асабістай прасторы... І вось яны, плады гэтай маўклівасці. Жанчына з вёскі расказвае, што яе дачка (шчасце, што ў іх даверлівыя адносіны!) вучыцца ў Мінску, што пазнаёмілася там са сваім земляком, які вельмі ёй спадабаўся, што нават схадзіла да яго «на кубачак кавы».

Маці захвалявалася (ну яшчэ б!), спытала прозвішча хлопца і з жахам даведалася, што ён — досыць блізкі сваяк. І гэта шчасце яшчэ, што адносіны паміж маладымі зайшлі недалёка, а то ж не мінуць бяды!

Магчыма, я памыляюся, але ж бяруся сцвярджаць, што яны, гэтыя беды, цяпер побач (літаральна), і па прыклад далёка не пайду. У сваёй прыяцелькі — як здавалася, маладой шчаслівай матулькі — неяк спытала, калі ўжо грошай збяруць на другое дзіцятка? А яна ў адказ — што цяпер не да гэтага, бо яны з мужам... разводзяцца.

Як?! Мы жывём амаль побач, вельмі часта сустракаемся і не ведаем, што ў каго на сэрцы, бо ў маладых не «модна» некага пускаць на сваю асабістую прастору.

А самі неяк жа ў ёй трымаюцца? Выгляду не падаюць! 

І пры гэтым псіхалагічна выгараюць, не могуць справіцца з праблемамі... А падзяліліся б, расказалі пра іх раней — і, магчыма, разам адшукалася б нейкае выйсце, удалося б адвесці бяду, што навісла над маладой сям’ёй, спыніць перад краем…

Іншымі словамі, месца, дзе адзінока і холадна, нельга, па-мойму, называць прасторай. Гэта хутчэй клетка, у якую мы самі сябе заганяем і потым не можам выйсці.

А прастора — гэта іншае: там лёгка дыхаць, там хочацца жыць, там можна пачуць слушную параду блізкага і — галоўнае — заўсёды адчуваць сябе патрэбным.

Валянціна БОБРЫК

г. Івацэвічы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.