У традыцыйным аглядзе «Звязды» — самыя важныя спартыўныя навіны.
Пазіцыя тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пасля заканчэння US Open стане першай ракеткай свету. На гэтай пазіцыі яна зменіць польскую тэнісістку Ігу Свёнтак. Польская спартсменка ўзначальвала рэйтынг WTA з красавіка 2022 года. Для захавання першай пазіцыі ёй трэба было выступіць на US Open лепш, чым Арына Сабаленка. Але Іга Свёнтак выбыла з турніру ў матчы 1/8 фіналу. Арына Сабаленка працягвае барацьбу за тытул. Яна выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе, разграміўшы францужанку Клару Бюрэль. За выхад у чвэрцьфінал турніру Арына будзе змагацца з Дар’яй Касаткінай з РФ. У пачатку сезона Арына Сабаленка абяцалі, што зробіць усё магчымае, каб скончыць год першай ракеткай свету.
Герой тыдня. У Сочы працягваецца Кубак Расіі па спартыўнай гімнастыцы з удзелам беларускіх спартсменаў. Беларус Ягор Шарамкоў стаў пераможцам у вольных практыкаваннях. За сваю праграму ён зарабіў 14,733 ачка. Амаль на паўбала беларус апярэдзіў алімпійскага чэмпіёна з Расіі Мікіту Нагорнага. Блізкі да п'едэстала сёння быў яшчэ адзін беларускі гімнаст Мікіта Парфяновіч — у практыкаванні на кані наш спартсмен стаў чацвёртым.
Лічба тыдня. 118 медалёў заваявалі беларускія весляры на Кубку Добрай волі, які прайшоў у Маскве. У скарбонцы беларускай каманды 42 залатыя, 37 сярэбраных і 39 бронзавых узнагарод. Акрамя нашых весляроў, удзел у міжнародных спаборніцтвах сярод юніёрскіх, маладзёжных і асноўных складаў прынялі атлеты з Расіі, Узбекістана, Таджыкістана і Казахстана.
Медалі тыдня. У паўночнамакедонскім горадзе Берава скончыўся турнір па настольным тэнісе Zegіn Open 2023, удзел у якім прынялі больш за сто спартсменаў з дзесяці краін, у тым ліку і з Беларусі. Нашы спартсмены заваявалі пяць узнагарод. Пераможцамі турніру сталі Нікан Шутаў (юніёры), Лізавета Цімашкова (юніёркі) і Яна Жадзько (дзяўчаты). Акрамя таго, Лізавета Цімашкова і Яна Жадзько сталі бронзавымі прызёрамі ў жаночым адзіночным разрадзе.
Аб'ява тыдня. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пацвердзіў, што беларускія і расійскія атлеты не выступяць на Азіяцкіх гульнях 2023 года ў Кітаі. У МАК адзначылі, што канцэпцыю ўдзелу ў Азіяцкіх гульнях спартсменаў дзвюх краін dывучылі. Ідэя аказалася «нядзейснай па тэхнічных прычынах». Азіяцкія гульні пройдуць у кітайскім Ханчжоў з 23 верасня lа 8 кастрычніка. Генасамблея Алімпійскага савета Азіі ў ліпені выступіла ў падтрымку прапановы дапусціць спартсменаў Беларусі і Расіі да ўдзелу ў Гульнях. Як чакалася, для атлетаў гэтых краін выдзеляць 500 квот, а допускам для іх зоймуцца міжнародныя федэрацыі. Адзначалася, што беларускія і расійскія атлеты змогуць спаборнічаць толькі ў індывідуальных відах спорту. Для беларускіх і расійскіх спартсменаў удзел у Азіяцкіх гульнях быў бы магчымасцю заваяваць пуцёўку на Алімпійскія гульні 2024 года. Адносна выступлення атлетаў дзвюх краін у Парыжы МАК пакуль нічога не вырашыў.
Каманды тыдня. У рамках Міжнароднага фестывалю баскетбола 3×3 «Канцэрна Расэнергаатам» адбыўся турнір «Смаленская крэпасць», дзе выступілі і беларускія каманды. Па выніках турніру жаночая і мужчынская зборныя Беларусі па баскетболе 3×3 заваявалі сярэбраныя ўзнагароды. Састаў жаночай каманды «Беларус» — Анастасія Бабак, Ганна Лапо, Ульяна Скіба, Алена Цітавец. Трэнер — Валянціна Навойчык. Мужчынскую зборную прадстаўлялі Арцём Брашко, Аляксей Навойчык, Ілья Мілашэўскі, Антон Зарэцкі. Трэнер — Аляксей Лашкевіч. Таксама мужчынская каманда «Мінск» стала бронзавым прызёрам турніру. Медалістамі турніру сталі Сяргей Вабішчэвіч, Ян Марынін, Максім Каратцоў, Максім Сазонаў. Трэнер — Аляксей Лашкевіч.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».