Вы тут

Мае любімыя «чытанкі»


Мы працягваем друкаваць успаміны ветэрана айчыннай журналістыкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, былога супрацоўніка «Звязды» Міхаіла Шыманскага. Ён — дзіця вайны, узнаўляючы са сваімі бацькамі, іншымі жыхарамі роднай вёскі Пешкі Бярозаўскага раёна многія падзеі, распавядае пра перажытае і незабытае ў час нямецкай акупацыі. Нам усім неабходна берагчы гістарычную памяць, каб не паўтарылася страшнае.


Усю вайну, дзе б ні была наша вялікая сям'я, мяне ніколі не пакідала цікавасць да кніг. Заўсёды, калі заходзіў у чыюсьці пешкаўскую хату, ці ў суседняй вёсцы Боркі, ці на хутары Буда, перш-наперш «шнарыў» вачыма па сценах, па лаўках, па стале — мо ўбачу кнігу. Такая мая апантанасць у лепшым сэнсе гэтага слова мела рэальную аснову: маці навучыла мяне чытаць у чатырохгадовым узросце. І часта потым успамінала, як не даваў ёй спакою, прасіў дастаць хоць якую-небудзь «чытанку». Некаторыя гісторыі з ваеннага часу — пра гэтае маё захапленне.

Нядоўгая радасць

Памятаю, як у Будзе мне аднойчы пашчасціла: нечакана ў адной хаце ўбачыў некалькі кніг. «Дайце мне хоць адну пачытаць, — ледзь не малюся. — Не згублю кнігу, прынясу вам назад».

Гаспадары даюць мне не адну, а дзве. Я бягу да Ладзіхінай хаты, радасна крычу маці:

— Вось кнігі мне далі ажно дзве. Пачытаем разам.

Потым маці ўспамінала:

— На жаль, сыночак, твая радасць тады адразу ж прайшла. Адна кніга была на польскай мове, другая — на рускай. Па-польску ты чытаць не ўмеў. Ну а руская была занадта сур'ёзная, зусім не для твайго ўзросту. І ніводнага малюнка. Мо два ці тры дні ты іх гартаў, гэта таксама давала табе задавальненне, а потым аддаў гаспадарам. Вельмі шкадаваў, што так і не змог прачытаць. І ўсё пра тыя кнігі, якія чытаў раней, успамінаў. Ну, калі яшчэ нашу хату праклятыя немцы не спалілі...

Халоднай зімовай раніцай

А было так. У пачатку вайны наш бацька прынёс з Броннай Гары паўмеха розных кніг. І тут для мяне наступіла зусім новае жыццё, якое поўнасцю мяне захапіла. Узнаўлю зараз найбольш важныя моманты — паводле ўспамінаў маці і асабіста маіх.

...Халодная зімовая раніца. У нашай хаце няўтульна і маркотна. Маці абірае бульбу, каб зварыць на сняданак, а я сяджу за сталом над кнігай. На стале ледзь чадзіць лампа, бо моцна ўкручаны кнот: вельмі ж беражом газу. Я ўтаропіўся ў кнігу, чытаю марудна, ледзь перабіраючы губамі. Кніга на рускай мове, я не паспеў яшчэ вывучыць усе літары. І часта прашу маці, каб падсказала мне тую літару, якую не ведаю. Маці зусім не злуецца, наадварот, ахвотна мне памагае, усяляк падтрымлівае мой інтарэс да чытання. І радуецца, што гэты інтарэс усё больш і больш ахоплівае мяне.

Чамусьці доўга не магу запомніць рускую літару «и». Нават і цяпер, праз столькі гадоў, памятаю, як цяжка давалася мне гэтая «и», і я па-свойму злаваўся на яе за такое «непаслухмянства». А гэтых «и» ў рускай мове — большасць.

Я «спатыкнуўся» на літары «и»

У хату заходзіць па нейкіх справах дзядзька Васіль, родны брат нашай маці.

— Чаму не спіш? — пытаецца і здзіўлена глядзіць на мяне.

— Ды вось, прачнуўся разам са мною — і адразу за кнігу, — гаворыць маці.

— Усё чытаеш і чытаеш, — працягвае дзядзька. — Хто ведае, добра гэта ці толькі вочы свае псуеш з дзяцінства. А ці зможаш, калі станеш дарослым, жыць з кніг? Ніхто табе не скажа, бо ніводнага такога чалавека цяпер у Пешках няма. Можа, у цябе нешта і атрымаецца. Ну, ладна, пачытай зараз мне ўголас. Паслухаю, як у цябе выходзіць.

Я ў поўнай разгубленасці. Упершыню з такой просьбай да мяне звяртаецца не маці, а хоць і свой, ды ўсё ж іншы чалавек. Пачынаю чытаць, вельмі стараюся, але ж атрымліваецца горш, чым калі чытаю маці.

А тут — слова з «и»: намагаюся ўспомніць, як называецца гэтая літара. Дарэмна. Расхваляваўся, усё вылецела з маёй галавы. Змоўк у поўнай роспачы.

— Ну, вось, зноў ты спаткнуўся на гэтай літары, — спяшаецца маці ад печы мне на дапамогу. — «І» яна называецца, «і»...

Я, шчыра ўдзячны маці і каб дагадзіць дзядзьку Васілю, працягваю чытаць далей. Дзякуй маці, з літарай «и» ўсё ў парадку. Але хутка на ёй «запнуўся». І па той прычыне, што на старонку кнігі ледзь падала зусім слабенькае святло лямпы.

— Ты ж малайчына, — нечакана кажа дзядзька Васіль і гладзіць мяне па галаве. — У кніжцы многа розных літар, а ты не ведаеш толькі адну. Чытай-чытай, хлопча, можа, і выйдзе з цябе добры грамацей...

Дзядзька павярнуўся ад стала, патупаў да дзвярэй — яму трэба было нешта абмеркаваць з нашым бацькам, які корпаўся ў клуні.
А я ледзь не заплакаў: у адказны момант зноў падвяла мяне тая самая «и». Выцер слёзы і пры слабым святле лампы «ўтаропіўся» ў кнігу. Спаць мне зусім не хацелася...

У маці — талент педагога

Паволі, але настойліва і цярпліва, з пачуццём глыбокага хвалявання, здзіўлення і радасці ўваходзіў я ў цудоўны свет кнігі. Ужо тады, яшчэ зусім малы, я адчуваў: кніга для маёй душы, розуму. Калі падрос і пайшоў служыць у армію, пераконваўся ў галоўным: кніга — гэта ўсебаковае пазнанне самой чалавечай існасці, гісторыі развіцця грамадства, усяго, чым багатае, цікавае і часта вельмі няпростае наша жыццё.

Ужо потым, калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, працаваў у рэдакцыі «Звязды», прачытаў і занатаваў у сваім дзённіку словы вядомага савецкага педагога Васіля Сухамлінскага, якія ўзрушылі мяне да глыбіны душы. Вось яны: «Адной з ісцін маёй педагагічнай веры з'яўляецца бязмежная вера ў выхаваўчую сілу кнігі. Школа — гэта перш за ўсё словы, кніга, жывыя чалавечыя адносіны. Кніга — гэта магутная зброя. Разумная, натхнёная кніга нярэдка вырашае лёс чалавека».

Тады, да вайны, усе нашы пешкаўцы ведалі, як хутка і добра маці навучыла мяне чытаць. Успамінаю цяпер тыя матчыны ўрокі, мы іх называлі «чытанкамі», і думаю: быў у нашай маці талент педагога. Мо на тое воля і сіла Усявышняга. Бо маці не толькі па кніжках вучыла мяне чытаць. Свае «ўрокі» яна арганічна спалучала з песнямі — іх маці чула і запомніла назаўсёды, калі ў Першую сусветную вайну апынулася ў бежанцах пад далёкім рускім горадам Царыцынам. А матчыны песні для кожнага дзіцяці, нават падлетка — гэта пачуццё, эмоцыі, хваляванні. Менавіта тое, што ўзрушае нашу душу і застаецца ў ёй, каб усё жыццё адгукацца і адгукацца.

Дзівосны свет паэзіі

«Маміны» вершы — незвычайна хвалюючая з'ява ў маім дзяцінстве, якая ў памяці назаўсёды. Гэта асобная тэма. Зараз коратка толькі пра адзін выпадак. Часцей за ўсё маці чытала мне шырока вядомы верш Мікалая Някрасава, прысвечаны Міхаілу Ламаносаву. Памятаецца: «Скоро, сам узнаешь в школе, // Как арахангельский мужик, // По своей и Божей воле // Стал разумен и велик» . Мне так падабаўся гэты верш, што ведаў яго на памяць і чытаў вельмі часта — услых, а то і проста сам пра сябе.

Верасень 1945 года. Увясну ў Борках адчынілася пачатковая школа: чатыры класы ў хаце дзядзькі Барыса. На першым школьным уроку настаўніца прапаноўвае вучням расказаць хто што хоча. Ну, самае цікавае, што ўжо адбылося ў нашым жыцці. Я чытаю той самы верш Някрасава пра Ламаносава. Ды так здорава, без адзінай запінкі, што настаўніца мяне хваліць. І пытаецца, ці ведаю, хто напісаў такі цудоўны верш. «Гэта мамін верш», — адказваю. «Няхай пакуль будзе так», — усміхнулася настаўніца.

Праз творы Някрасава, Пушкіна, Лермантава ці, як тады гаварыў, «маміны вершы», я прыйшоў у дзівосны свет нашай беларускай паэзіі. Яна поўнасцю захапіла мяне на ўсё жыццё, і тым шчаслівы. Бясконца люблю і захапляюся Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Аркадзем Куляшовым, Пятрусём Броўкам, Піменам Панчанкам, Максімам Танкам.

Пра Якуба Коласа ў Егіпце

І ўсё ж найперш — Якуб Колас. Пэўна, лёсам наканавана: многія вельмі цікавыя і важныя для мяне падзеі звязаны з імем нашага славутага песняра. Гэта адбываецца на працягу ўсяго майго жыцця. Падчас службы на Поўначы, у Савецкай Арміі. Калі чвэрць стагоддзя працаваў карэспандэнтам самай папулярнай у Савецкім Саюзе газеты «Известия». Яшчэ ў час майго падарожжа па Прыпяці, калі пабываў у хаце дзеда Талаша, сустрэўся з яго сынам і паспеў запісаць усё, што ён мне расказаў.

Пры маіх вандроўках па Кітаі і Егіпце, калі сярод экзотыкі я распавядаў гідам пра не менш цікавую экзотыку нашага Палесся і як яе вобразна апісаў Якуб Колас. Гід — перакладчык нашай групы Амір, у свой час вучыўся ў Маскве, дасканала валодаў рускай мовай, слухаў мяне і захапляўся:

— Гэта ж у вашай Беларусі столькі лясоў. І мноства рэк і азёр. І так часта ідуць дажджы! Як жа ў вас здорава, калі ўсюды зелена, і якое натхненне было ў паэта Якуба Коласа ад такой прыгажосці!

«О, край родны...»

Відаць, я змог тады хоць крыху перадаць цудоўную вобразнасць коласаўскай паэзіі, калі так узрушыўся Амір. Ды кожная лірычная душа адгукнецца трапяткім хваляваннем на глыбока пранікнёныя радкі з паэмы «Сымон-музыка»:

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей на свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць.

Прабачце, шаноўныя чытачы, але скажу пра вельмі асабістае, звязанае з імем Якуба Коласа. Яшчэ ў 1952 годзе, калі вучыўся ў восьмым класе, рэспубліканская газета «Піянер Беларусі» надрукавала мой верш, прысвечаны 70-годдзю нашага песняра. Публікацыя мела такое хвалюючае для мяне значэнне, што хацелася б вярнуцца да яе. І тут не толькі маё асабістае. Многія пакаленні беларусаў, асабліва вяскоўцаў, раслі і выхоўваліся на багатай творчасці Якуба Коласа, напоўненай глыбокім гуманізмам, хваляваннем, пачуццём бязмежнай любові, шчырай адданасці нашай мілай Беларусі. Яна фарміравала і фарміруе цяпер характар і асобу сапраўднага грамадзяніна, патрыёта сваёй радзімы. Як гэта важна, жыццёва неабходна ў наш тлумны, небяспечны час.

Дарагі ўспамін

Напрыканцы гэтага аповеду зноў вярнуся да «чытанак». Заўсёды, калі раней з Мінска прыязджаў у свае Пешкі, абавязкова сустракаўся з дзядзькам Васілём. Падоўгу сядзелі разам за сталом, дзядзька выпытваў у мяне, як жывецца ў самай сталіцы. Уважліва мяне слухаў і глядзеў на былога паўгалоднага і худога хлопчыка з пачуццём свайго асабістага задавальнення і нават гонару.

— Усё ж такі, Міша, кнігі вывелі цябе ў свет, — разважаў дзядзька. — А я і верыў у гэта. Помніш зімовыя «чытанкі»?

— А як жа. Іх нельга забыць.

— І я помню. Я цябе яшчэ тады хваліў, што з мноства літар ты доўга не мог вывучыць толькі адну. Гэта ж трэба — усяго адну. Вось бы мне твае здольнасці.

Мы абодва смяёмся, нетаропка абедаем. Настрой у нас цудоўны, бо на стале не толькі смачныя вясковыя ласункі... Але і самыя дарагія ўспаміны пра мае любімыя «чытанкі»…

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.