Вы тут

Радзькоў: Свет спазнаецца не толькі навуковымі метадамі, але і праз мастацкі вобраз...


У час нейрасетак і інфармацыйнага выбуху цяжка спрагназаваць лёс прыгожага пісьменства. Здаецца, мы толькі пачалі горача спрачацца, ці выцесніць электроная кніга папяровую... Сёння гэта не самая галоўная праблема літаратуры. З’яўляюцца ўсё новыя і новыя аспекты ў тым, як літаратура і ўвогуле мастацтва змяняюцца пад уплывам часу, як уздзейнічаюць на грамадства... Змянілася стаўленне і да асобы пісьменніка, яго ролі ў соцыуме. Сёння мы паразважаем пра гэта з вядомым грамадскім дзеячам, навукоўцам, пісьменнікам Аляксандрам Радзьковым.


— Аляксандр Міхайлавіч, падчас міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» вы правялі паралелі паміж развіццём грамадства і квантавай фізікай... Між тым у адносінах да мастацкай літаратуры гавораць пра нейкі «магічны крышталь», нешта непадуладнае законам матэрыяльнага свету... Што такое, у вашым уяўленні, «магія мастацтва», і ці ўсё ў геніяльным творы ў працэсе яго ўзнікнення можна вытлумачыць навукай?

— Мне заўсёды ўяўлялася, што заканамернасці навакольнага нас свету шмат у чым адзіныя, і яны так ці інакш адносяцца і да жывога, і да нежывога свету. І ў той раз прысутных на сімпозіуме пісьменнікаў і журналістаў я спрабаваў пераканаць больш уважліва паставіцца да гэтай думкі. Пісьменнік — даследчык чалавечага грамадства, а ў аснове развіцця соцыуму, як і ў сучасным разуменні ўладкавання мікрасвету, гэта значыць у квантавай фізіцы, ляжаць імавернасныя законы. Мы ж сапраўды толькі з пэўнай доляй верагоднасці можам прадбачыць вялікае перасяленне народаў, сацыяльную рэвалюцыю ці сварку ў сваёй сям’і. Гэтак жа мы можам толькі прадбачыць каардынаты знаходжання элементарнай часціцы, нават ведаючы яе хуткасць, масу і напрамак пачатковага руху. Прывяду яшчэ адзін прыклад у доказ сваіх падыходаў для разумення рэчаіснасці, якая нас атачае. Яшчэ ў пачатку XІX стагоддзя шатландскія навукоўцы звярнулі ўвагу на моцную і дзіўна ўстойлівую хвалю, якая на канале раптам узнікае перад носам карабля і потым, адарваўшыся ад яго, коціцца наперад з вялікай хуткасцю. Гэтыя хвалі потым часта назіралі на морах, акіянах і назвалі іх салітонамі. З’яўляючыся раптам, як быццам ніадкуль, яны маглі прывесці нават да караблекрушэння. Спатрэбілася прадметнае вывучэнне гэтай з’явы, якое дазволіла звязаць узнікненне салітонаў з такім паняццем, як няўстойлівасць. Аказалася, што з няўстойлівасцю звязана з’яўленне хваль-забойцаў у акіяне, узнікненне ў космасе зорак і... размеркаванне грошай сярод людзей!

Рабізна дробных хваль у акіяне няўстойлівая, магутнай плынню яна можа сфакусіравацца ў адну хвалю-салітон, якая здольная пераламаць велізарны танкер або круізны лайнер.

Гравітацыйная няўстойлівасць прыводзіць да ўзнікнення зорак — была раўнамерная матэрыя, але раўнамернае размеркаванне няўстойлівае, вось энергія і канцэнтруецца ў асобных месцах. Там і пачалі збірацца зоркі.

Чалавечае грамадства таксама няўстойлівае, таму, калі зладзіць раўнамернае размеркаванне грошай паміж усімі, пройдзе нейкі час, і ўсё зробіцца наадварот: у некаторых будзе шмат, у іншых — мала. Тут працуюць тыя ж законы няўстойлівасці. А размеркаванне грошай — гэта ўжо глыбока сацыяльныя пытанні. Колькі геніяльных пісьменнікаў спрабавалі вывучыць гэтую праблему?

Свет спазнаецца не толькі навуковымі метадамі, але і праз мастацкі вобраз. Адносіны паміж сацыяльнымі групамі, вызначэнне чалавекам свайго прызначэння ў грамадстве, заканамернасці праяўлення гераізму і схільнасцяў да заган — гэтыя і многія іншыя грамадскія праблемы вывучаюцца пісьменнікамі. Няхай у арсенале сваіх даследаванняў яны выкарыстоўваюць «магічны крышталь» ці «мастацкую магію», але, на мой погляд, яны абавязаны грунтавацца на разуменні агульных заканамернасцяў навакольнай рэчаіснасці і адчуваць іх праяўленне ў тых тэмах, з’явах, пра якія яны пішуць. Таму я адкрыта казаў, што на сімпозіуме мне не хапае прысутнасці сярод пісьменнікаў навукоўцаў. І не толькі грамадазнаўцаў, але і матэматыкаў, фізікаў, біёлагаў, хімікаў. Ім жа таксама ёсць што сказаць аб спазнанні навакольнага свету.

У такім выпадку ўзнікае пытанне — а як ты сам рэалізоўваеш такія творчыя ўстаноўкі? Спрабаваў! Навуковыя — у кнігах па матэматыцы. У мастацкім выданні «Мой фізмат» прапанаваў аналіз універсітэцкага жыцця на ўзроўні факультэта, у кнізе «Рэктары» намагаўся асэнсаваць, зразумець прызначэнне і адказнасць перад грамадствам гэтых людзей, «Аб матэматыцы і матэматыках» — выказаў жаданне сістэмна асэнсаваць развіццё навуковай галіны ў асобна ўзятай краіне. Як гэта ўсё атрымалася — меркаваць ужо не мне...

— Раймон Кено, французскі пісьменнік-эксперыментатар, сябар групы «Уліпо», сцвярджаў, што сучаснаму паэту нельга чакаць нейкага «натхнення», а трэба карыстацца метадамі дакладных навук, каб кантраляваць сваю свядомасць. У той час як сюррэалісты, наадварот, спрабавалі «метад аўтаматычнага пісьма» і сцвярджалі, што сапраўдны твор можа з’явіцца толькі ў стане «змененай свядомасці», да якога сябе, уласна кажучы, і спрабавалі даводзіць... І тыя, і другія нараджалі творы, якія засталіся ў гісторыі сусветнай літаратуры. Як думаеце, чые падыходы ўсё-ткі больш дзейсныя ў свеце, дзе творцаў выцясняюць нейрасеткі?

— Думаю, многія навукоўцы і літаратары, ды і ўвогуле ўсе адукаваныя людзі заўважалі за сабой, што не памятаюць дакладных фармулёвак правілаў арфаграфіі, а пішуць правільна. Чаму так, мне растлумачылі прафесійныя філолагі — яшчэ ў школьныя гады правілы правапісу сістэмна ўклалі нам у галовы, мы з тых часоў карыстаемся імі падсвядома, яны ўжо ў падкорцы галаўнога мозгу. Таму і паэты-рэалісты, і паэты-сюррэалісты падсвядома ў сваёй творчасці зыходзяць са зразумелых і прынятых да нашага часу аб’ектыўных законаў існавання і развіцця навакольнай рэчаіснасці. Трэба, аднак, прызнаць, што і навукоўцы далёка не ўсё ведаюць пра ўладкаванне нашага свету. Стывен Хокінг з гэтай нагоды неяк сказаў: «Я цяпер ведаю, як уладкаваны наш Сусвет, але не ведаю, навошта!». Таму ўсе думаючыя, творчыя людзі працягваюць спазнаваць наш свет ва ўсіх яго праявах, выказваючы часам вар’яцкія, на першы погляд, ідэі. Бо так ставіліся спачатку і да геаметрыі Лабачэўскага, і да тэорыі адноснасці Эйнштэйна, і да неўяўных законаў квантавай фізікі. А ў выніку ж усё аказалася рэальным, усё працуе! Трэба пагадзіцца, што творчыя людзі свае разважанні ці іх высновы часта ўвасабляюць у вельмі незвычайную форму. Напрыклад, адзін з самых вядомых сюррэалістаў Сальвадор Далі свае роздумы аб паняцці часу выказаў у карціне «Заўсёднасць памяці» ў выглядзе размякчанасці гадзіннікаў, якія звісаюць і сцякаюць са стала. Падобна, ён інтуітыўна адчуваў і фізічную, і філасофскую складанасць паняцця часу. Дзе тут заканчваецца рэалізм і пачынаецца сюррэалізм?

Дададзім да гэтага тысячагадовую ўстойлівасць прыхільнасці людзей да рэлігіі. Калі мы нешта яшчэ не можам зразумець — у гэта верым! У Бога верылі і працягваюць верыць і масцітыя навукоўцы, і вядомыя паэты. А нейрасеткі — гэта прадукт творчасці рэальных людзей, але не генератар новых ідэй.

— Дарэчы, пра нейрасеткі... Ва ўсім свеце творцы занепакоеныя, што штучны інтэлект не проста складзе ім канкурэнцыю, але выцесніць з рынку. На канферэнцыях і семінарах праводзяць аднолькавыя эксперыменты: даюць адрозніць твор штучнага інтэлекту ад твора жывога чалавека. І кожны раз канстатуюць: адрозніць цяжка, а часам немагчыма. Дык ці ёсць нейкія ўласцівасці «жывой творчасці», якія не зможа засвоіць ІT, або прафесіі пісьменніка і мастака знікнуць, як зніклі прафесіі тэлефаніста і ліхтаршчыка?

— Штучны інтэлект, нейрасеткі — натуральнае развіццё сучасных тэхналогій. Гэта не спыніць. І, як заўсёды, новаўвядзенні апярэджваюць гатоўнасць грамадства іх прыняць. Так было са з’яўленнем кнігі, вынаходніцтвам паравога рухавіка, уваходжаннем у паўсядзённае жыццё кінематографа і паўсюднай камп’ютарызацыяй. Але ж усё зыходзіць ад інтэлекту, ад розуму чалавека. Ён у аснове прагрэсу. Тут вельмі важна правільна распарадзіцца новымі навуковымі дасягненнямі, накіраваць іх на дабро, а не на шкоду чалавеку. Атамную энергію таксама спасціг розум, але яна можа быць накіравана як на мірныя энергетычныя патрэбы, так і на стварэнне страшнай зброі масавага знішчэння. Ад штучнага інтэлекту, ад нейрасетак таксама можна атрымаць велізарную карысць і страшную шкоду. І мы зноў вяртаемся да чалавечага розуму ў надзеі, што ён правільна распарадзіцца дадзеным новаўвядзеннем.

Цікава, шмат што ў функцыянаванні чалавечага арганізма мы вывучылі і зразумелі, напрыклад, ведаем як выпрацоўваюцца кроў, лімфа, сліна, але да гэтага часу не разумеем, як выпрацоўваецца думка. Але менавіта чалавечае мысленне ў аснове творчасці. Веды, досвед, інтуіцыя спараджаюць новую думку, арыгінальную ідэю, прывабны мастацкі вобраз. Штучны інтэлект пакуль можа толькі скамбінаваць з наяўнага інфармацыйнага масіву па ўведзенай у яго чалавекам праграме жаданы вынік. Ён не валодае інтуіцыяй, не здольны на інсайт. Таму і літаратурных шэдэўраў ад штучнага розуму наўрад ці варта чакаць. Прынамсі пакуль.

— А ці можна з дапамогай матэматыкі дакладна пралічыць поспех кнігі ў чытача?

— Можна! Але гэта запатрабуе часу і выдаткаў не менш, чым на напісанне самой кнігі. Вось схема такой працы. Для пачатку трэба зразумець, на якую чытацкую аўдыторыю ты разлічваеш з ідэяй сваёй кнігі. Колькі людзей у гэтай меркаванай аўдыторыі? Трэба вызначыць каэфіцыент тых, хто яшчэ чытае кнігі ў гэтай супольнасці. Пастарацца зрабіць своечасовы і інтрыгоўны анонс задуманага твора. Задзейнічаць для гэтага наяўную ў цябе, пажадана паўсюдную, сяброўскую агентуру. На падставе верагоднасных разлікаў вызначыць аптымальны наклад выдання, устанавіць правільную цану кнігі. Выверыць разам з выдавецтвам эфектыўную сетку распаўсюджвання накладу, правільна разлічыць пастаўкі ў кніжныя і інтэрнэт-крамы. Прэзентацыі, выступленні перад чытачамі, распаўсюджванне інфармацыі па ўсіх магчымых інфармацыйных каналах. Тут таксама патрэбен матэматычны разлік — усё не ахопіш, сіл і часу на гэта не хопіць, а навуковы падыход дапаможа вызначыць аптымальную мадэль прасоўвання ў жыццё твайго тварэння. Чаканне, што па тваю кнігу ўсе адразу стануць у чаргу — вялікая памылка. Тым больш цяпер, калі кнігі чытаюць менш і менш. Таму ўсе прапанаваныя дзеянні пажадана здзейсніць. Хаця, нават пры дасканала вывераных табой разліках неабходнасць выдання тваёй кнігі, як і яе тыраж, усё роўна вызначыць выдавецтва. Застаецца толькі спадзявацца, што ў яго таксама ёсць для гэтага матэматычны разлік.

Для прасоўвання да чытача сваёй кнігі дам адну параду, якой карыстаюся. Паўсюдна сцвярджаю, што кнігі сёння чытае толькі эліта. Збольшага гэта так і ёсць. Чытанне развівае мысленне, уяўленне, узбагачае новымі ведамі больш глыбокага, філасофскага характару, дазваляе ў патрэбных колах бліснуць веданнем сучасных літаратурных плыняў і модных выданняў. Ды і друкаваныя выданні цяпер нятанныя. Эліта, безумоўна, складаецца з вельмі адукаваных і заможных людзей. А хто не жадае сябе да яе аднесці?! Вось і купляюць кнігі.

— Ці верыце вы, што ў кожнага мастацкага твора існуе нейкае энергетычнае поле, якое ўплывае на ўспрымальніка? Ці адчувалі яго выразна, і якога кшталту? Станоўчае, адмоўнае?

— Упэўнены, што так. Праз мастацкі вобраз перадаецца комплексная плынь рацыянальнай і пачуццёвай інфармацыі. Уздзеянне на спажыўца гэтай плыні можна вызначыць і як энергетычнае поле, тым болей што такое поле не ведаюць нават фізікі. Вядомыя да цяперашняга часу палі (гравітацыйнае, электрамагнітнае, поле Хігса) мы ўспрымаем толькі па вызначаным уздзеянні на навакольнае асяроддзе, але іх фізічную прыроду пакуль не разумеем. Аднак да зямлі нас прыцягвае грунтоўна і токам можа стукнуць адчувальна. Так і музыка, карціна, кніга напэўна ўздзейнічаюць на чалавека энергетычна — могуць выклікаць радасць ці страх, смех ці слёзы, душэўны ўздым ці глыбокае засмучэнне.

У прыродзе існуе фізічная з’ява рэзанансу, гэта калі амплітуда змушаных ваганняў сістэмы ўзмацняецца пры супадзенні частаты вонкавага ўздзеяння на гэтую сістэму з частатой яе ўласных ваганняў. Падобна, рэзанансным падыходам можна ў нейкай ступені растлумачыць і асабістае ўспрыманне мастацкага вобраза, у прыватнасці кнігі. Адкрываеш яе — і тут жа фізічна адчуваеш (ці не адчуваеш) хваляванне, як расце цікавасць да таго, пра што там напісана. Гэта комплекснае ўспрыманне — тэма, аўтар, фабула, знешні дызайн, шрыфт, форма падачы матэрыялу. Калі змест захапляе — рэзананс узмацняецца, калі да напісанага губляецца цікавасць — ён згасае. Бывае, што такое станоўчае рэзананснае адчуванне кнігі хочацца паўтарыць, тады яе перачытваеш. А здараецца, што кніга ні адразу, ні з часам не выклікае трапятання, не ўзмацняе сэрцабіццё — значыць, яна табе не рэзанансная. Не, яна не дрэнная, можа быць, і вельмі добрая, але — не твая!

— Ці ёсць кнігі, якія вы б не жадалі нават мець у хатняй бібліятэцы?

— Упэўнены, што практычна кожны здаровы чалавек фізічна адчуваў пэўныя табу на мадэляванне мозгам тых ці іншых жыццёвых працэсаў. Напрыклад, учыненне гвалту, крывавага злачынства. Або адхіленні ад прыродных фізіялагічных патрэб, у прыватнасці брыдкае навязванне грамадству аднаполага кахання. Быў выпадак, калі ў нашым мікрараёне гвалтаўнік звёў з сабой шасцігадовую дзяўчынку, і праз тры дні ў рацэ знайшлі яе расчлянёнае цельца. Мой мозг аналізаваў двары, дзяцей, якія гуляюць, нават размову гэтай дзяўчынкі са злачынцам, але далей проста адмаўляўся працаваць, блакіраваў нават думкі аб тым, што давялося перажыць гэтаму дзіцяці. Таму я не люблю і не хачу чытаць кнігі з вычварэнствам, крывавым гвалтам, прапагандай чужых чалавеку захапленняў.

— Лічыцца, што чытанне развівае інтэлект... А ці здараецца ў сучасным свеце часам адваротнае — ад прачытання пэўнага кшталту літаратуры чалавек «адурняецца»?

— Першым аспірантам у мяне быў Сяргей Гуцановіч — вельмі таленавіты вучоны і арыгінальны чалавек. Прыходзіў да мяне заўсёды з цэлым спісам пытанняў і не сыходзіў, пакуль на кожнае з іх не атрымліваў дасканалы адказ. Мае калегі ў гэтых выпадках казалі, што Гуцановіч залез да Радзькова пад кашулю і, пакуль усё, што яго цікавіць, не высветліць, адтуль не вылезе. Сяргей працаваў азартна, з максімальным паглыбленнем у вывучэнне навуковых праблем, сябе не шкадаваў. Я яго стрымліваў, апекаваў, шкадаваў.

Прыязджае ў канцы жніўня да мяне і прыносіць рукапісы двух падрыхтаваных ім да друку навуковых артыкулаў. Пытаюся:

— Сярожа, дзе ты правёў адпачынак?

— У Крыме.

— Чым там займаўся?

— Вывучаў сучасныя публікацыі па тэме даследавання, напісаў два артыкулы.

— Хачу цябе на будучыню папярэдзіць, што навуковая праца складаецца не толькі з паглыблення ў даследчую працу, але і з гарачага паўднёвага сонца, цёплага мора, сакавітай садавіны, не кажучы ўжо пра лёгкія курортныя зносіны паміж маладымі людзьмі!

Спадзяюся, што і гэтая мая парада паспрыяла Сяргею абараніць кандыдацкую, а неўзабаве і доктарскую дысертацыю.

Інтэлектуальны патэнцыял у чалавека прыроджаны. Пры гэтым важна вызначыць, якой ён прадметнай накіраванасці, у якім напрамку трэба дзіця з малых гадоў развіваць. Узровень агульнага інтэлекту таксама адразу заўважны. У народзе ж заўсёды вылучалі і паважалі разумнага чалавека: ці ён пастух у вёсцы, ці брыгадзір на вытворчасці. А ўжо афіцыйна прызнаных мудрацоў — жрацоў, філосафаў, пісьменнікаў, навукоўцаў — паважалі безумоўна. Стаўленне да думаючага чалавека гранічна зразумела гучыць у народнай творчасці, напрыклад, у прыказках: «Няма розуму — лічы калека», «Лепш з разумным страціць, чым з дурнем знайсці», «Дзе розум, там і карысць».

Інтэлект развівае не толькі чытанне кніг, але ўжо сапраўды яно яму не шкодзіць. Мне сустракаліся людзі, якія кнігі паглыналі ў вялікай колькасці, але не маглі іх нават толкам пераказаць. І былі знаёмыя, якія ўвогуле нічога не чыталі, але суразмоўцы былі найцікавейшыя. Пустыя па змесце кнігі таксама трапляюцца, але тут трэба быць карэктным у ацэнках. Можа, ты іх не зразумеў, не дарос да іх успрымання, яны напісаны не для цябе. Ад кніг наўрад ці падурнееш...

— У мастацтве існуе «эфект рамачкі» — любы прадмет, вылучаны з прасторы так, каб на ім была сканцэнтраваная ўвага публікі, набывае нечаканую значнасць і неадназначнасць, сімвалічнасць... Вы пішаце ў жанры нон-фікшн. Ці сустракаліся вы з такім эфектам у сваёй творчасці — раптам падсвечваецца, набывае нечаканую трактоўку нейкая апісаная вамі дэталь, факт, нечы учынак, нечая асоба?

— Так, сустракаўся! Напрыклад, доўга выношваў кнігу аб матэматыцы. Мяне заўсёды захапляла гэтая навука, я з задавальненнем выкладаў яе раздзелы ва ўніверсітэце, удзельнічаў у арганізацыі матэматычнай адукацыі ў Беларусі. Яшчэ на пасадзе міністра адукацыі задумаў апавяданне аб шэдэўрах матэматычнай думкі. Мне вельмі хацелася прыгажосцю і арыгінальнасцю ідэй, вынікамі даследаванняў вядомых вучоных прывабіць да гэтай навукі як мага больш таленавітых юнакоў і дзяўчат. Праект прыцягнуў шматлікіх беларускіх матэматыкаў, якія падзяліліся са мной сваімі захапленнямі ад узлёту матэматычнай думкі. На гэтую карпатлівую працу спатрэбілася дваццаць гадоў, у выніку яна сфакусіравалася ў выдадзеную «Мастацкай літаратурай» кнігу «Пра матэматыку і матэматыкаў». І калі гэтая праца выйшла ў свет, я нечакана стаў атрымліваць водгукі аб патрыятычнай накіраванасці гэтай кнігі. Навукоўцы, настаўнікі, проста людзі, якія чытаюць, раптам усвядомілі, што ў нашай краіне працавалі і працуюць матэматыкі сусветнага маштабу, ім падуладныя рашэнні задач, над якімі стагоддзямі біліся вялікія навукоўцы, у нас функцыянуюць вядомыя ва ўсім свеце навуковыя школы. Бо ў развіцці сусветнай матэматычнай культуры могуць удзельнічаць толькі высокаразвітыя краіны, а з гэтай кнігі выразна відаць — Беларусь сярод іх. Людзі мне казалі, што яшчэ больш пачалі ганарыцца нашай краінай!

— Мы з вамі ўжо гаварылі пра фізікаў-фантастаў... А вось матэматыкамі былі майстры літаратуры абсурду Хармс, Хлебнікаў і Льюіс Кэрал. Велімір Хлебнікаў нават спрабаваў вывесці «ўраўненне шчасця», з’ядноўваючы матэматыку, паэзію, гісторыю і містыку. Няўжо менавіта матэматыка дапамагае выйсці за межы логікі? Ці ведаеце вы прыклады матэматыкаў-фантазёраў у сучасным свеце?

— Калі чалавек прафесійна дакрануўся да матэматыкі, то яна яго ўжо ніколі не адпусціць. Тлумачыцца гэта, на мой погляд, тым, што яна патрабуе глыбокага пагружэння ў свае тэорыі і таямніцы, велізарнай напругі разумовых сіл, вялікіх часавых выдаткаў на засваенне шчыльна ўпакаванай інфармацыі. Канчаткова ўсплыць з дасягнутых глыбінь ужо ніяк не атрымліваецца. Таму ў любой мастацкай творчасці вучонага-матэматыка будзе так ці інакш прысутнічаць праява яго прафесійных якасцяў — абстрактнасць мыслення, абгрунтаванасць дзеянняў, доказнасць высноў, строгая логіка падзей. Матэматык, што б ён ні пісаў, кожнае слова будзе нагружаць гранічна — ён выхаваны патрабаваннем максімальнай згорнутасці выкладзенай інфармацыі. І калі чытач з першага погляду не разумее мастацкую творчасць матэматыка, гэта не азначае, што яна абсудная. Ну як можна меркаваць, што дзве паралельныя прамыя недзе перасякуцца? А дапусціўшы такое, мы атрымліваем не толькі несупярэчлівую, але і карысную ў жыцці геаметрыю. А як можна ўявіць перамнажэнне прамавугольных лікавых табліц? А гэта тэорыя матрыц, без якой цяжка растлумачыць фантастычныя для ўспрымання, але рэальныя законы квантавай фізікі. Не спяшайцеся адпрэчваць мудрагелістыя прыгоды Алісы ў Краіне Цудаў — там у кожнай фразе матэматык Льюіс Кэрал закладваў глыбокі, праўда, часта вельмі незвычайны, сэнс. А хочаце — пачытайце казкі нашага вядомага беларускага матэматыка Алега Ісідаравіча Мельнікава. Упэўнены, атрымаеце задавальненне ад прачытанага і самі ўбачыце доказ маіх сцвярджэнняў аб спецыфіцы мастацкай творчасці вучоных гэтай навуковай галіны.

— Хачу згадаць у нашай размове найцікавейшую асобу Язэпа Драздовіча... Ён не толькі мастак, якога параўноўваюць з Чурлёнісам, але і аўтар навуковага трактата «Нябесныя бегі». З аднаго боку, ён сцвярджаў, што ў сваіх «візіях» падарожнічае па розных планетах, апісвае сустрэчы з іншапланецянамі, пейзажы Сатурна і Марса, што мяжуе з містыкай. З другога боку, намагаўся быць навукоўцам. Як з пункту гледжання сучаснай навукі можна ацаніць напісанае Драздовічам? Ці ёсць там нейкія прадбачанні навуковых адкрыццяў, як некаторыя сцвярджаюць?

— У Язэпа Драздовіча «Нябесныя бегі» ў большай ступені мастацкі твор, а не навуковы трактат. Нават на час напісання гэтай кнігі шмат што ў навуцы ўжо трактавалася зусім інакш. У Драздовіча ўсе планеты Сонечнай сістэмы заселеныя, размяшчаюцца і перамяшчаюцца па прыдуманых ім (дарэчы, вельмі арыгінальных) законах, па-свойму ён тлумачыць і паходжанне нашай зорнай сістэмы. Але шмат у чым наіўнае ўспрыманне найбліжэйшай да нас касмічнай прасторы суправаджаецца выдатнымі аўтарскімі літаграфіямі, таму кніга займальная, своеасаблівая. Навуковыя адкрыцці аўтар наўрад ці прадбачыў, але сваю непадробную цікавасць да даследавання космасу шматлікім чытачам сапраўды перадаў. Мне таксама бачыцца, што Язэп сваімі «Нябеснымі бегамі» інтуітыўна адчувае адну загадку, над якой да гэтага часу б’ецца чалавечы розум — для чаго чалавеку прыродай дадзены мозг з такімі магчымасцямі? Бо для завяршэння харчовага ланцужка такіх яго здольнасцяў не трэба. А з дапамогай мозгу чалавек выйшаў за межы Зямлі. Толькі чалавек! Для чаго? Ці прадугледжана нам падарожнічаць да іншых зорных сістэмаў? Яны ж неймаверна далёкія! Ці знойдзем мы іншапланетны розум? А ён нам патрэбен, ён не небяспечны? І прыкметныя крокі ў гэтым кірунку чалавецтва ўжо зрабіла. Што нас чакае ў будучыні? Як творчая натура, арыгінальна думаючы чалавек Драздовіч шукаў адказы на гэтыя пытанні, таму яго разважанні да гэтага часу цікавыя.

— Ці можна вывесці ўніверсальныя правілы для выхоўвання таленавітага пісьменніка? Якія якасці маладога чалавека могуць падказаць, што з яго выйдзе добры творца — ці гэта прадказаць немагчыма? Ці здаралася вам падштурхнуць кагось стаць на творчы шлях?

— Мне ўяўляецца, што творчыя задаткі прыроджаныя, а іх развіццё да прыкметнага праяўлення фарміруецца навакольным асяроддзем чалавека. Мне з дзяцінства часта даводзілася назіраць, што ў некаторых хлапчукоў, сяброў, якія атачалі мяне, былі здольнасці цікава распавесці пра школьнае жыццё, пра летнія прыгоды, пра асаблівасці паводзін дарослых. Іх цікава было слухаць. У студэнцкія гады такія таленты сталі яшчэ больш заўважнымі. У адным пакоі інтэрната з намі жыў Ваня Швед. Гэты назіральны, кемлівы хлопец гэтак цікава, з палескім каларытам мог нам расказаць пра пачутае і ўбачанае, што мы нават не сумняваліся: гэта будучы пісьменнік. Напрыклад, менавіта ад Вані я пачуў расповед, як здаваў экзамен па электратэхніцы наш аднакурснік Вася Кавалёў. Вася меў відавочныя артыстычныя здольнасці. Калі ён са сцэны чытаў урыўкі з «Паднятай цаліны» пра дзеда Шчукара — зала плакала ад смеху. Але матэматыка, фізіка яму даваліся нялёгка. Без «неудов» не абыходзілася ні адна сесія. Ад адлічэння Васю ратавалі ўсё тыя ж артыстычныя таленты, яго маналогі з задавальненнем слухалі і ўсе педагогі. Але калі ён у самага строгага на нашым фізмаце выкладчыка Аляксандра Яўстаф’евіча Несцерава на іспыце па найскладанейшым курсе электратэхнікі атрымаў выдатную адзнаку, нашаму здзіўленню не было мяжы. Але далей вонкавага здзіўлення гэтым фактам мы не пайшлі, а Ваня з гэтага зрабіў бліскучую замалёўку. Ён пайшоў да Аляксандра Яўстаф’евіча спытаць, як жа Вася здолеў так адказаць на іспыце. І перадаў нам тлумачэнне выкладчыка:

— Я дваццаць гадоў выкладаю электратэхніку і толькі зараз убачыў, як з дапамогай рук і ног можна растлумачыць працу трохфазнага электрарухавіка!

Такія апавяданні Вані Шведа мы маглі слухаць гадзінамі. Пасля інстытута ён працаваў дырэктарам школы і працягваў назапашваць падобныя апавяданні ўжо пра жыццё землякоў. Апублікаваць іх не паспеў — трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Мне бачыцца, што пісьменніцкае майстэрства развіваецца і шліфуецца навакольным асяроддзем, перш за ўсё ў сям’і. Можна ўжо па тым, як і што кажа малеча, зразумець узровень культуры зносін яго бацькоў і іншых сваякоў. Потым школа, універсітэт. Упэўнены, не было б такога творчага атачэння ў Пушкіна ў сям’і, а потым у ліцэі, і мы б не захапляліся яго геніяльным складам.

І зараз, на мой погляд, галоўнае ў гэтым пытанні. Пра што пісаць? Добра, калі ты адораны ўменнем фантазіраваць. Але нават для жанру фантастыкі трэба мець добрую адукацыйную базу і грунтоўны жыццёвы досвед. Нездарма ж Максім Горкі перад тым, як пісаць, «пайшоў у людзі». А Артур Хэйлі свае бестселеры «Колы», «Аэрапорт», «Гатэль» пісаў пасля таго, як на працяглы час уладкоўваўся працаваць у адпаведныя вытворчасці. З практыкі сваёй палітычнай працы ведаю, што для таго, каб людзі да цябе прыслухаліся, прынялі твае погляды на жыццё, пачулі твае заклікі, мала правільна выбудаваць сваю прамову. Трэба, каб у табе ўбачылі дасведчанага чалавека, які ўжо нечага дасягнуў у жыцці. Думаю, падобным чынам успрымаюць і пісьменніка з яго кнігай. Таму набывайце прафесію, удасканальвайцеся ў ёй, рухайцеся па службовай лесвіцы і не пераставаеце цікавіцца жыццём ва ўсіх яго праявах. Прыкмячайце яркае, незвычайнае, пераказвайце ўбачанае сваім сябрам. Асабліва ўражальнае можаце запісаць. І нікому не кажыце, што пішаце кнігу. У лепшым выпадку ў навакольных гэта будзе выклікаць раздражненне. Паверце, прыйдзе час, і ўсё вамі назапашанае папросіць выйсця. Вы скажаце — а як жа блогеры? Юныя, без ведаў і досведу, а збіраюць мільёны падпісчыкаў. Трэба прызнаць, што многія з іх крэатыўныя, умела арыентуюцца на адпаведную аўдыторыю, валодаюць сучаснымі формамі падачы інфармацыі. Але ж усё ў іх павярхоўна, лёгка прыйшло і гэтак жа лёгка сышло, таму ненадоўга. А людзі заўсёды будуць шукаць грунтоўных адказаў на жыццёва важныя для іх пытанні. І каб прапанаваць ім варыянты такіх адказаў, трэба шмат і ўпарта над гэтым працаваць.

— У вашым творчым багажы цяпер ёсць незвычайная кніга — «Маленькія гісторыі вялікай сям’і», напісаная сумесна з вашай дачкой, паэтэсай Наталляй Ігнаценка. Цікава, як ішла праца над адборам матэрыялу, бо ён жа вельмі шчыры, тычыцца сямейнага жыцця — ці ўзнікалі спрэчкі, што выносіць на паказ чытачу, што не?

— Аповеды аб сваёй сям’і толькі знешне выглядаюць як тэма зразумелая і цікавая для шырокай чытацкай аўдыторыі. Сапраўды, кожная сям’я мае сваю гісторыю. А беларускія сем’і прайшлі праз гады сацыяльных узрушэнняў, крывавых войн, выжывання ў найцяжэйшых эканамічных умовах. Але было і захапленне ад вялікіх перамог, радасць ад мірнага жыцця, якое наладжваецца, гонар ад росквіту ў апошнія гады незалежнай беларускай дзяржавы. Колькі сямейных гісторый! Так і хочацца напісаць пра подзвігі, дасягненні, перажыванні, трагедыі сваіх блізкіх. Яны ж усе заслугоўваюць памяці аб сабе. Вось тут якраз і ўзнікае праблема. Сямейнае апавяданне цікава найперш самым блізкім, а ці захопіць яно шырокае кола чытачоў — вялікае пытанне. Ды і колькасць гісторый пра сваіх родных толькі спачатку здаецца невычэрпнай. Варта ўзяцца за іх пісьмовы пераказ, і яны тут жа заканчваюцца. Ды і пісаць трэба ўмець.

У нашай вялікай сям’і апавяданні адзін пра аднаго смакавалі. Людзі адукаваныя, з добрым гумарам, многія па працы маюць зносіны з шырокім колам цікавых людзей — заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Відавочна вылучаліся і выбітныя апавядальнікі, найперш наш старэйшы брат Уладзімір — сваімі афарыстычнымі выказваннямі і малодшы брат Мікалай — адметным народным гумарам. Прывяду ў якасці прыкладу аповед аб тым, як Мікалай, які жыў больш заможна, чарговы раз памяняў сваю легкавую машыну. Малодшы брат Віктар машыну ў той час купіць сабе ўвогуле ніяк яшчэ не мог. І адразу ж пасля пакупкі Мікалай тэлефануе Віктару:

— Віцька, я сабе машыну новую купіў! Ты рады?

Я смакаваў падобныя гісторыі, але не запісваў. Проста было не да гэтага. Займаўся навуковай працай, выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся сваімі дзецьмі. Але паступова стаў заўважаць, што такія гісторыі прыкмячае і пераказвае мая старэйшая дачка Наталля. У яе яшчэ атрымліваліся вершы. Дарэчы, першыя былі напісаны якраз на сямейныя тэмы. З часам Наталля стала выдаваць зборнікі сваіх вершаў, потым напісала некалькі кніг для дзяцей, набыла як пісьменніца пэўную вядомасць і заўсёды ў сямейным коле дзялілася сваімі назіраннямі аб жыцці членаў нашай усё большай сям’і. У яе трактоўцы гэтыя гісторыі ігралі своеасаблівымі фарбамі, былі па-мастацку аформленыя і эфектна пададзеныя. І я пачаў яе падштурхоўваць да іх выдання ў выглядзе кнігі. Наташа доўга супраціўлялася. Яна, як ужо дастаткова вопытны пісьменнік, разумела, што такое выданне прадугледжвае нейкі арыгінальны падыход. Інакш кніга не выкліча ў чытачоў цікавасці. Сямейныя гісторыі ёсць ва ўсіх, прычым свае загадзя цікавейшыя за іншых.

Нам цяпер цяжка сказаць, каму першапачаткова прыйшла ў галаву гэтая думка, але мы вырашылі пісаць такую кнігу разам. Бацька і дачка, мужчынскі і жаночы падыход, розныя пакаленні, строгі дзелавы і мастацкі стыль выказвання, розны погляд на адны і тыя ж падзеі, мы нават папрасілі выдавецтва нас набраць розным шрыфтам. Думаю, што шмат у чым гэтая кніга нарадзілася дзякуючы старэйшаму сыну Наталлі, майму ўнуку Паўлу. Дзякуючы яму мы адчулі неверагодныя магчымасці новых інфармацыйных тэхналогій. Павел настроіў нам камп’ютарную праграму, якая дазволіла нам пісаць адначасова. Я бачыў, што піша Наташа, а яна — што ў дадзены момант я. І гэта пры тым, што я працаваў у Мінску, а яна — у Маскве.

Дзіўнае захапленне творчасцю! Здаралася, мы ўдваіх ляцелі — смакавалі гісторыі, апісвалі характары, успаміналі ўсё новыя і новыя здарэнні. А бывала, што сварыліся, рэзка разыходзіліся ў ацэнках і падыходах у выкладанні матэрыялу. Спыняліся, здавалася, што ўжо не вернемся да гэтай працы. Але яна ўжо нас заняволіла. Праходзіў час, і мы зноў вярталіся да творчага палёту.

Кніга выйшла. Да яе выдання з цікавасцю паставілася кіраўніцтва і рэдактары «Мастацкай літаратуры». Нам бачылася, што яе добра прымуць чытачы. Увогуле, так і атрымалася. Тыраж кнігі разышоўся хутка. Але зусім нечакана для нас да гэтай працы даволі негатыўна паставіліся... сваякі. Навошта так гаварылі шчыра, некаторыя гісторыі сказілі, усё было не так, пра мяне напісалі зусім не тое... Цяжкая гэта справа, пісьменніцтва.

— Сёння ў Беларусі ўсё папулярней робіцца ўнутраны турызм — больш і больш маладых людзей ездзяць па нашай роднай краіне, адкрываючы для сябе яе замкі, храмы, сядзібы, капліцы, гістарычныя помнікі, а значыць, яе такую багатую і ўсё яшчэ не да канца спазнаную гісторыю... Якія гістарычныя помнікі Беларусі вам дарагія, якія вы для сябе аднойчы адкрылі і ўразіліся, куды б параілі абавязкова з’ездзіць, каб лепей спазнаць родную Беларусь?

— У абавязкі міністра ўваходзіць рэгулярны прагляд прэсы. Гэта зваротная сувязь, грамадскі аналіз прынятых рашэнняў. І вось аднойчы мне на вочы трапілася нататка маладой мамы. Яна пісала, што яе муж — заўзяты рыбак, на выходныя саджае яе і двух іх сыноў у машыну, і яны выязджаюць на рэчку або на возера. Пры гэтым заўсёды ў розныя месцы. Муж садзіцца на беразе і надоўга замірае з вудамі, хлапчукі доўга на адным месцы сядзець не могуць, і ўзнікае праблема, чым іх заняць. А я, піша гэтая мама, па вонкавых прыкметах бачу, што кожны раз мы трапляем у памятныя месцы. Дзесьці засталіся падмуркі ад старой сядзібы і побач запушчаны, але яшчэ пазнавальны парк, а ў гэтым месцы відавочна ішлі кровапралітныя баі, да гэтага часу бачныя шнары-акопы, а тут, падобна, б’е з-пад зямлі старажытная крынічка. Мне б пра ўсё гэта расказаць дзецям, але я нічога не ведаю пра гэтыя мясціны і нідзе не знаходжу паказальнікаў-падказак, каб прасякнуцца гісторыяй і прыгажосцю роднага краю.

Я расказаў пра гэта калегам, і мы вырашылі распрацаваць адукацыйна-патрыятычную праграму «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!». Пачаць яе рэалізацыю з кожнай школы, дзе настаўнікі з дзецьмі і іх бацькамі для пачатку знайшлі б і абазначылі на карце ўсе памятныя і знакавыя месцы (прыродныя, гістарычныя, культурныя). Затым трэба было пазначыць іх ужо на мясцовасці — шыльдачкай, агароджай, альтанкай. Мы планавалі з часам прыцягнуць да гэтай працы мясцовыя ўлады і нават структуры ДАІ для распрацоўкі і ўсталёўкі адпаведных дарожных паказальнікаў. І справа пайшла! Прынамсі школы за гэтую працу ўзяліся з энтузіязмам. Да гэтай ідэі рэалізацыі патрыятычнага выхавання мяне ў свой час падвёў вядомы ў Беларусі археолаг Вячаслаў Фёдаравіч Капыцін. Ён са студэнтамі абышоў-аблазіў Верхняе Падняпроўе, пазначыўшы на карце і на мясцовасці ўсе археалагічныя помнікі гэтага рэгіёна. Днём — знясільвальная праца з лапатай, назойлівая машкара і пякучае сонца, карпатлівыя навуковыя нататкі, а ўвечар, ля вогнішча — займальныя аповеды аб плямёнах, якія здаўна засялялі нашы дабрадатныя і найпрыгажэйшыя мясціны, юшка, звараная тут жа на вогнішчы, песні пад гітару. Вось прадметнае выхаванне любові да сваёй зямлі, яе гісторыі, да людзей, якія яе тварылі. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка студэнтам гістфака таксама ўдзельнічаў у гэтых археалагічных экспедыцыях пад кіраўніцтвам дацэнта Капыціна. Можна быць упэўненым, што і яны ўнеслі свой уклад у фарміраванне сапраўднай любові да Беларусі нашага Прэзідэнта.

Развіваючы ідэю адукацыйна-патрыятычнага выхавання школьнікаў і студэнтаў, мы вырашылі арганізаваць сістэмныя экскурсіі па краіне, акрэсліўшы сем асноўных памятных мясцін, якія абавязаны наведаць кожны беларус. Па адным у кожным рэгіёне. Але ж да знакавых мясцін трэба аднесці не толькі старажытныя гістарычныя, прыродныя і культурныя помнікі, але і сучасныя вытворчасці, якімі мы славімся ва ўсім свеце. Паспрабавалі спачатку вызначыць гэтыя мясціны. І адразу сутыкнуліся з непераадольнымі цяжкасцямі. Такіх аб’ектаў аказалася значна больш, і выбар з іх сямі найважнейшых пагражаў ператварыцца ў гарачыя і бясконцыя спрэчкі.

  • У Мінску — Палац Незалежнасці, музей Вялікай Айчыннай вайны, трактарны завод, МАЗ, «Гарызонт», Вялікі тэатр, Акадэмія навук, ...
  • У Мінскай вобласці — Нясвіж, Хатынь, Курган Славы, БелАЗ, парк «Вялікі Камень», лінія Сталіна, Салігорскі калійны камбінат, ...
  • У Брэсцкай вобласці — Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Косаўскі замак, «Савушкін прадукт», археалагічны музей «Бярэсце», Камянецкая вежа, Ружанскі замак, ...
  • У Віцебскай вобласці — старажытны Полацк, Аршанскі льнокамбінат, Летні амфітэатр «Славянскага базару», «Нафтан», мемарыяльны комплекс «Прарыў», Дом-музей Марка Шагала, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», ...
  • У Гродзенскай вобласці — Каложская царква, Стары замак, Мірскі замак, Лідскі замак, касцёл у Гервятах, Жыровіцкі манастыр, «Гроднаазот», ...
  • У Гомельскай вобласці — Палац Румянцавых і Паскевічаў, музей прыроды ў Ляскавічах, «Гомсельмаш», Юравіцкі манастыр, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Жлобінскі металургічны завод, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, ...
  • У Магілёўскай вобласці — Буйніцкае поле, Магілёўская ратуша, Бабруйская крэпасць, «Белшына», Горацкая акадэмія, «Магілёўхімвалакно», «Беларускі цэментны завод», ...

У кожнай вобласці ўжо сем знакавых аб’ектаў! Дык гэта толькі на мой густ. Колькі па нашай краіне найпрыгажэйшых прыродных ландшафтаў, гістарычных помнікаў, аб’ектаў культуры і магутных сучасных прамысловых прадпрыемстваў?! Ёсць чым ганарыцца і ёсць што паказаць кожнаму беларусу і гасцям нашай краіны.

Наша праграма абавязковага наведвання сямі знакавых месцаў кожным беларусам затармазілася яшчэ і таму, што ў апошнія гады... беларусы сталі жыць лепш. Практычна ў кожнай сям’і з’явілася легкавая машына, а то і не адна. Людзі сталі сем’ямі з задавальненнем падарожнічаць па краіне. Адпала неабходнасць сістэмнай арганізацыі калектыўных аўтобусных экскурсій, як у савецкі час. Аднак планамерная праца над аднаўленнем і захаваннем помнікаў нашай нацыянальнай культуры актуальная. Кожны чалавек павінен ведаць і любіць сваю Радзіму.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.