Вы тут

Праходзіць музычны фестываль «Нясвіж: даўніна і сучаснасць»


На канцэрты, што адбудуцца ў тэатральнай зале палаца Радзівілаў з 25 па 27 жніўня, запрашае мастацкі кіраўнік, вядомая піяністка Таццяна Старчанка. Асаблівасць праграм, якія яна складае, у тым, што сярод праверанай сусветнай класікі заўсёды гучаць творы беларускіх кампазітараў. Таму што мы частка агульнай культурнай прасторы, таму што гэтая музыка высокага ўзроўню, незалежна ад таго, ведае яе публіка ці не — можа таму і ёсць падставы даведацца, якія гукавыя вобразы нараджаліся раней і ствараюцца цяпер ў айчынных аўтараў. Разам з мастацкім кіраўніком над увасабленнем праграмы, якая складаецца з некалькіх канцэртаў, працаваў ансамбль салістаў.


На адкрыццё фестывалю ў пятніцу адбыўся канцэрт «Скарбы Нясвіжа». Што зразумела: у гэтых сценах яе гаспадары музыку любілі і замаўлялі кампазітарам, музіцыравалі і самі. І ўжо даўно знаўцам і абазнаным слухачам вядома, што сярод Радзівілаў былі асобы творчыя, музычна адораныя, якія пісалі музыку, як Мацей Радзівіл. Ён жа стаў аўтарам лібрэта да першай беларускай оперы «Агатка», створанай кампазітарам Янам Голандам, які прыехаў у Нясвіж працаваць. Іх творы ў старажытным беларускім горадзе гучалі ўжо неаднойчы — цяпер могуць іх пачуць тыя, хто збярэцца правесці вечар пятніцы у цудоўным гістарычным будынку. А яму, між іншым вельмі пасуе класная музыка — чароўныя творы Антонія Вівальдзі ці Іагана Себасцьяна Баха ды іншых. А яшчэ творы нашага сучасніка Аляксандра Літвіноўскага (мы павінны ведаць тых, хто піша музыку сёння). 

Субота стане вельмі насычаным днём, таму што на 26 жніўня запланаваны адразу тры канцэрты. I слушна зробіць той, хто прыедзе ў Нясвіж на ўвесь дзень, каб сумясціць карыснае з прыемным: паглыбіцца ў гісторыю горада і палаца, адчуць яго аўру і атрымаць музычную асалоду ў гэтых сценах. Бо ўжо а 13-й гадзіне падчас першага канцэрта піяністка Таццяна Старчанка выканае творы Фрэдэрыка Шапэна і папулярнейшага сёння кампазітара Піліпа Гласа. Зразумелі падыход: гісторыя тут сплятаецца з сучаснасцю, між іншым, як і ў Нясвіжы.

Гэтае адчуванне павінна ўзмацніцца падчас  праграмы «Новая класіка», дзе прагучаць, у прыватнасці, творы Шапэна і Баха — але як!.. Класіку па-новаму выканае «Класік-джаз трыа» у складзе Таццяны Старчанка, Андрэя Баранава і Міхаіла Канстанцінава, з удзелам флейтыста Яўгена Віданава.

Але значна больш эмоцый атрымаюць тыя, хто застанецца на апошні канцэрт гэтага вечара, які пачнецца ў 21. 00. Позна? Але ж гэта замак, усё самае цікавае тут можа здарыцца, калі за вокнамі апускаецца цемра. Канцэрт «Ноч у замку» нездарма застаецца ў праграме фестывалю. Абазнаныя ведаюць, што прыйсці сюды можа значна раней, каб атрымаць порцыю прыемных сюрпрызаў. Далей — больш. Таму акрамя музыкі прагучаць і прыгожыя спевы артыстаў Вялікага тэатра Беларусі. Праграма абяцае сустрэчу з заслужанай артысткай Беларусі Аксанай Волкавай, а таксама з Таццянай Гаўрылавай, Юрыем Гарадзецкім... Прыгожыя рамансы і арыі з опер — і вечар не будзе сумным.

Днём у нядзелю пашчасціць тым, хто патрапiць на канцэрт «Даўніна і сучаснасць» а 13-й гадзіне. На развітанне — да наступнага лета, калі зноў будзе жаданне вандраваць і пазнаваць Беларусь — нагода падумаць пра вечнае. Пра тое, што кожнае імгненне жыцця павінна быць напоўнена сэнсам (а ў музыцы ён ёсць заўсёды) і адчуваннем хуткаплыннасці часу. Вось хоць бы праз «Поры году» Вiвальдзі, але такі ж цыкл, дарэчы, ёсць у Астара П’яцолы, які жыў на іншым кантыненце і ў іншую эпоху. Напрыканцы жніўня, на стыку лета і восені самы час паглыбіцца ў роздумы пра асаблівасць адчування часу. А Нясвіж заўсёды дорыць адчуванне таго, якія былі беларускія часы, якімі ідэямі і музыкай яны былі напоўненыя. Зразумець гэта дапамогуць творы нашага класіка Міхала Клеафаса Агінскага і сучасных кампазітараў Уладзіміра Солтана і Галіны Гарэлавай, якая працягвае ствараць гукапіс беларускага жыцця.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.