Вы тут

Уражаннямі пра Беларусь дзеляцца пісьменнікі свету


Па традыцыі і ў Дзень беларускага пісьменства і ў час працы Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу праводзяцца мерапрыемствы — круглыя сталы, прысвечаныя мастацкаму перакладу, стасункам кніжнікаў розных краін, а таксама міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Пачынаючы з 2007 года, іх удзельнікамі ў розных фарматах — і афлайн, і анлайн, — былі дзясяткі паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, перакладчыкаў, кнігавыдаўцоў. Сёння, у пярэдадзень XXX Дня беларускага пісьменства ў Гарадку, мы звярнуліся да сяброў беларускай літаратуры і сяброў Беларусі з просьбай сказаць некалькі слоў прывітання, падзяліцца развагамі пра супрацоўніцтва, сувязі з беларускім прыгожым пісьменствам. 


Мікалай Іваноў, празаік, старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Заўсёды рады бываць у Беларусі. У нас — добрае партнёрства з беларускімі пісьменнікамі. Шмат хто з іх з’яўляецца членамі Саюза пісьменнікаў Расіі. Разам з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом мы ўзначальваем Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Сёлета я пабываў і ў Мінску і ў Магілёве. Уражаны той працай, якую рэалізуюць магілёўскія ўлады, грамадскасць Магілёва і Магілёўшчыны па захаванні памяці пра гераічнае Буйніцкае поле як пра святыню беларускай зямлі, святыню Вялікай Айчыннай вайны. 

Чжан Хуэйцінь, доктар філалагічных навук (Пекін, Кітай):

— Мне заўсёды імпануе сувязь з Беларуссю. І як перакладчык, і як выкладчык універсітэта замежных моў я добра ведаю імёны Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака, Віктара Шніпа, іншых пісьменнікаў з Беларусі. Іх творы перакладзены на кітайскую мову. Рада, што камандай, якая аб’ядналася вакол Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, створаны анталагічнага характару зборнік перакладаў з твораў сучаснай беларускай паэзіі і прозы. Спадзяюся на працяг такой працы, на падтрымку беларускага боку ў арганізацыі падобных праектаў. У пэўнай ступені сувязі на сучасным этапе ўзнавіў вядомы кітайскі перакладчык і каліграф Гаа Ман. Ведаю, што напрыканцы жыцця, у 2011 — 2016 гады, яго наведалі беларускія пісьменнікі і журналісты, расказалі пра яго ў беларускіх медыя. 

Гу Юй, прафесар Нанькайскага ўніверсітэта, перакладчык (Кітай):

— Доўгія гады займаюся перакладамі паэзіі і літаратуразнаўчых, гісторыка-літаратурных эсэ пісьменнікаў Расіі з розных эпох. Яшчэ ў перыяд існавання Савецкага Саюза я наведаўся ў Мінск і пазнаёміўся з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам. Пераклаў на кітайскую мову каля 100 яго вершаў. Зараз захоплена працую над перакладамі твораў іншых беларускіх паэтаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Яўгеніі Янішчыц, Навума Гальпяровіча, іншых мастакоў слова. Склаў кнігу з перакладаў вершаў 13 беларускіх паэтаў. Спадзяюся, што ў хуткім часе яна пабачыць свет. Дарэчы, мая праца — у полі зроку краіназнаўчага часопіса «Беларусь», які выдаецца ў Мінску, выдання, дзе ёсць і старонкі на кітайскай мове. 

Хань Сяае, доктар філалагічных навук, перакладчык (Пекін, Кітай):

— У нашым універсітэце, дзякуючы і Цэнтру культуры Беларусі, і руплівасці нашых вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў, складваецца добрая атмасфера ў справе вывучэння беларускай літаратуры, у справе перакладу сучаснай беларускай літаратуры на кітайскую мову. Ёсць невялікая бібліятэка з беларускіх кніг, якая пастаянна папаўняецца дзякуючы нашаму сяброўству з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкім домам «Звязда». Мы ўсё болей грунтоўна адкрываем Беларусь, народ Беларусі праз свет мастацкіх твораў. 

Цзі Хэхэ, перакладчык, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Інстытут замежных моў Хэнаньскага педагагічнага ўніверсітэта, Кітай):

— Я закончыў аспірантуру ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, абараніў дысертацыю. Мяне цікавяць многія пытанні беларускага літаратуразнаўства. Зараз вось рады, што далучаюся да працы над перакладамі твораў беларускай прозы на кітайскую мову. 

Святлана Ананьева, кандыдат філалагічных навук, загадчык адзелам міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Ауэзава (Алматы, Казахстан):

— Даўнія стасункі ў галіне развіцця беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў прывялі да дзясяткаў публікацый у Беларусі і Казахстане на гэтую тэму. А галоўнае развілі перакладчыцкія зацікаўленні беларусаў казахскім мастацкім словам, як і казахаў — беларускай літаратурай. Мы ў Казахстане вельмі ўдзячны светлай памяці Міколу Мятліцкаму, а таксама Міхасю Пазнякову за пераўвасабленні паэзіі і прозы Абая, Мухтара Аўэзава на беларускую мову. Мноства паездак у Мінск, па адрасах Дня беларускага пісьменства прынеслі жывыя ўражанні пра Беларусь і беларусаў, дапоўнілі нашы кніжныя ўяўленні пра вашу краіну, пазнаёмілі з многімі беларускімі паэтамі і празаікамі. 

Падчас сімпозіўма «Пісьменнік і час», МІнск, 2023г

Ато Хамдам, народны пісьменнік Таджыкістана, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (Душанбэ, Таджыкістан): 

— Мы даражым дружбай з Беларуссю. Памятаем імёны салдат-таджыкаў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Беларусі пабачылі свет мае кнігі. Пра беларуска-таджыкскія сувязі на сучасным этапе я напісаў кнігу «Дружба народаў — дружба літаратур». Добра памятаю перакладчыцу Ірыну Качаткову, якая не так даўно пайшла з жыцця, яна старалася шмат зрабіць у справе перакладаў твораў таджыкскіх аўтараў на беларускую мову. І я, і мае калегі паспрыялі таму, каб у Таджыкістане выйшлі кнігі народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца, паэтаў, празаікаў Алеся Бадака, Юрыя Сапажкова, Міколы Мятліцкага, Георгія Марчука, іншых аўтараў з Беларусі. 

Зульфія Хананава, паэтэса, перакладчыца (Расійская Федэрацыя, Башкартастан):

— У мяне ў памяці і зараз — сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі ў час Дня беларускага пісьменства ў Іванава, у Брэсцкай вобласці. Гэта было ў 2018 годзе. Я адкрыла для сябе і тое, што ў Беларусі шануюць імя народнага паэта Башкартастана Мустая Карыма, параўнальна нядаўна «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы выдала ў Мінску яго кнігу, дзе знайшлося месца і ўспамінам пра башкірскага класіка. У тым ліку — і майму расповяду. Газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала вершы нашага легендарнага нацыянальнага героя Салавата Юлаева. А вось сёлета паміж пісьменніцкімі арганізацыямі Беларусі і Башкартастана заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве. 

Адам Ахматукаеў, паэт, перакладчык (Расійская Федэрацыя, Чачэнская Рэспубліка): 

— Ужо недзе каля 15 гадоў я ўважліва сачыў за развіццём сучаснай беларускай літаратуры. І адбылося гэта дзякуючы найперш таму, што мяне запрасілі аднойчы на круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». З таго часу я выдаў зборнік беларускай паэзіі ў перакладах на чачэнскую мову. Працягваю перакладаць творы класікаў і сучаснікаў і зараз. Удзячны беларускім калегам, перакладчыку Міхасю Пазнякову за тое, што і ў Мінску выйшла мая кніга. 

Валеры Тургай, народны паэт Чувашыі (Расійская Федэрацыя, Чувашская Рэспубліка):

— Беларусь, беларусаў я палюбіў даўно. І калі мяне аднойчы запрасілі наведаць Мінск, быў на сёмым небе ад шчасця. Пасябраваў з паэтам Мікола Мятліцкім, які і многія мае вершы пераўвасобіў на беларускую мову. Рады, што мяне друкуюць у Мінску — і на беларускай, і на рускай мовах. З года ў год адкрываю ўсё болей імёнаў яркіх беларускіх літаратараў. Рады, што ўдалося ў Чувашыі выдаць кнігу перакладаў з беларускай паэзіі. І проста шчаслівы, што ў Мінску ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» выйшла аж тры кнігі чувашскіх паэтаў — Мішы Сеспеля, Юрыя Семендэра і мая. Дзякуй, браты-беларусы! 

Флоа Наджы, доктар філалагічных навук, паэтэса, перакладчык (Баку, Азербайджан): 

— Рада кожнай сустрэчы з Беларуссю! Мы ў Бау аб’ядналіся з групай перакладчыкаў, сярод якіх і моладзь, каб перакласці паэзію і прозу для асобнай кнігі Уладзіміра Караткевіча на азербайджанскай мове. Шмат што ўдалося зрабіць да 90-гадовага юбілея беларускага класіка ў 2020 годзе. Пераклады надрукаваны ў азербайджанскіх медыя, знайшлі добры водгук сярод чытачоў. Цяпер працу працягваем, абавязкова выдадзім з часам і асобную кнігу. 

Рысалат Хайдарава, празаік, перакладчык, літаратурны крытык (Ташкент, Узбекістан):

— Маё пабрацімства з Беларуссю пачалося з сустрэч з беларускімі пісьменнікамі... Жывыя стасункі, а таксама ўдзел у розных дыскусіях і абмеркаваннях праз анлайн-размовы паспрыялі выбудоўванню трывалага моста беларуска-узбекскай літаратурнай дружбы. Зараз я надрукавала ў нашым галоўным літаратурна-мастацкім часопісе пераклад аповесці Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда». Мару пра тое, каб перакласці на ўзбекскую мову і іншыя творы класіка беларускай гістарычнай прозы. Цікавіць мяне і беларуская дзіцячая літаратура. Дарэчы, мы зараз у Ташкенце працуем на выданнем стотомнай Бібліятэкі сусветнай дзіцячай літаратуры. Канешне ж, яе ўпрыгожваннем будзе і беларускі том. 

Мікалай Чаркашын, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, капітан першага рангу ў адстаўцы (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Мяне з Беларуссю яднае не проста месца нараджэння — Ваўкавыск, а жывыя сувязі, памяць пра нашых прашчураў, ды і клопат пра будучыню. Іначай я не прыязджаў бы сюды па некалькі разоў на год. Я сябрую з шукальнікамі парэшткаў салдат, камандзіраў Чырвонай Арміі, якія прынялі на сябе ўдар фашысцкай армады ў 1941 годзе. Дарэчы, пра першы няпросты ваенны год напісаў чатыры раманы. Іх падзеі адбываюцца ў Заходняй Беларусі, у кнігах — рэальныя байцы і камандзіры... Тры раманы ўжо пабачылі свет. Адзін з іх — «Брестские врата» — у Мінску, у Выдавецкім доме «Звязда». Кніга маіх аповесцяў пра пасляваеннае беларускае дзяцінства выйшла таксама ў Мінску, у выдавецтве «Чатыры чвэрці». На свае вочы бачу, колькі ў Беларусі зроблена дзеля захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну. З асаблівым піетэтам стаўлюся да слоў, выказванняў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пра захаванне памяці пра драматычныя падзеі вайны, пра мужнасць і гераізм народа Беларусі, пра еднасць славянскага свету ў барацьбе з фашызмам і наша беларуска-расійскае супрацьстаянне неафашызму. Уважліва сачыў за тым, як праходзіў у Мінску літаральна днямі Антыфашысцкі кангрэс. Вы, народ Беларусі, — мудрыя і разумныя людзі, дзякуй за тыя намаганні, якія вы робіце ў справе героіка-патрыятычнага выхавання грамадства. І гэтыя намаганні — яркі прыклад для ўсяго свету. 

Алесь Кажадуб, празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Расіі (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Я нарадзіўся ў Беларусі. Так склалася, што многія гады жыву ў Маскве. Мае кнігі і зараз выходзяць у Мінску, творы друкуюцца ў беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісах. Вось нядаўна мае апавяданні надрукаваны ў адным з тамоў па-свойму ўнікальнага праекта «Сучасная беларуская літаратура». Адным словам, я непарыўна звязаны з беларускай літаратурай. І што толькі магу, раблю для яе прадстаўлення ў Расіі. Дзень беларускага пісьменства — адна з тых пляцовак, якая ўзвышае аўтарытэт беларускага слова. 

Сіражыддзін Сайід, паэт, публіцыст, перакладчык, старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана (Ташкент. Узбекістан):

— Ужо ў новым стагоддзі мне давялося двойчы пабываць у Беларусі. Адкрыў для сябе прыгожы Мінск, пазнаёміўся з фарматам правядзення такога ўнікальнага свята, як Дзень беларускага пісьменства. У нас выбудоўваюцца добрыя сувязі паміж літаратурамі Беларусі і Узбекістана, яны — частка тых культурных і гуманітарных стасункаў, што развіваюцца паміж нашымі краінамі. Прыемна, што сёлета, у 2023 годзе, у Мінску і Мінскай вобласці прайшлі Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі. Спадзяюся на працяг, развіццё традыцыі. 

Джумагельды Мулкіеў, празаік, перакладчык (Ашгабат, Туркменістан):

— Часопіс «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), у якім я працую, вельмі часта звяртаецца да публікацый твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на туркменскую мову. Змяшчаем мы і артыкулы пра літаратурныя сувязі Беларусі і Туркменістана. Ведаю, што некалькі гадоў назад у Мінску пабачыла свет вялікая кніга паэзіі Махтумкулі на беларускай мове. І адбылося гэта дзякуючы руплівай працы добра вядомага беларускага паэта і перакладчыка Казіміра Камейшы. А літаральна днямі наша газета «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва») надрукавала артыкул пра беларускага паэта і перакладчыка Алега Лойку, які ў 1970-я гады наведаўся ў Ашгабат, напісаў верш пра помнік Махтумкулі. Побач літаратурны штотыднёвік надрукаваў і новы пераклад гэтага верша. 2024 год абвешчаны ў цюркамоўных краінах Годам Махтумкулі. Спадзяюся, што нашага класіка ў чарговы раз заўважаць і ў Беларусі, з’явяцца новыя пераклады яго неўміручай паэзіі. Мы помнім, што сярод перакладчыкаў твораў Махтумкулі — і вялікі беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. 

Максат Бяшымаў, празаік, перакладчык (Ашгабат, Туркменістан):

— Вельмі цікаўлюся беларускай літаратурай. Прыцягваю да такой жа зацікаўленасці сваіх туркменскіх калег. Веру, што мастацкі пераклад паспрыяе дружбе нашых народаў. Рады, што апавяданні многіх сучасных пісьменнікаў Туркменістана з’явіліся ў перакладзе на беларускую мову ў альманаху «Далягляды», часопісах «Полымя», «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва». Дзякуй вам, беларусы!.. 

Запісаў Максім ЛЮБЧАНСКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.