Вы тут

Выстава ECOLOGY EXPO-2023 адкрыла экалагічны тыдзень


Даведацца пра існуючыя экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння; убачыць новыя тэхналогіі, дружалюбныя асяроддзю; пачуць, як вандраваць экалагічна; пачаставацца заварным хлебам і смажанай ялавічынай; здаць бутэлькі, атрымаўшы за тое экаторбу, і зрабіць фота на памяць... Гэтыя і іншыя магчымасці мелі наведвальнікі ІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы ECOLOGY EXPO-2023, якая прайшла ў Мінску.


Экамерапрыемствы — работа на будучыню

Выстава адкрыла экалагічны тыдзень у Беларусі, які завершыцца ў Столінскім раёне XVІІ рэспубліканскім экалагічным форумам. Вельмі сімвалічна, што выстава праходзіць у Год міру і стваральнай працы, а ўмацоўвае гэты сімвалізм дэвіз мерапрыемства: «Зялёныя тэхналогіі: выклікі і магчымасці для эканомікі», заўважыў Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Аснова ўсяго нашага жыцця — здаровае наваколле. Будзе здаровая нацыя — будзе і развіццё эканомікі, і далейшае жыццё на зямлі. Мерапрыемствы па ахове навакольнага асяроддзя працаёмкія і дарагія ў эканамічным плане, аднак мы працуем на будучыню. Ахоўваючы прыроду, мы ахоўваем нашу краіну.

Зніжэнне негатыўнага ўплыву на асяроддзе, пошук разумнага балансу паміж эфектыўным вядзеннем эканамічнай дзейнасці і ўздзеяннем чалавека на прыроду — галоўныя ўмовы дабрабыту чалавецтва і яго выжывання ў будучым. Цывілізаваныя краіны свету нарэшце ўсвядомілі маштабы незваротных экалагічных наступстваў бяздумнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, перакананы Леанід Анфімаў, першы намеснік генеральнага сакратара СНД:

— На глабальным узроўні выпрацаваны кансэнсус ва ўздзеянні чалавека на прыроду падчас вядзення гаспадарчай дзейнасці, палітычны і навуковы кансэнсус. Многія краіны прымаюць праграмныя дакументы па нівеліраванні негатыўнага ўздзеяння вугляроднага следу. Аднак пытанні беражлівага стаўлення да энергарэсурсаў у розных галінах народнай гаспадаркі — толькі частка вырашэння экапраблем. Вельмі важна, каб да навукова-тэхнічнага прагрэсу пры мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні існуючых прадпрыемстваў і вытворчасцяў абавязкова далучаліся эканормы і патрабаванні дзеючага заканадаўства. Неабходны ўдзел грамадскасці ў прыняцці экалагічных рашэнняў і выхаванні экакультуры.

На стэндах экспанентаў — 130 прадпрыемстваў з больш як 14 краін. Госці выставы маглі даведацца, як эфектыўна выкарыстоўваць адходы, што такое эканоміка замкнутага цыкла, чаму зялёныя тэхналогіі ўкараняюцца ў энергетыку, навошта ствараецца біяўпакоўка, як ашчадна карыстацца прыроднымі рэсурсамі. Ладам жыцця экалагічнае стаўленне да наваколля стала, напрыклад, для Дзяржкарпарацыі «Расатам», паколькі яе асноўны прадукт — атамная энергетыка — зялёны. Пры гэтым кампанія актыўна развівае напрамкі ветраэнергетыкі, экаманіторынгу, бяспечнага абыходжання з адходамі вытворчасці і гатовая дзяліцца напрацоўкамі з беларускімі калегамі.

— Пры ўдзеле беларускіх калег была распрацавана і ўзгоднена канцэпцыя, згодна з якой удзельнікі краін СНД змогуць больш якасна і празрыста абыходзіцца са сваімі асабліва небяспечнымі адходамі, — адзначыў Андрэй Лебедзеў, дырэктар напрамку па рэалізацыі дзяржаўных і галіновых праграм у сферы экалогіі Дзяржкарпарацыі «Расатам». — Летась і сёлета беларускія дэлегацыі наведвалі Расію, і цяпер сфарміраваны пункты ўзаемадзеяння, у межах якіх наша супрацоўніцтва здольнае даць станоўчы эфект абедзвюм краінам у далейшым супрацоўніцтве.

Новая Чырвоная кніга і падарункі за тару

У Беларусі пытанні экалогіі распрацоўваюцца на самым высокім узроўні. 

У краіне праводзіцца 13 відаў маніторынгу паветра, вады, зямлі, азонавага слоя, расказаў міністр:

— Сёння ў нашай краіне самыя чыстыя водныя аб’екты. Штогод паветра становіцца ўсё больш чыстым. Не існуе праблемы закрыцця вадаёмаў улетку. Мы менш фіксуем перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі прымесяў у паветры. 91,1% тэрыторыі Беларусі — асабліва ахоўныя тэрыторыі. Біяразнастайнасць у краіне павялічваецца, і мы будзем ствараць новы, дзясяты выпуск Чырвонай кнігі, адкуль будуць выключаны некаторыя віды раслін і жывёл, бо іх папуляцыі растуць і могуць не ахоўвацца законам. Адзначаецца, што дзікія звяры выходзяць на палі і дарогі. Гэта сведчанне таго, што ў нас працуюць законы і ахова навакольнага асяроддзя. Дзякуючы таму ў нашай экасферы ўсё ў парадку.

Падчас выставы наведвальнікі маглі пакінуць пустыя бутэлькі на стэндзе Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў і атрымаць за іх сувенір. Здаць за падарунак пустую тару можна было і ў мабільны тарамат кампаніі «Рэмондзіс» — іх спецыялізаваны аўтамабіль пакуль адзіны такі ў краіне і выкарыстоўваецца для абслугоўвання вялікіх мерапрыемстваў на свежым паветры. А ў экалагічнай лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя можна было праверыць прыдатнасць вады. І многія наведвальнікі прыходзілі са шклянкамі з водаправоднай і калодзежнай вады, каб даведацца, ці адпавядаюць нарматыўным яе паказчыкі PH, электраправоднасці і растворанага кіслароду. Усяго ж ваду можна праверыць па 130 паказчыках.

Акрамя ажыццяўлення экалагічнай асветы і адукацыі, сёння вельмі важна захоўваць раўнавагу ў трыядзе «дзяржава—грамадства—экалогія». На выставе можна азнаёміцца з інавацыйнымі падыходамі да захавання наваколля, пракаментавала мерапрыемства Марыяна Шчоткіна, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску:

— Улічваючы тэмпы ўрбанізацыі, важна, каб гарадская прастора была не толькі разумнай, але і зялёнай. Важнае развіццё эканомікі замкнутага цыкла і змена мадэлі спажывання рэсурсаў. Мы гаворым пра ўстойлівае развіццё, што экалогія і культура аб’ядноўваюць. Аднак насамрэч палітычныя эліты недружалюбных краін разбурылі нашы культурныя сувязі, разбураецца экалагічны рух. І калі некаторыя рэчы могуць існаваць у межах адной дзяржавы, то экалогія — не. Няма чыстага паветра ці вады асобна ў межах пэўнай краіны — гэта рэчы, якія неабходныя кожнаму чалавеку. І ў межах Саюзнай дзяржавы рэалізоўваецца шэраг праектаў, скіраваных на эканоміку замкнутага цыкла і ахову навакольнага асяроддзя.

Экатаксі для старой тэхнікі і супрацоўніцтва з царквой

У межах выставы Андрэй Худык уручыў кампаніі «БелВТІ» сертыфікат аб перадачы абсталявання для эфектыўнага і экалагічна бяспечнага збору азонаразбуральных рэчываў і ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў. Разам з сертыфікатам кампанія атрымала ключы ад аўтамабіляў для збору тэхнікі ў насельніцтва і транспарціроўкі сабраных адходаў да месцаў перапрацоўкі, а таксама спецыяльнае абсталяванне. У прыватнасці, для выдалення фрэонаў, а таксама камплект для аднаўлення і прадаўжэння жыццёвага цыкла халадзільнага абсталявання.

— За межы краіны ўжо вывезена больш як 920 тон непрыдатных пестыцыдаў і звыш 625 тон абсталявання, якое ўтрымлівае ПХБ. У планах вываз яшчэ 484 тон непрыдатных пестыцыдаў і 561 тоны абсталявання з ПХБ, — паведаміў міністр і выказаў надзею ўжо на наступным тыдні ўбачыць перададзеныя экатаксі на дарогах краіны.

Падчас мерапрыемства адбылася яшчэ адна важная працэдура — падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінпрыроды (міністр Андрэй Худык) і Беларускай праваслаўнай царквой (Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін). Гэтыя структуры ўзаемадзейнічаюць больш за 20 гадоў з мэтай забеспячэння добраўпарадкавання асяроддзя, асабліва ахоўных тэрыторый, крыніц, правядзення сумесных экалагічных акцый. Падпісанты ўпэўненыя, што ўсё пералічанае садзейнічае аздараўленню грамадзян і захаванню нацыянальнай прыроднай і культурнай спадчыны.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.