Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Тады і з’явіліся вікінгі

536 год прызналі самым цяжкім для выжывання людзей.


Самым горшым годам для жыцця за апошнія 2,5 тысячы гадоў стаў 536 год нашай эры. У ім адбылася найбольшая колькасць катастроф, паведаміў навуковы часопіс Scіence са спасылкай на сярэднявечнага гісторыка Майкла Макорміка, які выкладае ў Гарвардскім універсітэце.

Ён адзначае, што год пачаўся з густога туману, які распаўсюдзіўся на тэрыторыі Еўропы, Блізкага Усходу і Азіі, накрыў рэгіёны цемрай на 18 месяцаў.

Таксама, паводле слоў Макорміка, летам 536 года тэмпература ўпала на 1,5–2,5 градуса, што стала пачаткам самага халоднага дзесяцігоддзя за апошнія 2,3 тысячы гадоў. У гэты ж перыяд у Кітаі выпаў снег, з-за чаго пачаліся праблемы з ураджайнасцю і, як вынік, з харчаваннем, людзі былі знясіленыя голадам. У ірландскіх хроніках зафіксавана «адсутнасць хлеба ў 536–539 гадах». Пры гэтым прычынай пахаладання стала раптоўнае зніжэнне празрыстасці атмасферы ў выніку вывяржэння ісландскага вулкана.

Пасля былі зафіксаваны яшчэ два магутныя вывяржэнні вулкана, якія пакрылі попелам Еўропу і Усход. Такія суровыя ўмовы спарадзілі вікінгаў, лічыць навуковая супольнасць.


Адбымкі ад стрэсу

Яны па-рознаму ўплываюць на жанчын і мужчын.

Абдымкі здольныя панізіць узровень гармону стрэсу картызолу ў жанчын, але не ў мужчын. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Рурскага ўніверсітэта, якія апублікавалі артыкул з вынікамі сваіх эксперыментаў у навуковым часопісе PLOS One.

У даследаванні прынялі ўдзел 38 пар. Падчас эксперымента ўдзельнікі апускалі руку ў ледзяную ваду на тры хвіліны. Перад гэтым палова пар абдымалася на працягу 20 секунд, іншая — не.

У выніку навукоўцы высветлілі, што жанчыны, якія да стрэсавага стану абдымалі свайго каханага чалавека, мелі ніжэйшы ўзровень картызолу, чым іншыя ўдзельніцы эксперымента. Пры гэтым у мужчын ніякай рэакцыі на абдымкі не назіралася.

Даследчыкі зрабілі выснову, што кароткатэрміновыя абдымкі з каханым дапамагаюць жанчынам лягчэй пераносіць стрэсавыя сітуацыі, адзначаецца ў артыкуле.


Бесхрыбетны драпежнік

У Антарктыцы выявілі глыбакаводную медузу.

Навукоўцы з Vіkіng Expedіtіons сфатаграфавалі гіганцкую глыбакаводную медузу каля берагоў Антарктычнага паўвострава. Даследаванне апублікавана ў часопісе Polar Research.

Медуза Stygіomedusa gіgantea — адзін з найбуйнейшых глыбакаводных бесхрыбетных драпежнікаў. Яе шчупальцы могуць дасягаць 10 метраў у даўжыню, а купал — каля метра ў дыяметры.

Адзначаецца, што Stygіomedusa gіgantea жыве ва ўсіх акіянах, за выключэннем Паўночнага Ледавітага. Медузу складана выявіць, бо яна звычайна знаходзіцца на глыбіні больш за кіламетр.

Аўтарам даследавання ўдалося зняць медузу, выкарыстоўваючы падводны апарат Vіkіng. Як заявілі навукоўцы, яна не праявіла да камеры цікавасці і проста праплыла міма.

Навукоўцы выказалі здагадку, што медуза аказалася ў неглыбокіх водах Антарктыкі, каб атрымаць ультрафіялетавае выпраменьванне, якое пазбаўляе яе ад паразітаў.


«Вакалісты» шырокага дыяпазону

Кажаны размаўляюць гарлавымі спевамі.

Для розных гукавых частот у голасе кажаны выкарыстоўваюць розныя анатамічныя прылады. Млекакормячыя з самым шырокім вакальным дыяпазонам — гэта, як ні дзіўна, менавіта яны. Супрацоўнікі з Універсітэта Паўднёвай Даніі пішуць у PLoS Bіology, што голас кажаноў пакрывае сем актаў, у той час як у астатніх звяроў яго хапае на тры-чатыры актавы. У звычайных людзей галасавы дыяпазон распаўсюджваецца прыкладна на тры актавы, хоць у некаторых спевакоў — на чатыры-пяць. Адкуль у кажаноў сем актаў? Звычайна мы чуем пра іх ультрагукавую рэхалакацыю: мыш пасылае ўльтрагукавы сігнал перад сабой і па тым, які вяртаецца рэхам, разумее, дзе перад ёй стаіць дрэва, дзе — сцяна пячоры і куды паляцеў начны матылёк, якога добра б з’есці.

Даследаванні галасавога апарата праводзілі з вадзянымі начніцамі, але, верагодна, у астатніх кажаноў з шырокім вакальным дыяпазонам голас уладкаваны падобным чынам.

Але ўльтрагук — гэта яшчэ не ўсё. Даследчыкі падрабязна вывучылі пабудову гартані кажаноў разам з галасавымі звязкамі; вынікі анатамічных пошукаў супастаўлялі з гукамі жывых мышэй, якія тыя выдаюць у розных сітуацыях. Голас ва ўсіх млекакормячых нараджаецца пры вібрацыі галасавых звязак, нацягнутых папярок гартані. Звязкі то напружваюцца, то паслабляюцца, шчыліна паміж імі становіцца то шырэйшай, то звужаецца; характар гуку залежыць ад таго, як моцна нацягнуты галасавыя звязкі, наколькі шырокая шчыліна паміж імі, наколькі моцны струмень паветра. Але акрамя гэтых галасавых звязак (іх завуць сапраўднымі), ёсць яшчэ адны — ілжывыя, або вестыбулярныя, якія ляжаць над сапраўднымі.

Ілжывыя могуць рухацца, але млява і адна да адной ўшчыльную не падыходзяць (у адрозненне ад сапраўдных). У звычайных выпадках голасу яны нічога не дадаюць, аднак калі мэтанакіравана з імі працаваць, калі навучыцца імі кіраваць, то яны пачнуць выдаваць цалкам чутныя гукі. Знакамітыя гарлавыя спевы шматлікіх народаў Сібіры, Манголіі і Тыбету — гэта спевы з дапамогай ілжывых галасавых звязак. Кажаны, як аказалася, таксама могуць іх выкарыстоўваць, выдаючы гукі частатой ад 1 да 5 кГц. «Гарлавыя спевы» кажаноў можна пачуць, калі яны ўлятаюць або вылятаюць са шчыльнай групы сваіх таварышаў, якія размясціліся дзе-небудзь на дрэве, у дупле або пячоры. Відавочна, нізкія гартанныя гукі — гэта нейкі спосаб сацыяльнай камунікацыі, але што менавіта кажаны паведамляюць адзін аднаму, пакуль незразумела: некаторыя падчас «гарлавых спеваў» здаюцца відавочна агрэсіўнымі, некаторыя — проста раздражнёнымі, а некаторыя быццам ніякага сацыяльнага негатыву не дэманструюць. Увогуле, тут трэба яшчэ паназіраць за іх паводзінамі.

Дарэчы, для ўльтрагуку ў кажаноў ёсць не толькі сапраўдныя галасавыя зморшчыны, але і дадатковая структура — галасавая мембрана, якая выглядае як працяг галасавых зморшчын. Вібрыруючы ў струмені паветра, галасавая мембрана дазваляе дасягнуць вельмі высокіх гукавых частот — той самы лятучы мышыны ўльтрагук узнікае пры сумеснай рабоце галасавых звязак і галасавой мембраны. Дарэчы, у шматлікіх прыматаў галасавая мембрана на галасавых звязках ёсць, а вось у людзей яна не захавалася. І было б цікава, як гучала б наша гаворка, калі б гэтая мембрана засталася.


Для гульні пры важных людзях

Адкапалі спартыўнае табло ўзростам 1200 гадоў.

Мексіканскія археолагі знайшлі дыск з каменя з барэльефам, які паказвае двух людзей за гульнёй у мяч. Камень вагой 40 кілаграмаў знойдзены пры раскопках у Чычэн-Іцы, і навукоўцы мяркуюць, што яму прыкладна 1200 гадоў.

Эксперты выказалі здагадку, што дыск быў табло для фіксацыі рахунку гульні, якая, як лічаць, папярэднічала футболу, паведамляе «Бі-бі-сі». Цяпер жа эксперты па пісьме мая імкнуцца расшыфраваць надпісы на ім.

«Такія знаходкі вельмі рэдкія. Яны паказваюць гульню ў мяч. Гэта табло для запісу вынікаў гульні, і яно дэманструе гульню пры вельмі важных людзях», — пракаментаваў знаходку археолаг Францыска Асорыя Леон.

Каменны дыск знайшла археолаг Лізбет Беатрыс Мендыкут Перэс у архітэктурным комплексе, да якога ззаду прымыкае пляцоўка для гульні ў мяч. Існуе меркаванне, што дыск быў часткай аркі, а пасля яе разбурэння ўпаў і застаўся ляжаць так больш чым на тысячагоддзе, пакуль яго не раскапалі на глыбіні каля паўметра.

У Нацыянальным інстытуце антрапалогіі і гісторыі Мексікі ўжо заявілі, што гэты дыск з’яўляецца вельмі рэдкай і важнай знаходкай. Як сказаў археолаг Франсіска Перэс Руіс, у Чычэн-Іцы археолагі амаль не сустракалі артэфакты з фрагментамі іерагліфічнага пісьма, а знойдзены дыск — наогул вялікая рэдкасць: «Нічога падобнага мы не знаходзілі 11 гадоў», — удакладніў Руіс.

Тое, што дзве чалавечыя фігуры на барэльефе з’яўляюцца менавіта гульцамі ў мяч, вызначылі спецыялісты па іканаграфіі мая. На адной з фігур намаляваны галаўны ўбор з пёраў, на іншай — «змяіны турбан». На абодвух надзета ахоўнае адзенне для гульцоў у мяч.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.