Вы тут

Таматы і перцы: як падоўжыць плоданашэнне


У канцы жніўня — пачатку верасня ў цяпліцы пагаршаецца мікраклімат і асвятленне, зніжаецца тэмпература паветра і глебы — таматы і перцы растуць горш. Але, на шчасце, ёсць прыёмы, якія дапамагаюць істотна падоўжыць плоданашэнне цеплалюбівых раслін.


Падкарміце расліны фосфарам і каліем па інструкцыі. Можна апырскваць кусты растворамі кожнага з гэтых элементаў асобна. Але лепш купіць комплекснае ўгнаенне з усімі гэтымі рэчывамі ў складзе. Кальцый таксама вельмі важны для таматаў і перцаў.

Каб засцерагчы іх ад вяршыннай гнілі, двойчы апырскайце кусты разведзенай па інструкцыі кальцыевай салетрай: першы раз — у канцы жніўня, затым — двума тыднямі пазней. Каб умацаваць імунітэт раслін, раз на 2-3 тыдні падкормлівайце таматы і перцы мінеральным комплексам.

Імкніцеся здымаць крыху недаспелую гародніну, затым складайце яе ў скрыні і захоўвайце ў прахалодным памяшканні да канчатковага выспявання.

Стымулятары і паскаральнікі

Разведзены па інструкцыі прэпарат «Завязь» не толькі стымулюе ўтварэнне завязі і прадухіляе яе ападзенне, але і паскарае паспяванне на 5-7 дзён, а таксама павялічвае ўстойлівасць раслін да хвароб і неспрыяльных пагодных умоў. Апырскайце ім кусты адзін раз у канцы жніўня — пачатку верасня.

Падобным дзеяннем валодае «Эпін». Рыхтуйце раствор па інструкцыі. Апрацоўвайце ім расліны раз на 10–14 дзён.

Правільнае абразанне і мульча

Важная ўмова працяглага плоданашэння таматаў — наяўнасць здаровага лісця. Рэгулярна абразайце ніжняе лісце (размешчанае да пладаносных гронак). Лісты вышэй пладоў павінны заставацца на месцы. Гэта дазволіць паветру свабодна цыркуляваць паміж кустамі.

Замульчыруйце глебу вакол раслін саломай або выпалатым пустазеллем.

Цеплавы ўдар для барацьбы з фітафторай

У цяпліцы час ад часу праводзьце цеплавыя ўдары. У спякотны дзень шчыльна зачыніце цяпліцу, каб тэмпература паветра ўнутры паднялася да 35–40 градусаў (да больш высокай не даводзьце!), затым адкрыйце і праветрыце.

Палівайце з розумам!

Таматы і перцы палівайце толькі раніцай і строга пад корань. Пасля старанна праветрывайце цяпліцу. Па магчымасці для таматаў арганізуйце кропельнае паліванне.

Сакрэтныя бочкі-рэгулятары

Па абодвух тарцах цяпліцы пастаўце дзве 200-літровыя бочкі з вадой, пафарбаваныя ў цёмны колер. Гэтыя ёмістасці стануць акумулятарам цяпла і рэгулятарам тэмпературы паветра. Днём паветра будзе награваць гэтую ваду і аддаваць ёй сваё цяпло. А ноччу бочкі з вадой не дадуць рэзка паніжацца тэмпературы паветра. А каб пазбегнуць павышанай вільготнасці паветра, шчыльна прыкрыйце бочкі. Замест бочак можна расставіць цёмныя каністры ці бутэлькі з вадой.

Простыя спосабы паскорыць дазраванне таматаў

У канцы жніўня здымаем памідоры зялёнымі. Укладваем іх у скрыні: дробныя — да дробных, буйныя — да буйных, таму што плады аднолькавага памеру спеюць больш раўнамерна. Каб паскорыць паспяванне, зверху таматаў кладзём па бананавай скурцы або саспелым яблыку.

Ёсць яшчэ і такі спосаб. Калі чакаюцца замаразкі, састрыгаем з таматаўу цяпліцы ўсё лісце, выкопваем кусты з камяком зямлі, шчыльна адзін да аднаго складаем у скрыні і заносім у склеп. У такім стане яны могуць прастаяць месяц і даспеюць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.