Вы тут

Урокі лідарства, чаму Антарктыда падобная на жанчын і як адцягнуць надыход старасці


Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў жніўні?


«Рашэнні — узважаныя і прадуманыя — прымаю хутка» 

— Я прывыкла шмат працаваць, рабіць усё хутка, і рашэнні — узважаныя і прадуманыя — прымаю гэтак жа хутка. Так, прадуманыя, таму не баюся за іх, але, здараецца, перажываю, — кажа першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. 

У 2018 годзе яе прызначылі генеральным дырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдзінга «Бабруйскаграмаш». Прыехаўшы на стратнае прадпрыемства, Надзея Лазарэвіч не спалохалася, наадварот: зразумела — справіцца. І праз паўгода прадпрыемства стала выходзіць на чысты прыбытак.

Якія якасці характару дапамаглі Надзеі Лазарэвіч стаць лідарам? Як яна спраўляецца з вялізным спісам абавязкаў? Чаму, пры ўсёй сваёй занятасці, лічыць важным знаходзіць час для работы ў Беларускім саюзе жанчын? Каму ўдзячная за жыццёвыя ўрокі? Пра гэта і многае іншае — у інтэрв’ю першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама Надзеі Лазарэвіч часопісу «Алеся». 

Актрыса, педагог, шматдзетная мама

А яшчэ Ганна Анісенка — адзін з першых бальнічных клоўнаў у Беларусі. Жанчына, якая перамагла анкалогію. Аптыміст, у якога варта павучыцца такому складанаму мастацтву, як мастацтва жыць. 

— У тэатры не бывае лёгка, — пераканана Ганна Анісенка. — Разам з тым, тут заўсёды можна атрымаць задавальненне — ад цікавай ролі, ад ігры з партнёрамі, рэакцыі публікі. Гэта складаны свет, але калі яго любіш, у ім знаходзіш крыніцу натхнення і апору.

Акрамя акцёрскай прафесіі, Ганна Анісенка рэалізуе сябе як рэжысёр і педагог у школе-студыі «Авансцэна» пры Камерным драматычным тэатры. На працягу 22 гадоў у вольны час працавала бальнічным клоўнам. А яшчэ адна з самых галоўных для яе роляў — роля мамы. 

Пра тое, як годна праходзіць праз драматычныя моманты жыцця, пра сілу духу, цікаўнасць і невычэрпны аптымізм — у гутарцы з Ганнай Анісенка. 

«У Антарктыды і жанчын шмат агульнага»

Так лічыць намеснік кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследванняў Аляксей Гайдашоў, які ўзначальваў усе беларускія антарктычныя экспедыцыі, у тым ліку і 15-ю, якая завяршылася ў чэрвені 2023 года. За час, прысвечаны вывучэнню самага паўднёвага кантынента Зямлі, Аляксей Гайдашоў па-сапраўднаму палюбіў яго. 

У рубрыцы «Мужчынскі погляд» вядомы палярнік расказвае, як прыйшоў у прафесію, як удалося пабудаваць моцную сям’ю, на якіх прынцыпах выхоўваў сыноў. А таксама пра ўзаемаадносіны ў мужчынскім калектыве ва ўмовах вечнай мерзлаты і пра тое, чаму Антарктыда нагадвае яму жанчын:

— У Антарктыдзе кожны дзень поўны нечаканасцяў, небяспекі, радасцяў, адкрыццяў, так і з жанчынамі, па-мойму: ніколі дакладна нельга прадказаць, што яны здольныя зрабіць, чым яшчэ здзівіць. 

«Загадкавы рай» Таццяны Яцук

У дзесяці паэтычных зборніках настаўніцы, маці двух сыноў, кіраўніка баранавіцкага літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры» Таццяны Яцук зіхаціць зоркамі жыццёвай мудрасці космас шчырай, адкрытай людзям жаночай душы. Сваю шчаслівую сцяжыну ў гэтым свеце Таццяна Яцук знайшла ў маладосці і ўжо з яе не збочвала. 

Вершаваныя радкі прыходзяць да паэткі ў хвіліны і радасці, і суму. У 2022 годзе яна стала лаўрэатам прэстыжнага літаратурнага спаборніцтва Гродзеншчыны — IV абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Паэзія» і выдала кнігу «Зоркі ў прыполе».

— У аснову вершаў кнігі ляглі філасофскія высновы, своеасаблівыя «мудрынкі», якія пакрысе збірала на цярністай жыццёвай дарозе, — прызнаецца Таццяна Яцук. 

А яшчэ з адказаў паэткі на пытанні часопіса чытачы даведаюцца, як зацікавіць сённяшніх школьнікаў беларускай літаратурай. І які ён, рэцэпт сямейнага шчасця ад аўтаркі кнігі «Зоркі ў прыполе». 

Як не стаць закладнікам біялагічнага ўзросту?

Саракагоддзе для многіх з’яўляецца пераломным і ўспрымаецца, як своеасаблівая мяжа. І гэта нягледзячы на тое, што якасць і працягласць жыцця сучаснага чалавека павялічваюцца. Насамрэч для такога меркавання ёсць сур’ёзныя прычыны як псіхалагічныя, так і фізіялагічныя. 

Чаму да надыходу сярэдняга ўзросту трэба рыхтавацца яшчэ ў юнацтве? Як хуткасць хады ўплывае на біялагічны ўзрост чалавека? І што павінны рабіць людзі ва ўзросце за сорак, каб адцягнуць надыход старасці? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гарбаніджад.

Касметыка з градкі, модныя сарафаны і рэцэпты пірагоў са слівай 

Са жнівеньскага нумара «Алесі» вы даведаецеся пра натуральныя сродкі для догляду скуры твару. А таксама пра тое, якія сарафаны модныя ў гэтым сезоне, чым карысная сліва і што з яе можна прыгатаваць, ды пра іншае. 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.