Вы тут

Знаёмімся з творчасцю Дзмітрыя Камарова, Юрыя Гаўрына і Алега Скавародкі


Убачыць творы мастакоў розных пакаленняў можна ў галоўным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея да 17 верасня. На выстаўцы «Плынь часу» дэманструюцца выбраныя работы сёлетніх юбіляраў. З таго, на што раяць звярнуць увагу арганізатары экспазіцыі, — час, калі ствараўся той ці іншы твор, і што імкнуліся перадаць мастакі пэўнага перыяду, як інтэрпрэтавалі рэальнасць. Экспазіцыя атрымалася надзвычай багатая — у ёй прысутнічаюць, напрыклад, і пейзажы Віталя Цвіркі, і партрэты Нінэлі Шчаснай, і тэматычныя карціны Аляксандра Кішчанкі, і паўабстракцыі Мікалая Бушчыка. А гэта толькі жывапіс! Яшчэ ў экспазіцыю ўвайшлі скульптуры і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Спросцім віртуальную вандроўку: чытачам «ЛіМа» гэтым разам прапануем бліжэй пазнаёміцца з творчасцю трох выбраных аўтараў.


Работы Зінаіды Астаповіч і Дзмітрыя Камарова ў экспазіцыі.

Дзмітрый Камароў (Комар) (1883—1970; месца нараджэння — вёска Латонава Мацвеева-Курганскага раёна Растоўскай вобласці). Творчасць малавядомага сёння аўтара, дарэчы, аднакашніка Валянціна Волкава, па прапанове якога ён прыехаў у Беларусь і выкладаў у Віцебску і Мінску, прадстаўлена невялічкімі палотнамі. Яго індустрыяльныя пейзажы, напрыклад, «Доменны цэх, Ліцейны двор» (1920) і «Шахта і пад’язныя шляхі» (1930), — важныя сведчанні эпохі. Гэта нязмрочныя, цёплыя работы, у якіх адсутнічаюць матывы супрацьстаяння з прыродай і часам непасільнай працы. Толькі натхненне і надзея… Нягледзячы на тое, што ў сацрэалістычных пейзажах важны быў маштаб, выбраныя карціны Дзмітрыя Камарова лаканічныя і камерныя. Да таго ж ніводная не знаёміць з героем-працаўніком, дынаміка ледзь адчувальная. Магчыма, падобныя творы ёсць у многіх мэтраў сацрэалізму, толькі такія спробы ніколі не былі ў цэнтры ўвагі. Сёння іншая справа — айчыннае даваеннае мастацтва выклікае асаблівы інтарэс аматараў і даследчыкаў у любым выглядзе. Дарэчы, аўтар цікавы і ўдалымі мініяцюрнымі прыродна-архітэктурнымі пейзажамі («Пейзаж з сажалкай і лесам» (1917), «Пейзаж з царквою» (1920), «Гарадская ўскраіна ўзімку» (1927), «Пейзаж з месяцам» (прыкладна 1950-я)).

Юрый Гаўрын «Вечар», 2006 г.

Юрый Гаўрын (1943—2016; нарадзіўся ў пасёлку Зіядзін Пахтачыйскага раёна Самаркандскай вобласці). У творчасці гэтага мастака адчуваецца ўплыў самых розных плыняў і кірункаў. У сталым узросце творца звярнуўся да філасофскага пейзажу, праз які прыслухоўваўся да прыроды і шукаў гармонію са светам. Агністы «Вечар» (2006) Юрыя Гаўрына пераносіць у іншае вымярэнне: там ёсць месца рэальнасці, аднак з цягам часу яна плавіцца, нібы падатлівы метал, расцякаецца, нібы неўтаймаваная рака… Адшукаць у гэткім калейдаскопе праўду, чужую і сваю, становіцца задачай з зорачкай. Але праз тое не меней займальнай.

Алег Скавародка «Зямля Васіля Быкава», 2004 г.

Алег Скавародка (нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Асьё Лепельскага раёна Віцебскай вобласці). Многія, хто знаёмы з творчасцю сучаснага майстра, цэняць яго найперш за адметнае бачанне формы і колеру. Менавіта яны — сведчанні свежасці і непаўторнасці (хоць на выстаўцы да ліку калег Алега Скавародкі можна аднесці, напрыклад, Мікалая Бушчыка і Алеся Цыркунова — яны таксама перадаюць эмацыянальнасць, узвышанасць падобнымі сродкамі). З-за таго, што стваральнікі экспазіцыі імкнуліся паказаць творчасць як мага большай колькасці мастакоў-юбіляраў, мы маем магчымасць убачыць у сярэднім 2—3 працы кожнага. Што тычыцца Алега Скавародкі, то гэта «Велікодныя званы» (1991), а таксама адна з найбольш яркіх карцін на выстаўцы — «Зямля Васіля Быкава», створаная ў 2004 годзе, хутчэй за ўсё на пленэры, якім аддае перавагу жывапісец. Што ні кажы, нават улічваючы палітру Алега Скавародкі, здзіўляешся і колераваму рашэнню, і выбранай кампазіцыі, і асэнсаванню знаёмага сюжэта. Жыццё і творчасць народнага пісьменніка зазвычай схіляюць да сумных роздумаў. Але Бычкі — краіна дзяцінства Васіля Быкава — працягваюць ззяць і пералівацца на палатне.

Валянцін Губараў «Нацыянальны мастацкі музей», 2021 г.

P. S. Сярод сур’ёзных карцін таленавітых сучаснікаў і майстроў, якія даўно пайшлі з жыцця, сярод такіх усё ж задаўненых работ, якія даюць падставу паразважаць пра мінулае краіны і лёс нацыянальнай мастацкай школы, размясцілася «звонкая-яркая-вясёлая» кампазіцыя Валянціна Губарава «Нацыянальны мастацкі музей» (2021). Калі б не аўтарскі смех, калі б не пяшчота, з якой мастак глядзіць на чалавека, то пройдзеш і не заўважыш, як мала гумару побач з намі, як рэдка мы смяёмся, нават калі ёсць нагода.

Яўгенія ШЫЦЬКА

 Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.