Вы тут

Як наперакор капрызам надвор'я аграрыі імкнуцца якасна ўбраць хлеб з палёў


Вясновая паводка і зацяжныя дажджы падчас пасяўной кампаніі задалі высокі тонус аграрыям Гомельшчыны. Сярод мер, прынятых, каб сёлетні каравай рэгіёна парадаваў, — павелічэнне сяўбы кукурузы на зерне ўдвая. Як канстатаваў у дакладзе Прэзідэнту на нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, уборачная плошча ў рэгіёне выраўноўваецца да ўзроўню мінулагодняй. Чакаецца вал збожжа з улікам кукурузы — 1 мільён 50 тысяч тон. За кошт уборкі царыцы палёў на зерне — больш як сто тысяч тон да ўзроўню мінулага года — будзе забяспечана грамадская жывёлагадоўля на 90 %. У вобласці плануюць атрымаць чатыры мільёны тон зялёнай масы кукурузы. Цяпер жа гаспадаркі Гомельшчыны засяроджаныя на ўборцы каласавых культур. Пра тое, як наперакор капрызам надвор'я аграрыі імкнуцца аператыўна і якасна ўбраць хлеб з палёў, — рэпартаж карэспандэнта «Звязды» з Рэчыцкага раёна.


З мілым рай і ў... кабіне

Раніца, неба, птушкі... Здаецца, толькі буслы-«інспектары» ды журналіст з камерай у такую раннюю часіну мераюць крокамі поле. Бадзёры «вожык» іржышча — амаль да гарызонту. Экіпажы, якія заступілі на работу з раніцы ў гэтым урочышчы, ужо паспелі прыбраць вялікі кавалак плана.

— З шасці раніцы на змене, — падчас кароткага прыпынку расказвае камбайнер гаспадаркі КСУП «Абарона краіны» Рэчыцкага раёна Дзмітрый Мінянкоў.

Другі сезон ён працуе на жніве ў звязцы з жонкай Сняжанай.

— Вырашылі, што хочам зарабляць грошы ў адну сям'ю. Летась на жніве добра спрацаваліся. Гэта яшчэ, ведаеце, таксама, — як пойдзе. Дома жонка за старшую, а тут — памочнік: слухае і выконвае. Яна хутка вучыцца, разбіраецца па ходу работы, — ацэньвае сваю «правую руку» камбайнер: сам ён 17-ы сезон за штурвалам карабля палёў.

Дарэчы, летась сямейны экіпаж Мінянковых па выніках работы на жніве заняў першае месца ў сваёй гаспадарцы.

— У нас трое дзяцей. Вельмі добра, што двое старэйшых змаглі паехаць аздаравіцца ў санаторый. Малодшы на час уборачнай — дома з бабуляй. Гэта плюс, таму што мы на змене да позняга вечара. У першыя дні пасля дзесяці толькі з'язджалі з гаспадаркі, — дзеліцца памочнік камбайнера Сняжана Мінянкова.

Айчыннае «руліць»

Усяго ў КСУП «Абарона краіны» ў гэтую ўборачную на палях — чатыры сямейныя экіпажы. Дапамагаюць камбайнерам у адным экіпажы — дачка, у двух — жонкі. Усе камбайны ў тэрмін прайшлі тэхагляд. Прыбіраюць цяпер азімае трыцікале — у першую чаргу пасевы, якія ўрадзілі горш. Уборку пшаніцы пачнуць у найбліжэйшыя дні. Пакуль паралельна працягваюць рыхтаваць сянаж. Задзейнічаны тры прэс-падборшчыкі, якія ў вакуумную плёнку штодзень пакуюць да 200 тон траў.

— Гэты год своеасаблівы для нашай гаспадаркі, як і ў цэлым для Гомельскага рэгіёна. Спачатку вялікія плошчы былі падтопленыя, потым прыйшла засуха. Гэта паўплывала, вядома. Былі страты. Будзем прыбіраць тое, што ёсць. Як аграрыі кажуць, колас ужо не падоўжыш. Трэба прыбраць, што вырасла. Вядома, страта ўраджайнасці і валавога збору будзе, але наколькі, казаць рана, — дзеліцца дырэктар КСУП «Абарона краіны» Рэчыцкага раёна Аляксандр МІКАЛУЦКІ. — Да ўборкі ў нас — каля дзвюх тысяч гектараў. Высадзілі і насенняводчыя ўчасткі з суперэлітай. Напрыклад, на ўчастку з азімай пшаніцай выдатны колас. Будзе ўраджай, не ніжэйшы за 50 цэнтнераў з гектара. Такіх насенняводчых пасеваў у нас шмат: яравы ячмень, некалькі сартоў аўса, трыцікале.

Сямейны экіпаж Мінянковых з КСУП «Абарона краіны» Рэчыцкага раёна летась па выніках работы на жніве быў першы ў сваёй гаспадарцы.

Па словах кіраўніка, у гаспадарцы скончылі ўборку азімых ячменю і рапсу. Апошняй культуры «паднялі» больш за 700 тон. Гэта больш, чым летась, нягледзячы на тое, што страты пасеваў таксама былі.

— Дарэчы, перазімавалі і выйшлі да ўборкі сарты азімага рапсу якраз нашы, айчынныя, вырашчаныя ў Акадэміі навук, — дадае Аляксандр Віктаравіч. — Будзем працягваць такую работу. Сарты добрыя, даюць 30 і больш цэнтнераў з гектара. Галоўнае — захаваць тэхналогію.

Кантроль за сітуацыяй на месцах

Убранае з поля зерне накіроўваецца на сушылку. Ва ўсіх гаспадарках раёна гатоўнасць зернесушыльных комплексаў, стан памяшканняў для захоўвання — на кантролі супрацоўнікаў пракуратуры.

Усе камбайны КСУП «Абарона краіны» ў тэрмін прайшлі тэхагляд.

— У ходзе праверак таксама звяртаем увагу на гатоўнасць тэхнікі да ўборачнай кампаніі, укамплектаванасць экіпажаў. Па тых парушэннях і недахопах, якія выяўляліся пракуратурай раёна раней, прыняты меры пракурорскага рэагавання. Былі пытанні па непадрыхтаванай тэхніцы, па гатоўнасці зернесушыльных комплексаў. Праінфармавалі Рэчыцкі райвыканкам, прыняты дадатковыя меры, і на пачатак уборачнай кампаніі тэхніка мае максімальную гатоўнасць, зернесушыльныя комплексы працуюць, памяшканні падрыхтаваныя для прыёмкі збожжа, — даў ацэнку па гаспадарках у цэлым пракурор Рэчыцкага раёна Мікалай БЕЛАРУСАЎ.

Амаль штодзённыя дажджы пакуль перашкаджаюць аграрыям раёнаў Гомельшчыны развярнуцца на ўсю моц на жніве. У Рэчыцкім раёне гаспадаркі выбарачна прыступаюць да ўборкі пшаніцы. Але на значнай колькасці палёў культура яшчэ залішне вільготная. Усяго рэчыцкім аграрыям належыць убраць больш за 22 тысячы гектараў збожжавых.

Пракурор рэчыцкага раёна Мікалай Беларусаў, першы намеснік старшыні рэчыцкага райвыканкама Дзмітрый Белавусаў і дырэктар КСУП «Абарона краіны» Аляксандр Мікалуцкі.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раёна Дзмітрый БЕЛАВУСАЎ, рэчыцкім аграрыям даведзена заданне ў залік дзяржзаказу — 8300 тон збожжа. Усе 13 сельгаспрадпрыемстваў раёна актыўна ўключыліся ў работу.

— Настрой ва ўсіх баявы, — пераконвае Дзмітрый Белавусаў. — Засмучала тое, што былі страты: з зімоўкі не выйшлі 2400 гектараў зерневых. Валавы збор па збожжы будзе прыкладна на 8 % ніжэйшы, чым летась. Але тое, што не дабяром па збожжавым палетку, будзем дабіраць кукурузай. Яна не падводзіць. Усе плошчы гэтай культуры мы падкармілі на 100 %. Пасеяна агульная плошча кукурузы каля 20 тысяч гектараў. Плануем шэсць тысяч пакідаць на зерне, а астатняе — прыбяром на зялёную масу для корму жывёлам. Прыступім з сярэдзіны жніўня.

Дарэчы, у Рэчыцкім раёне падчас жніва на дапамогу аграрыям з тэхнікай і рабочымі рукамі прыходзяць раённыя прадпрыемствы.

— Тэхніка з прамысловых прадпрыемстваў дапамагае і на адвозцы збожжа і саломы. Работнікаў з прамысловых прадпрыемстваў таксама актыўна прыцягваем. Больш за 30 жыхароў райцэнтра бярэ ўдзел ва ўборцы збожжавых і травяністых кармоў у гаспадарках раёна. Так людзі з горада адгукаюцца на прапановы папрацаваць на вёсцы, — дадаў першы намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.