Вы тут

Выйшла кніга Алеся Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў: старонкі жыцця»


Кніга Алеся Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў: старонкі жыцця», выдадзеная «Беларускай навукай», расказвае пра даволі вядомага ў гісторыі Беларусі дзяржаўнага дзеяча. Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў (1896 — 1940) у 23 гады ўзначаліў партыйныя і савецкія органы Сенненскага павета, у 27 гадоў — стаў старшынёй Віцебскага губернскага выканкама, а ў 28 гадоў кіраваў Народным камісарыятам земляробства БССР. І, канешне ж, на кожным з гэтых этапаў выяўляў сябе, на дзіва, прадуктыўным, разумным арганізатарам жыцця. 


Пра погляды Д. Прышчэпава гаворыць і наступная характарыстыка: «... у пачатку 1920-х гадоў існавала два пункты гледжання на перспектывы сельскай гаспадаркі Савецкай Беларусі. Прыхільнікі першага (С. Такмачоў, С. Карп, А. Котаў) адстойвалі неабходнасць захавання збожжавага напрамку ў сельскай гаспадарцы. Яны лічылі, што скарачэнне збожжавых плошчаў прывядзе да парушэння харчовага балансу сялянскай сям’і. Прыхільнікі другога падыходу — аўтары канцэпцыі „Беларусь — чырвоная Данія“ (Г. Гарэцкі, А. Смоліч, І. Кіслякоў, Р. Бонч-Асмалоўскі, Д. Прышчэпаў) лічылі мэтазгодным пераход ад збожжавага да жывёлагадоўчага напрамку. Пачынаючы з сярэдзіны 1920-х гадоў менавіта другі пункт гледжання стаў дамінуючым, больш за тое, ён быў пакладзены ў аснову першага пяцігадовага Перспектыўнага плана аднаўлення і развіцця сельскай і лясной гаспадаркі БССР на 1925/ 1926 — 1929/1930 гады...» І ў сувязі з гэтым цікавай падаецца цытата з працы самога Дзмітрыя Філімонавіча: «...Наша почва и климат таковы, что нам чрезвычайно трудно и дорого стоит производить продукты зерноводства, которыми мы могли бы конкурировать с южным хлебом. Поэтому нам надо строить систему полеводства таким образом, чтобы она являлась основой для скотоводства; значит нужно развивать травосеяние». Канешне ж, не так усё проста было і з развіццём жывёлагадоўчага напрамку. Шматлікія хваробы (рожа, чума свіней, сібірская язва, запаленне лёгкіх), а таксама развядзенне непародзістай жывёлы перашкаджалі развіццю жывёлагадоўлі. 

Аўтар кнігі адзначае, што ўпершыню Дзмітрый Прышчэпаў з дацкай сістэмай вядзення сельскай гаспадаркі пазнаёміўся на Сенненшчыне ў маёнтку Беліца. Апошні яго ўладальнік за асабістыя сродкі наведаў Данію, Швецыю, Германію і Польшчу, вывучаў прагрэсіўныя метады вядзення сельскай гаспадаркі. І перабудаваў сваю гаспадарку на дацкі лад. У 1927 годзе і сам Д. Прышчэпаў наведаў Данію, а таксама Германію і Польшчу. Па выніках паездкі ён зрабіў даклад на калегіі Наркамзема БССР. Дарэчы, праз усю кнігу А. Бараноўскага праходзіць чырвонай лініяй і перакананне, што наркам земляробства не займаўся сляпым капіраваннем пэўных мадэляў. Набываючы чужы вопыт, ён аналізаваў уласнабеларускія ўмовы, стан гаспадарання сялянамі на той час, разглядаў эканамічныя, сацыяльна-палітычныя ўмовы. Са сваімі абгрунтаванымі ідэямі Дзмітрый Філімонавіч часта выстапў на старонках перыядычнага друку. У тым ліку — і ў партыйнай газеце «Звязда». 

Алесь Бараноўскі адзначае, што наркам земляробства «выступаў за поўную свабоду выбару формаў землякарыстання, пры гэтым перавагу аддаваў не хутарской, як было прынята падкрэсліваць у савецкай гістарыяграфіі, а менавіта пасялковай форме землекарыстання. Сваё ўласнае стаўленне да хутарской сістэмы Д. Прышчэпаў адлюстраваў у сваіх шматлікіх артыкулах: «Мы лічым хутарскую сістэму землекарыстання мала прыгоднай ва ўмовах нашага сучаснага будаўніцтва»; «пры хутарской сыстэме сяляне не аб’яднаюцца ў гаспадарчым і культурным развіцці,а наадварот. Апрача таго, пры нашым малазямеллі і частых зямельных раздзелах адводзіць маленькія хутары нявыгадна і з боку гаспадарчага. З гэтае прычыны мы, пры сучасных задачах нашага сельскагаспадарчага будаўніцтва, дазваляем хутарскую форму толькі там, дзе па прыродных умовах нельга арганізаваць другой формы (напрыклад, на вучастку, які акружаны балотам, пры вельмі стракатым выглядзе ўжыткаў, у бугрыстай мясцовасці)». 

Д. Прышчэпаў не займаўся, паўторымся, пустым калькіраваннем чужых мадэляў сацыяльнага, палітычнага, грамадскага жыцця. І ўжо на свае вочы разгледзеўшы Данію, выступіў з артыкулам «Там, дзе пан і капіталісты» у кастрычніку 1927 года ў газеце «Савецкая Беларусь»: «Мне цяпер здаецца, што нам у селськагаспадарчым будаўніцтве нельга даваць такі лозунг, што Беларусь павінна стаць Даніяй. Такі лозунг для нас з’яўляецца рэакцыйным. Культуру і тэхніку сельскай гаспадаркі Даніі нам трэба і карысна пераняць. А ў іншым гэта краіна чорнай, дробнабуржуазнай ідэалогіі, рэлігійнай містыкі, каралеўскіх традыцый». Алесь Бараноўскі зазначае, што «пасля вяртання на радзіму наркамам земляробства БССР быў сістэматызаваны атрыманы вопыт і выпрацаваны канкрэтныя прапановы па паляпшэнні развіцця селськай гаспадаркі Беларусі. Гэтыя прапановы зводзіліся да наступных мерапрыемстваў: па-першае, пашырыць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі; па-другое, арганізаваць сумесна з еўрапейскімі краінамі гандлёвыя таварыствы; па-трэцяе, распачаць будаўніцтва сельскіх дарог; па-чацвёртае, узяць курс на агранамічную падрыхтоўку сялян; па-пятае, узмацніць існуючыя даследчыя ўстановы; па-шостае, пашырыць выкарыстанне мінеральных угнаенняў...»

Але сваю пячатку на думкі, мары і рэаліі жыцця накладвала палітычная барацьба тых часін. Дзмітрый Прышчэпаў стаў ахвярай... Усе прыдуманыя «скрыўленні» у зямельнай палітыцы БССР павесілі на наркамат земляробства БССР на чале з Дзмітрыем Філімонавічам. Прышчэпава залічылі ў правыя апартуністы, выключылі з шэрагаў членаў ВКП (б), а 19 ліпеня 1930 года арыштавалі. Праз сем гадоў зняволення выпусцілі. А 13 жніўня 1937 года, меней, як праз два месяцы, ізноў арыштавалі. У 1939 годзе з Магадана этапавалі ў Мінск. «Паводле афіцыйнай версіі, Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў памёр 31 студзеня 1940 года ў турэмнай бальніцы г. Мінска, па заключэнні лекара, ад паралічу сэрца з абвастрэнне сухотаў...» 

Кніга Алеся Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў...» багата ілюстравана. У якасці дадатку аўтар уключыў асобным раздзелам і публікацыю асобных прац беларускага палітыка і дзяржаўнага дзеяча.

Слушнай падаецца наступная заўвага аўтара кнігі: «На жаль, імя Д. Ф. Прышчэпава сёння ў нашай краіне ніяк не ўвекавечана. Вуліцы імя Прышчэпава, старшыні Віцебскага губвыканкама, а потым наркама земляробства, подпіс якога стаіць пад актам уз’яднання Віцебшчыны з Беларуссю, ні ў Мінску, ні ў Віцебску, ні ў Сянно, ні ў якім іншым населеным пункце Беларусі няма. 

Безумоўна, асоба Дзмітрыя Прышчэпава вартая помніка ў любым з месцаў яго працы. Пры гэтым сёння няма нават і яго надмагільнага помніка, бо да сённяшняга дня невядома, дзе былы наркам земляробства БССР знайшоў вечны супакой». 

Хацелася б заўважыць напрыканцыразмовы пра кнігу кандыдата гістарычных навук А. Бараноўскага наступнае: зробленае маладым даследчыкам, яго манаграфія «Дзмітрый Прышчэпаў: старонкі жыцця» — таксама помнік адметнай асобе ў гісторыі Беларусі. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.