Вы тут

Пра вайну гавораць толькі тыя, хто бачыў яе жахі сваімі ўласнымі вачыма


УП «БелТА» выдала кнігу «Апошнія сведкі», дзе вуснамі відавочцаў, пракурорскіх работнікаў і гісторыкаў расказваецца пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прыводзяцца дадзеныя і ўдакладненыя лічбы з малавядомых архіўных дакументаў. На старонках выдання пра вайну гавораць толькі тыя, хто бачыў яе жахі сваімі ўласнымі вачыма і лічыць сваім абавязкам расказаць усю праўду тым, каму пашчасціла жыць у мірны час. 


У выданні, якое з’яўляецца часткай праекта па высвятленню ісціны ў дачыненні да генацыду над беларускім народам у Вялікую Айчынную вайну (кіраўнік праекта — Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь А. І. Швед), сабрана ўнікальная колькасць дакументальнага матэрыялу, даволі красамоўныя фатаграфічныя ілюстрацыі. Старонкі кнігі — гэта дні карных аперацый, якія праводзілі нямецкія фашысты і іх памагатыя розных нацыянальнасцяў, па знішчэнню нашых людзей, паселішчаў нашай Айчыны. 

Нельга без хвалявання чытаць сведчанні 89-гадовага Міхаіла Каскевіча — «Крыкі і плач людзей, якіх палілі, я чую да гэтага часу». Феадосія Беладзед расказвае пра ўбачанае са слязьмі на вачах: «Жанчыне выкруцілі рукі і кінулі ў раку — каб дакладна не выплыла». А вось што гаворыць Георгій Купаўка: «Я ішоў па папялішчу, і ногі правальваліся ў шчыліны паміж целамі». Праскоўя Півавар: «Яшчэ напалову жывых ад катаванняў людзей закапвалі, і над імі дыхала зямля». Мікалай Дарагакупец: «Гітлераўцы расстрэльвалі сем’і з дзецьмі — па 5-7 чалавек»... 

Чытача чакаюць сустрэчы з рознымі адрасамі трагедый, адрасамі смерці нашых прашчураў: Асвея і яе ваколіцы часін карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» (фашысцкія гады і назву адмысловую прыдумалі; быццам на вясёлую прагулку па знішчэнню людзей выбраліся!), Азарычы на Гомельшчыне; Калдычэва, Маларыцкі раён, Бярэзіншчына, Нясвіж... 

Мужныя людзі, якія выжылі ў пекле, расказваюць дэталі, памяць падказвае ім фрагменты, якія ніколі не забудуцца. Не павінны яны забыцца і ў свядомасці наступных пакаленняў беларусаў. «Апошнія сведкі: Па дакументах Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь» — кніга, якую варта паставіць на кніжную паліцу ў кожнай хатняй бібліятэцы, кніга, без якой нельга абысціся ні ў адной са школ краіны, расказваючы пра тое, што адбывалася на нашай зямлі. Даравання такому быць не можа! Дараванне зладзеям — гэта здрада перад нашымі прашчурамі, перад роднымі і блізкімі!.. Колькі будзе жыць народ Беларусі — гэтулькі варта трымаць у памяці тыя гады, разумець маштаб палымяных трагедый Вялікай айчыннай вайны…

Кнігу «Апошнія сведкі» можна набыць у кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.