Вы тут

Праз форму прыйсці да дыялогу прапануюць арганізатары выстаўкі графічнага дызайну


Пяць мастакоў, пяць запрашэнняў да дыялогу — у Палацы мастацтва працуе выстаўка «Формы. Дыялогі». Яе арганізавала секцыя графічнага дызайну Беларускага саюза мастакоў, абраўшы тых, чые праекты найбольш адпавядаюць канцэпцыі, прапанаванай Ганнай Мельнікавай, старшынёй секцыі графічнага дызайну Беларускага саюза мастакоў, куратара гэтага праекта.


Раней мы маглі знаёміцца з больш шырокай панарамай твораў і творцаў, калі праходзіла трыенале графічнага дызайну. Цяпер гэта трэба разглядаць менавіта як праект, які складаецца з некалькіх частак. Тым не менш, прадстаўлены розныя творы: графіка, фатаграфія, дызайн.

— Для мяне як для старшыні секцыі гэта першая выстаўка, але не першая, над якой я працавала як куратар, — адзначае Ганна Мельнікава. — Яна атрымалася незвычайнай для нашай секцыі: хацелася змяніць фармат. Пяць аўтараў — гэта па сутнасці пяць персанальных выставак, аб’яднаных ідэяй і назвай. У цэнтры — форма як адзін з самых важных элементаў любога твора мастацтва. Мастакі, дызайнеры, архітэктары эксперыментуюць найперш з формай. Але яна неадрыўная ад зместу: праз яе мастакі перадаюць свае ідэі і пачуцці, а гледачы – ўспрымаюць па-свойму. Менавіта таму ў назве і ўзнікла слова «дыялогі»: гэтая выстаўка дае магчымасць гледачу ўключыцца ў дыялог — не вербальны, а візуальны — з аўтарам, даведацца пра нешта новае, задаць сабе пытанні, знайсці адказы. Наша асноўная ідэя — паказаць шматаблічнасць форм, з якімі працуюць аўтары.

У гледачоў будзе магчымасць зразумець розныя падыходы да формы. Напрыклад, у графіцы Уладзіміра Васюка шмат сэнсу наскрозь беларускага, у чымсьці нават летапіснага і літаратурнага (як у працы «Код Коласа». напрыклад). А вось Віктар Сянькоў больш экспрэсіўны, тут трэба ўглядацца і абдумваць нават каліграфію. Уладзімір Цярэнцьеў і Ганна Мельнікава ў фотаработах адлюстроўваюць форму, вельмі нестабільную, здаецца, што яна наогул выпадковая, але праз некалькі твораў можна прасачыць, як яна мяняецца, каб прыйсці да пэўнай гарманічнасці. Ці не ў гэтым вялікі сэнс? А таксама ў канцэптуальных праектах Руслана Найдзена: і глыбіня (у прыватнасці праект «Малая радзіма»), і пэўная эстэтыка дызайнера, у асобных працах якога форма нібыта стрыманая, але вельмі гаваркая. Нават ёсць тонкая іронія ў працы, што адсылае да падыходаў славутага аўкцыёну «Сотбіс»... Як тут не пагадзіцца, што разуменне формы адбываецца дзякуючы таму, што людзі гатовыя прыняць яе.

— У гэтым праекце ёсць цікавая логіка. Можна заўважыць, як адбываецца трансфармацыю формы: дзесьці яна распадаецца, а пасля яднаецца зноў, адбываюцца цікавыя гульні, — падкрэсліла Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. — За апошнія некалькі гадоў мы адчулі: выдатна, калі ў сценах Палаца мастацтва з’яўляюцца не проста секцыйныя выстаўкі, а цікавыя куратарскія праекты. Найперш таму, што ёсць чалавек, якому не ўсё роўна, які можа сабраць пэўных аўтараў і прыдумаць цікавую ідэю — усё разам можа ярка і незвычайна прагучаць. Сёлета секцыя графічнага дызайну прапанавала ідэю зрабіць праект, аўтарам якога стала Ганна Мельнікава, малады, яркі, цікавы мастак. Яна аб’яднала вельмі знакавых для беларускага мастацтва аўтараў, якіх мы ведаем, якімі захапляемся шмат гадоў. Наогул секцыя графічнага дызайну — адна з тых, што за апошнія некалькі гадоў сабрала пад дахам Беларускага саюза мастакоў знакавых асоб.

Што ж, летам самы час разважаць пра форму: праект у прасторы Палаца мастацтва дыхае, ён напоўнены паветрам, і ёсць магчымасць спакойна стаяць каля твораў і разгадваць вобразы, закладзеныя аўтарамі, для якіх работа з формай – гэта як апрацоўка дыяменту. Гледач мае ўключыцца ў дыялог, у разуменне сэнсу.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.