Вы тут

Як пабудаваць прыватны дом? Цяпер гэта можна зрабіць самастойна


Ужо больш за паўгода дзейнічае Указ Прэзідэнта № 202 «Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб'ектаў будаўніцтва», які значна палягчае ўзвядзенне прыватных дамоў за межамі Мінска. Раней неабходна было падрыхтаваць мноства дазволаў і ўзгадненняў, а цяпер дастаткова аднаго дакумента. Якія сёння існуюць магчымасці па будаўніцтве індывідуальнага жылля? Кампетэнтныя эксперты распавялі пра спрошчаны парадак індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і правілы ўзвядзення аб'ектаў.


Толькі неабходныя паперы

На працягу апошніх сямі гадоў аб'ёмы будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў стабільна перавышаюць 40 % ад уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля. У 2021 і 2022 гадах іх лічба дасягала каля 44 %. Лідарамі па будаўніцтве індывідуальнага жылля па выніках апошніх гадоў застаюцца Мінская, Брэсцкая і Гомельская вобласці. Згодна з планамі і ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля» ў 2023-м таксама павінна быць уведзена ў эксплуатацыю індывідуальных жылых дамоў не менш за 40 працэнтаў ад агульнай плошчы ўзведзеных «квадратаў».

Паводле інфармацыі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, у 2017—2022 гадах было пабудавана больш за 10 мільёнаў квадратных метраў агульнай плошчы індывідуальнага жылля. Гэта звыш 70 тысяч будынкаў. Такія тэмпы будаўніцтва прыватных дамоў немагчымыя без падвядзення да іх аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры (дарогі, лініі электра-, газа-, водазабеспячэння і водаадвядзення і іншыя). У 2023 годзе на згаданыя мэты запланавана выдаткаваць 223,3 мільёна рублёў. Гэта 25 % ад гадавога аб'ёму сродкаў, якія плануецца накіраваць на будаўніцтва такіх аб'ектаў для ўсіх дамоў.

Указ № 202 значна спрасціў будаўніцтва прыватных дамоў. Раней мы ўжо разбіралі яго асноўныя моманты. Калі сцісла, то на будучых жыхароў значна знізілася папяровая нагрузка: цяпер не трэба браць дазвол, распрацоўваць праект, узгадняць яго і праходзіць працэдуру ўводу ў эксплуатацыю ўзведзенага будынка. Для будаўніцтва ў сельскай мясцовасці дастаткова дакументаў аб праве на зямлю, а ў прыгарадных раёнах Мінска, гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — пашпарт забудоўшчыка, які можна атрымаць у мясцовым выканкаме праз «Адно акно» за 25 базавых велічынь (925 рублёў). На будаўніцтва ў Мінску спрошчаны парадак не распаўсюджваецца. Такі ж падыход прымяняецца і пры будаўніцтве прыватных дамоў з дзяржаўнай падтрымкай.

Па словах начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканкама Рамана Вараўкі, нягледзячы на тое, што Указ № 202 дзейнічае ўжо больш за паўгода, нашы людзі ўсё яшчэ не занадта актыўна карыстаюцца спрошчаным парадкам.

— За ўвесь час дзеяння ўказа намі было атрымана ўсяго толькі 16 заявак на выдачу пашпарта забудоўшчыка, — адзначыў ён. — На мой погляд, людзі яшчэ не да канца разумеюць перавагі дадзенай працэдуры. Магчыма, многіх стрымлівае цана афармлення пашпарта забудоўшчыка, за які трэба аддаць амаль тысячу рублёў. Аднак калі праходзіць усе працэдуры па старым парадку, уключаючы распрацоўку праектнай дакументацыі, выдаткі склалі б не менш за 25 базавых, а можа, нават і больш. Атрыманне пашпарта забудоўшчыка спрашчае жыццё і людзям, і дзяржаўным органам.

Дарэчы, каб не заблытацца ў нарматыўных патрабаваннях, Нацыянальнае кадастравае агенцтва распрацавала спецыяльны алгарытм, дзякуючы якому кожны жадаючы зможа вызначыць, ці падыходзіць яго будучы дом пад дзеянне Указа № 202. Таксама агенцтвам створана карта, з дапамогай якой можна даведацца, з чым можна пачынаць будаўніцтва: дакументам на зямлю або пашпартам забудоўшчыка.

Даверыцца прафесіяналам

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў — будаўніцтва прыватнага дома перастае быць выключна клопатам яго будучых жыхароў. У нашай краіне актыўна развіваецца комплексная індывідуальная жылая забудова. Гэта калі буйны забудоўшчык атрымлівае зямельны ўчастак, сваімі сіламі забудоўвае яго аднакватэрнымі дамамі, а затым прадае іх. Такі падыход мае некалькі пераваг.

Па-першае, тэрыторыя забудоўваецца ў адзіным архітэктурным стылі. Па-другое, адначасова ўзводзяцца і элементы інфраструктуры. Па-трэцяе, дамы будуюць прафесіяналы з вялікім вопытам работы на розных аб'ектах, таму якасць будаўніцтва часта атрымліваецца вышэйшая, чым пры самастойным будаўніцтве. Да таго ж у буйных будаўнічых кампаніях, як правіла, наладжана сістэма вытворчага кантролю, што таксама павышае якасць выканання аб'екта.

Па-чацвёртае, буйны забудоўшчык мае магчымасць закупляць будматэрыялы оптам і ў вялікіх колькасцях. За кошт гэтага можна дамагчыся некаторай эканоміі. Па-пятае, для комплекснай забудовы, хутчэй за ўсё, выберуць тыпавыя праекты дамоў, якія добра зарэкамендавалі сябе як у працэсе ўзвядзення, так і пры эксплуатацыі. Таму верагоднасць таго, што прыйдзецца «на бягу» нешта перарабляць, істотна меншая. Гэта яшчэ адна крыніца эканоміі.

На Міншчыне кіпіць работа

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аліна Вардомская, у цэнтральным рэгіёне за першае паўгоддзе 2023-га пабудавана больш за 370 тысяч квадратных метраў, або 43 % ад агульнага аб'ёму ўводу ў эксплуатацыю індывідуальных жылых дамоў па краіне, і звыш 70 % ад уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля па вобласці.

«Хацелася б адзначыць, што з ліку ўведзенага жылля прыкладна 26 % пабудавана з прыцягненнем дзяржаўнай падтрымкі. Гэта значыць грамадзяне актыўна карыстаюцца дапамогай дзяржавы. У прыватнасці, шматдзетныя сем'і», — заявіла спецыяліст.

Яна нагадала, што Указам № 240 прадугледжана фінансаванне будаўніцтва новых аб'ектаў, дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на набыццё жылля на другасным рынку: «Гэта значыць дзяржаўная палітыка накіраваная ў першую чаргу на ўзвядзенне новых аб'ектаў, загрузку будаўнічых арганізацый, выкарыстанне ў будаўніцтве матэрыялаў беларускай вытворчасці».

На тэрыторыі Мінскай вобласці, падкрэсліла Аліна Вардомская, асаблівая ўвага аддаецца развіццю комплекснай індывідуальнай жылой забудовы. Да такога працэсу актыўна прыцягваюцца адзіныя забудоўшчыкі ў асобе УКБ і іншых дзяржарганізацый, якім зямельныя ўчасткі для гэтых мэт выдзяляюцца без аўкцыёну. Як прыклад спецыяліст прывяла Смалявіцкі райвыканкам, які падабраў зямельны ўчастак для комплекснай забудовы. Аліна Вардомская адзначыла, што ўжо сёлета тут было ўведзена ў эксплуатацыю 18 індывідуальных жылых дамоў. Такія ж зямельныя ўчасткі падабраныя таксама ў Крупскім, Нясвіжскім, Мінскім раёнах.

Выдзяляюцца сродкі ў Мінскім рэгіёне і на будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры для індывідуальнай жылой забудовы. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення, сёлета на такія мэты прадугледжана выкарыстанне не менш за 31 мільён рублёў (больш за 227 мільёнаў рублёў у цэлым па краіне).

Пашпарт забудоўшчыка афармляецца за месяц

Прастымуляваць індывідуальнае будаўніцтва, перакананыя спецыялісты, згодна з Указам № 202, павінна спрашчэнне парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў пятага класа складанасці. «Механізм, прадугледжаны дакументам, карэнным чынам спрасціў падыходы да арганізацыі будаўнічага працэсу», — нагадала Аліна Вардомская.

Указам прадугледжана, што аднакватэрныя жылыя дамы і (або) нежылыя капітальныя пабудовы пятага класа складанасці на зямельных участках, выдзеленых для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, можна будзе пабудаваць або рэканструяваць без атрымання дазвольнай дакументацыі, без распрацоўкі праектнай дакументацыі і ўзгаднення яе з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, без наступнай прыёмкі іх у эксплуатацыю. Выдача пашпарта забудоўшчыка ажыццяўляецца па прынцыпе «адно акно». Тэрмін афармлення займае адзін месяц.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб цане будаўніцтва квадратнага метра індывідуальнага жылля, Аліна Вардомская адзначыла, што назваць канкрэтную суму вельмі складана. Яна залежыць ад інжынернага забеспячэння аб'екта, ад будматэрыялаў і іншых фактараў.

Як заўважыла спецыяліст, цяпер грамадзяне вывучаюць новую працэдуру. Актыўная работа ў дадзеным кірунку вядзецца на тэрыторыі Мінскага раёна. Ёсць станоўчыя зрухі ў Лагойскім, Салігорскім і Слуцкім раёнах Міншчыны.


Названа цана самай дарагой кватэры ў сталіцы

Жыхары нашай краіны сталі часцей абзаводзіцца ўласным жыллём. Гэтаму спрыяе тое, што шэсць разоў з пачатку года зніжалася стаўка рэфінансавання, якая, у сваю чаргу, спрыяльна паўплывала на працэнты па крэдытах.

Дзяржкаммаёмасць назвала цану самай дарагой кватэры, прададзенай у Мінску з пачатку года. Самая «багатая» здзелка была здзейснена з кватэрай у жылым комплексе каля плошчы Перамогі — на вуліцы Кісялёва. Чатырохпакаёвыя апартаменты агульнай плошчай 124,1 «квадрата» абышліся ўладальніку ў 486 тысяч долараў, што стала новым рэкордам на рынку.

Цікава, што ў жылым комплексе на Кісялёва з красавіка да чэрвеня ўключна было прададзена яшчэ дзве кватэры. Цана метра ў іх склала ад 3680 да 4300 долараў у эквіваленце.

У цэлым жа агульная плошча прададзеных за другі квартал 2023 года кватэр склала 220 тысяч квадратных метраў, грашовае абарачэнне ад іх продажу склала 293 мільёны долараў у эквіваленце.

Колькасць здзелак за першае паўгоддзе практычна склала 7,5 тысячы, найбольшы попыт зарэгістраваны ў чэрвені — 1469. Нагадаем, за ўвесь мінулы год было прададзена амаль 15 тысяч кватэр у беларускай сталіцы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.