Вы тут

Месца, дзе можна быць сабой...


У любой зручнай сітуацыі мы з сынам гуляем у асацыяцыі. Вось і днямі, вяртаючыся з Мінска ў родную вёску, я загадала Сымону чарговае слова — «найлепшае месца на зямлі», на што ён адразу ж, на маё здзіўленне і радасць, сказаў — «дом».


— Што для цябе значыць фраза «адчуванне дому»? — спытала я ў свайго мужа перад тым, як пісаць гэтыя нататкі. Ён паабяцаў падумаць. І раніцай я знайшла на сваім стале паперку: «Дом — гэта месца, выбранае тваёй душой. Месца, дзе спыняецца карагод думак, дзе можна быць сабой напоўніцу. Месца, з якім ты рухаешся ў адным рытме і якое змяняецца разам з табой. Месца, дзе птушкі памятаюць цябе, а ты — іх. Месца, куды хочацца вяртацца».

Сёлета спаўняецца шэсць гадоў, як мы з Уладзем знайшлі такое месца. І ўвесь гэты час я не перастаю здзіўляцца простым рэчам. На пачатку вясны вітаю рукой у небе клін журавоў, якія ляцяць і крычаць што ёсць сілы, таму што, нарэшце, вярнуліся дамоў. Радуюся і за іх, і за сябе. Таму што мне нават не давялося яго (дом) пакідаць. Любуюся першымі кветкамі на сваёй эксперыментальнай клумбе, пчолкам, што прачнуліся і збіраюць пылок з іх, новым пупышкам на дрэвах у нашым маладым садзе... І, калі шчыра, нават не ўяўляю, дзе б я брала сілы, калі б не мела магчымасці вось так штодня выглядваць, выслухваць жыццё. І махаць яму.

...Як толькі пацяплела, дадому вярнулася і наша 88-гадовая суседка. Бабуля Анюта першы раз сёлета зімавала ў горадзе. Заўсёды, калі бачу яе на лавачцы, падыходжу, цікаўлюся, як здароўе. Яна ж, як заўжды, хваліць сваіх сына і нявестку. «Яны ж так пра мяне клапоцяцца, даглядаюць. Нават посуд не давалі мыць, маўляў, мы самі, а ты адпачывай. Мне было з імі вельмі добра. Але ўсё адно ледзь не кожную ноч снілася, што, як прыйдзе вясна, вярнуся дадому, зноў куплю сабе курачак, буду некалькі разоў на дзень хадзіць іх карміць, грэцца на прызбе на сонейку разам з суседкамі».

...Пакуль мы з бабуляй Анютай сядзелі і гаманілі пра жыццё, над намі праляцелі два буслы. Яны прызямліліся ў гняздо, што звілі летась на слупе, побач з хатай цёткі Тані. Пры гэтым так звонка клекаталі, задраўшы дзюбы ўгару, што на вочы ад замілавання нагарнуліся слёзы. «Як жа яны радуюцца, што вярнуліся дадому! — кажа бабуля Анюта. — Ведаеш, вось столькі жыву на гэтым свеце, столькі ўсяго перажыла, часам здавалася, што не будзе прасвету ў тым горы, асабліва калі ўнучку пахавала, а праз паўгода — малодшага сына. Але вось прыходзіць вясна, вяртаюцца з выраю птушкі, падпраўляюць свае гнёзды ці ўюць новыя... І ў сэрцы зноў з’яўляецца надзея. І мы таксама пачынаем тое-сёе падчышчаць у сваім «гняздзе» — начышчаем вокны да бляску, мыем падлогу ва ўсіх закутках, перабіраем рэчы ў шафе... І гэта ўсё штогод адбываецца напярэдадні Вялікадня.

На выхадныя да нас у госці прыязджалі сябры. Яны каталікі, таму з сабой прывезлі і свята. У Юлі талент ствараць яго паўсюль, дзе з’яўляецца. Яна хуценька звіла гняздо з бярозавых галінак, паклала туды загадзя пафарбаваныя яйкі, аздобіла самаробнымі распісанымі пернікамі... У нядзелю мы ўсе разам сядзелі за сталом, гулялі ў біткі, тлумачылі дзеткам, чаму ў гэты дзень усе кажуць «Хрыстос уваскрос». Алесь згадаў пра тое, як распятага Ісуса яго вучні знялі з крыжа і перанеслі ў труну, высечаную ў скале. Уваход туды закрылі вялікім каменем. Памятаючы прадказанне Ісуса ўваскрэснуць на трэці дзень, Понцій Пілат выдзеліў варту для ахоўвання пячоры, каб паслядоўнікі Хрыста не маглі таемна выкрасці яго цела. Праз тры дні пасля пахавання Марыя Магдалена з іншымі жанчынамі адправілася туды, каб намазаць Ісуса пахучымі алеямі. Але калі падышлі да ўвахода, здарыўся землятрус, звязаны з тым, што Анёл, які сышоў з нябёсаў, адсунуў камень ад увахода ў пячору. «Ісус уваскрос з мёртвых», — паведаміў ён жанчынам радасную навіну. Тыя, пераканаўшыся, што труна сапраўды пустая, адправіліся ў Іерусалім, каб расказаць апосталам аб гэтым цудзе…

Пятага мая, на праваслаўны Вялікдзень, мы таксама абавязкова збяромся дома за сталом, ужо ў іншым складзе, і будзем згадваць гэтую гісторыю, і радавацца, што жыццё перамагло смерць, а святло — цемру. І на душы дакладна стане святлей…

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.