Вы тут

Беларусы — першыя ў медальным заліку І летніх гульняў «Дзеці Прымор'я»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» — самыя важныя спартыўныя навіны.


Турнір тыдня. Беларускія спартсмены сталі найлепшымі ў агульнакамандным заліку І летніх гульняў «Дзеці Прымор'я», якія завяршыліся ва Уладзівастоку. На гэтым спартыўным форуме Беларусь прадстаўлялі 32 атлеты ва ўзросце да 16 гадоў. Усяго ўдзел у турніры ўзялі каля 1500 спартсменаў з Беларусі, Кітая і рэгіёнаў Расіі, якія разыгралі 84 камплекты ўзнагарод у 11 відах спорту. Беларусы выступілі ў сямі відах праграмы і ў кожным сталі медалістамі. Усяго ў актыве беларускай каманды 37 узнагарод: 20 залатых, 12 сярэбраных і 5 бронзавых. Беларускія самбісты заваявалі тры медалі — Уладзімір Шавялёў стаў сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі звыш 71 кг. У спаборніцтвах дзяўчат бронзавыя ўзнагароды заваявалі Аляксандра Патачыц (вагавая катэгорыя 43 кг) і Алісія Жарская (51 кг). Цяжкаатлеты Ілья Козыраў і Раман Зелікаў сталі двухразовым чэмпіёнамі І летніх гульняў «Дзеці Прымор'я». У жаночых спаборніцтвах Паліна Антанюк і Паліна Новікава сталі сярэбранымі прызёрамі. У баксёрскіх спаборніцтвах Аляксей Казусеў заваяваў «серабро», а Мікіта Гайдук — «бронзу». Чэмпіёнамі гульняў стала юнацкая каманда Беларусі па баскетболе 3х3. У фінальным паядынку Антон Блізнюк, Ягор Батвенкоў, Кірыл Лычагін і Максім Махахей абыгралі сапернікаў з Лесазаводска з вынікам 19:12. У спаборніцтвах дзяўчат беларускі не выступалі. У асабістых спаборніцтвах па настольным тэнісе пераможцам стала Анастасія Фралова, «серабро» ў Марыі Селівонец. У асабістым заліку сярод юнакоў перамог Данііл Віторскі, другое месца заняў Арсеній Ражчанка. У змешаным парным разрадзе найлепшымі сталі Арсеній Ражчанка і Марыя Селівонец, «серабро» заваяваў дуэт Данііл Віторскі і Анастасія Фралова. У спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы чэмпіёнкамі гульняў сталі Крысціна Краўчанка (бег на 200 м), Дар'я Маркіянава (бег на 800 м), Карына Асмалоўская (скачкі ў вышыню), Кірыл Вайткевіч (скачкі ў вышыню). Сярэбраныя прызёры — Аляксандра Лісок (скачкі ў вышыню), Іван Браслаўскі (скачкі ў вышыню) і Аляксей Аскірка (бег на 800 м). У змешанай бегавой эстафеце 4х400 м найлепшай была беларуская каманда, за якую выступалі Максім Варуха, Дар'я Маркіянава, Аляксей Аскірка і Крысціна Краўчанка. У актыве беларускіх барцоў чатыры ўзнагароды па выніках турніру па грэка-рымскай барацьбе. Чэмпіёнам у вагавой катэгорыі 60 кг стаў Яўген Швед, Уладзіслаў Курдзюк стаў найлепшым у вагавой катэгорыі 71 кг. Дзве «бронзы» заваявалі Дзмітрый Дудук (51 кг) і Данііл Склізкоў (80 кг).

Гераіні тыдня. Анастасія Каманава перамагла на юнацкім чэмпіянаце Еўропы (U-15) па спартыўнай барацьбе, які праходзіць у венгерскім Капашвары. Спартсменка выступае ў вагавой катэгорыі да 66 кілаграм. У актыве беларускай каманды таксама два сярэбраныя медалі, якія заваявалі Дар'я Нагорная (вагавая катэгорыя 42 кілаграмы) і Варвара Алісеенка (62 кг). Уладальніцамі «бронзы» сталі Анастасія Кавальчук (36 кг) і Сафія Зуева (50 кг).

Аб'ява тыдня. Беларускіх і расійскіх спартсменаў дапусцяць да Азіяцкіх гульняў 2023 года ў Ханчжоў у нейтральным статусе. Аб гэтым паведаміў партал Іnsіde the Games. Адзначаецца, што беларускія і расійскія спартсмены не будуць мець права на атрыманне медалёў спаборніцтваў. Рашэнне аб допуску прынята, каб у спартсменаў была магчымасць удзельнічаць у адборы на Алімпійскія гульні 2024 гады ў Парыжы. Усяго чакаецца ўдзел каля 500 атлетаў з Беларусі і Расіі. Алімпійскі Савет Азіі 26 студзеня выступіў за ўдзел расіян і беларусаў у Азіяцкіх гульнях.

Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. У Баку ў вырашальным паядынку еўрапейскай кваліфікацыі беларусы перамаглі каманду Францыі з лікам 3:1. На шляху да фінальнага матча беларускія спартсмены перамаглі зборныя Турцыі (10:2), Даніі (8:2) і Швейцарыі (9:6). У барацьбе за тры астатнія пуцёўкі ў фінальную частку сусветнага першынства ад Еўропы паспрачаюцца: Украіна — Малдова, Данія — Партугалія, Іспанія — Італія. Фінальная стадыя 12-га чэмпіянату свету па пляжным футболе пройдзе з 15 да 25 лютага 2024 года ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Страта тыдня. Пайшоў з жыцця славуты беларускі фехтавальшчык на шаблях, заслужаны майстар спорту СССР, алімпійскі чэмпіён Масквы-1980 Мікалай Аляксандравіч Алёхін. Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка выказаў глыбокія спачуванні родным і блізкім у сувязі са смерцю алімпійскага чэмпіёна 1980 года. Кіраўнік НАК Беларусі адзначыў, што вестку аб сыходзе з жыцця знакамітага спартсмена ўспрынялі з глыбокім смуткам і болем у алімпійскай сям'і. «Сыход Мікалая Алёхіна стаў горкай стратай для айчыннага фехтавання. У беларускім спорце яго імя назаўжды ўпісана залатымі літарамі. Услаўлены фехтавальшчык застанецца прыкладам для многіх маладых атлетаў розных відаў спорту», — адзначаецца ў спачуванні.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.