Вы тут

Мацярынскае шчасце, звычайны цуд мастацтва і модныя трэнды лета


Што пачытаць у ліпеньскім нумары «Алесі».


«Быць сябрамі сваім дзецям» 

Не кантраляваць дзяцей па дробязях, а выбудоўваць такія адносіны, каб нашчадкі самі захацелі падзяліцца сваімі хваляваннямі і радасцямі, — правіла Кацярыны Старавойтавай, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Мацярынская слава». 

— Лічу, бацькі павінны быць сябрамі сваім дзецям, але пры гэтым не губляць аўтарытэту, — расказвае аб сваіх педагагічных прынцыпах Кацярына Старавойтава ў гутарцы з журналістам «Алесі». 

Мацярынства з яго нястомнымі клопатамі не перашкаджае жанчыне дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Яна ўзначальвае Першамайскую раённую арганізацыю г. Мінска ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» і не ўяўляе сябе без любімай працы, якую гарманічна спалучае з выхаваннем шасці дзяцей. 

Драматургія лёсу Наталлі Рудневай

Народнай артыстцы Беларусі, дацэнту кафедры спеваў БДАМ Наталлі Рудневай не аднойчы прапаноўвалі напісаць пра сябе кнігу. Успомніць сапраўды ёсць пра што. Ёй шанцавала на цікавыя сустрэчы і падзеі, у яе лёсе шмат нечаканых паваротаў. Як дзяўчына з Самары стала прымай на славутай беларускай сцэне? Як удавалася сумяшчаць кар’еру і мацярынства? Што радуе ў «жыцці пасля славы» і навошта, на яе думку, патрэбна мастацтва? Пра ўсё гэта чытайце на старонках «Алесі». 

— Упэўнена: глядач даруе тэхнічныя хібы, калі артыст даносіць да яго стан героя, калі жыве на сцэне, пакутуе, кахае, а не проста спявае і цешыцца сваім голасам, — лічыць Наталля Руднева, на думку якой мастацтва — «прытулак» для выратавання душы, здаволення патрэбы ў прыгожым, добрым, высокім, чыстым.

«Тэатр — гэта размова з гледачом» 

З ліпеньскага нумара часопіса чытач даведаецца, чаму мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчык, прадаўжальнік вядомай творчай дынастыі, шматдзетны бацька, лічыць сям’ю месцам сілы, якіх прынцыпаў ён прытрымліваўся ў выхаванні дзяцей і ці перашкаджае сумесная праца шлюбу. І, канешне, Сяргей Кавальчык дзеліцца сваімі думкамі аб прафесіі рэжысёра, аб ролі мастацтва. 

— Тэатр — гэта размова з гледачом, — разважае галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. — Няхай на некалькі гадзін, але чалавек пераключаецца з паўсядзённасці, асабістых праблем і клопатаў на гісторыі выдуманых персанажаў, хвалюецца за іх, плача і смяецца над вымыслам. Мастацтва пашырае пункт гледжання, усяляе аптымізм, дае надзею на лепшы вынік падзей. Сам я таксама страюся захоўваць у сабе веру ў лепшае, зараджаць аптымізмам і энергіяй тых, хто навокал. 

На светлым баку жыцця

На старонках часопіса чытайце пра таямніцу поспеху мастачкі Алесі Скарабагатай. Яе карціны вылучае яркая творчая індывідуальнасць і непаўторны аўтарскі почырк. Яны рэгулярна ўдастойваюцца прызоў глядацкіх сімпатый на выстаўках і фестывалях маладых мастакоў Беларусі. Іх ахвотна набываюць айчынныя і замежныя калекцыянеры. 

— Я не адразу знайшла свой стыль, — успамінае мастачка. — Прайшла праз захапленне творчасцю Эгана Шыле, Клода Манэ, Антоніса ван Дэйка. Мне падабаецца і рэалістычны жывапіс, і імпрэсіянізм, і абстрактнае мастацтва. І сёння працягваю эксперыментаваць, шукаць. Мяняцца — цалкам нармальна і нават неабходна. Таму сама не ведаю, якой буду заўтра. 

У многіх краінах сумуюць па страце класічнай школы, і таму такія работы, як у Алесі Скарабагатай, выклікаюць шчырае захапленне. Сама яна ўпэўнена: для любога мастака класічная школа — фундамент, без якога няма шанцу адбыцца ў прафесіі. Як выкладчык Акадэміі мастацтваў Алеся імкнецца перадаць гэта веданне студэнтам. 

Навука дапамагаць, догляд твару і базавы гардэроб 

У ліпені ў «Алесі» вы зможаце прачытаць парады псіхолага дарослым дзецям і іх бацькам пра тое, як дапамагаць адно аднаму, не дазваляючы маніпуляваць сабой. Даведаецеся, як правільна даглядаць скуру твару, — аб гэтым распавядзе касметолаг. А дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды БДУ Марына Машэда раскажа аб правілах стварэння базавага гардэроба летняга сезона. 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.