Вы тут

Качанава: Нашы традыцыйныя каштоўнасці — сям’я, якая выхоўвае дзяцей


Сёлета ў Беларусі ў Дзень Незалежнасці краіны нарадзілася 121 немаўля, 20 з якіх — мінчане (11 дзяўчынак і 9 хлопчыкаў). Самым багатым на дзетак стаў раддом 6-й сталічнай бальніцы. Тут на свет з’явіліся дзесяць новых беларусаў, сярод якіх двайняты-хлопчыкі і самае першае «святочнае» немаўля краіны. У межах праекта «Белая Русь — з любоўю да дзяцей!», які, дарэчы, 15 гадоў таму рабіў свае першыя крокі менавіта ў гэтым раддоме, ушанаваць матуль, якія нарадзілі дзетак у дзяржаўнае свята, у раддом завітала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.


«Вы робіце самае галоўную справу ў жыцці — нараджаеце нам беларусаў»

З такімі словамі звярнулася сенатар да матуль, падкрэсліўшы, што «адна з самых галоўных з’яў у іх жыцці супала з адной з найгалоўнейшых з’яў у жыцці краіны — Днём Незалежнасці».

Наталля Качанава падзякавала жанчынам за тое, што яны прынялі рашэнне нарадзіць краіне маленькіх беларусаў, якіх дзяржава насамрэч вельмі чакае, параіла не спыняцца на дасягнутым і пажадала, каб дзеці выраслі сапраўднымі беларусамі:

— Статус сям’і і нараджэнне дзяцей для нас зараз вельмі важна. Наша моладзь не імкнецца хутка нараджаць і пазней стварае сям’ю, аднау важна, каб кожны разумеў, што ў сваім жыцці ён павінен зрабіць усё, што ад яго залежыць. А ад нас, жанчын, найперш за ўсё залежыць, ці дадзім мы жыццё тым, хто будзе працягваць яго ў нашай Беларусі. Для кожнага чалавека вельмі важна, каб побач былі блізкія і родныя людзі. 

З двайным святам павіншаваў матуль і член Саветар Рэспублікі Алег Раманаў, старшыня партыі «Белая Русь», які ўпэўнены, што віншаваць маладых матуль у Дзень Незалежнасці — удалае рашэнне:

— Эфект яднання гэтых двух свят: вашай сям’і і нашай краіны, зробіць вас шчаслівымі. Вы будзеце мець мацярынскае і чалавечае шчасце, бо вы жывяце ў шчаслівай і прыгожай краіне. Штогод мы віншуем матуль па ўсёй краіне і дзякуем ім за тое, што яны робяць унёсак у дэмаграфічнае развіццё краіны, бо людзі — гэта галоўны рэсурс дзяржавы.

Ён удакладніў, што з часам акцыя «Белая Русь — з любоўю да дзяцей!» будзе пашырацца новымі сэнсамі, бо многія дзеці, якія нарадзіліся за час існавання акцыі, ужо вучацца ў школе. Пэўна, было б добра віншаваць малых з пачаткам навучальнага года і пасля з іншымі іх асабістымі святамі, і такім чынам весці іх па жыцці, робячы так, каб «Белая Русь» была спадарожнікам юных беларусаў, якія нарадзіліся ў дзень Незалежнасці.

— Гэтыя жанчын з’яўляюцца прыкладам для іншых, — падкрэсліў Уладзімір Кухараў, старшыня Мінгарвыканкама, віншуючы матуль. — Ім будзе аказана дапамога і падтрымка ва ўсім.

Дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынка

Матулі вельмі дзякавалі ўсяму медперсаналу, які працаваў у свята, і адзначалі, наколькі ўважліва і па-добраму ставіліся да парадзіх, і як ім пашанцавала апынуцца ў іх руках.
Кацярына Рак нарадзіла сваю першую дачку:

— Планавы тэрмін быў прызначаны на 29 чэрвеня, аднак яна захацела нарадзіцца ў гэты дзень. Днём я яшчэ схадзіла на прагулку на вуліцу, дзе пачаліся схваткі, а ўжо ў 23:30 я нарадзіла, так што як раз паспела 3 Ліпеня. Цяпер у дачкі заўжды будзе гэты дзень выхадным і да дня яе нараджэння будзе салют. Так што я вельмі рада, што яна выбрала гэты дзень.

Святам і нечаканасцю ў Дзень Незалежнасці стала нараджэнне трэцяга сына (старэйшаму 17 ліпеня споўніцца 12 гадоў, сярэдняму зараз дзевяць месяцаў) для Настассі Нявідовіч, якая планавала прыбаўленне ў сям’і крыху пазней. Цімафей, дарэчы, стаў першым немаўлём, якое нарадзілася ў знамянальны дзень у сталіцы:

— Я і не паспела заўважыць, што было свята. Была дома з малодшым сынам, калі адышлі воды. На машыне хуткай дапамогі паехала ў бальніцу і ўжо а палове першай з’явіўся мой сынок. Цяпер у нас у сям’і будзе падвоенае свята. 

Незабыўным 3 ліпеня стала і для Святланы Кавалеўскай-Музыкантавай, якая нарадзіла дваіх хлопчыкаў, а дома матулю чакае старэйшы 11-гадовы сынок. Алена Зайцава нарадзіла ў свята сваё восьмае дзіця (цяпер у яе пяць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі), а Вольга Заяц — чацвёртае. Настасся Вярнеева, Жанна Піскур, Юлія Порах і Вольга Скроб сёлета прыйшлі ў раддом за сваімі другімі дзецьмі — сыночкамі.

У краіне робіцца шмат, каб дзеткам жылося ў ёй добра, а іх будучыня была яркай і светлай. Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, аказваецца 11 відаў розных дапамог, працуюць гурткі, будуюцца школы.

— Мы заўжды вельмі рады, калі сем’і вырашаюць нараджаць дзяцей, і калі гэтыя малыя жаданыя. Сем’я, якія не жадаюць мець дзяцей, — чайлдфры — гэта не нашы традыцыйныя каштоўнасці. У нашых традыцыйных каштоўнасцях — сям’я, якая выхоўвае дзяцей. Гэта мама і тата, нараджэнне чаканага і жаданага дзіцяці, і гэта правільна. Усё астатняе — гэта надуманыя павевы і плыні, і яны не для Беларусі. Калі нарадзіць перашкаджае стан здароўя, то на дапамогу прыходзяць новыя тэхналогіі. У прыватнасці, першае бясплатнае ЭКА для жанчыны, — заўважыла Наталля Качанава

Спікер паведаміла, што ў Савеце Рэспублікі з удзелам праваслаўнай царквы плануецца маштабнае мерапрыемства, якое будзе прысвечана сямейным каштоўнасцям. Падчас яго мяркуецца на дакладных жыццёвых прыкладах паказаць важную і асноўную місію чалавека на зямлі — працяг роду. 

Ірына СІДАРОК

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.